Е́ГЕР (ад ням. Jäger паляўнічы),

службовая асоба ў паляўнічых гаспадарках ці заказніках; спецыяліст-паляўнічы, які абслугоўвае паляўнічых-аматараў. За Е. замацавана акрэсленая тэр. (егерскі ўчастак), дзе ён ажыццяўляе ахову ўгоддзяў, звяроў і птушак, прымае ўдзел у арганізацыі паляванняў, правядзенні біятэхн. мерапрыемстваў і работ па ўліку паляўнічых жывёл; кантралюе выкананне правіл прыродакарыстання і законаў аб паляванні.

т. 6, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́РБНЫ, скарбнік,

службовая асоба ў феад. Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. С. ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. зберагаў скарб ВКЛ, пасля Люблінскай уніі 1569 — намеснік падскарбія земскага, вёў улік прыходу ў скарб грашовых сум. С. былі таксама ў ваяводствах і паветах, вялі перапіску па фінансавых пытаннях, складалі інвентары ўладанняў, якія падлягалі абкладанню падаткамі.

т. 14, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРШЫНА́ ВАЛАСНЫ́,

службовая асоба сялянскага грамадскага кіравання ў Рас. імперыі (у т. л. на Беларусі) з часу сялянскай рэформы 1861 да Лют.рэвалюцыі 1917. Выбіраўся валасным сходам на 3 гады, зацвярджаўся міравым пасрэднікам (з 1889 — земскім участковым начальнікам). Абвяшчаў распараджэнні ўрада і наглядаў за іх выкананнем. Меў права штрафаваць сялян, накладваць арышт (да 2 сутак), прызначаць на грамадскія работы.

т. 15, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЧЫ́НАК у праве,

правіннасць, за якую прадугледжана адм. адказнасць. У. можа быць здзейснены наўмысна і па неасцярожнасці. Паводле адм. заканадаўства Рэспублікі Беларусь адказнасці за У. падлягаюць асобы, якія на момант яго здзяйснення дасягнулі 16-гадовага ўзросту. Пры малазначнасці У. орган (службовая асоба), які правамоцны вырашаць справу, можа вызваліць парушальніка ад адм. адказнасці і абмежавацца вуснай заўвагай, папярэджаннем.

т. 16, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІСА́Р (франц. commissaire ад сярэднелац. commissarius упаўнаважаны),

1) у ВКЛ член камісіі, прызначанай вял. князем, радай або сеймам для разгляду судовай справы або для выканання пэўнага даручэння (гл. Камісарскі суд).

2) Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 К. — службовая асоба, якая ўзначальвала мясц. адміністрацыю ў Пскоўскай і Магілёўскай губ. Выконваў паліцэйскія функцыі. Пры К. стваралася камісарская ўправа.

3) У СССР і БССР у 1917—46, да ўтварэння мін-ваў, назва члена ўрада (народны К.), які ўзначальваў наркамат (народны камісарыят).

4) З 1918 у Чырв. Арміі ваенны К. — прадстаўнік кампартыі ў часцях (на караблях), установах, злучэннях. Кантраляваў дзеянні камандзіраў, займаўся паліт. і выхаваўчай дзейнасцю. Інстытут ваенных К. існаваў да 1925—28, потым у 1937—40, у Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 9.10.1942. У Беларусі ваенныя К. існавалі ў партыз. фарміраваннях. Упершыню яны прызначаны 16.7.1941 Віцебскім і 23.7.1941 Палескім абкомамі КП(б)Б у тыя партыз. атрады, якія фарміраваліся на неакупіраванай тэр. рэспублікі. У тыле ворага прызначаліся падп. органамі КП(б)Б. У кастр. 1942 скасаваны (як і ў Чырв. Арміі), але ў студз. 1943 адноўлены па патрабаванні Цэнтр. штаба партыз. руху і ўказанні ЦК ВКП(б).

5) У Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах ваенны К. — асоба, што ўзначальвае ваенны камісарыят (ваенкамат), орган мясц. ваен. кіравання.

6) У некат. краінах службовая асоба з адм. або паліцэйскімі функцыямі.

т. 7, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙСКІ,

службовая асоба ў Польшчы (з 13 ст.) і ВКЛ (з 16 ст.). У час войнаў, калі шляхта з паспалітым рушэннем пакідала маёнткі, наглядаў за парадкам у павеце і апекаваў тых, хто застаўся ў маёнтках. У Польшчы войскія былі гродскія і земскія, у ВКЛ толькі земскія (адзін на павет), якія падпарадкоўваліся старосту павятовага горада. Пасада войскага ў ВКЛ была дыгнітарскай (прыдворнай).

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТА́РЫУС (ад лац. notarius пісар, сакратар),

службовая асоба, якая ажыццяўляе натарыяльныя дзеянні (гл. Натарыят). На Беларусі існуюць Н. прыватныя і дзяржаўныя. У адпаведнасці з заканадаўствам на пасаду Н. назначаюцца грамадзяне краіны, якія маюць вышэйшую юрыд. адукацыю і прайшлі адпаведную стажыроўку ў дзярж. натарыяльнай канторы або ў Н., які займаецца прыватнай практыкай, вытрымалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі ліцэнзію на права натарыяльнай дзейнасці.

І.​С.​Шахрай.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎЦА,

службовая асоба ў ВКЛ, кіраўнік, часовы ўладальнік дзярж. маёнтка — дзяржавы. Да 16 ст. называўся намеснікам або цівуном. Прызначаўся вял. князем з шляхты, звычайна пажыццёва. Выконваў гасп., адм.-судовыя функцыі, збіраў падаткі, наглядаў за станам і рамонтам гасп. пабудоў, ваен. умацаванняў, адказваў за забеспячэнне гаспадаркі рабочай сілай. Судзіў велікакняжацкіх сялян, мяшчан, якія не падлягалі магдэбургскаму праву, шляхту (да 1564). З 16 ст. пашырылася практыка аддачы дзяржавы Дз. «ў заставу» за пэўную суму грошай.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫ ГУБЕРНА́ТАР,

вышэйшая службовая асоба ў губернях Расійскай імперыі ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў час ваеннага становішча. Прызначаўся імператарам, з 1846 яго мог прызначаць галоўнакамандуючы арміяй з наступным зацвярджэннем імператарам. Падпарадкоўваўся ген.-губернатару і галоўнакамандуючаму дзеючай арміяй. Нярэдка пасада ваеннага губернатара спалучалася з пасадай ген.-губернатара. Ваенны губернатар абавязаны быў ажыццяўляць нагляд за мясц. адміністрацыяй, падтрымліваць грамадскі парадак і бяспеку, падаўляць антыўрадавыя выступленні і сял. хваляванні, каардынаваць дзейнасць ваен. і цывільнай улад.

А.​У.​Марыскін.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́СТАР (лац. quaestor ад quaero шукаю, вышукваю, вяду следства),

у Старажытным Рыме службовая асоба. У царскую эпоху К. былі суддзямі ў крымін. працэсах, у эпоху рэспублікі — малодшымі магістратамі, памочнікамі консулаў у фін., а да 240 да н. э. і ў суд. справах. У эпоху імперыі наглядалі за машчэннем дарог, арганізацыяй гульняў, абвяшчэннем урадавых указаў і інш. Пасада К. замяшчалася патрыцыямі, з 421 да н. э. стала даступнай плебеям і ператварылася ў 1-ю ступень паліт. кар’еры.

т. 8, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)