МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),
турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЭ́Й (Setaria),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.
Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густы султан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕСЕНБЕ́РЛІН (Ільяс) (1.1.1915, г. Атбасар, Казахстан — 4.10.1983),
казахскі пісьменнік. Скончыў Каз. горна-металургічны ін-т (1940). Друкаваўся з 1945. У паэмах «Айша», «Султан» (абедзве 1945), «Трагедыя Біржан-Сала» (1959), раманах «Схватка» (1966; Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1968), «Небяспечная пераправа» (1967), «Закаханыя» (1968), «Залатыя коні прачынаюцца» (1976), гіст. трылогіях «Качэўнікі» (1969—73; асобнае выд. 1976), «Залатая Арда» (кн. 1—3, 1979—83) сучаснае і мінулае каз. народа, лёс і праблемы вёскі. Аўтар п’ес, тэкстаў каз. песень (больш за 40). На бел. мову асобныя творы Е. пераклаў В.Бечык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава на тэр. Ірака і Зах. Ірана ў 935—1055. Назва ад кіруючай дынастыі (родапачынальнік Абу Ш. Буях ці Бувейх). Браты Алі, Ахмед і Хасан Буіды (Бувейхіды) на чале атрадаў наёмнікаў падпарадкавалі сваёй уладзе Зах. Іран, пасля заваявання Багдада (945) пазбавілі Абасідаў свецкай улады, прысвоілі сабе тытул «эмір эміраў». Цэнтрамі Буідаў дзяржавы. былі гарады Багдад, Рэй (каля Тэгерана) і Шыраз. Найб. значны прадстаўнік дынастыі Адуд ад-Даула [949—983] аб’яднаў усе заваяваныя Буідамі тэрыторыі (Арабскі Ірак з гарадамі Багдад і Басра, вобласці Хузістан і Фарс, вакол г. Керман, раёны гарадоў Хамадан, Ісфахан і Рэй). У 1029 дзяржава страціла ўсх. землі (тэр. вакол Рэя і Ісфахана), якія захапіў султан Махмуд Газневі (гл. ў арт.Газневіды). У 1055 Буідаў дзяржаву заваявалі сельджукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДАХІ́Н (італьян. baldacchino літар. шаўковая тканіна з Багдада),
багаты цырыманіяльны навес над тронам, парадным ложкам і інш. Запазычаны з усх. мастацтва 11 ст. У культавай архітэктуры — пераносны ці стацыянарны навес над алтаром, амбонам, спавядальняй, надмагіллем. Спачатку рабілі з тканіны, потым з дрэва, металу, каменю ў форме купала, вежачкі, эдыкулы, драпіровак на стоечных апорах ці кансольнай падвесцы. У завяршэнні меў скульптуру, султан (плюмаж), аздабляўся пазументам, махрамі, кутасамі і інш. У мастацтве готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму меў характэрную стылявую трактоўку (палац у Вілянаве, Польшча). На Беларусі высокімі маст. якасцямі вызначаліся балдахіны над амбонамі касцёлаў у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, францысканскага ў Пінску, над алтаром капліцы (не збярогся) Каралеўскага палаца ў Гродне і інш.
Балдахін над алтаром капліцы Каралеўскага палаца ў Гродне. 2-я пал. 18 ст.Балдахін у каралеўскай спальні палаца ў Вілянаве (Польшча). Канец 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРВ,
адзін з найстаражытнейшых гарадоў Сярэдняй Азіі, які існаваў на беразе р. Мургаб каля г. Байрам-Алі (Туркменістан). Стараж. частку М. складае гарадзішча Эрк-Кала (пл. 12 га), якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Росквіту рабаўладальніцкі М. дасягнуў у 2 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. Горад і яго наваколле (пл. каля 60 км²) былі абнесены сцяной. З 3 ст. ўваходзіў у дзяржаву Сасанідаў, у 7 ст. заваяваны арабамі. Найб. росквіту феад. М. дасягнуў у 11—12 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы Вял. Сельджукаў (гарадзішча Султан-Кала). З канца 12 ст. буйны цэнтр дзяржавы Харэзмшахаў. У 1222 разбураны манголамі. У сярэдзіне 13—14 ст. часткова адрадзіўся, аднак значнай ролі больш не адыгрываў. У 1510—24 і 1601—1747 пад уладай персаў, да 19 ст. канчаткова заняпаў. Захаваліся рэшткі ўмацаванняў, дамоў, палацаў, мячэцяў, маўзалеяў і інш. З 1987 гіст.-культ. запаведнік Старажытны Мерв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛА́Х-АД-ДЗІН, Саладзін,
Юсуф ібн Айюб (1138—4.3.1193), султан Егіпта [1171—93]. Курд па паходжанні. Быў спачатку на службе сірыйскага султана Нур-ад-дзіна, у 1164—68 удзельнік паходаў у Егіпет. З 1169 візір — фактычны правіцель Егіпта пры намінальнай уладзе халіфа з дынастыі Фатымідаў. Пасля смерці апошняга з Фатымідаў абвясціў сябе султанам Егіпта. У 1174 падпарадкаваў сабе Сірыю і некат. раёны Ірака. У 1187 пачаў вайну супраць дзяржаў крыжаносцаў на Б. Усходзе, разбіў іх войскі 3—4.7.1187 у бітве пры Хіціне. 2.10.1187 заняў Іерусалім, што выклікала 3-і крыжовы паход (1189—92, гл. ў арт.Крыжовыя паходы). Вёў вайну з войскам крыжаносцаў на чале з англ. каралём Рычардам I. Пасля паражэння свайго войска пры Арсуфе ў вер. 1191 заключыў з Рычардам мірны дагавор, паводле якога захаваў б.ч. сваіх заваяванняў, у т. л. Іерусалім. У зах.-еўрап. л-ры вобраз С. часта ўжываўся як прыклад высакароднасці і дабрадзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́П (Sinop),
горад на Пн Турцыі. Адм. ц.аднайм. іля. Каля 20 тыс.ж. (2001). Вузел аўтадарог, порт на Чорным моры. Прам-сць лесапільная і харчовая. Рамёствы, у т. л. саматужны выраб ільняных тканін. Цэнтр рыбалоўства.
Засн. не пазней 7 ст. да н.э. як калонія г. Мілет. У старажытнасці наз. Сінопа. Важны гандл. і рамесны цэнтр у Паўд. Прычарнамор’і. У 6 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. чаканіў сваю манету. Да 4 ст. да н.э. знаходзіўся ў залежнасці ад Ахеменідаў дзяржавы, аднак меў унутр. самастойнасць. З 183 да н.э. ўваходзіў у Пантыйскае царства (напачатку як рэзідэнцыя цара, потым — сталіца). У 70 да н.э. заваяваны рым. палкаводцам Лукулам. З канца 4 ст.н.э. належаў Візантыі Пасля ўтварэння Трапезундскай імперыі (1204) С. у яе складзе, у 1214—1307 у Канійскім султанаце. У канцы 14 ст. горад захапіў тур.султан Баязід I, у пач. 15 ст. — Цімур У сярэдзіне 15 ст. далучаны да Асманскай імперыі. У 1853 у бухце С. адбылася бітва паміж рас. і тур. флатамі (гл. Сінопская бітва 1853). У С. нарадзіўся прадстаўнік філас. школы кінікаў Дыяген.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́НДЗІК (Анатоль Андрэевіч) (н. 4.3.1934, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел.драматург. Скончыў Мінскі мед.ін-т (1957), Літ.ін-т імя М.Горкага (1969). У 1943 разведчык у партыз. атрадзе. Працаваў урачом-псіхіятрам. У 1968—80 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1955. Першы зб. гумару і сатыры «Пагібель «Тытаніка» (1963). Аўтар драм «Выклік багам» (паст. 1965), «Грэшная любоў» (паст. 1967), «Начное дзяжурства» (паст. 1970), «Гаспадар» (паст. 1984), камедый «Абы ціха» (1964), «Амазонкі» (паст. 1972), «Аперацыя «Мнагажэнец» (паст. 1974), «Гіпапатам» (1981), «Аўкцыён» (паст. 1988), «Дурнічка» (паст. 1996), «Султан Брунея» (паст. 1997), «Заморскі жаніх» (паст. 1998), шэрагу аднаактовых п’ес. Напісаў сцэнарыі тэлефільмаў «Спазнай сябе» (1972), «Блакітны карбункул» (1979), маст. фільмаў «Заўтра будзе позна» (з М.Крно, 1973), «Нязручны чалавек» (1985), «Ваўкі ў зоне» (1990), радыёп’ес. Асн. тэмы твораў Дз. — маральна-этычныя праблемы, сям’я, дачыненні асобы і калектыву, складанасць чалавечых характараў. Для іх характэрны сцэнічнасць, эмацыянальная і псіхал. напружанасць дзеі, вастрыня драм. калізій.
Тв.:
Аперацыя «Мнагажэнец». Мн., 1981;
П’есы. Мн., 1985;
Дамы покупают кавалеров. Мн., 1998;
Грешница. Мн., 1998.
Літ.:
Орлова Т. Ты и я. Мн., 1969. С. 174—193;
Беларуская драматургія, 1966—1986: Бібліягр.давед.Мн., 1993. С. 97—103.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане I стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд.ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур.султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст.тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах.ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт.Румынія і Малдова (рэспубліка).