СВАБО́ДНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя ў межах якой-н. дзяржавы, дзе ўстанаўліваюцца пэўныя льготныя ўмовы (прэферэнцыі) гасп. і прадпрымальніцкай дзейнасці мытнага, валютнага, падатковага, візавага характару. Задачы С.э.з.: стымуляванне ў зоне дзейнасці, звязанай з апрацоўкай тавараў, што павялічвае іх вартасць, рост экспарту; прыцягненне замежных інвестыцый і новых тэхналогій; стварэнне ўмоў для выхаду нац. кампаній і фірм на знешнія рынкі; паскарэнне эканам. развіцця краіны. Іх вырашэнне дасягаецца праз стварэнне за кошт дзярж. інвестыцый вытв. інфраструктуры, адмены мытных пошлін і падаткаабкладання экспарту, вызвалення або змяншэння падаткаў на даходы прадпрыемстваў і фірм зоны, ільготнага перамяшчэння даходаў замежных інвестараў за межы краіны, надання права набыцця ўчасткаў зямлі на тэр. зоны па льготных стаўках, ільготнага крэдытавання для будаўніцтва вытв. пабудоў і інш. Больш як 40-гадовая сусв. практыка сведчыць, што ў сваім развіцці С.э.з. праходзяць 3 асн. этапы. На першым ствараецца вытв. і абслуговая інфраструктура, аддаецца перавага прадпрыемствам, якія забяспечваюць хуткае абарачэнне капіталу ў гандлі, сельскай гаспадарцы, сферы паслуг. Другі этап характарызуецца ростам прамысл. прадпрыемстваў у спалучэнні са знешнім гандлем. На наступным этапе ажыццяўляецца пераход ад працаёмкіх працэсаў вытв-сці да перавагі тэхналогій перадавых галін.

Найб. пашырэнне атрымалі экспартна-вытворчыя і імпартна-вытворчыя С.э.з., бязмытныя зоны або зоны свабоднага гандлю (парты, аэрапорты), спецыялізаваныя зоны навук.-тэхн. развіцця, зоны страхавых і банкаўскіх паслуг. У свеце дзейнічае каля 480 С.э.з. рознай спецыялізацыі.

На Беларусі С.э.з. ствараюцца з 1990-х г. Іх дзейнасць рэгулюецца заканадаўствам. Нарматыўна-прававая база закладзена ў 1996 Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб свабодных эканам. зонах на тэр. рэспублікі. На 1.1.2001 на Беларусі функцыянуюць 4 С.э.з.: «Брэст», «Мінск», «Гомель-Ратон», «Віцебск», зарэгістравана 169 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў. Фактычна працуюць 144 прадпрыемствы-рэзідэнты (85,2%), з іх 50% знаходзіцца ў Брэсцкай зоне, большасць рабочых месц (52,6%) прыпадае на Гомельскую зону. Прамыя замежныя інвестыцыі ў 2000 на ўсе зоны склалі 6896,7 млн. руб. Асн. галіны вытв-сці ў бел. С.э.з. — прадпрыемствы электратэхн., лясной, дрэваапр. і цэлюлознапапяровай, харч. прам-сці. Аб’ём прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі-рэзідэнтамі ўсіх зон, склаў менш за 1% ад агульнай па рэспубліцы. Гэта сведчыць, што С.э.з. істотнага ўплыву на эканоміку краіны пакуль што не робяць.

Літ.:

Данько Т.П., Окрут З.М. Свободные экономические зоны в мировом хозяйстве. М., 1998;

Абрамчук С.Н. Свободные экономические зоны в Республике Беларусь: пробл. и перспективы развития. Брест, 1999.

В.​С.​Булко.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЯЯ СПЕЦЫЯЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ.

Пачатак развіцця сярэдняй спец. адукацыі на Беларусі звязаны з арганізацыяй у 1840 Горы-Горацкай земляробчай школы (з 1848 ін-т). У 19 ст. медработнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавалі Магілёўская фельчарска-акушэрская школа (з 1865), Віцебская фельчарская школа (з 1872), Гродзенская акушэрская школа (з 1897). Настаўнікаў з сярэдняй пед. адукацыяй рыхтавалі 8 настаўніцкіх семінарый (Маладзечанская, Полацкая, Нясвіжская, Свіслацкая, Рагачоўская і інш., у т. л. 2 жаночыя), 3 настаўніцкія ін-ты. Працавала адзіная тэхн. навуч. ўстанова — Гомельскае чыг. вучылішча (з 1876). У 1914/15 навуч. г. ў 15 сярэдніх спец. навуч. установах займалася 1,4 тыс. навучэнцаў. У 1917 было 10 с.-г. навуч. устаноў. Сетка сярэдніх спец. навуч. устаноў актыўна пачала развівацца ў 1920-я г. Адчынены тэхнікумы: Віцебскі механіка-буд., Мінскі арх.-буд., Полацкі лясны, мінскія гідратэхнікум і палітэхнікум, Магілёўскі культ.-асветны, Аршанскі чыг. і інш. У 1930 на Беларусі працавалі 58 сярэдніх спец. навуч. устаноў (11,2 тыс. навучэнцаў). У гады Вял. Айч. вайны амаль усе яны разбураны. У 1945/46 навуч. г. працавалі 94 тэхнікумы і вучылішчы (26,2 тыс. навучэнцаў). У 1960-я г. для падрыхтоўкі спецыялістаў с.-г. вытв-сці створаны новы тып сярэдняй спец. навуч. установы — саўгас-тэхнікум (у 1975 іх было 12, у 1990—18). Для падрыхтоўкі спецыялістаў па новых галінах вытв-сці адкрыты тэхнікумы: Наваполацкі нафтавы (цяпер Наваполацкі політэхнічны тэхнікум), Салігорскі горна-хімічны, Магілёўскі і Гродзенскі хіміка-тэхналагічныя, Мінскі радыётэхнічны (зараз Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж) і інш.

У 1994/95 навуч. г. на Беларусі працавала 149 навуч. устаноў, якія забяспечвалі атрыманне сярэдняй спец. адукацыі (122,4 тыс. навучэнцаў); на 10 000 чал. прыпадала 120 навучэнцаў (гл. табл. 3). Былі ўведзены новыя спецыяльнасці па прадпрымальніцкай дзейнасці (камерцыйная дзейнасць, маркетынг, менеджмент, арганізацыя работы фермерскай гаспадаркі і інш., гл. табл.). У 2003/04 навуч. г. сетка сярэдніх спец. навуч. устаноў уключае 191 дзярж. (145,5 тыс. навучэнцаў) і 13 недзярж. (гл. табл. 3) навуч. устаноў (16,8 тыс. навучэнцаў). Забяспечанасць навучэнцаў сярэдніх спец. навуч. устаноў месцамі ў інтэрнатах складае 85,0%. У сярэдніх спец. навуч. установах атрымліваюць прафес. падрыхтоўку каля 900 інвалідаў. Удасканаленне сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі скіравана на забеспячэнне інтэграцыі з вышэйшай і прафес.-тэхн. адукацыяй, атрыманне выпускнікамі сярэдніх спец. навуч. устаноў вышэйшай адукацыі па скарочаных тэрмінах навучання. Прадугледжана далейшае развіццё сеткі вышэйшых каледжаў, а таксама развіццё сярэдняй спец. адукацыі ў рамках ВНУ.


Табліца 3
Установы, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі (на пачатак навуч. года)
1995/96 2000/01 2003/04
Колькасць навучальных устаноў: 149 156 204
 дзяржаўных 146 149 191
 прыватных 3 7 13
Колькасць навучэнцаў — усяго, тыс. чал. 122,4 150,3 162,3
 у т. л. ў навуч. установах:
  дзяржаўных 121,6 144,8 145,5
 з іх навучалася на аддзяленнях:
  дзённых 96,8 110,0 111,6
  завочных 23,3 33,4 32,0
  прыватных 0,8 5,5 16,8
На 10 000 насельніцтва прыпадала навучэнцаў 120 150 165
Колькасць штатных выкладчыкаў, чал. 8603 9807 10 718

т. 18, кн. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,

юрыдычная форма фактычнага валодання зямлёй. Права землеўладальніка вытворнае і залежнае ад права зямельнай уласнасці.

Аб’ектам гэтага права ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца зямельны ўчастак, дадзены для мэт, замацаваных у заканадаўстве. Кодэкс аб зямлі замацоўвае 2 віды З.: пажыццёвае спадчыннае валоданне зямлёй грамадзян Рэспублікі Беларусь і пастаяннае валоданне калгасаў, саўгасаў, інш. дзярж., каап., грамадскіх прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, рэліг. арг-цый. Зямельныя ўгоддзі даюцца грамадзянам у пажыццёвае спадчыннае валоданне з мэтай вядзення сялянскай гаспадаркі, буд-ва і абслугоўвання жылога дома, дачнага буд-ва, садаводства, жывёлагадоўлі і традыц. нар. промыслаў. У законе ўстаноўлены найб. нарматывы плошчы зямельных участкаў для кожнай мэты (напр., для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 га с.-г. угоддзяў). У пастаяннае валоданне зямля даецца для 2 мэт — для вядзення сельскай і лясной гаспадаркі. Ва ўсіх астатніх выпадках юрыд. асобам зямля даецца ў карыстанне або арэнду. Кожны землеўладальнік можа быць адначасова і землекарыстальнікам, але не наадварот. У адрозненне ад прыватнага ўласніка землеўладальнік пазбаўлены права распараджацца зямельным участкам. Паводле закону землеўладальнік мае права самастойна гаспадарыць на зямлі, мае права ўласнасці не толькі на пасевы і вырабленую с.-г. прадукцыю, але і на даходы ад яе рэалізацыі і, у выпадку адабрання зямлі або добраахвотнага адмаўлення ад зямельнага ўчастка, мае права атрымаць поўную кампенсацыю затрат на павышэнне ўрадлівасці глебы. У астатнім іх правы ідэнтычныя правам і абавязкам землекарыстальнікаў (гл. Землекарыстанне). Падставы ўзнікнення, пераходу і спынення права З. таксама адзіныя.

У феад. перыяд на Беларусі было шырока распаўсюджана ўладанне няўласнымі землямі (пасесія), формамі яго былі падараванне, арэнда, заклад (застава), пажыццёвае кіраванне (трыманне). У пасесійным уладанні, пераважна ў форме падаравання буйным феадалам, часта знаходзіліся дзярж. землі. У заклад і арэнду паступалі ў асноўным прыватнаўласніцкія землі — ва ўладанне магнатаў і найб. прадпрымальніцкай ч. буйной і сярэдняй шляхты. У ролі трымальніка зямель выступала і царква. У 16 ст. ў ВКЛ прыватнае З. складала каля 65%, дзяржаўнае — 30, царкоўнае — 5%. У выніку пераразмеркавання ўладання зямлёй на Беларусі ў апошняй чвэрці 18 ст. на прыватнае З. прыпадала 79,8% зямельнай плошчы, дзяржавы — 7,6, царквы — 12,6%. Памешчыкі часта закладвалі зямлю ў крэдытных установах. Пасля рэформы 1861 уладальнікамі зямельных надзелаў сталі і сяляне, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці і пераведзеныя на выкуп. Купля-продаж і дарэнне зямлі былі моцна абмежаваны. Сялянам забаранялася закладваць надзельныя землі нават пасля выкупу. Яны былі абмежаваны і ў правах распрацоўкі нетраў на надзельнай зямлі. Абмяжоўвалася права сялян на надзельную зямлю, замацаваную ў асабістую ўласнасць у выніку Сталыпінскай аграрнай рэформы (продаж гэтай зямлі толькі сялянам, заклад яе толькі ў Сялянскім пазямельным банку). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 уласнікам зямлі з’яўлялася Сав. дзяржава, якая валодала і правам З. Грамадзяне і арг-цыі маглі валодаць зямлёй толькі ў выпадках, калі яе давалі ў карыстанне сав. органы. У сувязі з нацыяналізацыяй зямлі ў СССР у зямельных адносінах былі выключаны купля-продаж зямлі. Зямля не магла быць аб’ектам таварнага абароту, пазыкі, арэнды, дарэння і завяшчання; забараняўся абмен зямлі без ведама і дазволу дзяржавы.

Літ.:

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​М.​Заркоў, В.​П.​Панюціч.

т. 7, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),

форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш. Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час. Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш. грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш. стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Джэферсан, М.​А.​Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.​Скарына, А.​Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, Г.​Пляханаў, У.​Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.​Арэнт, У.​Ростаў, К.​Попер, І.​Шумпетэр, А.​Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт. працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.

Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш. эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.

У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАВЫДАВЕ́ЦКІ ДРУК, самвыдат,

агульная назва афіцыйна незарэгістраваных непадцэнзурных рукапісных, друк., аўдыёвізуальных і электронных носьбітаў інфармацыі для распаўсюджвання сярод пэўнай аўдыторыі ва ўмовах абмежаванняў свабоды слова. У СССР развіваўся пераважна ў Маскве і Ленінградзе (час. «Хроника текущих событий», «Синтаксис», альманах «Метрополь»), Прыбалт. рэспубліках, на Украіне, быў вядомы таксама ў Венгрыі, Польшчы, Чэхаславакіі і інш. б. сацыяліст. краінах.

Традыцыі бел. С.д. бяруць пачатак з твораў Афанасія Філіповіча і С.​Буднага, «Мужыцкай праўды» К.​Каліноўскага, нелегальнага час. народнікаў «Гомон». Аднак у сучасным разуменні, як друк, непадкантрольны дзяржаве і альтэрнатыўны афіц. сродкам масавай інфармацыі, склаўся толькі ў Сав. Беларусі. Паводле крыніц інфармацыі падзяляецца на рэтраспектыўны (перавыданні раней надрук. дакументаў) і бягучы (арыгінальныя тэксты). Спосабы яго рэпрадуктавання: машынапіс, машынапіс з ксерапамнажэннем, ратапрынт, прынтэр, фотадрук.

Штуршком да актывізацыі самавыдавецкага руху стаў XX з’езд КПСС. На працягу 1960—1-й пал. 1980-х г. вядома аб узнікненні ў БССР шляхам С.д. прыкладна 20 рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыяд. і монавыданняў. Найб. адметныя арыгінальныя тэксты гэтага перыяду: час. «Падсьнежнік» (1963—64, аўтар-выдавец М.​Ермаловіч), «Блакітны ліхтар» (1971—74, В.​Мудроў, А.​Рыбікаў, В.​Шлыкаў), «Мілавіца» (1974—76, У.​Арлоў, Г.​Кулажанка, І.​Чарняўскі і інш.), «Гутарка» (1975—76, Ермаловіч), «Люстра дзён» (1980, С.​Дубавец, В.​Вячорка, С.​Сокалаў), творы л-ры і гісторыі — «Сказ пра Лысую гару» (1-я пал. 1970-х г., аўтар невядомы), «Па слядах аднаго міфа» Ермаловіча (2-я пал. 1970-х г.) і інш. Вял. ўплыў на развіццё С.д. зрабілі працэсы лібералізацыі грамадства ў 2-й пал. 1980-х г. З 1988 пачалі выдавацца незарэгістраваныя газ. «Кантроль», «Навіны БНФ «Адраджэньне», «Студэнцкая думка». Да канца 1988 на Беларусі налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Асн. тэмы С.д. — грамадска-паліт. сітуацыя ў БССР і СССР, «белыя плямы» гісторыі, праблемы бел. дзяржаўнасці і мовы, пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы і інш.

С.д. пайшоў на спад з прыняццем у СССР 1.8:1990 «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», які адмяніў папярэднюю цэнзуру. На працягу некалькіх наст. месяцаў частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, іншыя спынілі сваё існаванне. Чарговы этап актывізацыі С.д. назіраўся з сярэдзіны 1990-х г., што звязана з адсутнасцю буйнога капіталу на айч. медыя-рынку і абмежаванай колькасцю недзярж. сродкаў масавай інфармацыі, а таксама з пашырэннем кола карыстальнікаў камп’ютэрнай тэхнікай. З 1995 шматлікім грамадскім арг-цыям, клубам па інтарэсах, гурткам, навуч. установам заканадаўствам дазволена выдаваць часопісы, газеты, інфарм. бюлетэні без афіц. рэгістрацыі ў Мін-ве інфармацыі, калі кожны чарговы выпуск не перавышаў 499 экз. (пасля прыняцця змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 8.1.1998—299 экз.). Паралельна ўсё большае распаўсюджванне набываюць электронныя выданні ў глабальнай сетцы Інтэрнет. З 1995 да жн. 2001 вядома аб выхадзе каля 600 друк. і 40 электронных выданняў без уліку рэкламнай прадукцыі і агітацыйнай л-ры ў час кампаній па выбарах прэзідэнта, Вярх. Савета, Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу і мясц. органаў улады.

Літ.:

Тимофеева Л.Н. Альтернативная печать: ее сущность и значение // Пресса: опыт, пробл. и тенденции. М., 1992;

Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990): Каталёг. Мн., 1998.

С.​І.​Грыб.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНАНСАВАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Сістэму нарматыўных прававых актаў фін. заканадаўства складаюць Канстытуцыя, кодэксы і законы Рэспублікі Беларусь, указы і дэкрэты Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэсп. органаў дзярж. кіравання, органаў мясц. кіравання і самакіравання. Яны рэгулююць грамадскія адносіны, якія складваюцца ў працэсе абарачэння, размеркавання і выкарыстання дзярж. грашовых сродкаў, г.зн. адносіны ў сферы бюджэту, падаткаў, фін. кантролю, дзярж. страхавання, грашовага абарачэння, разлікаў і валютнага рэгулявання.

Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 19.12.2002, устанаўлівае сістэму падаткаў, збораў (пошлін), якія паступаюць у бюджэт краіны, асн. прынцыпы падаткаабкладання, правы і абавязкі падаткаплацельшчыкаў і падатковых органаў, рэгулюе ўладныя адносіны па ўвядзенні, змяненні, спыненні дзеяння падаткаў, а таксама адносіны, што ўзнікаюць у працэсе выканання падатковага абавязацельства, ажыццяўлення падатковага кантролю, абскарджвання рашэнняў падатковых органаў і дзеянняў іх службовых асоб. Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 25.10.2000, рэгулюе як фін., так і грамадз.-прававыя адносіны. Спец. нормы фін. права рэгулююць адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем Нац. банкам Рэспублікі Беларусь і банкамі (і нябанкаўскімі крэдытна-фін. арг-цыямі) функцый фін. кантролю. Бюджэтныя адносіны рэгулююцца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб бюджэтнай класіфікацыі» (5.5.1998), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных пазабюджэтных фондах» (4.6.1993, у рэдакцыі ад 15.7.1998), «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь» (прымаюцца штогод), падатковыя адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб падатках на даходы і прыбытак» (22.12.1991), «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі» (23.12.1991; экалагічны падатак), «Аб падатку на дабаўленую вартасць» (19.12.1991, у рэдакцыі ад 16.11.1999), «Аб падатку на нерухомасць» (23.12.1991), «Аб плацяжах за зямлю» (18.12.1991), «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (21.12.1991, у рэдакцыі ад 9.3.1999) і інш.; фін. адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» (22.7.2003), «Аб знешнім дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (22.6.1998), «Аб унутраным дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (27.5 1993) і інш. У межах фін. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання аўдытарскай дзейнасці» (12.2.2004), «Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб і аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці» (27.1.2003); указы Прэзідэнта «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў Рэспублікі Беларусь і парадку прымянення імі эканамічных санкцый» (15.11.1999, у рэдакцыі ад 6.12.2001, ад 12.11.2003 і ад 25.5.2004), «Аб мерах па ўмацаванні ведамаснага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь» (25.5.2000, у рэдакцыі ад 28.1.2002) і інш.

Фінансава-прававыя нормы ўтрымліваюць пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якімі ўстанаўліваюцца стаўкі падаткаў і пошлін, рэгулююцца пытанні выпуску дзярж. каштоўных папер, вызначаецца прававое становішча органаў фін. кантролю. Да іх адносяцца «Палажэнне аб Міністэрстве па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь» (31.10.2001), «Аб стаўках акцызаў на падакцызныя тавары» (21.1.2003), «Аб зацвярджэнні асноўных умоў выпуску асобных дзяржаўных каштоўных папер Рэспублікі Беларусь» (13.2.2003). Нарматыўныя прававыя акты па пытаннях фін. адносін у межах сваёй кампетэнцыі прымаюць мін-вы фінансаў, па падатках і зборах, Нац. банк і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання, а таксама абл., гар. і раённыя выканаўчыя камітэты, Саветы дэпутатаў і інш. органы мясц. кіравання і самакіравання. Самаст. часткай дзеючага на Беларусі фін. заканадаўства з’яўляюцца міжнар. дагаворы Рэспублікі Беларусь, якія змяшчаюць адпаведныя прававыя нормы.

Літ.:

Деньги, кредит, банки: Справ. пособие. Мн., 1994;

Иванов В.С. Основы права Республики Беларусь. Мн., 1995;

Правоведение: Справ. по курсу высш. шк. Ч. 2. Мн., 2000;

Налоги. Мн., 2000.

С.​К.​Лешчанка.

т. 18, кн. 2, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫЙНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Уяўляе сабой сукупнасць нарматыўных прававых актаў і норм, якія рэгулююць асаблівую групу грамадскіх адносін, што складваюцца гал. чынам у сферы дзярж. кіравання і выканаўчай дзейнасці. Паводле юрыд. сілы акты адм. заканадаўства падзяляюць на 2 віды: заканадаўчыя, да якіх адносяцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; нарматыўныя прававыя акты органаў дзярж. кіравання (выканаўчай улады), у т. л. пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, нарматыўныя акты мясц. Саветаў і інш. Найб. важнымі законамі, якія змяшчаюць нормы, што рэгулююць кіраўніцкія грамадскія адносіны, з’яўляюцца законы «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь» (24.6.1998), «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» (20.2.1991), «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» (10.1.2000), «Аб міліцыі» (26.2.1991), «Аб зваротах грамадзян» (6.6.1996), «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» (14.6.2003) і інш. Прававыя нормы, звязаныя з адм. рэгуляваннем адносін у розных сферах жыццядзейнасці грамадства, утрымліваюцца ў нарматыўных актах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сярод іх дэкрэты «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны» (26.7.1999), «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» (14.7.2003), «Аб упарадкаванні затрымкі тавараў, транспартных сродкаў пры правядзенні мытнага кантролю, іх захавання, звароту і рэалізацыі» (18.11.2003); указы «Аб зацвярджэнні кадравага рэестра Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь» (8.11.2001), «Аб мерах па ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці» (11.8.2003) і інш.

Юрыд. сіла нарматыўных прававых актаў вызначаецца статусам органа дзярж. кіравання, які іх выдае. Акты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь пасля актаў Прэзідэнта маюць самы высокі статус у сістэме органаў дзярж. кіравання. Да такіх актаў адносяцца зацверджаныя ўрадам палажэнні аб ліцэнзаванні адукацыйнай дзейнасці, аб адстаўцы дзярж. служачага, прыкладны статут спец. навуч.-выхаваўчай установы; пастановы аб упарадкаванні прац. і прадпрымальніцкай дзейнасці замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова пражываюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, аб заключэнні кантрактаў з некаторымі асобамі, што прызначаюцца на пасады і вызваляюцца ад пасад Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і інш. Па аналагічных пытаннях выдаюць нарматыўныя прававыя акты і рэсп. органы дзярж. кіравання, мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы (напр., аб умовах працы розных катэгорый работнікаў, аб правілах аўтамабільных перавозак пасажыраў, аб прапускных і ўнутрыаб’ектных рэжымах у адм. будынках і на аб’ектах мытнай інфраструктуры, аб парадку кіравання і распараджэння дзярж. маёмасцю на тэр. пэўнай вобласці Беларусі).

Да спец. нарматыўных прававых актаў адм. заканадаўства належаць тыя, якія змяшчаюць толькі нормы адм. права. Сярод іх Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адм. правапарушэннях, Палажэнне аб апараце Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб структуры і колькасці работнікаў выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах», Дысцыплінарны статут органаў унутр. спраў, Правілы дарожнага руху і інш. Агульныя нарматыўныя акты адм. заканадаўства ўтрымліваюць як нормы адм. права, так і нормы інш. галін права (напр., Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» і інш.). Паводле маштабу дзеяння адм. заканадаўства складаецца з нарматыўных прававых актаў, якія выдаюцца (прымаюцца): на рэсп. рэферэндуме (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь), дзярж. органамі рэсп. ўзроўню (Прэзідэнт, Нац. сход, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь) і рэсп. органамі дзярж. кіравання; органамі мясц. ўзроўню (выканаўчыя камітэты і іх структурныя падраздзяленні); органамі ўнутр. кіравання (адміністрацыі ўстаноў і прадпрыемстваў). Дзеянне актаў 1-га ўзроўню пашыраецца на ўсю тэр. краіны, 2-га — на тэр. адм.-тэр. адзінкі, 3-га — у маштабе асобнай установы, прадпрыемства.

Кр.:

Кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях. Мн., 1998.

Літ.:

Пастникова А.А., Сухаркова А.И. Административное право Республики Беларусь. Мн., 1998;

Круглов В.А. Основы права Республики Беларусь. Мн., 2002.

А.​М.​Крамнік.

т. 18, кн. 2, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДОВАЯ СІСТЭМА

Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам, утвораным ва ўстаноўленым парадку, і ажыццяўляецца незалежна ад заканад. і выканаўчай улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй сістэму агульных судоў, якая будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі, утвараюць Вярх. суд Рэспублікі Беларусь, абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваенныя суды. Да гасп. судоў адносяцца: Вышэйшы гасп. суд, гасп. суды абласцей і прыраўнаваныя да іх суды, гасп. суды гарадоў і раёнаў. У сістэме агульных і гасп. судоў дапускаецца ўтварэнне спецыялізаваных калегій, а ў прадугледжаным законам парадку — спецыялізаваных судоў: па справах непаўналетніх, сямейных справах, адм., зямельныя, падатковыя і інш. Утварэнне надзвычайных судоў у Беларусі забараняецца.

Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове Канстытуцыі, законаў «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 (у рэдакцыі закона 7.6.1996), «Аб гаспадарчым судзе ў Рэспубліцы Беларусь» ад 5.6.1991 (у рэдакцыі закона 9.7.1997) і іншых актаў заканадаўства. Яно будуецца на пачатках роўнасці грамадзян перад законам і судом незалежна ад паходжання, сац., службовага і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, паліт. і інш. перакананняў, адносін да рэлігіі, полу, адукацыі, мовы, роду і характару заняткаў, месца жыхарства і інш. абставін. Грамадзяне маюць права на судовую абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды, а таксама на абарону ад неправамерных дзеянняў органаў дзярж. кіравання і службовых асоб. Суды ўтвараюцца на асновах выбарнасці і прызначальнасці суддзяў. Суддзёй можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 25 гадоў, мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы на юрыд. спецыяльнасці не менш як 2 гады або прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку на працягу 2 гадоў і здаў кваліфікацыйны экзамен. Кандыдаты на пасады суддзі абласнога, Мінскага гарадскога, Бел. ваеннага судоў павінны мець стаж работы ў якасці суддзі не менш за 3 гады, суддзі Вярх. суда — не менш як 5 гадоў. Суддзі не могуць займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, выконваць інш. аплачваемую работу (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай). Старшыні і суддзі Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда назначаюцца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі, суддзі раённых (гарадскіх), ваенных, гасп. і спецыялізаваных судоў назначаюцца Прэзідэнтам.

Арганізацыя і дзейнасць суд. улады заснаваны на прынцыпах незалежнасці суддзяў пры ажыццяўленні правасуддзя, нязменнасці суддзяў (назначэнне пасля першых 5 гадоў работы пажыццёва, удзел у выкананні правасуддзя прадстаўнікоў грамадзян у якасці нар. засядацеляў), асабістай недатыкальнасці суддзяў. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзямі. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты, акрамя выпадкаў, калі гэта супярэчыць інтарэсам аховы дзярж. тайны, а таксама ў інш. прадугледжаных заканадаўствам выпадках. Закрытыя суд. пасяджэнні дапускаюцца па матываваным вызначэнні суда аб злачынствах асоб, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, па справах аб палавых злачынствах, а таксама па інш. справах з мэтай прадухілення выдавання інфармацыі, што датычыць інтымных бакоў жыцця грамадзян або ганьбіць іх гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Асобам, што ўдзельнічаюць у справе і не валодаюць мовай, на якой вядзецца працэс, забяспечваецца права азнаямлення з усімі матэрыяламі справы, удзел у суд. дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове. У судаводстве грамадзяне маюць права на кваліфікаваную юрыд. дапамогу. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе. Суд. пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб. Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і інш. суд. пастаноў. Праявы непавагі да суда з боку службовых асоб або грамадзян, якія прымаюць удзел у справе, прысутнічаюць у суд. пасяджэнні, цягнуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

Раённыя (гарадскія) суды складаюцца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых судаводствах. Яны разглядаюць усе грамадз. крымін. і адм. справы, за выключэннем аднесеных законам да кампетэнцыі інш. судоў, матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, а таксама ажыццяўляюць інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі.

Абласныя і Мінскі гарадскі суды складаюцца са старшыні і нам. старшыні суда, суддзяў і дзейнічаюць у складзе суд. калегій і прэзідыумаў судоў. Яны разглядаюць у межах сваіх паўнамоцтваў справы ў якасці суда першай інстанцыі, у касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях; ажыццяўляюць нагляд за суд. дзейнасцю раённых (гарадскіх) судоў, аказваюць ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, аналізуюць суд. статыстыку.

Міжгарнізонныя ваенныя суды ўтвараюцца Прэзідэнтам з улікам колькасці і дыслакацыі вайсковых часцей Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь і інш. вайск. фарміраванняў паводле сумеснага прадстаўлення міністра юстыцыі і Старшыні Вярх. суда Рэспублікі Беларусь. Яны разглядаюць грамадз. справы па ісках, што ўзнікаюць з адносін вайск. службы, крымін. справы аб усіх злачынствах, учыненых асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага. Бел. ваенны суд, які дзейнічае ў складзе суд. калегій, ажыццяўляе нагляд за суд. дзейнасцю міжгарнізонных судоў, аказвае ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, разглядае ў межах сваіх паўнамоцтваў канкрэтныя справы.

Правасуддзе і нагляд за суд. дзейнасцю агульных судоў у парадку, устаноўленым законамі, ажыццяўляе Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Ён дзейнічае ў складзе калегій па грамадз. і па крымін. справах, ваеннай калегіі, прэзідыума і пленума Вярх. суда. Вярх. суд разглядае справы ў касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда першай інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законамі, ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Вярх. суду належыць права заканад. ініцыятывы ў Нац. сходзе Рэспублікі Беларусь.

Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыі правасуддзе ў галіне эканам. адносін, забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад формы ўласнасці, аднастайнае і правільнае прымяненне заканадаўства пры вырашэнні гасп. спрэчак, прадухілення парушэнняў законнасці ў эканам. адносінах і дагаворных абавязацельстваў, рыхтуе прапановы па ўдасканаленні гасп. заканадаўства.

Будынак Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНОМІКА ПРАМЫСЛОВАСЦІ

Эканоміка прамысловасці як навука на Беларусі пачала развівацца ў пач. 20 ст. З 1921 гэтымі пытаннямі займаліся на эканам. аддзяленні ф-та грамадскіх навук БДУ, з 1922 — у Ін-це бел. культуры (з 1929 Бел. АН). Распрацоўваліся пераважна метадалагічныя асновы і методыка фарміравання новых галін прамысловасці, праблемы рацыянальнага спалучэння экстэнсіўнага і інтэнсіўнага тыпаў расшыранага ўзнаўлення. У пасляваенны час у Ін-це эканомікі АН Беларусі і Бел. ін-це нар. гаспадаркі даследаваліся структура, эканоміка асн. галін нар. гаспадаркі рэспублікі, эфектыўнасць капітальных укладанняў і новай тэхнікі ў прамысловасці (М.​І.​Вядута, Г.​Ц.​Кавалеўскі, І.​М.​Качура, С.​М.​Малінін, І.​Ц.​Чарняўскі і інш.). Вывучаліся рэзервы прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, праблемы ўмацавання фінансаў прамысл. прадпрыемстваў і гасп. разліку, асн. фондаў і капітальных укладанняў у прамысловасць, тэхн. прагрэсу і асваення новай прадукцыі (Л.​Е.​Баранава, Г.​В.​Грэк, Ф.​А.​Дронаў, Т.​С.​Карачун, М.​С.​Куняўскі, В.​І.​Клецкі, В.​А.​Мухіна, А.​М.​Пашкевіч, А.​С.​Сітнікаў, С.​А.​Ходас, М.​М.​Шатохіна і інш.). У сувязі з падрыхтоўкай у краіне гасп. рэформы і пераходам прадпрыемстваў на новыя ўмовы планавання і эканам. стымулявання ў 1960-я г даследаваліся крытэрыі ацэнкі дзейнасці прадпрыемстваў, метады іх колькаснага выражэння, паляпшэння сістэмы эканам. стымулявання прац. калектываў і асобных работнікаў (З.​А.​Анцуфрыева, В.​І.​Выбарнаў, А.​Р.​Гарадзецкі, А.​Г.​Заўялкаў, Э.​Л.​Лутохіна, В.​С.​Маўрышчаў, В.​Ф.​Рамашкін, Г.​А.​Рысіна, А.​І.​Ясінскі і інш.). У 1970-я г. вяліся даследаванні эканам. праблем навук.-тэхн. прагрэсу ў прамысловасці, удасканалення сістэм яго планавання і эканам. стымулявання, павышэння эфектыўнасці грамадскай вытворчасці на аснове інтэнсіфікацыі (Ф.​В.​Баравік, С.​М.​Гальдштэйн, К.​І.​Невельская, М.​А.​Плашчынскі і інш.).

Развіццё прамысловасці ў 1980—90-я г. стымулявала правядзенне навук. даследаванняў у галіне размяшчэння прамысловасці, рэгіянальных праблем, абгрунтавання метадаў ацэнкі і павышэння эфектыўнасці развіцця інфраструктуры рэгіёна, міжгаліновай вытворчасці, шляхоў вырашэння сац. праблем, абумоўленых развіццём прамысловасці (Л.​В.​Казлоўская, А.​Д.​Паўлава, В.​С.​Шымава, У.​М.​Шымаў). У Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі праведзены даследаванні па абгрунтаванні цаны на новую тэхніку, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання капіталаўкладанняў, зніжэнні матэрыялаёмістасці з мэтай актывізацыі выкарыстання якасных фактараў эканам. развіцця (П.​А.​Капітула, І.​А.​Міхайлава-Станюта, У.​І.​Тарасаў і інш.). У Навук.-доследным эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь (з прыцягненнем вядучых эканамістаў інш. арганізацый) праведзены комплекс навук. даследаванняў па ацэнцы перспектыў развіцця эканомікі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы, абгрунтаваны кірункі структурнай перабудовы эканомікі ў цэлым, у т. л. ў прамысловасці, распрацавана канцэпцыя і праграма яе развіцця (Я.​М.​Александровіч, З.​А.​Анцуфрыева, П.​А.​Капітула, І.​А.​Міхайлава-Станюта, В.​У.​Пінігін, У.​М.​Шымаў). Праводзіліся даследаванні па такіх важных кірунках, як рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнне і развіццё фін.-прамысл. груп, эколага-эканам. рэгуляванне, фарміраванне і рэалізацыя рэгіянальнай палітыкі, ацэнка ўплыву крызісаў і цыклічнасці на эканам. развіццё (І.​М.​Абрамаў, А.​І.​Лучанок, М.​У.​Мясніковіч, У.​С.​Фацееў, В.​С.​Шымава). Вывучаліся пытанні выкарыстання навук. патэнцыялу, яго трансфармацыі, эфектыўнасці навук. прац і інавацыйнай дзейнасці (Л.​М.​Крукаў, Э.​Дз.​Меяроўская, П.​Г.​Нікіценка, А.​А.​Слонімскі, І.​І.​Сяржынскі).

Эканам. праблемы навук.-тэхн. развіцця, венчурнай дзейнасці, фарміравання інавацыйнай інфраструктуры і рэгулявання інавацыйнай дзейнасці распрацоўваліся ў навук. праектах Рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў, Дзярж. камітэта Рэспублікі Беларусь па навуцы і тэхналогіях, дзярж. праграме «Сацыяльна-эканамічныя прыярытэты Рэспублікі Беларусь», якія былі выкананы пад кіраўніцтвам Л.​М.​Нехарошавай. У Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі распрацаваны комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь на 2001—20 (А.​В.​Маркаў, В.​Ф.​Мядзведзеў, П.​Г.​Нікіценка і інш.). Метадалаг. асновы фарміравання канцэпцыі развіцця прамысловасці даследуюцца на кафедры эканомікі прамысл. прадпрыемстваў Бел. дзярж. эканам. ун-та (навук. кіраўнік Л.​М.​Нехарошава). Падрыхтаваны падручнікі і навуч. дапаможнікі, якія ахопліваюць комплекс пытанняў па прагназіраванні і планаванні эканомікі, развіцці прамысл. рэгіёна (В.​І.​Барысевіч, Г.​А.​Кандаурава і інш.), асновах эканомікі і экалогіі прыродакарыстання (В.​С.​Шымава), цэнаўтварэнні (І.​І.​Паляшчук, В.​В.​Цярэшына), эканоміцы прадпрыемства (Л.​М.​Нехарошава і інш.), эканоміцы прадпрыемстваў канкрэтнай галіны прамысловасці (І.​М.​Бабук, У.​І.​Дзямідаў, В.​І.​Пахабаў, М.​С.​Сачко і інш.). Навук. і навучальную працу па эканоміцы прамысл. прадпрыемстваў вядзе кафедра эканомікі прамысл. прадпрыемстваў БДЭУ (заснавальнікі В.​І.​Выбарнаў, В.​С.​Маўрышчаў, К.​І.​Невельская), тут сфарміравана навук.-пед. школа па гэтым кірунку, развіваецца навукова-педагагічная школа па эканоміцы і кіраванні інавацыямі (Л.​М.​Нехарошава). Вучоныя-эканамісты ўдзельнічалі ў распрацоўцы нац. стратэгіі ўстойлівага сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь (Я.​М.​Александровіч, А.​У.​Багдановіч, І.​В.​Вайтовіч, Л.​М.​Крукаў, С.​С.​Палонік, С.​П.​Ткачоў, У.​М.​Шымаў і інш.). Актуальныя праблемы павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, эфектыўнасці знешнеэканам. дзейнасці Рэспублікі Беларусь даследуюць Я.​М.​Александровіч, П.​Г.​Нікіценка, В.​У.​Пінігін, С.​С.​Палонік і інш.

Літ.:

Ведута Н.И. Об экономической эффективности капитальных вложений в промышленности. Мн., 1960;

Боровик Ф.В., Плащинский Н.А. Образование фонда производственного накопления в промышленности. Мн., 1972;

Региональные проблемы развития инфраструктуры и межотраслевых производств. Мн., 1985;

Нехорошева Л.Н. Научно-технологическое развитие и рынок: регулирование, венчурная деятельность, инфраструктура. Мн., 1996;

Шимова О.С. Эколого-экономическое регулирование деятельности предприятий промышленности: вопросы методологии и практика переходного периода. Мн., 1998;

Методология формирования концепции развития промышленности Республики Беларусь. Мн., 2000;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Экономика развития промышленности региона. Мн., 2002;

Экономика предприятия. Мн., 2003;

Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;

Фатеев В.С. Региональная политика: теория и практика. Мн., 2003.

Ф.​А.​Дронаў, Л.​М.​Нехарошава.

т. 18, кн. 2, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТАЛІ́ЗМ,

адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст. манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл. Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл. Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыі гасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв. інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.

У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала ​2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.

У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;

Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв. Т. 3 (Полн. собр. соч. Т. 3);

Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;

История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;

Капитализм на исходе столетия. М., 1987;

Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;

Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1986—92;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

В.​П.​Панюціч.

т. 8, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)