КАГЕРЭ́НТНАСЦЬ (ад лац. cohaerens які знаходзіцца ў сувязі),

узгодненае працяканне ў часе некалькіх вагальных або хвалевых працэсаў. Выяўляецца ў наяўнасці нязменных суадносін паміж фазамі розных ваганняў. Найпрасцейшы прыклад К. — пастаянства рознасці фаз двух гарманічных ваганняў з аднолькавымі частотамі.

Кагерэнтныя светлавыя хвалі можна атрымаць дзяленнем пучка хваль ад адной (нялазернай) крыніцы святла або пры дапамозе лазераў, у радыёдыяпазоне — ад розных генератараў, што працуюць на стабілізаванай частаце. К. — неабходная ўмова ўзнікнення інтэрферэнцыі хваль. Паняцце К. выкарыстоўваецца ў хвалевай і квантавай оптыцы, квантавай механіцы, радыёфізіцы і радыётэхніцы. Гл. таксама Інтэрферэнцыя святла.

А.​Р.​Хаткевіч.

Да арт. Кагерэнтнасць. Складанне двух гарманічных ваганняў з амплітудамі A1 і A2: а — рознасць фаз φ1—φ 2=0; б — рознасць фаз φ1—φ2=π; выніковае ваганне з амплітудай Aφ.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,

рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.

Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВЫ ГІРАСКО́П,

прылада квантавай электронікі для выяўлення і вызначэння велічыні і знака вуглавой скорасці вярчэння або вугла павароту адносна інерцыяльнай сістэмы адліку. Дзеянне заснавана на гіраскапічных уласцівасцях часціц або хваль (атамных ядраў, электронаў, фатонаў і інш.).

Гэтыя ўласцівасці абумоўлены спінавымі (гл. Спін) і арбітальнымі момантамі мікрачасціц і інш. Карысны сігнал (ён прапарцыянальны скорасці вярчэння) узнікае за кошт прэцэсіі мех. і магн. момантаў мікрачасціц або за кошт узнікнення рознасці фаз ці частот паміж сустрэчнымі хвалямі ў вярчальным контуры. У навігацыі выкарыстоўваюць К.г. лазерныя (адчувальным элементам у іх з’яўляецца кальцавы лазер, які генерыруе 2 сустрэчныя хвалі), валаконна-аптычныя (заснаваны на выкарыстанні эфекту Саньяка — зрушэння інтэрферэнцыйных палос у вярчальным кальцавым інтэрферометры); распрацоўваюцца гіраскопы ядзерныя, электронныя, іонныя, радыеізатопныя, джозефсанаўскія і інш.

Г.​С.​Круглік.

т. 8, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНО́МЕТР (ад гальвана... + ...метр),

высокаадчувальная электравымяральная прылада, прызначаная для вымярэння малых токаў і напружанняў. Бывае пастаяннага і пераменнага току, са стрэлачным або светлавым паказальнікам (люстраны гальванометр, у якога на рухомай частцы гальванометра замест стрэлкі прымацавана мініяцюрнае люстэрка). Найб. пашырана выкарыстанне гальванометра для выяўлення адсутнасці току ці нулявой рознасці патэнцыялаў паміж якімі-н. пунктамі ланцуга (нуль-індыкатар). Пры праходжанні праз рамку гальванометра кароткачасовых імпульсаў атрымліваюцца балістычныя адхіленні рухомай часткі гальванометра ад нулявога становішча з наступным вяртаннем у яго пасля некалькіх ваганняў. Пры гэтым першае (максімальнае) адхіленне прапарцыянальнае працёкламу зараду. Для вымярэняў працяглых імпульсаў штучна павялічваюць момант інерцыі рухомых частак гальванометра (балістычны). Папярэднік гальванометра — гальванаскоп (для вызначэння наяўнасці току ў эл. ланцугу і яго напрамку).

Рамачны гальванометр: 1 — пастаянны магніт; 2 — рамка; 3 — вывады рамкі; 4 — стрэлка; 5 — шкала.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЕНСА́ТАР (ад лац. compenso ураўнаважваю, параўноўваю),

1) прыстасаванне для ўраўнаважвання ўплыву розных фактараў (т-ры, ціску, становішча і інш.) на стан і дзеянне збудаванняў, машын, механізмаў і інш. Бываюць нерухомыя (напр., пракладкі) і рухомыя (сільфон).

2) Прылада (машына) для ўраўнаважвання зруху фаз току і напружання. Сінхронны К. дае магчымасць палепшыць каэфіцыент магутнасці і рэгуляваць напружанне ў лініях электраперадачы і эл. сетках.

3) Прылада (напр., патэнцыёметр), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні вымеранай велічыні з аднароднай узорнай велічынёй (гл. ў арт. Кампенсацыйны метад вымярэнняў, Нулявы метад вымярэнняў).

4) Прыстасаванне (напр., пласцінка) для вызначэння рознасці ходу светлавых прамянёў, напр., у інтэрферометрах, або вугла вярчэння плоскасці палярызацыі (гл. Палярызацыя свята).

5) Тэрмамагнітны жалеза-вугляродзісты сплаў, які выкарыстоўваецца ў электравымяральных прыладах як элемент магн. сістэмы для змяншэння ўплыву т-ры.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРУ́ЖАННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ,

энергетычная характарыстыка ўчастка электрычнага ланцуга або электрычнага поля. Н.э. роўнае адносінам работы па перамяшчэнні эл. зараду з аднаго пункта поля ў другі да абс. велічыні гэтага зараду. У патэнцыяльных палях роўнае рознасці патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі і не залежыць ад шляху, па якім перамяшчаецца зарад.

Паняцце Н.э. ўвёў Г.Ом, які прапанаваў гідрадынамічную мадэль эл. току для тлумачэння адкрытага ім эмпірычнага закона (гл. Ома закон). Для аднароднага ўчастка ланцуга з пастаянным токам Н.э. U = IR, дзе I — сіла току, R — амічнае супраціўленне ўчастка ланцуга. Калі ўчастак неаднародны, U = IR + E, дзе Eэлектрарухальная сіла на гэтым участку. У ланцугах пераменнага току пад Н.э. разумеюць яго эфектыўнае значэнне, вызначанае па цеплавым уздзеянні току, U = Umax / 2 , дзе Umax — амплітуднае (найбольшае) значэнне напружання. Для вымярэнняў Н.э. ў эл. ланцугах карыстаюцца вальтметрамі. Адзінка Н.э. ў СІвольт.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́ЦЫЯ (ад лац. locatio размяшчэнне, размеркаванне),

вызначэнне лакатарам месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’ектаў. Заснавана на аналізе адбітых аб’ектам сігналаў — гукавых або эл.-магн. хваль, якія генерыруе лакатар (актыўная Л., пры якой выкарыстоўваюцца імпульсныя і неперарыўныя сігналы), і хваль, якія стварае сам аб’ект (пасіўная Л.).

У залежнасці ад фіз. прыроды сігналаў адрозніваюць Л. гукавую (для назірання за аб’ектамі, што знаходзяцца на зямлі, у паветры і пад вадой; гл. Гідралакацыя), аптычную лакацыю, радыёлакацыю. Пры гукавой Л. ў імпульсным рэжыме адлегласць да аб’екта вызначаецца па часе спазнення адбітага рэхасігналу, пры неперарыўным рэжыме — па рознасці частот пасланага і адбітага частотна-мадуляваных сігналаў. Пасіўная Л. аб’ектаў, якія ствараюць шум, ажыццяўляецца з дапамогай вузканакіраваных прыёмнікаў гуку або з дапамогай карэляцыйных метадаў прыёму. На гукавых і ультрагукавых частотах працуюць гідралакатары, шумапеленгатары і рэхалоты. Уласцівасці Л. маюць многія жывёлы: яны здольныя вызначаць становішча любога аб’екта адносна сябе або сваё становішча ў прасторы (гл. Біялакацыя).

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІЗА́ЦЫІ ПАТЭНЦЫЯ́Л, патэнцыял іанізацыі,

фізічная велічыня, роўная мінім. паскаральнай рознасці патэнцыялаў, якую неабходна прыкласці, каб надаць электрону кінетычную энергію, дастатковую для іанізацыі часціцы (малекулы, атама, іона). Вызначае энергію іанізацыі E — мінім. энергію, неабходную для выдалення электрона з часціцы на бясконцасць, E = eV, дзе V — І.п., е — элементарны эл. зарад. І.п. вымяраюць у вольтах, колькасна ён роўны энергіі іанізацыі ў электрон-вольтах. Разам з роднасцю да электрона вызначае электраадмоўнасць атамаў і малекул.

Адрозніваюць першы, другі і г.д. І.п., якія адпавядаюць выдаленню з часціцы першага, другога і г.д. электронаў. Першыя І.п. вядомы для атамаў усіх хім. элементаў (мінім. І.п. маюць шчолачныя металы: цэзій 2,893 В, літый 5,39 В; макс. — інертныя газы: гелій 24,58 В, радон 10,745 В) і некалькіх тысяч малекул (для якіх І.п. ад 5 да 20 В). Значэнні І.п. выкарыстоўваюць пры разліках тэрмахім. працэсаў у іанізаваных газах і плазме (газаразрадныя прылады, працэсы ў верхніх слаях атмасферы і інш.).

А.​П.​Чарнякова.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНА-АПТЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ напружанняў,

метад вывучэння напружанняў у дэталях машын і буд. канструкцый на празрыстых мадэлях. Заснаваны на ўласцівасці большасці празрыстых ізатропных асяроддзяў станавіцца пры дэфармацыі аптычна анізатропнымі. Праводзіцца з дапамогай палярызацыйных прылад.

Пры праходжанні слоя анізатропнага рэчыва дзвюма светлавымі хвалямі, па-рознаму палярызаванымі і з рознымі скарасцямі распаўсюджання, паміж ваганнямі гэтых хваль узнікае рознасць фаз, значэнне якой залежыць ад анізатрапіі асяроддзя, таўшчыні слоя і даўжыні хвалі. Па рознасці фаз вызначаюць параметры асяроддзя, якія характарызуюць яго аптычную анізатрапію і звязаныя з ёю асаблівыя напрамкі. Метад пашыраны ў крышталяфізіцы, мінералогіі, пры вызначэнні размеркавання мех. напружанняў і дэфармацый у дэталях машын і элементах канструкцый, вывучэнні тканак жывых арганізмаў і інш.

На Беларусі П.-а.м.д. распрацоўваецца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, з 1960-х г. у Ін-це фізікі Нац. АН пры вывучэнні размеркавання напружанняў у пругка дэфармаваных (фотапругкасць) і пластычна дэфармаваных (фотапластычнасць) асяроддзях (С.І.Губкін, Б.Б.Бойка і інш.).

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕМБРА́НЫ,

тонкія пагранічныя паўпранікальныя бялкова-ліпідныя малекулярныя структуры на паверхні клетак і субклетачных часціц (арганел), а таксама канальцаў і пузыркоў, што пранізваюць пратаплазму. Таўшчыня не больш за 10 нм. Складзены з бімалекулярнага слоя ліпідаў (пераважна фосфаліпідаў), у якім размешчаны розныя мембранныя бялкі, гетэрагенныя макрамалекулы (глікапратэіды, глікаліпіды) і розныя мінорныя кампаненты (нуклеінавыя к-ты, каферменты, караціноіды і інш.), што адказваюць за б.ч. мембранных функцый. У залежнасці ад віду біялагічныя мембраны выконваюць разнастайныя функцыі: актыўны транспарт іонаў і розных рэчываў (соляў, цукроў, амінакіслот і інш. прадуктаў метабалізму) і яго рэгуляванне: агульная і выбарчая дыфузія невял. малекул і іонаў (усе віды біялагічных мембран); электраізаляванне (біялагічныя мембраны міэліну); генерацыя нерв. імпульсу (біялагічныя мембраны нерв. клетак); пераўтварэнне светлавой энергіі ў хім. энергію АТФ — адэназінтрыфосфарнай кіслаты (біялагічныя мембраны хларапластаў); пераўтварэнне энергіі біял. акіслення ў хім. энергію макраэргічных фасфатных сувязяў у малекуле АТФ (біялагічныя мембраны мітахондрый); фагацытоз, пінацытоз; антыгенныя рэакцыі (біялагічныя мембраны спецыялізаваных клетак); бар’ерная, каталітычная функцыі і інш. Падтрымліваючы нераўнамернасць размеркавання іонаў калію, натрыю, хлору і інш. паміж пратаплазмай і навакольным асяроддзем, біялагічныя мембраны садзейнічаюць узнікненню рознасці біяэлектрычных патэнцыялаў. Гл. таксама Клетачныя мембраны.

А.​М.​Ведзянееў.

Схема пабудовы біялагічнай мембраны: 1 — малекулы ліпідаў; 2 — малекулы бялку; 3 — палярная пора.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)