ВО́ІНСКАЯ СЛУ́ЖБА,

выкананне грамадзянамі ўстаноўленага законам абавязку воінскага. У Рэспубліцы Беларусь воінская служба — канстытуцыйны абавязак грамадзян і актыўная форма выканання імі свайго доўгу па абароне Айчыны. Праходжанне яе вызначаецца законам аб воінскім абавязку і ваен. службе і інш. заканад. актамі. На Беларусі воінская служба складаецца з абавязковай ваеннай службы і службы ў запасе. У некаторых краінах рэгламентуецца законамі аб воінскай павіннасці, а таксама кантрактамі, якія заключаюцца на пэўны тэрмін пры найме на воінскую службу.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́РГЕРСКІЯ ШКО́ЛЫ

(ад ням. Bürger гараджанін),

павышаныя пач. вучылішчы ў гарадах Германіі ў 17—18 ст. У іх дзеці рамеснікаў, гандляроў і інш. набывалі павышаную пач. адукацыю і рэальныя веды (ням. мова, матэматыка, пачаткі геаграфіі і прыродазнаўства, некаторыя прыкладныя веды). Стварэнне бюргерскіх школ давала магчымасць дваранству захаваць сярэднія школы (гімназіі) толькі для свайго саслоўя. У 19 ст. бюргерскія школы пераўтвораны ў вышэйшыя пач. з 4-гадовым курсам навучання або 6-гадовыя рэальныя вучылішчы.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

нямецкая тэакратычная дзяржава на ПдЗ Латвіі ў 1234—1559. Узнікла ў ходзе заваявання і прымусовай хрысціянізацыі крыжаносцамі балцкага племені куршаў. Складалася з 3 частак (Пілтэн, Айзпутэ, Сакаслея), між якімі ўкліньваліся ўладанні Лівонскага ордэна. У сярэдзіне 16 ст.2/з зямель належала свецкім уладальнікам. У 1559 епіскап Іаган IV Мюнгаўзен прадаў К.е. дацкаму каралю, які перадаў яго пад уладу свайго брата Магнуса. Пасля смерці Магнуса (1583) епіскапства перайшло да Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ЯПО́НСКІ САЮ́З,

ваенна-паліт. саюз Англіі і Японіі супраць Расіі, а таксама для ўмацавання свайго панавання ў Кітаі і Карэі. Заключаны 30.1.1902. Прадугледжваў нейтралітэт у выпадку вайны саюзніка з інш. дзяржавай і аказанне яму дапамогі, калі да ваен. дзеянняў супраць саюзніка далучыцца іншая дзяржава або група дзяржаў. Саюз садзейнічаў развязванню руска-японскай вайны 1904—05. Англа-японскі саюз аднаўляўся ў жн. 1905 і ліп. 1911. На Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 заменены пагадненнем ЗША Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНТЫ́ДЫЙ КО́ЛІ

(Balantidium coli),

прасцейшае атр. роўнараснічных інфузорый. Паразітуе ў тоўстым кішэчніку чалавека, свіней і буйн. раг. жывёлы, узбуджальнік балантыдыязу і каліту. Упершыню выяўлены ў свіней ням. пратазаолагамі Р.Лейкартам і Ф.Штэйнам (1862).

Даўж. цела 30—150, шыр. 20—110 мкм, несіметрычнае, авальнае, укрыта кароткімі раснічкамі. Мае ротавую адтуліну, 2 ядры, 2 скарачальныя вакуолі. Размнажаецца папярочным дзяленнем. Жывіцца рэшткамі ежы ў калавых масах, элементамі крыві, крухмалам, зрэдку асобінамі свайго віду. Утварае цысты, якія з калам выходзяць з кішэчніка.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С Ю́Р’ЕВІЧ

(?—2.5.1159),

князь белгародскі, тураўскі. Сын кн. Юрыя Далгарукага. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146. Падтрымліваў свайго бацьку ў барацьбе з кн. Ізяславам Мсціславічам за кіеўскі прастол. У 1149 атрымаў ва ўладанне Белгарад, але праз год выгнаны адтуль Ізяславам. Удзельнічаў у аблозе Луцка, выгнанні Ізяслава з Кіева (1150). У 1155 пасаджаны на княжанне ў Тураў. Не пазней чым праз 3 гады Тураў заняў кн. Юрый Яраславіч, а Барыс Юр’евіч выехаў у Растова-Суздальскую зямлю, дзе і памёр.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.

Існавала ў 1795—1806 на тэр. Нідэрландаў. Утворана ў студз.сак. 1795 пасля ўступлення сюды франц. рэсп. войскаў і паўстання мясц. насельніцтва. Назва паходзіць ад герм. племені батаваў, якое ў старажытнасці засяляла тэр. Нідэрландаў. Ваен.-паліт. саюз (1795) з Францыяй вызначыў залежнасць ад яе Батаўскай рэспублікі. Унутрыпаліт. жыццё адметнае вострай барацьбой паміж рознымі паліт. плынямі і слаямі буржуазіі. У 1806 Напалеон І ператварыў Батаўскую рэспубліку ў Галандскае каралеўства (1806—10), зрабіўшы каралём свайго брата Луі (Людовіка) Банапарта.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБРЫЭ́ЛЬ (Gabriel) Жак Анж

(23.10.1698, Парыж — 4.1.1782),

французскі архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў свайго бацькі арх. Жака V Габрыэля і ў Акадэміі архітэктуры (з 1718) у Парыжы. З 1742 першы архітэктар караля і прэзідэнт Акадэміі архітэктуры. Яго работы рацыянальныя па планіроўцы, выразныя і дакладныя па форме, вытанчаныя па аздобе: Оперны т-р (1748—70), Малы Трыянон (1762—64) і інш. ў Версалі, Ваен. школа (1751—75) у Парыжы. Аўтар планіроўкі і забудовы пл. Людовіка XV (цяпер пл. Згоды; 1755—63) у Парыжы.

т. 4, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАТЭ́Я,

у грэчаскай міфалогіі: 1) марское божышча, нерэіда — дачка Нерэя, увасабленне спакойнага мора. У яе закаханы страшны сіцылійскі цыклоп Паліфем. Галатэя кахае прыгожага Акіда, сына ляснога бога Пана. З рэўнасці цыклоп забіў Акіда, Галатэя ператварыла свайго каханка ў цудоўную празрыстую рэчку.

2) Створаная Пігмаліёнам статуя прыгожай дзяўчыны, у якую ён закахаўся. Па яго просьбе Афрадыта ажывіла статую, і Галатэя стала яго жонкай. Міф пра Галатэю стаў сюжэтам твораў жывапісцаў К.Ларэна, Рафаэля, Дж.Цьепала, кампазітараў Г.Ф.Гендэля і І.Гайдна, пісьменнікаў М.Сервантэса і Б.Шоу.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМІЛЬКА́Р БА́РКА

(Hamilcar Barca; ? — 229 да н.э.),

карфагенскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Бацька Ганібала. У 1-й Пунічнай вайне (264—241 да н.э.) атрымаў шэраг перамог над рымлянамі ў Сіцыліі (з 247 да н.э.). Пасля паражэння ў 242 карфагенскага флоту пры Эгадскіх а-вах па даручэнні свайго ўрада заключыў мір з Рымам. У 241—238 удзельнічаў у задушэнні паўстання рабоў, наёмнікаў і мясц. лівійскага насельніцтва. У 237—229 заваяваў паўд.-зах. частку Іспаніі, загінуў у час аблогі аднаго з гарадоў.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)