АРА́БСКІ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (Arab Monetary Fund; АВФ). Засн. ў 1976. Члены — 21 краіна араб. рэгіёна. Штаб-кватэра ў г. Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Мэты: выраўноўванне плацежных балансаў краін-удзельніц; садзейнічанне стабілізацыі курсаў валют; развіццё эканам. інтэграцыі; стварэнне арабскага фін. рынку і ўкараненне арабскага дынара ва ўзаемаразліках араб. краін. Павінен таксама крэдытаваць краіны-ўдзельніцы.
т. 1, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ «ЗЯЛЁНЫ МІР»,
палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Асн. мэты — стварэнне здаровага жыццёвага асяроддзя для чалавека, развіццё духоўнасці і высокамаральных адносін да ўсяго жывога, барацьба за мір паміж народамі і дзяржавамі, забарона асабліва жорсткіх відаў узбраення. Рэгіянальныя аддзяленні партыі існуюць ва ўсіх абласцях Беларусі.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЦУХІ́ТА (3.11.1852, г. Кіёта, Японія — 30.7.1912),
імператар Японіі [1867—1912]. У выніку «рэстаўрацыі Мэйдзі» (гл. Мэйдзі ісін) фармальна сканцэнтраваў усю ўладу ў краіне ў сваіх руках. Падтрымліваў правядзенне рэформ, накіраваных на мадэрнізацыю і еўрапеізацыю Японіі: ліквідацыю феад. княстваў (1871), рэформу адукацыі (1872), стварэнне кабінета міністраў (1885), прыняцце першай канстытуцыі Японіі (1889). У 1910 М. зацвердзіў анексію Карэі.
т. 11, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭ́НТНАЕ ПРА́ВА,
галіна заканадаўства, нормы якой рэгулююць маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя правы на стварэнне, прававую ахову і выкарыстанне вынаходстваў, карысных мадэлей і прамысл. узораў; састаўная частка заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці. Сістэма аховы правоў — выдача патэнта. У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніцай П.п. з’яўляецца Закон «Аб патэнтах на вынаходствы і карысныя мадэлі» (1997).
т. 12, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ САМАВЫЗНА́ЧЭННЕ,
свабоднае і суверэннае вызначэнне нацыяй або інш. этнасацыяльнай супольнасцю дзярж. форм свайго існавання і ўзаемаадносін з інш. народамі (этнасамі); асн. прынцып нац. палітыкі, найб. поўнае выражэнне дэмакратызму ў нац. адносінах (гл. Нацыянал-дэмакратызм).
Прынцып Н.с. сфарміраваўся ў выніку асэнсавання вопыту нац. рухаў, сусв. вопыту вырашэння нац. пытання. На яго аснове ў 19 ст. створаны шэраг незалежных нац. дзяржаў у Еўропе і Амерыцы, у 20 ст. адбылося мірнае дэмакр. аддзяленне Нарвегіі ад Швецыі (1905), Фінляндыі і Польшчы ад Расіі (1917), распад шматнацыянальнай Аўстра-Венгрыі на шэраг нац. дзяржаў (1918), стварэнне нац. сав. рэспублік і іх аб’яднанне ў СССР (1917—22), пасля 2-й сусв. вайны — распад каланіяльнай сістэмы і ўзнікненне больш чым 120 новых нац. дзяржаў, у канцы 20 ст. — распад СССР, Чэхаславакіі, Югаславіі і стварэнне на іх месцы суверэнных дзяржаў. Стварэнне нац. дзяржаў — аб’ектыўная гіст. і агульнасусв. тэндэнцыя. Для шматнац. грамадстваў і дзяржаў гэта можа азначаць распад, расчляненне, калі адсутнічаюць інш. шляхі і магчымасці дэмакр. і ўзгодненага вырашэння праблем міжнац. узаемаадносін. Н.с. можа ажыццяўляцца і ў форме добраахвотнага, на аснове дэмакр. выяўлення волі народаў, уваходжання нацый у саюзную дзяржаву, стварэння федэратыўных шматнацыянальных дзяржаў. У канцы 20 ст. адбываецца інтэграцыя нац. дзяржаў з даўнімі традыцыямі суверэннага існавання ў буйных утварэннях (напр., Еўрапейскі саюз), дзе адбываецца сумяшчэнне нац. суверэнітэту з працэсамі інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі.
Ідэя Н.с. беларусаў упершыню ўскосна выказана К.Каліноўскім (ідэя пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй).
Створаная ў пач. 20 ст. нац.-дэмакр. партыя сацыялістычнага кірунку Беларуская сацыялістычная грамада адной са сваіх бліжэйшых задач лічыла стварэнне аўтаноміі Беларусі з сеймам у Вільні ў складзе дэмакр. Рас. рэспублікі. Глыбокі ўсеагульны крызіс і распад Рас. імперыі ў выніку 1-й сусв. вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паспрыялі прыкметнаму паскарэнню эвалюцыі агульнай ідэі свабоднай Беларусі ў кірунку практычнага дзярж.-незалежнага самавызначэння. У выніку адбылося абвяшчэнне БНР (сак. 1918), якая ў тагачасных гіст. і паліт. умовах не змагла рэалізаваць свой суверэнітэт. 1.1.1919 утворана Беларуская ССР. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая 25.8.1991 атрымала статус канстытуцыйнага закону. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, Беларусь на падставе свайго неад’емнага права на самавызначэнне абвяшчалася унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавай, што валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАГЕНІ́ЗАЦЫЯ (ад грэч. homogenēs аднародны),
у металургіі стварэнне ў сплавах аднароднай (гамагеннай) структуры або аднароднага хім. саставу. Робіцца гомагенізавальным (дыфузійным) адпалам звычайна пры т-ры 1000—1200 °C і працяглай вытрымцы, калі знікаюць канцэнтрацыйныя мікранеаднароднасці ў сплавах (утвараюцца пры нераўнаважнай крышталізацыі, дыфузійнай металізацыі і інш.). Гомагенізацыя паляпшае тэхнал. пластычнасць сплаваў, павышае стабільнасць і памяншае анізатрапію мех. уласцівасцей.
т. 5, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІКНІ́ЖЖА,
першыя 5 кніг Бібліі (Быццё, Зыход, Левіт, Лікі і Другазаконне); вядомыя таксама пад назвай Закон, або Вучэнне (па-яўрэйску — Тора); гал. свяшчэнныя кнігі іудаізму. П. — раздзел Старога запавету, складзены ў 1-м тыс. да н.э. Стварэнне яго прыпісваюць біблейскаму герою Майсею. У 1519 Ф.Скарына выпусціў у Празе П. ў 5 асобных кнігах на старабел. мове.
т. 13, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НАЯ ЯЎРЭ́ЙСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (АЯСРП),
яўрэйская нац. партыя сацыяліст. арыентацыі ў Расіі ў 1917—20. Утворана на аб’яднаным з’ездзе Сацыялістычнай яўрэйскай рабочай партыі і Сіянісцка-сацыялістычнай партыі (ліп. 1917). Зыходная ідэя партыі — стварэнне самастойнага яўр. грамадства ў дыяспары на аснове нац.-паліт. аўтаноміі. Прадугледжвала скліканне экстэрытарыяльных парламентаў (соймаў), якія павінны вырашаць усе пытанні яўр. жыцця ў дыяспары. Канчатковая праграмная мэта — стварэнне ў Палесціне «нацыянальнага ачага» як «асобнага яўрэйскага сацыялістычнага грамадства». Абапіралася на дэмакр. інтэлігенцыю, рамеснікаў і некат. рабочых. Аб’ядноўвала каля 5 тыс. чал. (1917). Кіраўнікі Ш.Ківін, Н.Уфрыхціч, М.Гутман і інш. На Беларусі вяла барацьбу з Бундам за паліт. ўплыў, але паступова эвалюцыяніравала ў яго бок. У 1917—18 супрацоўнічала з Беларускай радай, Беларускай сацыялістычнай грамадой. Удзельнічала ў стварэнні Народнага сакратарыята Беларусі. Падтрымала абвяшчэнне БНР. Ва ўмовах змагання супраць польскіх інтэрвентаў зблізілася з бальшавікамі, і яе члены ўвайшлі ў склад СНК Літ.-Бел. ССР (май 1919). ЦК партыі падтрымаў рэзалюцыю XII канфер. Бунда (Масква, крас. 1920) аб тым, што патрабаванне нац.-культ. аўтаноміі траціць сэнс пры сац. рэвалюцыі. Злілася з Бундам.
М.С.Сташкевіч.
т. 1, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫ́СТЫКІ НДІ Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1993 у Мінску з мэтай правядзення фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне статыстыкі, распрацоўкі і рэалізацыі дзярж. праграм яе ўдасканалення, укаранення ў стат. практыку міжнар. стандартаў, аказання інфарм. паслуг, папулярызацыі стат. ведаў і стат. інфармацыі. Асн. кірункі дзейнасці: даследаванне макраэканам. працэсаў; маніторынг і прагназіраванне дэмаграфічнай сітуацыі; распрацоўка канцэпцый дэмаграфічнай палітыкі; даследаванне праблем ценявой эканомікі; статыстыка навукі і інавацыйнай дзейнасці; распрацоўка сістэмы эколага-эканам. ўліку; тэарэт. абгрунтаванне і аналіз звестак выбарачных даследаванняў; апрацоўка звестак метадамі традыц. і мнагамернай статыстыкі; стварэнне інфарм. сістэм на CD ROM; інфарм. абслугоўванне, правядзенне маркетынгавых абследаванняў; канструяванне і стварэнне баз даных эканам. і бізнес інфармацыі і інш. У ін-це распрацаваны методыкі: уліку нефармальнай эканомікі; арг-цыі выбарачных абследаванняў; разліку аб’ёмаў валавой прадукцыі і ацэнкі сезонных ваганняў вытв-сці ў сельскай гаспадарцы; ацэнкі прыродных рэсурсаў, будовы экалагічных рахункаў; правядзення перапісу насельніцтва 1999; прагнозу колькасці і полаўзроставай структуры насельніцтва Беларусі і інш. З 1999 выдае зб. навук. прац «Актуальная статыстыка».
Літ.:
Тамашевич В.Н. Белорусскому институту статистики — 5 лет // Вопр. статистики. 1999. №5.
т. 15, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,
знакавыя сістэмы, структура, мэты і правілы выкарыстання якіх вызначаюцца чалавекам. У залежнасці ад ступені сканструяванасці падзяляюцца на некалькі відаў. Неспецыялізаваныя Ш.м. агульнага прызначэння ў найб. ступені падобныя да натуральных (эсперанта, валапюк, іда, інтэрлінгва, акцыдэнталь і інш.). Спецыялізаваныя Ш.м. — сімвалічныя мовы розных навук (матэматыкі, хіміі, логікі, лінгвістыкі і інш.), а таксама знакавыя сістэмы для сувязі чалавека з ЭВМ, або мовы праграмавання (фартран, алгол, кобала і інш.). Да гэтай групы належаць і т.зв. інфармацыйна-пошукавыя мовы, якія грунтуюцца на адпаведных тэзаўрусах. Асобную групу складаюць мадыфікацыі натуральных моў, што адрозніваюцца мэтанакіраванымі змяненнямі ў сістэмна-структурнай арганізацыі гэтых моў (літ. мовы, сац. дыялекты розных тыпаў). Да Ш.м. адносяць і шматлікія дапаможныя знакавыя сістэмы: жэстаў мовы, мовы дарожных сігналізацый, крыптаграфічныя сістэмы (гл. Пазіграфія. Стварэнне Ш.м. абумоўлена шматлікімі і разнастайнымі камунікацыйнымі патрэбамі грамадства. Распрацоўка і стварэнне новых Ш.м. дазваляе глыбей асэнсаваць семіялагічныя законы будовы і функцыянавання мовы ўвогуле і ўзмацніць кантроль. чалавека за выкарыстаннем сродкаў камунікацыі.
Літ.:
Морозов В.П., Ежова Л.Ф. Алгоритмические языки. М., 1975, Проблемы интерлингвистики. М., 1976;
Михневич А.Е. Язык, которого нет... Мн., 1988.
А.Я.Міхневіч.
т. 17, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)