АМФІФІ́ТЫ [ад амфі... + ... фіт(ы)] водныя, прымацаваныя да грунту вадаёма расліны, большасць лістоў і кветак якіх размешчана пад вадой. Напр., рагоз, трыснёг, стрэлкаліст і інш. Многія амфіфіты — тыповыя прыбярэжна-водныя і земнаводныя расліны-«амфібіі», прыстасаваныя да росту і ў вадзе, і на сушы (гл. Амфібіёнты).

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАБЛА́СТЫ (ад астэа... + грэч. blastos зародак),

клеткі пазваночных жывёл і чалавека, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні касцявой тканкі. Сінтэзуюць матэрыял яе валокнаў і асн. рэчыва. Са спыненнем росту касцей ператвараюцца ў астэацыты; у сфарміраванай тканцы сустракаюцца толькі ў месцах яе разбурэння, аднаўлення або функцыян.перабудовы.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАЛО́ГІЯ (ад астэа... + ...логія),

1) раздзел анатоміі, які вывучае будову, развіццё і змены касцявога шкілета. Вылучаюць астэалогію агульную, прыватную (пра развіццё і будову асобных касцей), параўнальную, узроставую. Агульная астэалогія вывучае фіз.-хім. якасці косці, тканкавы, клетачны і субклетачны ўзроўні структурнай арганізацыі, уплыў розных фактараў на працэсы росту і перабудовы косці. Сучасныя даследаванні ў галіне астэалогіі звязаны з пошукамі спосабаў уплыву на працэсы рэгенерацыі, вызначэннем прычын эктапічнага росту, ацэнкай характару марфалагічных змяненняў пры трансплантацыі касцей. Прыватная астэалогія грунтуецца на вывучэнні анат. прэпаратаў і выкарыстанні метадаў даследавання шкілета жывога чалавека (рэнтгенаграфія, камп’ютэрная тамаграфія, ядзерна-магнітны рэзананс).

2) Астэалогія ў антрапалогіі вывучае варыяцыі памераў і формы чалавечага шкілета ў цэлым, а таксама асобных яго касцей. Даныя астэалогіі выкарыстоўваюць таксама ў палеанталогіі, расазнаўстве і інш.

С.​Л.​Кабак.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫКА́РДА ((Ricardo) Давід) (19.4.1772, Лондан — 11.9.1823),

англійскі эканаміст, прадстаўнік класічнай школы палітэканоміі. З 1788 камерсант, з 1812 займаўся навукай, з 1819 чл. парламента. Гал. задачай эканам. навукі лічыў вызначэнне законаў, якія кіруюць размеркаваннем. У асн. працы «Пачатак палітычнай эканоміі і падатковага абкладання» (1817) сцвярджаў, што вартасць прадукцыі вызначаецца колькасцю працы, неабходнай для яе вытв-сці. На аснове сваёй тэорыі працоўнай вартасці стварыў тэорыю размеркавання вартасці паміж класамі грамадства. Стаяў на пазіцыях сац. песімізму, лічыў, што з прычыны абмежаванасці прыродных рэсурсаў эканам. рост з цягам часу спыніцца. Важнай умовай эканам. росту лічыў міжнар. падзел працы, які вядзе да росту прадукцыйнасці працы і эканоміі рабочага часу. Сваёй тэорыяй параўнальных выдаткаў зрабіў вял. ўклад у тэорыю знешняга гандлю.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—5. М., 1955—61.

Д.Рыкарда.

т. 13, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІНЕ́Ц,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін на тарфяным балоце вярховага тыпу Парослішча і прылеглай тэрыторыі. Пл. 850 га. Асн. ч. балотнага масіву ўкрыта хваёва-сфагнавымі і хваёва-кусцікава-сфагнавымі фітацэнозамі.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЭФІРАКРЫЛА́ТЫ, поліэфіракрылаты,

сінтэтычныя алігамеры, прадукты ўзаемадзеяння мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі к-тамі ў прысутнасці рэгулятараў росту макрамалекул (напр., акрылавыя к-ты). Бясколерныя вязкія вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Маюць высокую рэакцыйную здольнасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў, клеяў, кампаўндаў, палімербетону, герметыкаў, друкарскіх формаў.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАПІТА́ЦЫЯ [ад дэ... + лац. caput (capitis) галава] у біялогіі, абезгалоўліванне жывёл у доследах пры фізіял. і біяхім. даследаваннях; выдаленне месца росту сцябла ў раслін. У акушэрстве — плодаразбуральная аперацыя пры запушчаным папярочным становішчы плода, якая мае на мэце аддзяленне галоўкі плода ад тулава ў вобласці шыі.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КНЕ КЕЛО́ІД, сасочкавы дэрматыт галавы, склеразуючы фалікуліт патыліцы,

хвароба мужчын. Існуе меркаванне, што ўзбуджальнік — залацісты стафілакок. На патыліцы на мяжы росту валасоў, зрэдку на падбародку з’яўляюцца дробныя вузельчыкі, якія групуюцца і зліваюцца паміж сабой. Скура робіцца цвёрдай, валасы растуць пучкамі. Пасля ўскрыцця фалікулярных вузельчыкаў застаюцца келоідныя рубцы.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭВАЛЬВА́ЦЫЯ (ад дэ... + вальвацыя),

зніжэнне курсу валюты адной краіны ў адносінах да курсу валюты іншай краіны або шэрагу дзяржаў. Д. звычайна праводзіцца ва ўмовах вял. дэфіцыту плацежнага балансу, уцечкі золата і замежнай валюты з краіны, міграцыі капіталаў у інш. краіны з-за росту працэнтных ставак, а таксама з мэтай стымулявання экспарту.

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СТАВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

эндагенныя і экзагенныя рэгулятары размнажэння клетак. Маюць спецыфічную здольнасць стымуляваць ці прыгнечваць дзяленне клетак у тканках-мішэнях і падтрымліваць тканкавую раўнавагу (стацыянарны стан). З’яўляюцца натуральнымі рэгулятарамі клетачнага цыкла, нетаксічныя, уздзейнічаюць выбіральна і пераважна лакальна, таму адносяцца да аўтакоідаў. У жывёл адрозніваюць гармоны, цытакіны, фактары росту і кейлоны. Гармон росту — адзін са стымулятараў размнажэння клетак. Цытакіны (лімфакіны, інтэрлейкіны, манакіны) — нізкамалекулярныя поліпептыдныя фактары (мал. м. 10 000—45 000). Абумоўліваюць узаемадзеянне паміж клеткамі імуннай або інш. сістэм. Фактары росту (у т. л. нерваў, эпідэрмальны, тромбацытарны, інсулінападобны, калоніестымулюючы і інш.) — поліпептыды (мал. м. 5000—50 000) з’яўляюцца стымулятарамі клетачнага дзялення. Кейлоны — поліпептыды або нізкамалекулярныя глікапратэіды — прыгнечваюць дзяленне клетак і стымулююць іх дыферэнцыроўку; дзейнічаюць па прынцыпе адваротнай сувязі (напр., памяншэнне колькасці лімфацытаў пры крывацёку выклікае памяншэнне ўзроўню кейлонаў і павышэнне мітатычнай актыўнасці адпаведных тканак). Прымаюць удзел у нармальным і злаякасным росце тканак, гаенні ран, імунных рэакцыях і інш. У раслін Р.р. — арган. рэчывы, якія стымулююць або прыгнечваюць рост і развіццё раслін. Да натуральных Р.р. адносяцца фітагармоны і інгібітары негарманальнай прыроды (некат. фенолы, вытворныя мачавіны і інш.), сінт. — стымулятары тыпу аўксінаў (індалілалейная або нафтылвоцатная к-та) і інгібітары (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты і інш.). Выкарыстанне Р.р. дазваляе атрымліваць зрухі ў абмене рэчываў і развіцці раслін, ідэнтычныя тым, якія ўзнікаюць пад уплывам пэўных знешніх умоў (даўж. дня, т-ра і інш.). Напр., у сельскай гаспадарцы Р.р. выкарыстоўваюцца для прадухілення ападання завязі ў пладовых дрэў і ягаднікаў, для затрымкі прарастання клубняў бульбы пры захоўванні.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)