сістэма нясучай канструкцыі (або яе разліковая схема), якая характарызуецца прасторавым размеркаваннем мех. намаганняў у яе элементах. Падзяляюцца на масіўныя (напр., падмуркі, плаціны, станіны машын); танкасценныя (у выглядзе пласцін і абалонак); стрыжнёвыя (вежы, мачты, фермы мастоў, апоры ЛЭП і інш.); прасторавыя каркасы (складаюцца з калон і рыгеляў, звязаных у рамныя злучэнні). П.с. геаметрычна нязменныя, што забяспечвае іх эфектыўнасць (эканамічнасць), аднак іх буд-ва патрабуе складаных разлікаў. Гл. таксама Камбінаваная сістэма, Плоская сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧАРНАМО́РСКАЯ НІЗІ́НА.
На ПдУсх.-Еўрап. раўніны, на Украіне; прылягае да Чорнага і Азоўскага мораў, паміж дэльтай р. Дунай на З і. р. Кальміус на У. Плоская, крыху нахіленая на Пд раўніна. Выш. да 150 м. Складзена з вапнякоў, пяскоў і глін, якія перакрыты лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Перасечана шырокімі далінамі рэк Дняпро, Паўд. Буг, Днестр і інш. Водападзелы плоскія. Берагавая паласа пераважна абрывістая, часта з апоўзнямі. Шмат ліманаў (Дняпроўскі, Днястроўскі і інш.) і пясчаных кос. Стэпы пераважна ўзараныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГРА́МА (ад грэч. holos увесь, поўны + ...грама),
зарэгістраваная на святлоадчувальным матэрыяле (або інш. носьбіце) інтэрферэнцыйная карціна хвалевага поля, якая змяшчае інфармацыю пра аб’ёмны відарыс аб’екта і дае магчымасць узнаўляць гэты відарыс.
Атрымліваецца пры інтэрферэнцыі святла ў тонкім слоі фотаэмульсіі ў выглядзе інтэрферэнцыйных палос — двухмерная (плоская) галаграма або ў тоўстым слоі фотаэмульсіі — трохмерная (аб’ёмная) галаграма. Узнаўленне відарыса аб’екта адбываецца за кошт дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз галаграму (прапускальная галаграма) або пры адбіцці ад галаграмы (адбівальная галаграма). Гл. таксама Галаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна ў паўд.-ўсх. частцы Індыйскага ак., на Пд ад Аўстраліі. На Пн і ПнУ абмежавана мацерыковым схілам Аўстраліі, на Пд — Аўстрала-Антарктычным падводным падняццем. Даўж. каля 2400 км, шыр. больш за 900 км, пераважаюць глыбіні каля 5000 м, найб. 6019 м (у зоне разлому Дыямантына). Усх.ч. катлавіны — плоская абісальная раўніна, у паўн.-зах.ч. дно расчлянёна глыбокімі жалабамі і хрыбтамі. Донныя асадкі — чырвоныя гліны, месцамі з жалеза-марганцавымі канкрэцыямі, уздоўж паўн. і ўсх. ускраін — фарамініферавыя ілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЛЕ́ПНА,
возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лужасянка, за 22 км на У ад г. Гарадок. Пл. 1,96 км², даўж. 3,29 км, найб.шыр. 1,21 км, найб.глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 9,9 км. Пл. вадазбору 9,43 км².
Схілы катлавіны выш. 5—10 м, параслі лесам. Берагі пад лесам і хмызняком. 7 астравоў агульнай пл. 7 га. Мелкаводная частка катлавіны вузкая, стромкая, глыбакаводная плоская. Дно выслана глеем і сапрапелем. Злучана пратокай з воз. Вымна. На возеры гнездаванне рэдкай для Беларусі птушкі — гогаля звычайнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры неарускага стылю. Пабудавана ў Гродне ў пач. 20 ст. Мураваная 12-калонная 3-нефавая базіліка. Над прытворам 10-метровая 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком на барабане. Абапал званіцы — невял. шатры з купаламі. Над алтарнай апсідай 5 цыбулепадобных купалаў на 8-гранных барабанах. Гал. фасад храма сіметрычны. Вокны паўцыркульныя з какошнікамі. Перад уваходамі — высокія ганкі, упрыгожаныя разнымі трохвугольнымі навісямі і калонкамі. Бабінец мае мазаічную падлогу. Плоская столь асн. аб’ёму ўпрыгожана 3 размаляванымі плафонамі. Інтэр’ер аздоблены разным драўляным алтаром, размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНКА (Tricholoma flavovirens),
шапкавы базідыяльны грыб роду радоўка сям. радоўкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце вял. групамі ў сухіх хваёвых лясах на пясчанай глебе. Пладаносіць у вер.—кастр. (лістападзе).
Шапка дыям. 3—10 см, пукатая, потым плоская, ліпкая, валакністая, жаўтавата-зялёная, у цэнтры бураватая, па краі звычайна растрэскваецца. Мякаць шчыльная, жаўтаватая, з прыемным смакам і мучным пахам. Гіменафор прырослы. Пласцінкі шырокія, выемчатыя, жаўтавата-зялёныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, падоўжана-валакністая, дробналускаватая, аднаго колеру з шапкай. Ядомая (спажываецца свежая, марынаваная, салёная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНХО́ІДА (ад грэч. konchoeidēs падобны на ракавіну) лініі, плоская крывая, якая атрымліваецца пры павелічэнні ці памяншэнні даўжыні радыус-вектара кожнага пункта дадзенай лініі L на пастаянны адрэзак d. Калі ўраўненне лініі ў палярных каардынатах ρ=f|φ|, то ўраўненне яе К. мае выгляд ρ=f|φ| ± d. К. прамой наз. К. Нікамеда; яна складаецца з дзвюх галін, яе форма залежыць ад суадносін паміж параметрамі d і l, дзе l — адлегласць ад прамой да пачатку каардынат. К. акружнасці, што праходзіць праз пачатак каардынат, з’яўляецца Паскаля завітка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НДА (Lunda),
плато ў Цэнтр. Афрыцы, на тэр.Дэмакр. Рэспублікі Конга і Анголы. Складзена з палеагенавых і неагенавых пясчанікаў і пяскоў, якія гарызантальна залягаюць на дакембрыйскім крышт. фундаменце. Цэнтр.ч. — плоская, месцамі забалочаная раўніна выш. 1300—1600 м, водападзел паміж рэкамі Касаі і Замбезі. Плато ступеньчата зніжаецца на Пн, да ўпадзіны Конга і паката — на Пд, да ўпадзіны Калахары. У басейне р. Касаі багатыя радовішчы алмазаў, марганцавай руды. Клімат субэкватарыяльны, гарачы, вільготны летам. Сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі, на паўн. схіле — высакатраўныя саванны. Па далінах рэк — галерэйныя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧО́РСКАЯ НІЗІ́НА, Мяшчора. У цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны, паміж рэкамі Клязьма (на Пн), Масква (на ПдЗ), Ака (на Пд), Судагда і Колп (на У), у межах Маскоўскай, Уладзімірскай і Разанскай абл. Расіі. Алювіяльна-зандравая плоская раўніна (выш. 80—130 м на Пд, 120—130 м на Пн). Складзена з водна-ледавіковых і рачных пяскоў і суглінкаў. Рэкі — Бужа, Цна, Поля, Гусь, Пра і інш. Шмат азёр (Шатурскія, Спас-Клепікаўскія) і балот (Шатурскія, Тугалескі Бор, Гусеўскія і інш.). Мяшаныя лясы, на пясках — хваёвыя бары, па далінах рэк — лугі. Характэрны ландшафты аполляў.