ЖЭМА́ЙЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Жмудскае ўзвышша,

у зах. ч. Літвы, у бас. рэк Вянта, Юра, Мінія і Дубіса. Выш. да 234 м (г. Мядзвегаліс). Складзена з глін, пяскоў, мергеляў. Характэрны згладжаны марэнна-ўзгоркавы рэльеф. Шмат азёр. Хвойныя і мяшаныя лясы, лугі, пашы, ворная зямля.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЯ ГРАДА́, Браслаўскае ўзвышша,

фізіка-геаграфічны раён прав. Усх. Прыбалтыка, на З Віцебскай вобл. ў Браслаўскім і Мёрскім р-нах. На Пн абмежавана далінай Зах. Дзвіны, на У і Пд — Полацкай нізінай, на З прадаўжаецца як Балтыйская града. Працягнулася з З на У на 66 км, з Пн на Пд амаль на 60 км. Пл. каля 1,9 тыс. км². Найб. выш. 210 м над узр. м. Прымеркавана да Прыбалтыйскай монакліналі — паўн.-зах. схілу Беларускай антэклізы. Сфарміравалася як канцова-марэнае ўзвышша ў час браслаўскага стадыялу паазерскага зледзянення. Рэльеф вызначаецца маладосцю і свежасцю формаў. Краявы ледавіковы рэльеф утвораны з градаў, якія веерападобна разыходзяцца на Пн, ПнУ і У, ствараючы водападзелы паміж паніжэннямі з азёрамі. Пашыраны камы і озы (найб. вядомы каля воз. Поцех). Характэрны таксама ўзгорысты і раўнінны рэльеф асн. марэны, участкі зандравай і водна-ледавіковай нізін. Трапляюцца тэрмакарставыя западзіны. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 550 мм за год. Найб. рака — Друйка (бас. Зах. Дзвіны), якая цячэ праз некалькі азёр. Пад азёрамі каля 10% тэрыторыі, большасць з іх належыць да Браслаўскай групы азёр. Лясы займаюць 20%, пад ворывам 60% плошчы. У межах Браслаўскай грады нац. парк Браслаўскія азёры, зоны адпачынку, санаторыі, турбаза.

Л.​У.​Мар’іна.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК-ДЫЯГРА́МА,

перспектыўны схематычны малюнак, які адлюстроўвае выразку ўчастка зямной кары. На пярэдняй і бакавой плоскасцях блок-дыяграмы адлюстроўваецца геал. будова ў верт. разрэзе, на верхнім баку — рэльеф паверхні дадзенай мясцовасці. Ілюструе сувязь рэльефу з геал. будовай.

Блок-дыяграма рачной даліны з серыяй тэрас.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЖО́РСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на Усходне-Еўрапейскай раўніне, на З Ленінградскай вобл. Расіі; частка Балтыйска-Ладажскага ўступа (гл. Глінт). Выш. да 168 м. Складзена з вапнякоў. Рэльеф узгорыста-марэнны, развіты карст. Паўн. і зах. схілы стромкія (выш. 50—80 м). Хваёвыя і мяшаныя лясы. Азёры, балоты.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ННАЯ ПАРО́ДА ў геалогіі — горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння і мала зменены працэсамі выветрывання. У геамарфалогіі — пароды, якія з’яўляюцца больш стараж., чым рэльеф, утвораны пры іх удзеле (напр., неагенавыя пароды — К.п. ў адносінах да чацвярцічных форм рэльефу і адкладаў, што складаюць гэтыя формы).

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-АЛІЧУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т,

горны Хрыбет на Пд Паміра, у Таджыкістане, на левабярэжжы р. Алічур. Даўж. каля 150 км. Выш. да 5706 м (г. Кызылдангі). Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі і фірнавыя палі (агульная пл. каля 68 км²).

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́РЫ ЗЯМЛЯ́ (Peary Land),

паўвостраў на крайняй Пн Грэнландыі, абмываецца Паўн. Ледавітым ак. Даўж. больш за 300 км. Выш. да 1920 м. На П.З. — мыс Морыс-Джэсеп, самы паўн. пункт Грэнландыі. Узбярэжжа расчлянёна фіёрдамі. Рэльеф пераважна горны. У зах. ч. вялікія ледавікі. Названы імем Р.Э.Піры.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫРО́НДАК (Adirondack),

горны масіў у сістэме Апалачаў, у ЗША. Выш. да 1628 м (г. Марсі). Рэльеф сярэднягорны са згладжанымі ледавіковымі формамі. Складзены з крышт. пародаў. Шмат азёраў, горных рэк. На схілах хваёвыя і мяшаныя лясы. Раён турызму. Курорт Лейк-Плэсід, цэнтр Зімовых Алімпійскіх гульняў (1932, 1980).

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІСА́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,

глыбакаводныя плоскія ці ўзгорыстыя раўніны акіянскіх катлавін і ўпадзін ускраінных мораў. Плоскія абісальныя раўніны ўкрыты рыхлымі адкладамі; найб. пашыраны ў Атлантычным акіяне. Узгорыстыя маюць расчлянёны рэльеф, іх паверхня спалучае ўзгоркі, грады, лагчыны, асобныя горы, найб. іх у Ціхім і Індыйскім, менш у Атлантычным акіянах.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КСКА-ДАНСКА́Я РАЎНІ́НА, Тамбоўская раўніна. У еўрап. ч. Расіі, паміж Сярэднярускім і Прыволжскім узвышшамі, у міжрэччы Акі і Дона. Паўн. і цэнтр. частка наз. Тамбоўскай раўнінай. Пласкахвалісты рэльеф водападзелаў з выш. 150—180 м чаргуецца з шырокімі тэрасаванымі далінамі, ярамі і западзінамі, т.зв. стэпавымі сподкамі. Лесастэп.

т. 11, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)