рака ў Віцебскай вобл. і Літве, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Пл. вадазбору 8180 км², у межах Беларусі каля 7730 км². Выцякае з воз. Дзіснай (Літва), цячэ па тэр. Браслаўскага (на мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Міёрскага р-наў па Дзісенскай нізіне — зах.ч. Полацкай нізіны. У верхнім цячэнні называецца Дзісенка. Асн. прытокі: Бірвета, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа), Дрысвята, Янка, Маціца (злева).
Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км каналізаванае, шыр. ад 20—30 м да 100 м у нізоўях. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, выш. 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых вод забалочаныя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м³/с. Рака замярзае ў 2-й дэкадзе снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́С ПАЛАСА́ТЫ, аніс шэры, аніс зялёны,
старадаўні паволжскі сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў Паволжы і сярэдняй паласе ўсх.ч. Еўропы. На Беларусі вырошчваюць пераважна ў Магілёўскай, часткова ў Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абл., таксама трапляюцца інш. сарты анісу — пунсовы, ружавата-паласаты (Магілёўская вобл.) і аксамітавы (Віцебская вобл.), якія адрозніваюцца памерамі, афарбоўкай і часам выспявання пладоў.
Дрэвы выш. 5—8 м, даўгавечныя (жывуць да 100—120 гадоў). Плады масай каля 70 г, сярэдняга памеру, плоскай або плоска-акруглай формы, сакавітыя, з кісла-салодкім смакам і характэрным «анісавым» пахам, суцэльнай ярка-кармінавай афарбоўкі або паласатай па светла-зялёна-жоўтым фоне. Мякаць зеленавата-белая, дробназярністая. Непатрабавальны да глебы, мароза- і засухаўстойлівы, высокаўраджайны сорт (на Беларусі сярэдні ўраджай 160 кг з дрэва). Пладаносіць ва ўзросце 6—8 гадоў. Плады збіраюць у канцы верасня (захоўваюцца да лютага, сакавіка і пазней). Спажываюць свежыя і мочаныя, таксама сушаць, кансервуюць, робяць з іх віно, вараць варэнне. Пашкоджваюцца пладовай гніллю і паршою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́СА, Раса,
рака на Пд Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).
Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховішча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СЯ,
рака ў Беларусі, у Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 104 км. Пл. вадазбору 955 км². Пачынаецца на Смаленскім узв. на паўд. ускраіне в. Анціпенкі Дубровенскага р-на, працякае па Аршанска-Магілёўскай раўніне ў Аршанскім раёне Віцебскай вобл., Горацкім, Дрыбінскім, Шклоўскім, Чавускім р-нах Магілёўскай вобласці. Асн. прытокі: Лімна, Аўчоса, Руза (справа), Паўна, Галубіна, Чарніца, Касінка (злева).
Даліна скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, парэзаная старыцамі і далінамі прытокаў; яе шыр. 150—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, слабаразгалінаванае, у верхнім цячэнні на 18 км каналізаванае, на асобных участках расчышчанае; шыр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні 10—15 м. Берагі стромкія. Найвыш. ўзровень разводдзя ў канцы сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,5 м, найб. 3 м. Замярзае ў пачатку снеж., крыгалом ў 3-й дэкадзе сакавіка. У басейне ракі 39 невял. прытокаў агульнай даўж. 96 км, 295 км адкрытай меліярац. сеткі. За 3 км вышэй за вусце — г. Чавусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Вінцэнт Антонавіч) (23.2.1903, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.2.1989),
дзеяч бел. эміграцыі, педагог, літаратуразнавец, гісторык. Д-р філасофіі (1952). Муж Р.М.Жук-Грышкевіч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1922), Пражскі ун-т (1927). У 1927—39 настаўнічаў у Вільні. Пасля заняцця горада Чырв. Арміяй (1939) арыштаваны органамі НКУС, засуджаны на 8 гадоў і зняволены ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, у складзе Андэрса арміі ваяваў супраць ням. фашыстаў. У 1945—49 выкладаў у вайск. школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1946), рэдактар час.«Беларус на чужыне», «На шляху». З 1950 у г. Таронта (Канада), з 1954 у Мюнхене (ФРГ), арганізаваў і вёў бел. секцыю радыё «Вызваленне». З 1956 у Канадзе: арганізаваў і ўзначаліў Каардынацыйны к-т беларусаў (1966) і Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967). З 1968 1-ы нам. старшыні, у 1970—82 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Аўтар кн. «25 сакавіка» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМА́,
пара года, кліматычны сезон паміж восенню і вясной. У астраноміі — перыяд ад дня зімовага сонцастаяння да веснавога раўнадзенства (з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўн. паўшар’і, з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўднёвым). Паводле календара зімовыя месяцы ў Паўн. паўшар’і снежань, студзень, люты, у Паўд. — чэрв., ліп., жнівень. На тэр. Беларусі пачаткам З. як клімат. сезона лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок паніжэння, за канец — праз 0 °C у бок павышэння. На ПнУ З. пачынаецца ў 2-й дэкадзе ліст., на ПдЗ у канцы ліст., заканчваецца адпаведна ў канцы сак., у 2-й дэкадзе сакавіка. Устойлівае снегавое покрыва ўстанаўліваецца на працягу снеж. і трымаецца ад 75 на ПдЗ да 125 дзён на ПнУ. На тэр. Беларусі З. вызначаецца адмоўным радыяцыйным балансам, узмоцненай атмасфернай цыркуляцыяй, пахмурным надвор’ем, туманамі, мяцеліцамі, частай зменай марозных і адлігавых перыядаў, спыненнем вегетацыі раслін, спячкай або анабіёзам у многіх відаў жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РАЧ,
рака ў Слуцкім, Клецкім і Салігорскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Случ (бас.р. Прыпяць). У верхнім цячэнні рака наз.Копанка. Даўж. 150 км. Пл. вадазбору 2030 км².
Пачынаецца каля в. Вошкаты Капыльскага р-на на Капыльскай градзе, цячэ па паўд.-зах.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны і паўн.ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Удава, Мажа, (справа), Волка, Вызенка (злева). Даліна на вял. працягу невыразная, месцамі трапецападобная, шыр. 400—800 м. У месцах, дзе даліна выразная, пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. 100—200 м. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. яго да в. Морач Капыльскага р-на 2—4 м, ніжэй 20—25 м, каля Чырвонаслабодскага вадасховішча (плаціна за 50 км ад вусця ракі) 40—50 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 5 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,7 м³/с. М. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАВЕ́Ц,
рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах Буг. Даўж. 112,6 км. Пл. вадазбору 6600 км². Цячэ па Прыбугскай раўніне (вярхоўе) і Брэсцкім Палессі. Пачынаецца ў сутоках рэк Myxa і Вец у г. Пружаны. Уваходзіць у Дняпроўска-Бугскі водны шлях.
Асн. прытокі: Дахлоўка, Жабінка (справа), Дняпроўска-Бугскі канал, рэкі Трасцяніца, Асіпоўка, Рыта (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, шыр. ў сярэднім цячэнні 400—600 м, ніжэй 1,5—2 км. Схілы ўмерана стромкія, выш. 4—8 м (у ніжнім цячэнні 3—6 м). Пойма двухбаковая, нізкая, парэзаная старыцамі і меліярац. каналамі, месцамі забалочаная. Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу. У верхнім цячэнні рака называецца канал Мухавец. Ад г. Кобрын да Брэста рака зарэгуляваная. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 2-й пал.сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля Брэста 34,9 м³/с. Суднаходства ад г. Кобрын (64 км ад вусця), працягласць навігацыйнага перыяду 230—240 сутак. На рацэ гарады Брэст, Пружаны, Жабінка, Кобрын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХАТКО́Ў (Антон Стафанавіч) (н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.Крымаў і П.Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава (1944—48, пед. С.Герасімаў, П.Пакаржэўскі, Д.Мачальскі), працаваў у майстэрні В.Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.К.Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальныя баі 1-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 15—31 сакавіка; частка стратэг. наступлення Сав. Арміі ў студз.—сак. 1945 на фронце ў 1200 км ад Балтыйскага м. да Дуная ў час 2-й сусв. вайны. У выніку правядзення Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 і Ніжнесілезскай аперацыі 1945сав. войскі выйшлі да рэк Одэр і Нейсе. Мэта аперацыі — акружэнне і разгром групоўкі ворага на ПдЗ ад Опельна і выхад у перадгор’і Судэтаў. У паласе наступлення сав. войскаў абараняліся 1-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр». 2 ударныя групоўкі Укр. фронту (на Пн і на Пд ад Опельна) 15 сак. перайшлі ў наступленне, пераадолелі тактычную зону абароны праціўніка, 18 сак. акружылі 5 ням. дывізій на ПдЗ ад Опельна і 19—20 сак. ліквідавалі іх (каля 60 тыс.чал., у т. л. 18 тыс. палонных). У выніку сав. войскі авалодалі паўд.-зах. часткай Верхняй Сілезіі і да 31 сак. выйшлі на рубеж Штрэлен, р. Нейсе, Долен — у перадгор’і Судэтаў і занялі зручнае становішча для нанясення ўдару на Дрэздэнскім і Пражскім напрамках.