КАКСАВА́ННЕ,

хімічная перапрацоўка выкапнёвага паліва (пераважна каменнага вугалю і цяжкіх прадуктаў нафтаперапрацоўкі) награваннем да 900—1050 °C без доступу паветра. У выніку атрымліваюць кокс (70—80%), коксавы газ (15—25%) і вадкія пабочныя прадукты (каля 3%), якія з’яўляюцца каштоўнай хім. сыравінай (у асноўным каменнавугальная смала і бензол).

К. каменнага вугалю робіцца ў некалькі стадый у коксавых печах, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — у метал. коксавых кубах або спец. печах (з атрыманнем нафтавага коксу). Узнікла ў 18 ст. (у Вялікабрытаніі і інш.), каб замяніць мінер. палівам драўняны вугаль, для атрымання якога ішло масавае вынішчэнне лясоў. У сучасным выглядзе працэс К. склаўся да пач. 20 ст.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАПЕПТЫДА́ЗЫ,

група ферментаў кішачнага соку. Удзельнічаюць у працэсах стрававання. Каталізуюць гідралітычнае расшчапленне поліпептыдаў (прадуктаў расшчаплення бялкоў) з утварэннем свабодных амінакіслот. Расшчапленне ажыццяўляецца толькі з таго канца поліпептыднага ланцуга, дзе ёсць свабодная амінагрупа (NH2).

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЭ́НЬКА,

у беларусаў каробка, плеценая з лубу, бяросты, лазы. Мела круглую, авальную або прадаўгаватую форму, з адной ці дзвюма ручкамі, з глыбокім вечкам або без яго. Прызначалася для пераноскі прадуктаў і гародніны.

Вярэнькі.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЛАВЫЯ АСТРАВЫ́,

астравы, утвораныя на паверхні каралавых пабудоў у акіянах і морах трапічнага пояса ў выніку дзеянняў хваль і прыбою з прадуктаў мех. разбурэння каралавых вапнякоў і калоній жывых каралаў (гл. Атол, Бар’ерны рыф).

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́БА (ням. Probe ад лац. probo выпрабоўваю, ацэньваю),

частка доследнага рэчыва, ідэнтычная хім. саставам і фізічнымі ўласцівасцямі ўсёй яго масе. Адбіраюць П. для правядзення лабараторных аналізаў сыравіны, прамежкавых прадуктаў вытв-сці, гатовай прадукцыі і інш.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАХ (Валерый Іванавіч) (н. 14.2.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне гігіены харчавання. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Данецкі мед. ін-т (1966, Украіна). З 1985 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. З 1993 дырэктар Рэсп. навук.-практычнага цэнтра па экспертнай ацэнцы якасці і бяспечнасці прадуктаў харчавання. Навук. працы па выяўленні ксенабіётыкаў у прадуктах харчавання і іх сутачнай нагрузцы на арганізм, харч. і біял. каштоўнасці традыц. прадуктаў харчавання, узаемасувязі паміж захворваннем, нараджальнасцю, смяротнасцю і фактычным харчаваннем насельніцтва.

Тв.:

Спасибо зверю, птице, рыбе. Мн., 1982 (разам з Л.​І.​Сцякольнікавым);

Наш зеленый исцеляющий друг. Мн., 1985 (з ім жа);

Целебные кладовые природы. 2 изд. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРО́ЛІЗ (ад піра... + лізіс),

дэструктыўныя ператварэнні арган. злучэнняў пад уздзеяннем высокай (некалькі соцень градусаў) т-ры. Пры П. адначасова з асн. рэакцыяй (расшчапленнем вуглярод-вугляродных сувязей), што прыводзіць да ўтварэння прадуктаў ненасычанага характару з меншай малекулярнай масай, адбываюцца рэакцыі ізамерызацыі, цыклізацыі, полімерызацыі ці полікандэнсацыі зыходных злучэнняў і прадуктаў іх ператварэнняў. У прам-сці найб. пашыраны П. нафтавай сыравіны, піроліз драўніны, а таксама вугалю (гл. Каксаванне).

П. нафтавай сыравіны (пераважна газаў нафтаперапрацоўкі, бензінавых і газойлевых фракцый) — дэструктыўныя ператварэнні вуглевадародаў нафты пры т-рах 650—900 °C (гл. Крэкінг тэрмічны). Асн. прамысл. працэс атрымання этылену, прапілену, а таксама бутэнаў, бутадыену, бензолу, талуолу і інш. манамераў і паўпрадуктаў для хім. прам-сці.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАЛІ́ТЫ [ад лац. humus зямля + ...літ(ы)],

група выкапнёвых вуглёў, якія ўтварыліся пераважна з прадуктаў пераўтварэння рэшткаў вышэйшых раслін у балотных умовах. Разнастайныя паводле мікракампанентнага і хім. саставаў, фіз. і тэхнал. уласцівасцей. Падзяляюцца на бурыя, каменныя вуглі і антрацыты.

т. 5, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАМІНА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць гідроліз C—N-сувязі, адрозныя ад пептыднай. Пашыраны ў прыродзе, многія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні канчатковых прадуктаў азоцістага абмену. У выніку рэакцый, што працякаюць з удзелам Д., утвараецца аміяк ці мачавіна, адбываецца распад кольцаў цыклічных амідзінаў.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРГАМІ́Н,

1) дахавы і гідраізаляцыйны матэрыял, які атрымліваюць насычэннем дахавага кардону нафтавымі бітумамі. Выкарыстоўваецца пры будаванні рулоннага даху і параізаляцыі буд. канструкцый.

2) Тонкая трывалая папера з беленай цэлюлозы без напаўняльніка для вырабу натуральнай папяровай калькі і ўпакоўкі харч. прадуктаў.

т. 12, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)