ПАЗАСІСТЭ́МНЫЯ АДЗІ́НКІ,

адзінкі фізічных велічынь, што не ўваходзяць ні ў адну з сістэм адзінак. Уводзіліся для асобных галін вымярэнняў, выбіраліся незалежна (без сувязі з інш. адзінкамі) або адвольна вызначаліся праз інш. адзінкі адпаведных велічынь. П.а. зручныя ў практычным выкарыстанні, гарманічна дапаўняюць Міжнародную сістэму адзінак (СІ).

Да П.а. належаць адносныя і лагарыфмічныя адзінкі (напр., бел, непер), дольныя адзінкі, кратныя адзінкі, спец. адзінкі (напр., біт, бэр, электронвольт). Некаторыя П.а. дапускаюцца да практычнага выкарыстання нараўне з адзінкамі СІ. Напр., адзінкі даўжыні: астранамічная адзінка, марская міля, парсек, светлавы год; масы: атамная адзінка масы, карат, тона; часу: гадзіна, мінута, суткі; плоскага вугла градус, град (гон), мінута, секунда.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.

А.​І.​Болсун.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТ,

адзінка магутнасці ў міжнароднай сістэме адзінак (СІ). Абазначаецца Вт. 1 Вт = 1 Дж∙с. Названа ў гонар Дж.Уата. У тэхніцы шырока выкарыстоўваюцца кратныя і долевыя адзінкі: кілават (10​3 Вт), мегават (10​6 Вт), міліват (10​−3 Вт).

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́МЕН (лац. lumen святло),

адзінка светлавога патоку ў СІ. Абазначаецца лм. 1 лм роўны светлавому патоку, які ствараецца ў межах цялеснага (прасторавага) вугла ў 1 ср ізатропнай засяроджанай (кропкавай) крыніцай з сілай святла ў 1 кд. Гл. таксама Кандэла, Стэрадыян.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

прасторава-вуглавая шчыльнасць патоку выпрамянення. С.в. роўная адносінам патоку выпрамянення, якое распаўсюджваецца ад кропкавай крыніцы ўнутры прасторавага вугла, да лікавага значэння гэтага вугла. Адзінка С.в. ў СІ — ват на стэрадыян. У сістэме светлавых велічынь аналагам С.в. з’яўляецца сіла святла.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЙ,

адзінка паглынутай дозы выпрамянення і кермы ў СІ. Пазначаецца Гр. Названа ў гонар англ. фізіка Л.​Грэя. Грэй роўны паглынутай дозе выпрамянення, пры якой абпрамененаму рэчыву масай 1 кг перадаецца энергія іанізавальнага выпрамянення 1 Дж. 1 Гр = Дж/кг = 100 рад.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЯД ВАГА́ННЯЎ,

найменшы прамежак часу, праз які вагальная сістэма вяртаецца да зыходнага стану. Велічыня, адваротная частаце ваганняў. Паняцце «П.в.» выкарыстоўваюць як для перыядычных працэсаў (напр., гарманічныя ваганні), так і для працэсаў, дзе перыядычнасць парушаецца (гл. Затуханне ваганняў). Адзінка П.в. у СІ — секунда.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,

фізічная велічыня, якая характарызуе цеплавое выпрамяненне цела. Роўная т-ры абсалютна чорнага цела, пры якой яго поўная (ва ўсім інтэрвале частот) энергет. яркасць роўная поўнай энергет. яркасці дадзенага цела. Адзінка Р.т. ў СІ — кельвін. Гл. таксама Стэфана—Больцмана закон выпрамянення.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСТАТА́ ВАГА́ННЯЎ,

фізічная велічыня, роўная адносінам колькасці поўных цыклаў ваганняў да прамежку часу, за які яны адбываюцца. Ч.в. ν = 1/T, дзе T — перыяд ваганняў. Вуглавая Ч.в. ω = 2πν = 2π/T. Адзінка Ч.в. у СІ — герц, вуглавой Ч.в. — радыян за секунду (рад/с).

т. 17, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКЕРЭ́ЛЬ,

адзінка актыўнасці нукліда ў радыеактыўнай крыніцы (актыўнасці ізатопа) у СІ. Абазначаецца Бк. 1 Бк роўны актыўнасці нукліда, пры якой за 1 с адбываецца 1 акт распаду. Названа ў гонар франц. фізіка А.​А.​Бекерэля (гл. ў арт. Бекерэль). 1 Бк=2,703∙10​−11 кюры.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬТ,

адзінка электрычнага напружання, эл. патэнцыялу, рознасці эл. патэнцыялаў і электрарухальнай сілы (эрс) у СІ. Абазначаецца В. 1 В роўны эл. напружанню на ўчастку эл. ланцуга з пастаянным такам сілай 1 А, у якім затрачваецца магутнасць 1 Вт (гл. Ампер, Ват). Названы ў гонар А.Вольты.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)