САЛІГО́РСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Мінскай вобл. Утвораны 6.1.1965. Пл. 2,5 тыс.км². Нас. 41,5 тыс.чал. (2001), гарадскога 25,5%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Салігорск. Уключае г.п.Старобін і Чырвоная Слабада, 168 сельскіх населеных пунктаў, Старобінскі і Чырвонаслабодскі пасялковыя Саветы, 15 сельсаветаў: Акцябрскі, Гаўрыльчыцкі, Гоцкі, Даманавіцкі, Доўгаўскі, Зажэвіцкі, Капацэвіцкі, Пагосцкі, Першамайскі, Рожанскі, Хорастаўскі, Чапялёўскі, Чыжэвіцкі, Чырванадворскі, Яскавіцкі.
Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыпяцкага Палесся, паўн.ч. — на Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Паверхня ў асн. нізінная, 70% яе на выш. 135—150 м, 30% — на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 182 м (на ПнУ ад в. Акцябр). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: калійныя і каменныя солі, торф, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6,1 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб.р. Случ з прытокам Морач, Лань. Салігорскае вадасховішча на р. Случ. Меліярац. каналы: Даманавіцкі, Крывічынскі, Сівельга, Сітня. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: тарфяна-балотныя (29,4%), дзярнова-падзолістыя (28,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (20,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,7%). Пад лесам 42,2% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя Каля 20% лясоў — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты: Грычына-Старобінскае, Капацэвіцкае. У межах раёна заказнікі мясц. значэння: біял. — Ленінскі, Чырвонаслабодскі, гідралагічны — Святое возера, мікразаказнік па мядзведжай цыбулі (чарамшы) каля в. Савецкая Морач. Ахоўныя тарфянікі: Баравая, Белае балота, Воўчае, Вялікае, Вял. Мох, Вялічкавіцкае, Клініцкае, Лань, Чырвоны Шлях Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Лістападавічы» і «Пагост», ельнік «Залужжа» ў Старобінскім лясніцтве, клён вастралісты ў в. Заўшыцы, дуброва ў Яскавіцкім, 2 дубровы і 2 участкі з насаджэннямі дубу чырвонага ў Лістападавіцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 120,4 тыс.га, з іх асушаных 63,3 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 29 калгасаў, 1 саўгас, 24 фермерскія гаспадаркі, птушкафабрыка «Салігорская», с.-г. прадпрыемства «Зажэвічы». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна-, птушка- і рыбагадоўлі, буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, цукровыя буракі, лён, агародніну, рапс. Прам-сць: дрэваапр. (спальныя матрацы, мэбля, спружынныя блокі, вырабы з драўніны), паліўная (торфабрыкет), харч. (цэльнамалочныя вырабы, кансервы пладова-агароднінныя. сокі), кааператыўная (хлебабулачныя і каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі). Лясгас (піламатэрыялы, паркет), рыбгас «Чырвоная Слабада» (карп). Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Салігорск—Слуцк—Асіповічы і аўтадарогі Слуцк—Мікашэвічы, Чырвоная Слабада—Глуск і інш. У раёне 23 сярэднія, 11 базавых, 2 пачатковыя школы, муз. школа, школа мастацтваў, санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 дамы дзіцячай творчасці, рэгіянальны цэнтр прафес. навучання, 8 школ-садкоў, 20 дашкольных устаноў, 3 дамы культуры, 30 клубаў, 11 клубаў-бібліятэк, 6 клубаў сац.-культ. паслуг, 38 б-к, 6 бальніц, 6 амбулаторый, 29 фельч.-ак. пунктаў. Два краязнаўчыя музеі працоўнай і баявой славы ў в. Хорастава і Чапялі. Помнікі архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (пач. 19 ст.) у в. Чыжэвічы. Выдаецца газ. «Шахцёр».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2 тыс.км². Нас. 33,4 тыс.чал. (2001), гарадскога 37,4%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Сянно. Уключае г.п.Багушэўск, 334 сельскія населеныя пункты, Багушэўскі пасялковы Савет, 12 сельсаветаў: Алексініцкі, Багданаўскі, Багушэўскі, Беліцкі, Какоўчынскі, Машканскі, Нямойтаўскі, Обальскі, Расненскі, Студзёнкаўскі, Ульянавіцкі, Ходцаўскі.
Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Чашніцкай раўніны, на Пд — Аршанскага ўзвышша, на крайнім У — Лучоскай нізіны. Паверхня ў паўд.ч. ўзгорыста-платопадобная, астатняя раўнінная, з асобнымі ўчасткамі камаў і озаў, 80% яе знаходзіцца на выш. 150—200 м, найвыш. пункт 255 м (на Пд раёна). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна і суглінкі, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 592 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Абалянка, Серакаратнянка (прытокі Лучосы) і Бярозка з Крывінкай. Найб. азёры Сянно, Бярозаўскае, Серакаротня, Кічына, Багданаўскае, Ліпна, Вял.Святое, Сосна, Ходцы. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (57,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,5%). Пад лесам 33% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэраальховыя, чорнаальховыя, асінавыя; трапляюцца дубовыя, ясянёвыя, кляновыя. Каля 10% штучныя хваёвыя і яловыя насаджэнні. Адметныя лясныя масівы: Цёмная пушча, Абалянская лясная дача, Канеўская дача, Сенненская пушча, Казённік, Купаваць, Іванькаўская пушча, Бор, Барок. Балоты займаюць 8% тэрыторыі, найб. масівы: Мох-Ніжняя Крывіна, Хабоціна-Бярозка, Капланскі Мох, Замашанскі Мох, Рудзецкае. На тэр. раёна ахоўныя тарфянікі: Зады, Мацькова, Расненскі Мох, Роў, Чысты Мох, Чысцік і Чысцік 1-ы. Помнікі прыроды рэсп. значэння: валуны «Клін» каля в. Арляны, «Пярун» каля в. Расходна, «Чортаў камень» каля в. Забор’е і «Чортаў камень» («Кравец») каля в. Вароніна; дуб і елка «Партызанскія» ў Скрыдлеўскім лясніцтве. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніцы Каплічка і Пясчанка ў г. Сянно.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 73,5 тыс.га, з іх асушаных 27,5 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 21 калгас, 3 рэспубліканскія і 5 камунальных с.-г. прадпрыемстваў, 27 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (спірт, сухое абястлушчанае малако, масла сметанковае), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), дрэваапр. (мэбля), кааператыўнай (хлеба-булачныя і каўбасныя вырабы, безалкагольныя напіткі) прам-сці, вытв-сць кармавых дабавак (кармавы лізін), лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша — Віцебск, Орша — Лепель; аўтадарогі Віцебск — Орша, Орша — Лепель, Віцебск — Талачын; нафтаправод «Дружба». У раёне 17 сярэдніх, 11 базавых, у т. л. 2 школы-інтэрнаты і школа-садок, 12 пачатковых, у т. л. 2 шкалы-садкі, 1 спарт., 1 муз. школы, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, цэнтры дзіцячай творчасці і пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 29 клубаў і 12 дамоў культуры, Дом рамёстваў, 45 б-к, 7 бальніц, 2 паліклінікі, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў, дзіцячы санаторый. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (канец 1840-х г.) каля в. Паграбёнка на аўтамагістралі Кіеў — С.-Пецярбург; сядзіба з пейзажным паркам, сажалкай і гасп. зонай (2-я пал. 19 ст.) у в. Старая Беліца, дзе ў 1903—04 жыў і працаваў Я.Купала. Выдаецца газ. «Голас Сенненшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 47 тыс.км². Нас. 6517 тыс.чал. (1998, з Масквой 14 816 тыс.чал.), гарадскога 80% (з улікам нас. Масквы 91%). Цэнтр — г.Масква. Найб. гарады: Падольск, Люберцы, Мыцішчы, Каломна, Электрасталь, Серпухаў, Хімкі, Каралёў, Балашыха. Разам з Масквой М.в. утварае Маскоўскі сталічны рэгіён.
Прырода. Размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрап. раўніны, у міжрэччы Волгі і Акі. Рэльеф пераважна раўнінны. На З і Пн Смаленска-Маскоўскае ўзв. (выш. да 310 м) з узгорыстай часткай — Клінска-Дзмітраўскай градой (выш. да 285 м). Паўд.ч. займае Маскварэцка-Окская раўніна, паўд.-ўсх. — забалочаная Мяшчорская нізіна. Карысныя выкапні: торф, фасфарыты, шкловыя пяскі, вогнетрывалая гліна, жвір, вапнякі. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—650 мм за год. Густая рачная сетка. Гал. рэкі — Ака (з прытокамі Пратва, Нара, Лапасня, Цна, Асётр) і Масква (з прытокамі Руза, Істра, Яўза, Пахра), Клязьма. На Пн прытокі Волгі — Дубна, Лама. Больш за 350 азёр, у т. л. Сянежскае, Трасценскае, Святое. На канале імя Масквы і р. Масква шэраг вадасховішчаў (Істрынскае, Мажайскае, Клязьмінскае і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пн і ў Мяшчорскай нізіне балотныя, на Пд светла-шэрыя і чарназёмныя ападзоленыя, па далінах рэк алювіяльныя. Каля 40% тэрыторыі М.в. занята мяшанымі лясамі, асн. масівы на З і У вобласці. Лесапаркавы ахоўны пояс, рэкрэацыйная зона. Прыокска-тэрасны запаведнік, нац. парк Ласіны Востраў.
Гаспадарка. М.в. эканамічна цесна звязана з Масквой. Па ўзроўні развіцця прам-сці яна саступае толькі Маскве і С.-Пецярбургу. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (энергетычнае, цяжкае, транспартнае, станкабудаванне, эл.-тэхн., прыладабудаванне і інш.), прадстаўлена вытв-сцю катлоў для цеплавых электрастанцый, пракатнага абсталявання, металарэзных станкоў, вагонаў метрапалітэна, грузавых і пасаж. вагонаў, цеплавозаў, аўтобусаў, легкавых аўтамабіляў, сіласаўборачнай тэхнікі, швейных машын, фотаапаратаў, аптычнай і быт. тэхнікі, кабельнай прадукцыі і інш. Развіты ваенна-прамысл. комплекс (аэракасмічная, радыёэлектронная прам-сць, вытв-сць зброі, боепрыпасаў). Вял. значэнне для машынабудавання мае пераробная металургія (вытв-сць высакаякаснай сталі і пракату). Энергетыка працуе пераважна на прывазным паліве (Кашырская, Шатурская ДРЭС, Люберацкая, Маскоўская ЦЭЦ, Загорская ДАЭС і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 22 млрд.кВт∙гадз (1996). Самая старая галіна лёгкай прам-сці — тэкстыльная; выраб баваўняных, шарсцяных, шаўковых тканін (каля 10% агульнарас. вытв-сці). Развіты трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, дывановая галіны. Хім.прам-сць (вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў, сернай к-ты, сінт. смол, пластмасы, хім. валакна і нітак, гумавых вырабаў, лакаў і фарбаў). Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шыфер, жалезабетонныя канструкцыі, азбестацэментныя трубы). Вытв-сць фарфора-фаянсавых і шкляных вырабаў, мэблі, буд. дэталей, паперы, паліграф. прадукцыі. Шэраг прадпрыемстваў харч. прам-сці. Маст. промыслы (кераміка, размалёўка драўляных шкатулак, метал. падносаў і інш.) у Фядоскіне, Гжэлі, Жоставе і інш. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Пл.с.-г. угоддзяў 1880 тыс.га, у т. л. пад ворывам 1504 тыс.га. Вядучая галіна — жывёлагадоўля (малочнага і малочна-мяснога кірунку), свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. У раслінаводстве гал. месца займае вытв-сць кармоў (каля 3/5 пасяўных плошчаў). Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, бульбы, агародніны, у т. л. у закрытым грунце. Кветкаводства і вырошчванне грыбоў. М.в. мае густую сетку ўсіх відаў транспарту; 11 радыяльных чыг. магістралей у напрамку ад Масквы, 13 аўтадарог, Маскоўская кальцавая аўтадарога. Суднаходства па рэках Ака, Масква і па канале імя Масквы. Рачныя парты: Дубна, Серпухаў, Каломна, Васкрасенск. 4 аэрапорты: Шарамецева (міжнар.), Дамадзедава, Унукава, Быкова. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды да Масквы ад Разані і Яраслаўля, газаправоднае кальцо Серпухаў—Васкрасенск—Нагінск—Дзмітраў—Валакаламск—Серпухаў. Курорты Дорахава, Цішкава, Міхайлаўскае. Турызм.