КАНВЕ́КЦЫЯ (ад лац. convectio прынясенне, дастаўка),
1) у атмасферы — падыманне больш нагрэтых ад зямной паверхні і менш шчыльных мас паветра з адначасовым апусканнем халаднейшых і больш шчыльных мас. Скорасць пад’ёму паветра звычайна некалькі метраў у секунду, зрэдку да 20—30 м/с і больш. Узнікае пры значным праграванні паветра ад падысподняй паверхні, пры адвекцыі халоднага паветра, хуткім яго ахалоджванні ноччу над цёплай паверхняй мора. Выклікае ўтварэнне канвекцыйных воблакаў і ападкаў.
2) У акіяне — вертыкальныя рухі валы, выкліканыя зменамі іх шчыльнасці, якая залежыць ад змены т-ры або салёнасці. Прыводзіць да перамешвання вады, абагачэння кіслародам ніжніх слаёў і пажыўнымі солямі вышэйляжачых. У перыяд асенне-зімовага ахаладжэння вод К. распаўсюджваецца на вял. глыбіні, а ў некат. субтрапічных і трапічных морах з вял. салёнасцю вады — да дна (Міжземнае м., Чырвонае м., Персідскі заліў).
3) У геалогіі — павольная цыркуляцыя неаднародных паводле тэмпературы, складу і вязкасці мас у мантыі Зямлі. Скорасць цыркуляцыі перыядычна мяняецца праз геалагічна значныя прамежкі часу. Канвектыўныя патокі мантыі ўплываюць на тэктанічныя рухі, разломаўтварэнне і размеркаванне рудаўтваральных раствораў у зямной кары.
т. 7, с. 574
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКАКУ́ХА»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Танец імправізацыйнага характару, выконваецца весела, разгульна, пад прыпеўкі гумарыст. зместу. Дробныя рухі ног (дробушкі) спалучаюцца з хуткімі вярчэннямі і размахваннем хусткай. «С.» танцуюць жанчыны на дажынках, «каравайніцы» на вяселлях (т.зв. бабскія скакухі). Зафіксаваны ў 1-й пал. 19 ст., быў вельмі пашыраны на Беларусі са значнымі рэгіянальнымі адрозненнямі.
Л.К.Алексютовіч.
т. 14, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІС ЭРО́ЗІІ,
паверхня, на ўзроўні якой вадацёк (рака, ручай) траціць сілу і не можа далей паглыбляць сваё рэчышча. Агульны (або галоўны) базіс эрозіі — узровень Сусветнага ак.; мясцовыя (або часовыя) базісы эрозіі — праточныя азёры, месцы ўпадзення прытокаў у гал. раку, выхады цвёрдых парод, якія запавольваюць глыбінную эрозію ракі. Змена вышыні базісу эрозіі (ваганні ўзроўню мора, векавыя рухі зямной кары і інш.) суправаджаецца ўразаннем даліны або запаўненнем яе рачнымі адкладамі.
т. 2, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЫ́Ў,
схіл рачной даліны, берагоў мора, ракі, возера, вадасховішча, яра стромкасцю больш за 55°, вышынёй (глыб.) ад некалькіх да дзесяткаў метраў. На фарміраванне абрыву ўплываюць тэктанічныя рухі, працэсы абразіі (кліф), эрозіі (рачныя тэрасы) і інш. Пры замаруджванні ці спыненні гэтых працэсаў абрыў траціць стромкасць і паступова ператвараецца ў пакаты схіл. На Беларусі абрывы часцей бываюць на сугліністых і лёсападобных грунтах, радзей на месцах знаходжання былых вял. прыледавіковых азёраў.
т. 1, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫЖАЧО́К»,
бел. нар. парна-масавы танец. Муз. памер 2/4.Тэмп жвавы. Назва, верагодна, ад слова «крыж». Зыходзячы з такой інтэрпрэтацыі, сцэн. рэдакцыі «К.» будуюць на крыжападобных малюнках. У нар. побыце Гомельскай вобл., дзе назву выводзяць ад слова «крыжак» (дзікі качар), у харэаграфічным малюнку імітуюць рухі качара. Сцэн. варыянт створаны ў 1920-я г. К.Алексютовічам. «К.» выкарыстаны ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова.
М.Хвораст.
т. 8, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗНА́МЯ Ю́НОСТИ»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 10.4.1938 у Мінску 5 разоў на тыдзень на рус. мове. Да чэрв. 1956 (№ 120) наз. «Сталинская молодежь» (у час Вял. Айч. вайны не выдавалася). Асвятляе жыццё моладзі на Беларусі і за яе межамі. Расказвае пра вучобу і адпачынак студэнтаў, жыццё бел. арміі, сучасныя маладзёжныя рухі і аб’яднанні. Змяшчае матэрыялы для жанчын, вернікаў. Закранае праблемы экалогіі, аховы здароўя, сям’і. Друкуе навіны папулярнай музыкі, спорту і інш.
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАСАРЫ́»,
«Касец», бел. нар. танец. Муз. памер перыядычна пераменны 2/4 або 3/4. Тэмп умераны. Танцоры імітавалі рухі касцоў, рэзка ўзмахваючы рукамі. Выконваўся пад песню. Зафіксаваны ў 19 ст. на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. рэгіёнах быў вядомы як карагод з адным салістам — «касцом» — у цэнтры, які выбіраў сабе дзяўчыну. Падобны танец існуе таксама ў Літве і Малдове.
Літ.:
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 44-45, 272—273.
т. 8, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ЕР ((Krøyer) Педэр Северын) (23.7.1851, г. Ставангер, Нарвегія —20 ці 21.11.1909),
дацкі жывапісец-рэаліст. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (1864—70), працаваў у майстэрні Л.Бана ў Парыжы. У творах імкнуўся перадаць рухі, святло-паветр. асяроддзе і яго ўздзеянне на форму прадметаў: «Чыстка сардзін у Канкарна ў Брэтані» (1879), «Вясковы капялюшнік у Італіі» (1880), «Рыбакі на беразе мора» (1883), «Пасяджэнне Акадэміі навук» (1897). Аўтар партрэтаў Розенёрн-Лен (1891), Х.Драхмана (1902) і інш.
т. 8, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАКСІ́Я (ад грэч. ataxia беспарадак),
расстройства каардынацыі адвольнага руху (тэмпу, хуткасці, дакладнасці, суразмернасці) пры нармальнай сіле адпаведных мышцаў. Адрозніваюць атаксію статычную (парушэнне раўнавагі, калі чалавек стаіць або сядзіць), дынамічную (немагчымасць выконваць адвольныя рухі рукамі, нагамі) і статычна-дынамічную (хістанне пры хадзе, немагчымасць захаваць цэнтр цяжару пры раптоўным спыненні). У залежнасці ад лакалізацыі пашкоджання нерв. сістэмы атаксія бывае мазжачковая, вестыбулярная, коркавая, сенсітыўная. Атаксія можа ўзнікаць і пры істэрыі. Лячэнне залежыць ад прычыны ўзнікнення і ступені неўралгічнага расстройства.
т. 2, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАВАЛІ́»,
бел. нар. танец. Муз. памер пераважна 2/4, тэмп жвавы. Выконваецца 2 мужчынамі, якія імітуюць рухі каваля (удары адной рукой зверху ўніз па далоні другой рукі, што ляжыць на калене сагнутай нагі, і адпаведныя ўдарам ківанні корпуса). Зафіксаваны ў 1980 у Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Суправаджаецца прыпеўкамі; музыка зафіксавана ў Браслаўскім р-не. У 1982 балетмайстар П.Свярдлоў стварыў на яго аснове сцэн. варыянт танца, які выконваюць 5 юнакоў (цэнтр. фігура — каваль); магчымы і масавы варыянт.
т. 7, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)