аматарская творчасць у галіне харэаграфічнага мастацтва (гл.Харэаграфія). Вядома ў многіх краінах свету. Вытокі бел. С.х.м. ў нар. абрадах і гульнях, карагодах. Да пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы муз. і тэатр. самадзейнасці. У 1900—20-я г.нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы беларускіх вечарынак, вял. значэнне мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся многія нар. танцы. Найб. пашырылася з 1920-х г. з пачаткам сістэм. вывучэння і практычнага выкарыстання нац. харэагр. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. У рэпертуар танц. гурткоў уключаліся папулярныя ў народзе танцы, якія выконваліся ў іх фалькл. выглядзе. Паступова выпрацоўваліся метады і спосабы сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэагр. фальклору. У 1927 арганізаваны адзін з першых самадз. харэагр. калектываў — Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча. У яго рэпертуары былі па-мастацку апрацаваныя, трансфармаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі сцэны танцы «Мяцеліца», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Мікіта», «Лянок»; на аснове нар. песні створаны танец «Бульба», які набыў вял. папулярнасць у пастаноўцы І.Майсеева. У 1930-я г. створаны ансамбль песні і танца ў калгасе «Ленінскі шлях» Дзяржынскага р-на, танц. калектыў торфарцелі імя 16 партызан Пухавіцкага р-на, ансамбль песні і танца будаўнікоў Мінска і інш. У творчай практыцы калектываў бел. танец набыў больш яркую сцэн. форму. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены раней створаныя самадз.танц. калектывы і ўзнікла шмат новых, сярод якіх пераважалі ансамблі танца і ансамблі песні і танца: з 1945 — нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ; з 1954 — узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ №5 г. Брэста (засн. і маст. кіраўнік засл. настаўніца Беларусі В.Верамюк), з 1956 — нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў (кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі В.Ямінскі), з 1958 — узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. ПК прафсаюзаў (з 1999 кіраўнік Т.Зубік) і «Лянок» прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (засн. Г.Чысцякова, з 1990-х г. кіраўнік І.Чысцякоў), з 1961 — узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» г. Віцебска (кіраўнік Н.Чарнюк). У 1960—80-я г. ўзніклі новыя самабытныя калектывы, выраслі іх масавасць і выканальніцкі ўзровень, іх цікавасць да нац. фальклору. Уклад у развіццё С.х.м. зрабілі нар. артысты Беларусі М.Бяльзацкая, А.Нікалаева, А.Рыбальчанка, А.Вараб’ёў, Я.Штоп, засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія, засл. дз. культ. Беларусі С.Грабеншчыкоў, М.Кіракозаў, Л.Ляшэнка, І.Серыкаў, М.Чысцякоў, В.Партной, Н.Залеўская, засл. работнікі культ. Беларусі Л.Барадулька, М.Лапша, І.Смірноў, Р.Чарахоўская, Ч.Клячко, а таксама Л.Тушынскі, З.Чарняўскі, А.Быковіч і інш. Лепшым дарослым і дзіцячым калектывам нададзены адпаведна найменні «народны» (з 1960) і «ўзорны» (з 1978) (гл.Народныя самадзейныя калектывы, Народныя хары, ансамблі, аркестры). У 1990-я г. ў самадз. мастацтва прыйшло шмат таленавітых балетмайстраў, пад кіраўніцтвам якіх створаны новыя калектывы з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамбль танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (з 1982; кіраўнік засл. работнік культуры Г.Чорны); нар.вак.-харэагр. ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (з 1982; кіраўнік засл. работнік культ. П.Свярдлоў); нар. харэагр. ансамбль «Рунь» Дома культуры (ДК) тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс»; нар. ансамбль танца «Белая Русь» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва» (з 1989; кіраўнік А.Карповіч; лаўрэат у 1997 I Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод»; у 1994, 1997, 2001 фестываляў нар. творчасці Мінска); нар. ансамбля танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1992; кіраўнік В.Жыльцоў); нар. ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (з 1995; кіраўнік В.Ямпольскі; у 1999 лаўрэат II Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод») і інш.
У наш час С.х.м. — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае ансамблі і студыі нар. класічнага, эстр., бальнага танца: калектывы сістэмы мін-ваў культуры, адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі налічваецца 2575 самадз. харэагр. калектываў, з іх 2044 дзіцячых, у т. л.па абласцях: у Брэсцкай 397 (з іх 333 дзіцячых), у Віцебскай 432 (з іх 354 дзіцячых), у Гомельскай 533 (з іх 346 дзіцячых), у Гродзенскай 279 (з іх 242 дзіцячых), у Магілёўскай 404 (з іх 321 дзіцячых), у Мінскай 539 (з іх 448 дзіцячых), сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў — 68, сістэмы Мін-ва адукацыі — 32 калектывы. Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэагр. фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыц. ў жанры нар.-сцэн. танца да фольк-мадэрна. Плённае развіццё дзіцячай харэагр. самадзейнасці найперш звязана з масавым адкрыццём дзіцячых харэагр. школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў узорны вак.-харэагр. ансамбль «Камарыкі» ПК вытв. аб’яднання «Нафтан» г. Наваполацк (з 1970; кіраўнік Клячко; у 1983 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль танца «Светлячок» ДК энергетыкаў г. Новалукомль (з 1977; кіраўнік Н.Тамашава; у 1998 лаўрэат міжнар. фестывалю маст. творчасці народаў СНД); узорны ансамбль танца «Лялечкі» Абухаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на (з 1978; кіраўнік Н.Урукіна); узорны ансамбль танца «Весялушкі» ДК чыгуначнікаў г. Орша (з 1981; кіраўнік І.Стамінская; у 1999 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэагр. школы (з 1981; кіраўнікі С. і І. Дарохіны; у 1995 лаўрэат Міжнар. фестывалю «Голас дзяцінства»); узорны ансамбль танца «Зубраня» ПК. «Аўтазаводзец» г. Мінск (з 1983; кіраўнік Я.Гутман; у 1994, 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); узорны ансамбль танца «Жавароначкі» ПК т-ва «Сукно» Мінска (з 1985; кіраўнік С.Аляксандраў; у 1994 лаўрэат фестывалю нар. творчасці Мінска); узорны ансамбль танца «Чабарок» мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987; кіраўнік Н.Дзягель; у 1994 і 1997 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска); узорны харэагр. ансамбль танца «Раўніца» СШ №2 г. Барысаў (кіраўнік А.Цюцюноў) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у іх ліку «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1979; кіраўнік В.Буры; у 1997 і 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); ансамблі бальнага танца, у іх ліку ансамбль «Мара», прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (з 1966; кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі Л.Лазарава; у 1994. 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»). Выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару і выканальніцкага майстэрства, папулярызацыі танц. мастацтва садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: Міжнар. фестывалі харэаграфіі «Сожскі карагод» у Гомелі і сучаснай харэаграфіі «IFMC» у Віцебску; фестываль фальклору «Пінскі карагод»; абласны фестываль «Свята танца» ў Гродне; фестывалі дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы Фламінга» ў Гомелі і інш. Праводзяцца агляды самадз. харэагр. калектываў у рамках розных форумаў, прысвечаных нар. творчасці, у т. л. фестывалі нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня», нар. творчасці «Сузор’е», студэнцкай маст. творчасці «Студэнцкая вясна» і інш. Харэагр. калектывы — актыўныя ўдзельнікі фестываляў фальклору за мяжой. Кадры кіраўнікоў харэагр. калектываў (балетмайстраў, педагогаў-харэографаў) рыхтуюць у Бел. ун-це культуры (кафедра харэаграфіі), у вучылішчах мастацтваў (аддзяленні харэаграфіі) у Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Пінску, Магілёве.
С.В.Гуткоўская, Ю.М.Чурко.
Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Узорны ансамбль танца «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» г. Мінск.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Белая Русь» Рэспубліканскага цэнтра мастацкай творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва».
Створаны ў 1932 у Бабруйску на базе вандроўнай рус. трупы як Дзярж.рус.драм.т-рБССР, у 1955—92 імя М.Горкага, з 1994 акадэмічны. У 1935—41 і 1944 працаваў у Магілёве, з крас. 1945 у Гродне, з ліп. 1947 у Мінску. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1932—36) У.Кумельскі. Праграму і творчае аблічча т-ра 1-й пал. 1930-х г. вызначалі яго сцэн. індывідуальнасць, ідэйна-маст. і эстэт. погляды, якія склаліся пад уплывам абвешчанага закліку да дзеячаў мастацтва краіны падначаліць т-р інтарэсам рэвалюцыі. Гэта абумовіла яго рэпертуар і прынцыпы сцэн. ўвасаблення, класава-сац. падыход да інтэрпрэтацыі тагачаснай драматургіі, класічнай рус. і сусв. спадчыны. Кумельскі імкнуўся спалучаць акрэсленую грамадзянскую пазіцыю т-ра з маляўнічай формай спектакляў, дасягаць глыбокага пранікнення ў характары персанажаў. У рэпертуары пераважала сав. драматургія: «Чапаеў» паводле Дз.Фурманава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука, «Мой сябра» М.Пагодзіна, «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Браняпоезд 14-69» У.Іванава, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага. Асаблівай увагай карысталася драматургія М.Горкага. Праграмным і этапным спектаклем т-ра стаў «Ягор Булычоў і іншыя». Поспех пастановак гэтага перыяду шмат у чым вызначаўся ўдзелам у іх Кумельскага — акцёра яркай індывідуальнасці. Трупа фактычна кожны сезон фарміравалася нанава, пастаянна мяняліся маст. кіраўнікі. Найб. плённы перыяд звязаны з дзейнасцю рэжысёра А.Данаці (1936—38). У 1939 калектыў узначаліў Дз.Арлоў, была праведзена рэарганізацыя т-ра, ён папоўніўся выпускнікамі Ленінградскага і Маскоўскага тэатр. вучылішчаў. Сярод спектакляў «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. З пач.Вял.Айч. вайны т-р спыніў дзейнасць. Адноўлены летам 1943 у Маскве як франтавы. Сярод пастановак першых пасляваен. гадоў: «Сустрэча ў цемры» Ф.Кнорэ, «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра. «Тры сястры» А.Чэхава, «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога. Вызначальнымі ў рэпертуары канца 1940-х г. былі пастаноўкі класічных твораў: п’ес Астроўскага «Жаніцьба Бялугіна» (нап. з М.Салаўёвым), «Апошняя ахвяра» і «На бойкім месцы», Чэхава «Дзядзька Ваня», М.Горкага «Дзеці сонца», Шэкспіра «Атэла». З пастановак тагачасных п’ес найб. поспехам карысталася «Старыя сябры» Л.Малюгіна. У 1950 т-р у другі раз пасля інсцэнізацыі «Сымона Карызны» М.Зарэцкага ў 1935 звярнуўся да бел. драматургіі: пастаўлена п’еса В.Палескага «Песня нашых сэрцаў», у 1953 адноўлена пад назвай «Што пасееш, тое і пажнеш». 1950-я г. ў творчасці т-ра адметныя дзейнасцю рэжысёра высокай тэатр. культуры В.Фёдарава. Сярод лепшых пастановак гэтага перыяду: «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава, «Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі. Асаблівае месца сярод іх займалі «Варвары» М.Горкага (пасля паказу гэтага спектакля на Дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве т-ру было прысвоена імя М.Горкага) і «Кароль Лір» Шэкспіра, прызнаныя дасягненнем тэатр. мастацтва краіны 1950-х г. Спектакль «Кароль Лір» і найперш выкананне А.Кіставым гал. ролі былі высока ацэнены дзеячамі тэатр. мастацтва Англіі.
У канцы 1950 — пач. 1960-х г. плённым было супрацоўніцтва т-ра з рэжысёрамі М.Співаком («Галоўная стаўка» Губарэвіча, «Аптымістычная трагедыя» Вішнеўскага, «Барабаншчыца» А.Салынскага, «Улада цемры» Л.Талстога) і В.Рэдліх («Беспасажніца» Астроўскага, «Дзеці сонца» М.Горкага, «Дванаццатая гадзіна» А.Арбузава, «Антоній і Клеапатра» Шэкспіра). Рэпертуар папоўніўся п’есамі бел., сав. і тагачасных замежных драматургаў. У 2-й пал. 1960-х — 1-й пал. 1970-х г. назіралася стракатасць рэпертуару, з’яўляліся спектаклі сярэдняга ўзроўню. Поспехі калектыву ў гэты перыяд звязаны з асобнымі пастаноўкамі класічных твораў: «Маскарад» М.Лермантава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Марыя Сцюарт» Шылера. Вылучаліся таксама спектаклі: «А досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «Мілы лгун» Дж.Кілці, «Двое на арэлях» У.Гібсана. Творчы ўздым т-ра 1970-х г.
звязаны з дзейнасцю рэжысёра Б.Луцэнкі, праграмнымі спектаклямі якога сталі «Макбет» Шэкспіра (паказаны на міжнар. шэкспіраўскім фестывалі ў ФРГ, 1981), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта, «Трагедыя чалавека» І.Мадача, «Лазня» У.Маякоўскага. Т-р набывае сваё адметнае аблічча. Павышаная цікавасць да маральна-этычных аспектаў, асэнсаванне сутнасці чалавечага быцця, барацьба дабра і зла па-мастацку даследуюцца ў спектаклях «Пайсці і не вярнуцца» паводле В.Быкава, «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча, «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Апошнія» М.Горкага, «Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса і інш. Творчы дыяпазон т-ра пашырылі спектаклі рэжысёраў У.Маланкіна, М.Сулімава, А.Даброціна, А.Каца, М.Кавальчыка, А.Кузняцова, Б.Глаголіна, А.Карпава. 1980-я г. ў дзейнасці т-ра найперш звязаны з пастаноўкамі рэж. В.Маслюка («Знак бяды» паводле аповесці В.Быкава, Дзярж. прэмія Беларусі 1986. «Гамлет» Шэкспіра). Сярод інш. спектакляў гэтага перыяду: «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, «І быў дзень» («Звалка») А.Дударава, «Незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» паводле У.Вайновіча. Ставяцца п’есы такіх буйных сучасных драматургаў, як Э.Олбі, Ф.Дзюрэнмат, Т.Уільямс, Ю.О’Ніл, К.Чапек. У пач. 1990-х г.т-р зноў узначаліў Луцэнка. Сярод спектакляў: «Блаславі нас, госпадзі...» С.Бельцюкова і А.Залётнава, «Драўляны рыцар» С.Кавалёва, «Перпетум мобіле, ці Вечар яўрэйскіх анекдотаў» Луцэнкі, «Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага, «Букееў і кампанія» М.Горкага, «Прасцячкі нечаканых астравоў» Б.Шоу, «Амфітрыён» паводле Плаўта. У 1981 у т-ры адкрыта Малая сцэна (спектаклі «Вячэра» Ж.К.Брысвіля, «На Залатым возеры» Э.Томпсана).
Важкі ўклад у развіццё т-ра зрабілі нар.арт.СССР Я.Палосін, нар. артысты Беларусі Г.Абуховіч, Арлоў, А.Кістаў. У розныя гады ў т-ры працавалі: Ф.Шмакаў, нар. артысты Беларусі Я.Карнавухаў, Р.Качаткоў, Ю.Ступакоў, В.Філатаў, І.Шаціла, нар.арт. Расіі К.Шышкін, засл. артысты Беларусі М.Аблаў, А.Бялоў, К.Верамейчык, Л.Весніна, В.Воінкаў, В.Захарава, А.Кашкер, В.Краўчанка, М.Кузьменка, І.Лакштанава, І.Лакштанаў, Г.Някрасаў, І.Ражба, М.Сокал, Т.Трушына, В.Чэмберг, А.Шапс, А.Шкапскі, засл. работнік культуры Беларусі Б.Вішкароў, засл. дзеячы маст. Беларусі акцёры і рэжысёры Ю.Арынянскі і Кумельскі, сцэнографы В.Галубовіч, А.Грыгар’янц, Ю.Тур.
У складзе трупы (1997): нар. артысты СССР А.Клімава, Р.Янкоўскі, нар. артысты Беларусі В.Клебановіч, Б.Масумян, Ю.Сідараў, засл. артысты Беларусі З.Асмалоўская, В.Бандарэнка, Л.Былінская, Э.Гарачы, А.Ткачонак, А.Шах-Парон, У.Шэлестаў, засл. арт. Расіі А.Брухацкі, акцёры У.Курган, Я.Лявонцьеў, Г.Маланкіна, А.Пастрэвіч, Н.Чамадурава і інш.Гал. рэжысёр (з 1991) нар.арт. Беларусі Луцэнка, гал. мастак У.Чарнышоў.
Б.Л.Бур’ян.
Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Макбет» У.Шэкспіра.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Варвары» М.Горкага.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «На Залатым возеры» Э.Томпсана.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай.Да арт.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі. Сцэна са спектакля «Майстры» паводле М.Булгакава.
Створаны ў 1920 у Мінску як Бел.дзярж.т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел.дзярж.т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.Галіна, Г.Глебаў, Г.Грыгоніс, І.Ждановіч, У.Крыловіч, К.Міронава, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, У.Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, К.Буйло, Л.Родзевіча, Ц.Гартнага, В.Гарбацэвіча, М.Грамыкі, М.Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.Крапіўніцкі, М.Старыцкі, І.Катлярэўскі), рус. (М.Горкі, Чэхаў, У.Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.Ждановіч, арт. А.Крыніца, драматургі Грамыка, Р.Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-ррэж. Л.Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.Бядулем, М.Клімковічам, Э.Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял.Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.Карнейчука, «Рускія людзі» К.Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял.Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.Крапівы, К.Губарэвіча, А.Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял.Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.Зорына, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.
У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.Дзялендзіка, П.Васілеўскага, С.Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г.т-р на чале з рэж. В.Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.Дударава і інш.Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял.Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.Быкава, «Эшалон» М.Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма, «Характары» паводле В.Шукшына, «Гульня з кошкай» І.Эркеня, «Святая святых» І.Друцэ, «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр.нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв.т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г.найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.Кавалёва, «Восеньская саната» І.Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел.нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.
У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.Макарава, П.Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.Стома, У.Уладамірскі, М.Яроменка, нар. артысты Беларусі С.Бірыла, М.Бялінская, Г.Грыгоніс, П.Дубашынскі, І.Ждановіч, П.Кармунін, Р.Кашэльнікава, Пола, В.Філатаў, І.Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.Бараноўскі, А.Дзянісаў, П.Іваноў, В.Краўцоў, Б.Кудраўцаў, П.Пекур, Б.Уладамірскі, М.Федароўскі, Р.Філіпаў (нар.арт. Расіі), С.Хацкевіч, Э.Шапко, Л.Шынко, Б.Янпольскі, арт. Ю.Авяр’янаў, Б.Дакальская, Т. і У.Кін-Камінскія, А.Уладамірскі і інш., рэжысёры В.Галаўчынер, Л.Мазалеўская, М.Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.Агамірзян, А.Андросік, М.Зораў, Б.Луцэнка, М.Міцкевіч, І.Папоў, І.Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.Саннікаў (1948—52), І.Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.Простаў (1958—60), В.Броўкін (1960—62), Г.Шчарбакоў (1962—64), Б.Эрын (1964—68), Ц.Кандрашоў (1969—72); мастакі А.Марыкс (1922—29, 1934—39), І.Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.Галубовіч (1958—62), А.Грыгар’янц (1962—76), Б.Герлаван (з 1976).
У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.Аўсяннікаў, С.Станюта, В.Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.Бальчэўская, З.Белахвосцік (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.Варанецкі, Г.Давыдзька, М.Зінкевіч, З.Зубкова, Я.Кавалёва, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, У.Кудрэвіч, Г.Маляўскі, В.Манаеў, Т.Нікалаева, А.Падабед, У.Рагаўцоў, А.Рынковіч, артысты А.Гарцуеў, М.Громава, І.Дзянісаў, А.Долгая, А.Ельяшэвіч (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), А.Іваннікава, С.Краўчанка, Я.Кульбачная, А.Лабуш, А.Луцэвіч, С.Некіпелава, В.Няфёдава, В.Паўлюць, Н.Піскарова, Т.Пузіноўская, В.Рэдзька (засл. арт.Аўт. рэспублікі Крым), А.Сідарава, І.Усовіч, Г.Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар.арт. Беларусі В.Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.Савіцкі.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл.Мінскі гарадскі тэатр).
Літ.:
Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;
Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;
Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг.Мн., 1957;
Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг.Мн., 1989;
Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.
Т.Я.Гаробчанка.
Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.Макаёнка.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.Дударава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ
Склалася на землях Зах. Беларусі, што ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышлі пад юрысдыкцыю Польскай дзяржавы. Ва ўмовах каланіялісцкай палітыкі польскага ўрада ў дачыненні да бел. этнасу за адносна невялікі гіст. перыяд літаратура Зах. Беларусі развілася ў самадастатковую з’яву нац. культуры, стала арганічнай выразніцай бел. духоўнасці. У ідэйна-праблематычным і эстэт. плане яна складае асобны, самакаштоўны раздзел агульнанац. бел. літаратуры 1-й пал. 20 ст.Літ. працэс у Зах. Беларусі грунтаваўся на бел. ідэі, нац. і сац. самаідэнтыфікацыі народа, яго паліт. разняволення. Заснавальнікамі зах.-бел.літ. традыцыі сталі былыя нашаніўцы А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, носьбіт рас. эстэтычнай і філас. культуры У.Самойла, прадстаўнікі маладой генерацыі, якія прыйшлі ў літаратуру ў час 1-й сусв. вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, У.Жылка, І.Канчэўскі, М.Краўцоў, Л.Родзевіч. У ліку першых паэтычных зборнікаў, выдадзеных у пачатку 1920-х г. у Вільні, былі «Беларусь» Л.Родзевіча, «Уяўленне» і «На ростанях» У.Жылкі, прасякнутыя пафасам вызваленчага змагання, ідэяй сац. і нац. свабоды бел. народа. Падзел бел. зямель дэтэрмінаваў у паэзіі драматычны матыў Беларусі, штучна парэзанай дзярж. межамі, адначасова ён даў імпульс нац. самасцвярджэнню. Ідэя нац. самаідэнтыфікацыі набыла асаблівую актуальнасць і філас. скіраванасць у эсэістыцы І.Канчэўскага («Адвечным шляхам»), філас. публіцыстыцы У.Самойлы («Гэтым пераможаш!..») і А.Цвікевіча («Аб аргументах ад розуму і аргументах ад сэрца», «Вялікае спрашчэнне, ці вялікае ўдасканаленне»). Надзённым грамадска-паліт. праблемам жыцця Зах. Беларусі пад польскай адміністрацыяй прысвячалася маст. публіцыстыка М.Гарэцкага, асабліва ў рэдагаванай ім газ. «Беларускія ведамасці» («Важны фронт», «Беларусы, бярыцеся за грамадскую работу» і інш.). Гіст. тэматыка малой прозы М.Гарэцкага віленскага перыяду (1920—23) мела зах.-бел. кантэкст, а ў асобных апавяданнях навідавоку зах.бел. рэаліі («Руіны» ў панскай кухні», «Смачны заяц», «Страшная музыкава песня», «Пакінутыя хаты» і інш.). Вопыт 1-й сусв. вайны асэнсаваны Ф.Умястоўскім у апавяд. «Стася». Да жанру малой прозы ў апавяданнях «Маршлют», «Маскалёвы дзеці» звярнуўся М.Краўцоў. Поспехі драматургіі Зах. Беларусі ў пач. 1920-х г. засведчаны п’есамі «Досвіткі», «На Каляды», «ПСХ», «Кавалі» Л.Родзевіча, «Няскончаная драма» Ф.Аляхновіча, «Жартаўлівы пісарэвіч» М.Гарэцкага. У драматургічным жанры на матэрыялах 1 -й сусв. вайны, рэвалюцый і грамадз. вайны асэнсоўваліся праблемы пошуку бел. народам уласных шляхоў, лёс інтэлігенцыі на фоне грандыёзных падзей і катаклізмаў.
У літ. працэсе Зах. Беларусі актыўна развіваліся крытыка і літ.-знаўства — І.Дварчанін, У.Жылка, Р.Зямкевіч, В.Ластоўскі, А.Навіна (Луцкевіч), Я.Светазар (М.Краўцоў), А.Станкевіч, Суліма (У.Самойла); у гэты час М.Гарэцкі апрацоўваў першую канцэптуальную гісторыю бел. літаратуры, змясціў у перыёдыцы шэраг літ. партрэтаў. У сувязі з ростам вызваленчага руху ў яго легальных формах перыяду Беларускай сялянска-работніцкай грамады на старонках перыядычнага друку з’явілася масавая паэзія. З ёю прыйшла новая кагорта пісьменнікаў — М.Васілёк, Х.Ільяшэвіч, М.Машара, А.Салагуб і інш. Для прадстаўнікоў гэтай маладой генерацыі было характэрна ранняе грамадз. ўзмужанне, непрыняцце пануючага рэжыму. Усе яны (акрамя М.Машары) — удзельнікі камуністычнага падполля і зведалі, у т. л. М.Машара, турэмнае зняволенне ў Лукішскай турме. Маст. вобраз пераканаўчага змаганца-палітвязня ўпершыню на зах.-бел. грунце створаны ў сярэдзіне 1920-х г. А.Салагубам у цыкле лукішскіх вершаў. Пазней гэты паэтычны вобраз атрымаў ідэйна-эстэт. завяршэнне ў паэзіі М.Танка і В.Таўлая. Лірычны герой А.Салагуба горды ўсведамленнем, што ўдзельнічае ў камуністычным руху, спадзяецца на планетарна вызваленчыя здзяйсненні. Не пазбаўлены ідэйна-эстэт. пошукавых амбіцый і імкнення ствараць «новы Апокрыф», Х.Ільяшэвіч наследаваў ідэю змагання працоўных, асвойваў тэму працы, распрацоўваў гарадскія матывы (зб. «Веснапесні»). М.Машара ў лірычным зб. «Малюнкі» (1928) сцвярджаў абуджэнне зах.-бел. вёскі да свядомага жыцця. Ф.Грышкевіч пры маст. увасабленні бел. ідэі дзеля пашырэння яе ў масавай свядомасці звяртаўся да творчага пераасэнсавання ў паэзіі вобразаў Усяслава Чарадзея, Вітаўта і інш.гіст. постацей (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). М.Васілёк у зб. «Шум баравы» (1929) адлюстраваў уласцівую для ўсёй бел. літаратуры 1920-х г. ідэю нац. адраджэння, а таксама непрыняцця пануючага ў Зах. Беларусі польскага аўтарытарнага рэжыму. Вобразы сейбіта і барацьбіта-адраджэнца ў яго паэзіі семантычна тоесныя. Асобныя матывы ў паэзіі М.Васілька праменілі аптымізмам, верай у справу нар. вызвалення і адраджэння. Мяккі, лірычны, рамант. пафас у яго паэзіі суседнічаў з матывамі гумару, паказваў зах.-бел. рэчаіснасць у гумарыстычных вобразах і калізіях.
Паэтычны зб. «Світанне» П.Сакола (1929) арганічна спалучаў у сваім змесце сац. і нац. ідэі і матывы. У няскончанай яго паэме «Латгалія» ўдала адлюстраваны некат. сац. рэаліі з жыцця бел. этнасу на яго балта-слав. узмежжы. У 1927 зах.-бел. літаратары зрабілі спробу стварыць на ўзор літаб’яднанняў, што былі ў Сав. Беларусі, прафесійнае пісьменніцкае згуртаванне «Веснаход». Але ў гэты час распачаўся шырокі наступ польскай адміністрацыі на бел. арганізацыі, і аб’яднанне не было зацверджана. У выдадзеным згуртаваннем зб. «Рунь «Веснаходу» акрамя твораў М.Васілька, Х.Ільяшэвіча, якія ўжо грунтоўна заявілі пра сябе ў друку, змешчаны вершы і маладзейшых: Г.Вялецкага, Звестуна (П.Пестрак), Ю.Сергіевіча, В.Шкодзіча і інш.
Гісторыя духоўнага і культ. жыцця Зах. Беларусі ў 1930-я г. мела спецыфіку, абумоўленую найперш грамадска-паліт. ўмовамі, што склаліся ў Беларусі па абодва бакі польска-сав. мяжы. Хоць грамадскае жыццё і літ. працэс у Зах. Беларусі ў 1930-я г. не зведалі такіх радыкальных перамен, як у СССР, аднак яны трапілі пад паліт. ўціск з боку польскай дзяржавы. З пач. 1930-х г. у Польшчы ўзмацніўся аўтарытарны рэжым, што разам з эканам. крызісам ускладняла і культурніцкую сферу жыцця. З разгромам уладамі паліт. арганізацыі «Змаганне» і арыштам дэпутатаў сейма легальныя формы бел. вызваленчага руху ў Польшчы былі ліквідаваны. У 1930 і 1933 былі арыштаваны галоўная ўправа Таварыства бел. школы (ТБШ) на чале з С.Паўловічам, Ф.Стацкевічам, Р.Шырмам, паступова закрываліся павятовыя і нізавыя яго структуры, а ў 1936 дзейнасць ТБІП і Бел. ін-та гаспадаркі і культуры зусім забаронены; закрываліся бел. школы, апошнія бел. гімназіі, а Віленская гімназія пераўтворана ў філіял польскай. Пачалася канфіскацыя перыядычных выданняў, кніг паэзіі М.Васілька, М.Танка і М.Машары, нават бел. буквара С.Паўловіча. Нягледзячы на такія акалічнасці, зах.-бел. інтэлігенцыя праяўляла рэальныя доказы грамадз. жыццяздольнасці. У 1932 выйшла 5 нумароў час. «Нёман», прысвечанага літаратуры, навуцы і мастацтву. У 1935 заснаваны літаратурна-навук. і грамадскі час. «Калоссе». Дзеячы асветы выдавалі час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і «Самапомач». Ідэю нац. вызвалення адстойвала газета «Беларускі фронт». Замест заняпалага кааперацыйнага кніжнага Бел. выдавецкага таварыства, прадуктыўнага ў 1920-я г., практыкаваліся прыватныя выданні Р.Шырмы, С.Глякоўскага і Найдзюка, а ў 1937 заснавана выдавецтва «Белпрэс». Існавала Бел. каталіцкае выдавецтва і друкарня імя Ф.Скарыны. У 1-й пал. 1930-х г. лідэрам зах.-бел. паэтаў стаў М.Машара. Выйшлі зб-кі яго лірыкі «На сонечны бераг» (1934), «На прадвесні» (1935); крыху раней напісаная ў Лукішскай турме паэма-сімфонія «Валачобнае» — гімн разбуджанаму нар. духу, натхнёны парывам да свабоды ў час грамадаўскага ўздыму. Місію паэта і сваё асабістае крэда М.Машара бачыў у грамадз. служэнні народу на шляху да яго вызвалення. Мажор яго лірыкі, зрэдку асмучаны нар. нядоляй, гучаў зараджальна, нёс веру ў годную будучыню. Нягледзячы на грамадскія і інш. катаклізмы, яго паэзія і ў 1930-я г. не страціла духу грамадзянскасці, хоць і не мела ранейшага наступальнага тону. У паэтычных рэфлексіях Х.Ільяшэвіча 2-я пал. 1930-х г. прадстае як стратны ў лёсе Беларусі час.
У 1930-я г. ў паэзію Зах. Беларусі прыйшлі А.Бярозка, А.Дубровіч, А.Іверс, С.Крывец, М.Танк, Н.Тарас, С.Хмара. Медытацыі А.Бярозкі пра лёс народа і бацькаўшчыны, надрукаваныя ў час. «Шлях моладзі» і «Калоссе», мелі філас. напаўненне і адметную метафарычнасць. Ракурс бачання зах.-бел. рэчаіснасці ў С.Крыўца сацыяльна завостраны, угрунтаваны на жыццёвым вопыце паэта-рабочага (вершы «Крызіс», «Сыплюць думкі», «Шэрая гадзіна»). Яго паэтычны сінтаксіс вызначаўся сцісласцю фразы, афарыстычнасцю маст. абагульнення думкі. С.Хмара прыйшоў у літаратуру праз грамадаўскі вызваленчы парыў, праз польскія астрогі (зб. «Жураўліным шляхам», 1939). Тэматычна актуальная, яго паэзія вылучалася дынамізмам рытму, моцнай энергетыкай радка. З глыбінь вызваленчага змагання прыйшоў у літаратуру В.Таўлай, актыўны ўдзельнік рэв. падполля. Няшмат яго вершаў (пад псеўданімам П.Сірата) пабачылі свет у зах.-бел. друку ў Вільні. Творы, надрукаваныя ў час. «Калоссе» і «Шлях моладзі», выяўлялі ў паэта эпічны пачатак, прамоўніцкую інтанацыю, спалучаныя з пранікнёнай лірычнасцю. На агульнаеўрап. ўзровень узняў паэзію Зах. Беларусі М.Танк. У грамадз. лірыцы, мадэрністычнай паводле вобразнай фактуры і рэв. паводле ідэйнай накіраванасці (паэмы «Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет»), паэт глыбока па-мастацку узнавіў рэв. сучаснасць і гіст. мінулае Беларусі, стварыў сац. партрэт эпохі. М.Танку ўдалося арганічна паяднаць у бел.маст. слове сінкрэтычнае фалькл. і інтэлектуальна-асацыятыўнае мысленне.
Літ.-маст. развіццё ў Зах. Беларусі 1930-х г. мела і сваю жанравую спецыфіку. Калі ў 1920-я г. паспяхова развіваліся драматургія, лірыка, малая проза, літ.-філас. эсэістыка, то 1930-я г. характарызуюцца акрэсленым дамінаваннем паэзіі і сціплым набыткам прозы (апавяданні Х.Ільяшэвіча пад псеўданімам Дальны). Другое месца пасля паэзіі належала маст. публіцыстыцы (А.Бужанскі, С.Грынкевіч, У.Самойла). Актуальным творам на свой час была аповесць «Царква. Поста. Вязьніца» С.Грынкевіча. У 1930-я г. ён актыўна працаваў у жанры асветна-навук. публіцыстыкі. У артыкулах «Псіхааналіз і праблемы літаратурныя і грамадскія», «Культура і загады нацыянальнае працы», «Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносін да жыцця», «Аб тэатры» і інш. ён уздымаў надзённыя і фундаментальныя праблемы літаратуры, культуры, экзістэнцыі грамадства. Крытык і публіцыст А.Бужанскі аналізаваў генезіс рэпрэсій, што абрынуліся ў 1930-я г. на бел. рух, бел. інтэлігенцыю. У.Самойла грунтоўна даследаваў палітыку польскіх улад у дачыненні да беларусаў у сваім публіцыст. эсэ «Курс «новы» і «найноўшы» палітыкі польскай у беларускай справе». Гэтае эсэ было скіравана да дэмакратычнай грамадскасці свету для азнаямлення яе з трагедыяй бел. народа і яго інтэлігенцыі. Развіваліся крытыка і літ.-знаўства. А.Навіна паглыблена даследаваў творчасць бел. класікаў (брашура «Янка Купала — прарок адраджэння», арт. «Да крыніцаў творчасці М.Багдановіча» і інш.). Аналізуючы тыпалогію аповесцей «Дзве душы» М.Гарэцкага і «Прадвесне» С.Жаромскага, ён імкнуўся да метадалагічнага ўзбагачэння айч.літ.-знаўства. У арт. «На шляхах новай беларускай паэзіі», «На парозе новае эпохі ў беларускай літаратуры» С.Станкевіч прагназіраваў новыя тэндэнцыі ў развіцці айч. прыгожага пісьменства. У літ. эсэ «Вялікі скарб нашай старасведчыны» У.Самойла напярэдадні 2-й сусв. вайны раздумваў над векавымі традыцыямі бел. духоўнасці, стараж. літаратурай Беларусі.
Станаўленне і развіццё літаратуры Зах. Беларусі як часткі агульнанац. маст. культуры адбылося на аснове дэмакратычнай і рэвалюцыйна-дэмакратычнай традыцый айч. літаратуры пач. 20 ст. Яна была арганічнай выразніцай дум і памкненняў 3-мільённага этнасу, які не прыняў рэжым даваеннай Польшчы і вёў барацьбу за сваё сац. і нац. вызваленне. У зах.-бел. літаратуры плённа рэалізаваліся ўсе жанры: паэзія ў яе грамадз. іпастасі, драматургія, літ.-філас. эсэістыка, крытычная і літ.-знаўчая эсэістыка. Зах.-бел. літаратура функцыянавала ў агульнаеўрап. кантэксце і каштоўная тым, што паслядоўна адстойвала фундаментальныя чалавечыя каштоўнасці: свабоду народа, свабоду чалавечай асобы, свабодную працу ў свабоднай грамадз. супольнасці і вольнай краіне.
А.С.Ліс.
М.Танк, В.Труцька і Р.Шырма. Вільнюс. 1937.Вокладка першага зборніка вершаў М.Танка «На этапах». 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЯ ЛІТАРАТУРА
Бел. літаратура сярэдзіны 18—19 ст. — якасна новы этап у гісторыі бел. прыгожага пісьменства. Яе першыя прыкметы адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гіст.-мемуарнай прозе эпохі барока. Творы новай літаратуры мелі свецкі характар, і ідэі Асветніцтва займалі ў ёй пануючае становішча. У час інтэнсіўнага фарміравання новай бел. літаратуры шматмоўнасць маст. творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараслав., старабел., лац. моў і зварот да народна-гутарковых пластоў бел. мовы. На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф.Багамолец, А.Нарушэвіч, Ю.У.Нямцэвіч), рускамоўнае (Г.Каніскі) і лацінамоўнае (М.Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.Князьнін), асвоіла рамантызм (Т.Лада-Заблоцкі, А.Міцкевіч, А.Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А.Плуг, У.Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамант. светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі. Калі ў даўняй літаратуры асн. месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В.Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В.Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А.Рыпінскага), вершаванай драматург. сцэнкі («Яжовыя» Я.Чачота), лірычнага верша (П.Багрым, Ф.Багушэвіч, Я.Баршчэўскі, Я.Вуль, В.Каратынскі, Я.Лучына, У.Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на быт. анекдоце (Ф.Багушэвіч, А.Плуг), мемуараў (А.Абуховіч). З’явіліся першыя спробы гіст. нарыса бел. літаратуры (прадмова Р.Падбярэскага да зб. Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).
Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з’яў і паліт. падзей на тэр. Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі і інш.). Развівалася асветніцка-філас. думка (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, М.Карповіч, К.Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.Ж.Русо, абнаўлялася адукац. сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і нар. мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў бел. грамадстве і захаванні бел. гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культ. жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за бел. мовай статуса літаратурнай. Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і нар. драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К.Марашэўскага (нап. 1787). У ёй выявілася пазітыўнае, гуманіст. стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да нар. жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця бел. сялянства. Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд Пана» (1784), якое выявіла бел. ментальнасць і абазначыла традыцыі нац. драматургіі, развітыя пазней у творах В.Дуніна-Марцінкевіча. Батлейкавы тэатр у 18 ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэліг.па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», нар. камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў 19 ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).
У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф.Багамолец, К.Марашэўскі, М.Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф.Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю.Бака, К.Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А.Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентаваныя на жывую нар. гаворку (І.Храптовіч) і стылізаваныя пад творы стараж.бел. паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з’явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І.Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура і г.д.Бел. паэзія 2-й пал. 18 ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатыр. твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»).
Далучэнне Беларусі да Рас. імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культ. жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нац.-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гіст. і мясц. патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства. Да 1820-х г.літ. жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары па-ранейшаму прытрымліваліся яго гал. кірунку — класіцызму. У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатыр. паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла як дэмакр. рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі бел. жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне бел. фальклору, вял. выяўленчыя магчымасці бел. мовы. У ананімнай паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна 19 ст.) упершыню ў бел. літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты нар. гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літ. працэс, узмацнілі яго дэмакр. плынь.
Паліт. падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літ. праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння нар. жыцця і маст. адлюстравання з’яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясц. гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў [«Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), 1817, №34; 1818, т. 1, №5] пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М.Чарноўскай, К.Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэт. спадчыны. Праца З.Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фалькл. творчасці. Перагляд застылых эстэт. нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А.Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамант. кірунак у польскамоўнай літаратуры былога ВКЛ і ва ўсёй польскай літаратуры. Бел.нар. паэзія ўвайшла ў творчасць А.Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамант. асваенне беларускамоўнай вуснапаэт. творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фалькл. ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822). З’яўленне А.Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамант. складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэт. набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на бел.фалькл. матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т.Зан, А.Петрашкевіч, А.Ходзька, Я.Чачот), а пасля ў інш. паэтаў (А.Грот-Спасоўскі, Т.Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і нар. творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі. У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер маст. свядомасці спрыяла з’яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Бел. літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў. Адной з цэнтр. постацей літ.-грамадскага руху быў Я.Чачот. Ён сабраў больш за 1000 бел.нар. песень і выдаў іх у перакладзе на польскую мову пад назвай «Сялянскія песні» (кн. 1—6, 1837—46), зарыентаваўшы выданне на чытача, выхаванага на кніжнай культуры. У вершаваных творах Я.Чачота, стылізаваных пад бел. фальклор, назіраецца імкненне зрабіць вусна-паэт. творчасць беларусаў здабыткам спачатку польскамоўнага, а затым і беларускамоўнага чытача. А.Рыпінскі выдаў у Парыжы кнігу фалькл.-этнагр. матэрыялаў «Беларусь» (1840) і прысвяціў яе «першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску», імкнучыся падключыць самабытную творчасць землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю. Упершыню ў гісторыі беларусістыкі даследчык сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы.
Калі раней актуальным было збліжэнне з вуснай нар. традыцыяй, то ў 2-й пал. 19 ст. важным стала размежаванне з ёю. Пачалі складвацца маст. індывідуальнасці. На стыку літ. і вуснапаэт. традыцый напісана беларускамоўная рамант. балада «Нячысцік» А.Рыпінскага (Лондан, 1853). Твор, стаўшы з’явай бел.-польскага літ.-фалькл. ўзаемадзеяння, даў пачатак бел. баладзе і завяршыў бытаванне жанру рамант. балады. Баладная традыцыя ў маст. асэнсаванні бел.фалькл. матэрыялу праявілася ў творчасці Я.Баршчэўскага (вершы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»). Яго зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—46), у якім шмат беларускамоўных уставак, адыграў важную ролю ў раскрыцці розных бакоў жыцця бел. народа, гістарычна абумоўленых асаблівасцей яго светаўспрымання і маральна-псіхал. складу. Твор раскрыў шырокаму колу чытачоў багатую скарбніцу нар. фантастыкі. Творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка беларускамоўнай арыентацыі, адметная заглыбленасцю ў этнакультурную стыхію бел. народа. У.Сыракомля ў варшаўскай перыёдыцы падтрымаў яго бел. творчасць: у рэцэнзіях на п’есы «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» ў сувязі з адраджэннем нац. літаратуры ён звярнуўся да прыкладаў з гісторыі і падкрэсліў, што бел. мова не заўсёды была пазбаўлена тых правоў, у якіх ёй адмаўлялі ў сярэдзіне 19 ст., і што хавальнікі яе — толькі сялянства і дробная шляхта. Палемізуючы з варшаўскім грамадскім дзеячам Ф.Скібіцкім адносна выдання твораў В.Дуніна-Марцінкевіча «на простанароднай гаворцы», У.Сыракомля развейваў скептыцызм у дачыненні да бел. мовы. Сам У.Сыракомля далучыўся да бел. літаратуры вершамі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і ментальна-бел. напоўненасцю сваіх польскамоўных твораў; ён падтрымліваў таксама беларускамоўную творчасць В.Каратынскага, які ў паэме «Таміла» (1858) у масіве польскай мовы па-мастацку асвоіў бел. матэрыял, што стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх традыцый і ментальнасцей. Праблема ўсебаковага літ. выкарыстання бел. мовы ў сярэдзіне 19 ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з’явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нац. мове паўнавартасных маст. твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць. У 1-й пал. 19 ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і бел. мовамі, часам рус. (П.Шпілеўскі, В.Равінскі і інш.). У 18 ст. эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой бел. мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання бел. мовы ў высокіх маст. жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І.Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» Станіслава Аўгуста Панятоўскага на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай).
Да сярэдзіны 19 ст. ў бел. літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з’яўляюцца «Камедыя» К.Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм. макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А.Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846) і вершаваная сатыр. мініяцюра І.Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838), якая несла ў сабе адраджэнскі патэнцыял беларускамоўнасці. Пачатак 1850-х г. адметны супярэчнасцямі паміж тэндэнцыяй да станаўлення новай нац. літаратуры як самаст. і адсутнасцю бел. друкаванай трыбуны. Верш П.Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» быў змешчаны ў мемуарнай кнізе І.Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (Лондан, 1854; Познань, 1859), а ўрывак з камедыйнага лібрэта А.Вярыгі-Дарэўскага «Грэх чацвёрты — гнеў» — на старонках варшаўскага часопіса «Ruch Muzyczny» («Музычны рух», 1859). В.Дунін-Марцінкевіч змяшчаў вершаваныя аповесці на бел. мове толькі ва ўласных двухмоўных кнігах — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Ён паэтызаваў духоўную прыгажосць і высакароднасць сялян, гіст. мінулае свайго краю, адначасова імкнуўся да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, раскрыцця індывід. асаблівасцей характару чалавека ў адпаведнасці з сац. асяроддзем («Халімон на каранацыі»). Паводле ўзору кніг В.Дуніна-Марцінкевіча В.Каратынскі намерваўся скласці з вершаў на польскай і бел. мовах свой першы паэт. зборнік «Чым хата багата, тым рада» (выд. 1857), аднак У.Сыракомля, які адчуваў лёсавую патрэбу выхаду бел. друкаванага слова на самаст. шлях, схіліў яго адкласці бел. вершы дзеля выдання супольнай кнігі. Задума не здзейснілася па аб’ектыўных прычынах. Не дайшоў да чытачоў сярэдзіны 19 ст. і пераклад В.Дуніна-Марцінкевіча на бел. мову дзвюх песень паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Шырока распаўсюджваліся толькі нелегальна выдадзеныя вершаваныя гутаркі («Гутарка старога дзеда», 4 выпускі «Гутаркі двух суседаў»), узнікненне якіх было абумоўлена выспяваннем новых грамадскіх з’яў і агітацыйнымі мэтамі напярэдадні паўстання 1863—64. Найб. распаўсюджаным агітацыйным антыцарскім выданнем на Беларусі перад паўстаннем была газета «Мужыцкая праўда» (№1—7, 1862—63). Публіцыстыка К.Каліноўскага на старонках гэтай газеты і яго эмацыянальны паліт. запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» разам з прадчуваннем аптымістычнай перспектывы прынеслі ў нац. літаратуру жанравае і стылёвае ўзбагачэнне. Дзейнасць К.Каліноўскага паўплывала на тое, каб творы на бел. мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у В.Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф.Багушэвіча. Паўстанне 1863—64 стала мяжою, якая падзяліла літ. працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна бел. літаратуры і яе самаўсведамленне.
Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі бел. друкаванае слова, што істотна прыпыніла літ. працэс. Арыгінальныя бел.маст. творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зб. Я.Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А.Ельскага, М.Косіч. Разам з гэтым развівалася грамадска-паліт. думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д.Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884). У канцы 19 ст.маст. жыццё часта абмяжоўвалася вуснай ці рукапіснай формай. Ніводнага беларускамоўнага твора не апублікавалі пры жыцці А.Абуховіч, А.Гурыновіч, Ф.Тапчэўскі. У 1891 у Кракаве выйшаў зб. Ф.Багушэвіча «Дудка беларуская» (перавыд. 1896), які засведчыў, што адраджэнскія тэндэнцыі ператварыліся ў адраджэнскі патэнцыял бел. літаратуры, якая выйшла нарэшце на самаст. шлях. У 1892 Ф.Багушэвіч выпусціў там жа апавяд. «Тралялёначка». За мяжой быў выдадзены і другі яго вершаваны зб. «Смык беларускі» (1894).
У мясц.перыяд. друку (газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходні каляндар на 1893 год») пачынаючы з 1891 змяшчаў беларускамоўныя вершы Я.Лучына. А.Ельскі выдаў у Пецярбургу вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння: Усім бацькам і дзецям для перасцярогі» (1895), «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы: Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму...» (1900). У польскай перыёдыцы вершаваныя творы друкавалі Ф.Багушэвіч, А.Ельскі, Я.Лучына, З.Манькоўская, В.Савіч-Заблоцкі. Арыентаваныя на дэмакр. чытача Ф.Багушэвіч і Я.Лучына не прымалі самадзяржаўную арганізацыю жыцця ў парэформенны час. У цэнтр увагі сваіх твораў яны ставілі селяніна, але рабілі гэта па-рознаму: Ф.Багушэвіч раскрываў сац. пытанні вёскі ў проціпастаўленнях і кантрастах, Я.Лучына закранаў іх ускосна ці апасродкавана, праз унутр. перажыванні героя. Гэта ўзбагачала літаратуру, у якой пераважала паэзія апавядальна-гутарковага характару. Аднак узнікалі вершы публіцыстычнага (А.Гурыновіч) і саркастычнага складу (Ф.Тапчэўскі). У творчасці Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны рэалізоўваліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. На першы план выходзілі спробы аб’ектыўнага канкрэтна-рэаліст. паказу жыцця ў тыповых абставінах. Значную ўвагу паэты сталі аддаваць маст. перакладу (А.Гурыновіч, А.Ельскі, М.Косіч, Я.Лучына, З.Манькоўская), у якім назіралася ўсвядомленая пераемнасць традыцый (выданне перакладу 1-й кнігі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, здзейсненага А.Ельскім, як рэакцыя на канфіскацыю перакладу В.Дуніна-Марцінкевіча). Развівалася беларусазнаўства (А.Ельскі), якое ўплывала на актывізацыю бел.літ. руху. У апошняй чвэрці 19 ст. паўстала патрэба ў напісанні гісторыі літаратуры Беларусі. Дзякуючы А.Рыпінскаму, які збіраў матэрыялы і распачаў працу над біяграфіямі пісьменнікаў, што «нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай», захаваліся яго копіі твораў «Адвячорак» Г.Марцінкевіча і «Два д’яблы» (прыпісваецца К.Вераніцыну). У 1889 у газ. «Минский листок» упершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да гэтага шырока распаўсюджвалася ў спісах і стала фактам сведчання выхаду бел. сціпласялянскай літаратуры на новы ўзровень.
Устойлівасць міфал. светаўспрымання як прыкмета бел. архетыпа была гарантыяй вяртання маст. творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нац. беларускамоўнае ўлонне. Бел. літаратура 19 ст. — маст. феномен на гістарычна-культ. шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку 20 ст. Рэвалюцыянізацыя грамадства была прычынай звязвання нац. ідэі з абвостранай увагай да сац. праблем, перапляценнем у літаратуры сац. крыўды і нац. самаўсведамлення, руху літаратуры ад класавага салідарызму (у 1-й пал. 19 ст.) да класавага процістаяння як нац. дыферэнцыяцыі (у канцы 19 — пач. 20 ст.).
У.І.Мархель.
Тытульны ліст паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. Парыж. 1834.Тытульны ліст кнігі В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Мінск. 1855.Фрагменты артыкула К.Каліноўскага на старонках газеты «Мужыцкая праўда». 1862. №1.Аўтограф верша «Мая дудка» Ф.Багушэвіча. 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЖАНР,
1) у літаратуры мастацкае ўзнаўленне канкрэтна-гіст. зместу пэўнай эпохі, а таксама вобразаў вядомых гіст. асоб. Ідэйна-эстэт. каштоўнасць твораў гістарычнага жанру вызначаецца глыбінёй пранікнення ў гіст. тэму, характары і псіхалогію людзей мінулага, грамадска-паліт., культ.-быт. і інш. сферы іх жыцця. Важнейшыя задачы гістарычнага жанру: стварэнне гіст. каларыту, суаднесенасць дакумент. фактаў і маст. вымыслу, гіст. герояў і народа.
Пра з’яўленне ўласна гістарычнага жанру ў л-ры можна гаварыць, пачынаючы з творчасці В.Скота. Сярод празаікаў, якія пісалі ў жанры гіст. рамана, таксама класікі франц. (П.Мерымэ, А.Дзюма), ням. (Т.Ман, Л.Фейхтвангер), бельг. (Ш. дэ Кастэр), рус. (А.Пушкін, Л.Талстой, А.М.Талстой), польскай (Г.Сянкевіч, Б.Прус), укр. (Т.Шаўчэнка, П.Заграбельны, І.Лэ) і інш. літаратур.
У бел. л-ры вытокі гістарычнага жанру ў стараж. летапісах, хроніках і жыціях, прадмовах Ф.Скарыны, у «Песні пра зубра» М.Гусоўскага і інш. Этапным у развіцці гіст. тэмы стаў пач. 20 ст., калі вобразы з гісторыі, легенд і нар. песень інтэрпрэтаваныя ў вобразы нар. герояў (паэмы «Курган», «Бандароўна» Я.Купалы, «Максім і Магдалена» М.Багдановіча, апавяданні «Прылукі», «Навасадскае замчышча» К.Каганца, «Лірныя спевы» і «Рунь» М.Гарэцкага).
У 1920—30-я г. да гістарычнага жанру звярталіся Е.Міровіч (драма «Кастусь Каліноўскі»), М.Грамыка («Скарынін сын з Полацка»), С.Хурсік («Францішак Скарына»), М.Гарэцкі (раман-хроніка «Віленскія камунары»), М.Танк (паэма «Каліноўскі»), Аднак гіст. дакладнасць і эпічная шматпланавасць у іх часам падмяняліся дэкларацыйнасцю і героіка-рэв. рамантызацыяй. Першай спробай у бел. л-ры па-мастацку аб’ектыўна і рэалістычна ўзнавіць гісторыю Беларусі пач. 19 ст. быў раман Б.Мікуліча «Адвечнае». Найб. набыткі ў гістарычным жанры звязаны з творчасцю У.Караткевіча («Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зброя» і інш.).
Інтэнсіўна развіваецца гістарычны жанр у пасляваен. час. Напісаны раманы на гіст.-рэв. тэматыку («Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака, «Засценак Малінаўка» і «На парозе будучыні» М.Лобана, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна), дакумент.-маст. творы пра лёс бел. інтэлігенцыі 19 — пач. 20 ст. («На струнах буры» і «Стану песняй» Л.Арабей, «Кастусь Каліноўскі» А.Якімовіча, «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «На шырокі прастор» С.Александровіча, «Як агонь, як вада...» А.Лойкі, «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун, «Жыццё і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» Я.Міклашэўскага). Створаны ўзоры нац.гіст. паэмы «Хамуціус» А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка), гіст. п’есы (трылогія «Георгій Скарына» М.Клімковіча, «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Маці ўрагану» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца», «Русь Кіеўская» і «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча, «Прымак» І.Чыгрынава, «Купала» А.Дударава, «Татры» А.Бажко, «Настасся Мякота» Я.Дылы, «Дыярыуш Мацея Белановіча» Б.Сачанкі). Пашыраюцца тэматычныя, прасторавыя і часавыя далягляды твораў гэтага жанру. Л.Дайнека даследуе вытокі станаўлення бел. дзяржаўнасці, гісторыю ўтварэння ВКЛ («След ваўкалака», «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»). Да старонак нац. гісторыі звяртаюцца В.Іпатава («Чорная княгіня», «Давыд Гарадзенскі»), У.Арлоў («Кроніка Лаўрына Баршчэўскага», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы»), В.Чаропка («Храм без бога»), К.Тарасаў («Пагоня на Грунвальд»), Асобнае месца ў гістарычным жанры належыць творам былых рэпрэсіраваных пісьменнікаў («У кіпцюрах ГПУ» Ф.Аляхновіча, «Раман Корзюк» М.Сяднёва, «Споведзь» Л.Геніюш, «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» С.Грахоўскага, «Забітае — не забытае» В.Хомчанкі, «Яжовыя рукавіцы» П.Пруднікава і інш.). Гіст. тэма ў сучаснай бел. л-ры развіваецца ў кірунку паглыблення дакументалізму, філасафічнасці, нац. спецыфікі.
2) У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны гіст. падзеям і дзеячам, значным з’явам у гісторыі грамадства. Цесна звязаны з партрэтам, бытавым жанрам, пейзажам, асабліва з батальным жанрам.
Творы з адлюстраваннем гіст. падзей вядомы з глыбокай старажытнасці (скульптура, рэльефы і размалёўкі Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Стараж. Грэцыі). Антычнасці найб. ўласціва міфалагічнае і паэтычнае ўспрыняцце гіст. жыцця народа. Больш адасоблена ад міфалагічнага жанру і канкрэтна асэнсавана выступіў гістарычны жанр у стараж.-рымскім мастацтве. Гіст. сюжэты сустракаюцца ў сярэдневяковых размалёўках і рэльефах Індыі, Інданезіі, Бірмы, Камбоджы, у 7 ст. ў кітайскім, у 11—12 ст. у японскім жывапісе, у 15—16 ст. у мініяцюрах Ірана, Азербайджана, Сярэдняй Азіі, Індыі. Як самастойны жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння. Італьян. мастакі 15 — пач. 16 ст. звярталіся да ант. мінулага як да ідэалу (П.Учэла, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска). У 16 ст. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль услаўлялі чалавека як гіст. асобу, спалучалі гіст. рэальнасць з фантазіямі і алегорыямі. Асабліва яскравага росквіту гістарычны жанр дасягнуў у Венецыі (П.Веранезе, Тыцыян, Я.Тынтарэта). З 16 ст.гіст. сюжэты сустракаюцца ў мініяцюрах стараж.-рус. абразоў. Развіццё гістарычнага жанру звязана з творчасцю буйнейшых мастакоў 17 ст.: Н.Пусэна (Францыя), Д.Веласкеса (Іспанія), П.П.Рубенса (Фландрыя), Рэмбранта (Галандыя). Для 18 ст. характэрны пампезныя гіст.-алегарычныя кампазіцыі, эфектныя манум.-дэкар. вырашэнні: гіст. тэмы Ш.Лебрэна (Францыя), Дж.Цьепала (Італія), парадныя дакументальна-дакладныя кампазіцыі А.Зубава і І.Нікіціна (Расія). У перыяд класіцызму гістарычны жанр заняў важнае месца ў творчасці Ж.Л.Давіда, А.Гро і Ж.Гудона (Францыя), А.Ласенкі, Р.Угрумава, І.Мартаса (Расія), Дж.Рэйналдса (Англія), Дж.Трамбала (ЗША). У гістарычным жанры 19 ст. акрэсліліся дзве процілеглыя тэндэнцыі: успрыняцце мінулага як сучаснасці або гераізацыя і ўзвышэнне сучаснасці да ступені гіст. факта. Значныя і трагічныя моманты гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах Ф.Гоі (Іспанія), Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.Дам’е (Францыя), А.Рэтэля, К.Лесінга (Германія), К.Брулова, А.Іванава (Расія), Я.Матэйкі (Польшча), М.Мункачы (Венгрыя). У канцы 19 ст. Гістарычны жанр вылучаўся цікавасцю да духоўнай атмасферы эпохі, узнятасцю над быт. канкрэтыкай, сімволікай абагульненняў, дэкар. стылізацыяй вобразаў: творы А.Радэна, П.Пюві дэ Шавана (Францыя), Ф.Ходлера (Швейцарыя), С.Выспянскага, К.Дунікоўскага (Польшча), І.Мештравіча (Харватыя), М.Несцерава, М.Урубеля, М.Рэрыха, А.Бенуа, К.Сомава, В.Сярова (Расія). Вял. ўклад у развіццё гістарычнага жанру зрабілі перасоўнікі, у творах якіх дакладнасць і пераканаўчасць бытавых характарыстык спалучалася з увагай да сац. калізій (кампазіцыі А.Апсіта, В.Васняцова, В.Верашчагіна, М.Ге, М.Неўрава, І.Рэпіна, В.Сурыкава, скульптура М.Антакольскага). Гістарычны жанр 20 ст. адметны сац. і паліт. ангажыраванасцю. Побач з канкрэтна-гіст. пашыранай стала сімволіка-алегарычная маст. інтэрпрэтацыя гісторыі ў творах О.Дзікса, Г.Грундыга, Ф.Крэмера, О.Нагеля (Германія), П.Пікасо, А.Фужэрона (Францыя), Р.Гутуза (Італія), Ф.Ходлера (Швейцарыя), А.Забранскага, К.Покарні (Чэхія), Н.Тоніцы, Б.Караджы (Румынія), С.Русева, Э.Баяджыева (Балгарыя), Дж.Андраевіч-Куна (Сербія), Г.Коса (Славенія), А.Аўгусцінчыча (Харватыя), Ф.Каварскага (Польша), Э.Даманоўскага (Венгрыя), К.Пятрова-Водкіна, К.Юона, Б.Кустодзіева, А.Дайнекі, Б.Іагансона, М.Грэкава, Я.Вучэціча, У.Фаворскага (Расія), Д.Рыверы, Х.К.Ароска, Д.Сікейраса (Мексіка), У.Ядамсурэна (Манголія), Сінсай Какую, Марукі Іры (Японія).
У бел. мастацтве гіст. сюжэтамі напоўнены мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (15 ст.). Сустракаюцца яны ў манум. размалёўках (замкавая капліца ў Любліне, 15 ст. выканана бел. мастакамі), у кніжных гравюрах 16 ст. Ф.Скарыны і інш. У 17—18 ст.гіст. тэма прадстаўлена ў размалёўках царквы Куцеінскага манастыра, Мікалаеўскай царквы і ў Станіславаўскім касцёле ў Магілёве, касцёле кармелітаў у Мсціславе, гравюрах Т.Макоўскага, творах А. ван Вестэрфельда і А.Віта, дэкар.-прыкладным мастацтве (шпалеры карэліцкай, нясвіжскай, слонімскай, гродзенскай мануфактур).
У 18—19 ст. гістарычны жанр вельмі пашыраны ў свецкім жывапісе (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, К.Альхімовіч, Я.Дамель, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, К.Бароўскі, Я.Траяноўскі, Я.Манюшка, І.Трутнеў, А.Ромер), графіцы (М.Падалінскі, Т.Кіслінг, М.Андрыёлі, М.Кулеша, Ф.Дмахоўскі, А.Гротгер), скульптуры (Г.Дмахоўскі, Я.Астроўскі).
У 1920—40-я г. гістарычны жанр развіваецца ад дакладнага «сухога» адлюстравання гіст. падзей, наіўнай сімволікі і алегорый да разгорнутых маст.-дакументальных эпічных кампазіцыйных панарам. Ён пераважна звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, рэв. падзеямі, 1-й сусв. і грамадзянскай войнамі: М.Філіповіч, В.Волкаў, І.Ахрэмчык, Я.Кругер, М.Эндэ, У.Хрусталёў, К.Касмачоў, С.Андруховіч, М.Гусеў, Я.Красоўскі, І.Давідовіч, З.Мірынгоф, П.Сергіевіч, А.Шаўчэнка, Х.Ліўшыц, М.Манасзон, А.Мазалёў — у жывапісе; А.Грубэ, А.Бразер, М.Манізер, А.Бембель, М.Керзін, З.Азгур, А.Глебаў, А.Жораў — у скульптуры; І.Гембіцкі і інш. — у графіцы. У канцы 1940 — пач. 70-х г. у творах гістарычнага жанру пераважае ваенна-рэв. тэматыка, ідэалізацыя гісторыі сав. часу, гераізацыя і рамантызацыя гіст. вобразаў, апавядальнасць вобразных рашэнняў. Падзеі 1-й і 2-й сусв. войнаў, рэвалюцый 1905—07 і 1917 знайшлі адлюстраванне ў творах Я.Зайцава, Г.Бржазоўскага, Я.Ціхановіча, З.Паўлоўскага, А.Шыбнёва, У.Сухаверхава, І.Стасевіча, Н.Воранава, Ф.Бараноўскага, А.Гугеля, П.Явіча, М.Савіцкага, П.Крахалёва, Л.Рана, В.Цвіркі, Л.Асядоўскага, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, Б.Аракчэева, Ф.Дарашэвіча, І.Белановіча, М.Аўчыннікава, В.Сахненкі, У.Гоманава, М.Данцыга, М.Залознага (станковы жывапіс), Б.Няпомняшчага, В.Мігаль, І.Рэя, У.Крываблоцкага (манум. жывапіс), А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава, Азгура, А.Анікейчыка, Г.Мурамцава, У.Слабодчыкава, М.Канцавога, А.Курачкіна, М.Палякова (скульптура), А.Кашкурэвіча, П.Дурчына, С.Геруса, А.Дзямарына, Э.Агуновіч, В.Волкава, П.Драчова, Р.Маліноўскага, Л.Асецкага, І.Раманоўскага, Г.Паплаўскага, С.Раманава, Ю.Герасіменка-Жызнеўскага (графіка).
У 1970—90-я г. больш увагі ў гістарычным жанры аддаецца падзеям стараж. гісторыі, вобразам яе дзеячаў, нац.-вызв. барацьбе, помнікам культуры: кампазіцыі Р.Кудрэвіч, П.Сергіевіча, Л.Дударанкі, А.Марачкіна, Ф.Янушкевіча, Г.Вашчанкі, У.Пасюкевіча, Л.Шчамялёва, У.Ткачэнкі, У.Тоўсціка, А.Цыркунова, У.Мінейкі, І.Бархаткова, Я.Ждана, В.Маркаўца, В.Барабанцава, В.Шматава (у жывапісе); Бембеля, С.Вакара, Л.Гумілеўскага, Анікейчык, Э.Астаф’ева, І.Міско, М.Рыжанкова, А.Глебава, У.Церабуна, В.Янушкевіча, А.Фінскага, А.Шатэрніка (у скульптуры); Я.Куліка, М.Купавы, У. і М.Басалыгаў, М.Селешчука (у графіцы) і інш.
Л.І.Прашковіч (гіст. жанр у літаратуры), М.І.ЦыбульскіМ.Л.Цыбульскі.
Да арт.Гістарычны жанр. Д.Веласкес. Здача Брэды. 1634—35.Да арт.Гістарычны жанр. Э.Дэлакруа. Свабода, якая вядзе народ. 1830.Да арт.Гістарычны жанр. А.Апсіт. Ваенны савет у Дрысе 1 ліпеня 1812. 1912.Да арт.Гістарычны жанр. В.Сурыкаў. Раніца стралецкай кары. 1881.Да арт.Гістарычны жанр. П.Сергіевіч. Каліноўскі і Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. 1959.Да арт.Гістарычны жанр. І.Трутнеў. Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні.Да арт.Гістарычны жанр. І.Стасевіч. У беларускіх балотах. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ПАЧАТКУ 20 ст.
У пач. 20 ст.асн. цэнтрамі бел.нац. адраджэння з’яўляліся Вільня і Мінск. Газ. «Северо-Западный край», створаная ў 1902 на базе газ. «Минский листок», друкавала гіст., фалькл. і этнагр. матэрыялы, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, верш Я.Купалы «Мужык». У 1903 утворана Бел.сацыяліст. грамада (першапачаткова наз.Бел.рэв. грамада) на аснове нац.-культ. гурткоў студэнцкай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Заснавальнікамі і кіраўнікамі былі браты І. і А. Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі (Вацюк Тройца), А.Уласаў і інш. У Пецярбургу каля 1902 арганізаваны гурток студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы» і разгортвалася выдавецкая дзейнасць. Асабліва магутны імпульс нац.-вызваленчаму руху дала рэвалюцыя 1905—07: знята забарона бел. друкаванага слова, у выніку чаго актывізавалася літ.-грамадскае жыццё, пачалі дзейнічаць выдавецкія таварыствы, выдавацца газеты, часопісы, літ. зборнікі, альманахі. У гэты час цэнтрам бел. адраджэння стала Вільня, дзе ў друкарні М.Кухты выйшлі творы М.Багдановіча, Цёткі і інш.; перавыдадзены «Дудка беларуская» (1907) і «Смык беларускі» (1908) Ф.Багушэвіча, пераклад В.Дуніным-Марцінкевічам «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1907). Тут выдаваліся першыя легальныя газеты на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», у якіх у розны час працавалі і друкаваліся З.Бядуля, Я.Колас, Я.Купала, С.Палуян, Цётка, Ядвігін Ш. Перыяд з 1906 па 1915, калі выходзіла «Наша ніва», атрымаў назву «нашаніўскі». Апрача бел. твораў, у газеце друкаваліся пераклады твораў рус. пісьменнікаў (М.Горкі, А.Кальцоў, І.Крылоў, А.Майкаў, М.Някрасаў, А.Пушкін, А.Чэхаў), польскіх (С.Жаромскі, М.Канапніцкая, А.Міцкевіч, К.Пшэрва-Тэтмаер), бел.-польскіх (У.Сыракомля), укр. (М.Крапіўніцкі, А.Крымскі, А.Алесь, Т.Шаўчэнка). У той жа час у рус., укр., польскіх, чэш.перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра бел. адраджэнне і літаратуру. На ўкр. мове асобнай брашурай выйшаў нарыс І.Свянціцкага «Адраджэнне беларускай літаратуры» (1908), дзе ўпершыню апубл. вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». У «Нашай ніве» публікаваліся рэцэнзіі на паэт. зборнікі, з праблемнымі артыкуламі актыўна выступалі А.Луцкевіч, Я.Купала, М.Бабровіч і інш.Бел. пісьменнік і крытык С.Палуян друкаваўся ва ўкр. газетах і часопісах, пісаў пра творчасць М.Кацюбінскага, В.Стафаніка, І.Франко, Т.Шаўчэнкі. Пра рус. і ўкр. пісьменнікаў публікаваў артыкулы М.Багдановіч.
Бел. літаратура пач. 20 ст. актыўна засвойвала прагрэсіўныя традыцыі слав. і сусветнай літаратур, разам з тым набывала адраджэнска-патрыятычны пафас. У творчасці бел. пісьменнікаў пераадольваліся апісальнасць, бытавізм, прыземленасць, паглыбляўся індывідуальна-філасофскі пачатак, узніклі новыя ідэі сац. і нац. вызвалення, гуманіст. ўзвышэння асобы, услаўлення агульначалавечых каштоўнасцей. Пачала распрацоўвацца пейзажная, філасофская, інтымная тэматыка. Бел. літаратура, адначасова развіваючыся ў нар.-дэмакр., рэаліст. і рамантычна-ірацыянальным рэчышчы, арганічна ўключылася ў еўрап. літаратурны працэс; яе маст. спецыфіка заключалася ў паскоранасці развіцця, ва ўзаемадзеянні з новымі маст. плынямі (сімвалізм, імпрэсіянізм). Асаблівы ўплыў на лёс Беларусі зрабіла 1-я сусв. вайна, якую бел. пісьменнікі асудзілі як злачынства супраць народаў. У 1914 у «Нашай ніве» апубл. верш А.Гаруна «Праводзіны», дзе вайна паказана як сорам і ганьба для свету.
У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў бел. адраджэнне дасягнула значных поспехаў у развіцці перыёдыкі і маст. літаратуры. З’явіліся перыяд. выданні «Гоман» (1916—18), «Вольная Беларусь» (1917—18), «Беларускі шлях» (1918), «Звон» (1919), «Беларусь» (1919—20), «Беларуская думка» (1919), «Рунь» (1920) і інш. Пабачылі свет многія творы, якія пазней сталі класічнымі: 1-ы варыянт паэмы «Сымон-музыка», «Казкі жыцця» і вершы Я.Коласа, апавяданні і аповесці М.Гарэцкага, многія вершы Я.Купалы, публіцыстыка Я.Купалы, Я.Лёсіка, А.Луцкевіча і інш. Упершыню надрукаваны камедыі В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты», апавяданне А.Плуга «Кручаная баба», творы Л.Вітан-Дубейкаўскага, К.Каганца і інш. У перыяд. выданнях з’явіліся артыкулы пра мінулае бел. народа і культуру перыяду ВКЛ, пра асаблівасці і заканамернасці бел. мовы, пра пошукі шляхоў нац. адраджэння і развіцця. 1917—20 у гісторыі бел. л-ры займаюць асаблівае месца. Войны, акупацыі, 2 рэвалюцыі і звязаныя з імі грамадскія катаклізмы сталі выпрабаваннем для ўсёй ідэалогіі нац. адраджэння, якая дасягнула высокага ўзроўню ў творчасці пісьменнікаў нашаніўскага перыяду. Беларусь аказалася падзеленай, у зах. яе частцы засталася Вільня, якая ў канцы 19 — пач. 20 ст. выпраменьвала ідэі нац. адраджэння. За мяжой апынуліся дзеячы бел. культуры і літаратуры: Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, В.Ластоўскі, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў (гл. раздзел Літаратура Заходняй Беларусі). Цэнтр. месца ў творчасці пісьменнікаў заняла праблема адраджэння нац. свядомасці і абуджэння чалавечай годнасці ва ўмовах войнаў, рэвалюцый, панавання акупац. рэжымаў. Гал. асаблівасці літаратуры гэтага перыяду абумоўлены і прадвызначаны двума фактарамі. Па-першае, літаратура моцна абапіралася на традыцыі сапр. народнасці, непасрэднай сувязі з найб. істотнымі грамадскімі праблемамі. Па-другое, паспяваючы за жыццём, яна неадкладна і востра рэагавала на ўсе змены, адгукалася на патрэбы дня (З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Купала).
Паэзія. З усіх літ. жанраў найб. багатыя традыцыі мела бел. паэзія. М.Багдановіч, З.Бядуля, А.Гарун, Я.Колас, Я.Купала, Цётка ў пач. 20 ст. стваралі вершы, песні, паэмы, якія ўпершыню ў гісторыі бел. літаратуры дасягнулі сусветнага маст. ўзроўню. Імкнучыся ў найкарацейшы тэрмін пераадолець той разрыў, што аддзяляў бел. літаратуру ад літаратур суседніх слав. народаў, бел. паэты выкарыстоўвалі вобразна-маст. прынцыпы творчасці, характэрныя і для мінулых эпох, і для пач. 20 ст. Больш змястоўнымі становяцца формы маст. вобразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні), больш багатай і шматзначнай — алегорыя. Бел. аўтары часцей звяртаюцца да рамант. і сімволіка-алегарычных форм вобразнасці, да гіст. мінулага народа, да легендарных падзей, а таксама да нетрадыц., новых тэм, звязаных з тагачасным жыццём (напр., тэма горада).
Паэзія нашаніўскага перыяду імкнулася ўплываць на грамадскае жыццё, каб узняць бел. народ на сац. і нац. барацьбу (вершы «Вера беларуса», «Мора», «Хрэст на свабоду» Цёткі; «Там», «А хто там ідзе?», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Вось тут і жыві» Я.Купалы; «Беларусам», «Не бядуй!», «Ворагам», «Наша возьме» Я.Коласа і інш.). У т.зв. перыяд рэакцыі (1908—10), які наступіў пасля рэв. ўздыму, бел. паэзія адлюстроўвала настроі «грамадзянскага суму», у ёй узмацняліся матывы нядолі і бяспраўя (зб-кі «Жалейка» Я.Купалы, «Песні жальбы» Я.Коласа, вершы «Начныя думкі» А.Гаруна, «Краю мой родны! Як выкляты Богам...», «Народ, Беларускі Народ!» М.Багдановіча). З 1910 у творчасці паэтаў адчуўся зварот да гарадской і рабочай праблематыкі (цыкл «Места» М.Багдановіча, зб. «Песні» Ц.Гартнага); уздымаліся таксама «вечныя» тэмы «чыстай красы», прыроды, кахання (зб-кі «Вянок» М.Багдановіча, «Курганная кветка» К.Буйло). У пач. 20 ст. галоўным літ. кірункам быў рэалізм, але часам трывалыя пазіцыі займаў рамантызм, з якім былі звязаны творы Цёткі перыяду рэвалюцыі 1905, паэмы «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я» Я.Купалы і інш. У творчасці некат. пісьменнікаў рэаліст. і рамант. тэндэнцыі арганічна спалучаліся з марай аб лепшай будучыні, узбагачалі крытычны аналіз рэчаіснасці. Узаемадзеянне такіх тэндэнцый спрыяла развіццю ўсёй вобразнай сістэмы бел. паэзіі. Рамант. літаратура звярталася да мінулага і да ўмоўнай рэчаіснасці, створанай легендамі, казкамі, міфамі і фантазіяй саміх аўтараў. У мінулым знаходзіліся вытокі гіст. самабытнасці народа, усёй бел. культуры. Паэзія была прасякнута імкненнем да сац. справядлівасці, панавання высокіх маральных норм, абуджэння нац. свядомасці беларусаў.
Творцам нац. ідэі ў паэзіі быў Я.Купала, які адкрыта выступіў за самавызначэнне беларусаў. У яго зб-ках «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913) пераважаюць вобразы песняра-прарока, матывы абуджэння і вызвалення народа з сац. і нац. прыгнёту («Мужык», «А хто там ідзе?», «Ворагам Беларушчыны», «Маладая Беларусь»), праяўляецца прамоўніцкі пафас паэт. публіцыстыкі. У вершах «Забраны край», «З мінуўшых дзён», «Песня жней» трагічна адлюстравана бел. гісторыя, нявольніцкае становішча селяніна. Выяўляючы ўнутр. свет бел. народа, паэт звяртае ўвагу на духоўныя пачаткі нар. жыцця — імкненне да справядлівасці, шчасця, свабоды і дабра. Трагічныя матывы суму-тугі, якія занялі значнае месца ў зб-ку «Гусляр», не зацямнілі ў ёй рэнесансава-светлага, жыццялюбнага духу чалавека («Вясенняя раніца», «Лета»), Філас., агульначалавечага дыяпазону паэт. творы «Гусляра» сцвярджалі наватарскі характар зборніка як яшчэ адну вышэйшую ступень у развіцці ўсёй бел. лірыкі пач. 20 ст. Для паэзіі Я.Купалы характэрны многія матывы еўрап. рамантызму: гуманізм, услаўленне свабоды і асуджэнне рабства, прыгнёту, зварот да незвычайнага, таямнічага (міфалогіі), культ кахання. У ранніх яго паэмах 1906—08 («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання») праяўляецца схільнасць да яркіх падзей і сітуацый, да герояў з неардынарным лёсам. З рамант., але моцна пераўтворанымі і трансфармаванымі традыцыямі звязаны яго драм. паэмы «Адвечная песня» (1908) і «Сон на кургане» (1910). У сімволіка-рэаліст. паэме «Адвечная песня» Я.Купала ставіць пытанне аб сэнсе чалавечага быцця; яе галоўны герой Мужык не столькі проста селянін, колькі Чалавек увогуле. У яго алегарычна-рамант. паэме «Сон на кургане» не проста асэнсоўваецца гаротны лёс бел. мужыка, а ставіцца праблема інтэлігенцыі і народа, раскрываецца драма самотнага рэвалюцыянера-адраджэнца. Абедзве драм. паэмы ўзбагацілі літаратуру стылявой навізной, жанравай своеасаблівасцю, шырынёй абагульненняў. Дух рамант. пратэсту ў паэме «Курган» (1910) стаў узорным увасабленнем палярызацыі дабра і зла, спрадвечнай праблемы мастака і ўлады. Паэма ўслаўляла ідэалы дэмакратызму і народнасці. Магутным адраджэнскім пафасам вызначалася паэма Я.Купалы «На Куццю» (1911), дзе вырашалася пытанне нац. прыналежнасці беларусаў. У створанай на аснове гіст. сюжэта паэме «Бандароўна» (1913) услаўляецца годнасць і духоўная моц чалавека з народа. Праблема маральных законаў жыцця паўстае і ў паэме «Магіла льва» (1913), з ідэяй асуджэння асобы, якая проціпастаўляе сябе народу. Настрой паэмы «Яна і я» (1913) пазбаўлены адчування драматызму і трагізму рэчаіснасці. Гэта новы варыянт фальклорна-рамант. паэмы ў бел. літаратуры: не гераічны, як «Курган» і «Бандароўна», не аповесцевы, як «Магіла льва», а ідылічна-пастаральны. Я.Купала, выяўляючы эмацыянальнасць, багацце кампазіцыйных форм, блізкасць да нар. песні, яе вобразаў, матываў і паэтыкі, стварыў шэраг твораў ярка рамантычных па вобразнасці, драматычна напружаных па перажываннях, народна-песенных па гучанні.
Адраджэнскі патрыятызм Я.Коласа адрозніваецца ад купалаўскага рамантычна-ўзнёслага пафасу. У дарэв. перыяд паэзія Я.Коласа адметная пачуццёвай стрыманасцю і паглыбленай разважлівасцю, увагай да надзённых клопатаў селяніна і нар. псіхалогіі. У першым надрукаваным вершы «Наш родны край» (1906), з якога пачалася грамадз. лірыка паэта, выказаны заклапочанасць і перажыванне за лёс радзімы. Эстэт. прынцыпы народнасці і рэалізму ўвасобіліся ў вершах «Не пытайце, не прасеце», «Пясняр», «Родныя песні». Паэт услаўляў людзей моцных, непрымірымых да сац. зла і несправядлівасці («Ворагам», «Не бядуй!», «Не дамся»), Лірыку смутку («Вёска», «Мужык», «Родныя вобразы») ураўнаважваюць яго публіцыстычныя вершы («Беларусам», «Кіньце смутак», «Наша возьме»). Многія творы пейзажнай лірыкі, прасякнутыя пачуццямі шчырай замілаванасці да роднага краю, увайшлі ў залаты фонд бел. літаратуры («На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч»). Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. У вершах 1914—16 асуджаецца захопніцкі характар і антынар. скіраванасць вайны («Думкі салдата», «Ворагам»). Лірычная эпапея Я.Коласа «Сымон-музыка» (1911—18, 2-я рэд. 1925) спалучае рэалістычнае і рамантычнае, але драматычна завастрае праблему мастака і народа. Гэта твор аб нар. вытоках мастацтва, грамадскім абавязку мастака, у больш шырокім плане — аб духоўным адраджэнні народа. Па-мастацку дасканалая паэма-эпапея «Новая зямля» (1911—23) прасякнута ідэяй сац. і нац. вызвалення, сцвярджэннем высокай грамадз. годнасці чалавека. У ёй аўтар асэнсаваў цэлую эпоху ў жыцці бел. народа, праўдзіва адлюстраваў становішча сялян у канцы 19 ст., раскрыў глыбокія сац. супярэчнасці. Абодва творы панарамна раскрываюць карціну лёсу народа ў пераломныя гіст. эпохі. Паэтычная творчасць Я.Коласа выявіла схільнасць пісьменніка да лірыкі пераважна элегічнай, мінорнай паводле настрояў, канкрэтна-рэалістычнай паводле дэталей, задуменнай.
Новымі тэмамі, вобразамі, формамі як традыцыйна-класічнымі, так і песенна-народнымі бел. лірыку ўзбагаціў М.Багдановіч. Раннія яго вершы прасякнуты гуманіст. матывамі («Мае песні», «З песняў беларускага мужыка»); пазней, з узмацненнем рамант. тэндэнцый, паглыбілася сац.-філас. праблематыка і патрыят. пафас лірыкі («Перад паводкай», «Рушымся, брацця, хутчэй»), вершы набываюць аптымістычнае, жыццесцвярджальнае гучанне («Кінь вечны плач свой аб старонцы!», «Зразаюць галіны таполі адну за адной»). Разнастайная пейзажная лірыка М.Багдановіча выяўляе багаты спектр чалавечых пачуццяў («Зімой», «Раманс», «Добрай ночы, зара-зараніца!»), міфалагічныя вобразы становяцца своеасаблівай фальклорнай дэкарацыяй, якая надае пейзажу рамант. рысы («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Падвей»), М.Багдановіч разам з Я.Купалам увёў у бел. лірыку інтымную тэматыку («Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). У адзіным яго прыжыццёвым паэт. зб-ку «Вянок» (1913) новыя для бел. літаратуры урбаністычныя матывы, якія побач з захапленнем знешнім бляскам выяўляюць трагічныя малюнкі, кантрастныя жыццёвыя з’явы («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая», «Дзве смерці»). Новай для бел. лірыкі стала распрацоўка гіст. тэмы («Летапісец», «Перапісчык», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага»). Паралельна з «вершамі беларускага складу», стылізаванымі пад народныя («Лявоніха», «Бяседная», «Хоць і зорачка — ды не вячэрняя»), у паэзіі М.Багдановіча ўзмацняецца антываенная тэматыка, адметная сваім лірыка-драм. гучаннем («Як Базыль у паходзе канаў», «Цёмнай ноччу лучына дагарала»). Тэндэнцыя да гераізацыі нар. характару знайшла далейшае развіццё ў фальклорна-рамант. паэмах «Максім і Магдалена» (1915) і «Страцім-лебедзь» (1916), заснаваных на нар. вобразах і сюжэтах. У паэме «Страцім-лебедзь» услаўленне моцнай, гераічнай асобы, здольнай супраціўляцца варожым сілам. У ліку асн. заслуг М.Багдановіча як стваральніка бел. літаратуры і літ. мовы новага часу — узбагачэнне нац. мастацтва здабыткамі сусв. культуры, узнаўленне на нац. глебе твораў ант., рус. і зах.-еўрап. аўтараў, распрацоўка санета, трыялета, рандо, актавы, тэрцынаў, скерца і інш. вершаваных форм. Ён шырока культываваў і маст. пераклад.
Паэзія А.Гаруна паводле матываў і тэматыкі блізкая да творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Яго вершы характарызуюцца алегарычнасцю, багаццем інтанацый, маст.-вобразных, лексічных, сінтакс. форм і рытмікі, журботна-меланхалічнай вобразнасцю. Матывы «грамадзянскага суму» былі характэрны для творчасці Г.Леўчыка і інш. тагачасных бел. паэтаў. Калі В.Ластоўскі выступіў з палемічным артыкулам «Сплачвайце доўг» («Наша ніва», 1913), дзе скіроўваў бел. паэзію на ўслаўленне прыгажосці, з адказам яму выступіў Я.Купала (арт. «Чаму плача песня наша?»), раскрыўшы тыя грамадска-паліт. прычыны, што абумовілі мінорнае гучанне паэзіі. Яго падтрымаў Л.Гмырак (арт. «Яшчэ аб сплачванні доўгу»), які таксама адстойваў эстэтыку рэалізму і народнасці, выступаў за грамадз. пафас літаратуры. Гэта дыскусія засведчыла імкненне паэтаў зразумець сутнасць і прызначэнне бел. літаратуры, акрэсліць шляхі яе развіцця.
Абуджэнню сац. і нац. свядомасці беларусаў садзейнічала публіцыст. лірыка Цёткі. З ёй у бел. літаратуру прыйшлі рэв. рамантыка і пафас («Мора», «Вера беларуса», «Бура ідзе»). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» (абедзве 1906) былі першымі арыгінальнымі зб-камі бел. паэзіі 20 ст. З творчасцю Ф.Багушэвіча, Цёткі ў ідэйным плане перагукалася публіцыстычная паэзія К.Каганца. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, была прасякнута нац. матывамі («На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»). Новай для бел. паэзіі была рабочая тэматыка, якую распрацоўваў Ц.Гартны ў вершах, прысвечаных гаротнай долі вандроўных гарбароў («Песні гарбара», «Гарбар на вандроўцы»). Паплечнікам Ц.Гартнага паліт. і грамадска-паліт. дзейнасці быў А.Гурло, які ўвёў у бел. лірыку марыністычныя матывы («Заблішчалі ў цёмнай далі маякі», «На моры»). Гумарыстычная плынь найб. выразна выявілася ў творчасці А.Паўловіча. Стыль яго вершаў працягваў традыцыю бел.сац.-бытавога анекдота, калі за недарэчнымі, іранічна паказанымі падзеямі ўгадваецца нар. мараль («Сыноўняя апека», «Гаспадыніна дзяжа»). Вастрынёй сац. тэматыкі вылучалася паэт. творчасць З.Бядулі («Пастушка», «Пан»). У той жа час пісьменнік узбагаціў бел. літаратуру адзнакай інтэлігентнасці, даказаўшы, што паэзія можа ўзняцца да найшырэйшых маст. абагульненняў, пераасэнсоўваючы духоўны вопыт тысячагоддзяў. У вершы «Прарок» спроба зірнуць на тагачаснае становішча Беларусі праз прызму гісторыі чалавецтва, трывога за лёс радзімы, чаканне прыходу будзіцеля нар. мас. Шырокае выкарыстанне фалькл. матываў, меладычнасць і напеўнасць лірыкі ў ранняй паэзіі К.Буйло. Выдатнай старонкай яе творчасці стала поўная ўзвышаных самаадданых пачуццяў лірыка кахання («Помніш вечар?», «У краіне мар», «Як я цябе люблю»), а таксама патрыят. лірыка («Люблю», «Беларусі»). Адметнай з’явай бел. паэзіі была творчая спадчына В.Адважнага, А.Зязюлі, К.Сваяка — каталіцкіх святароў, якія развівалі прагрэсіўныя патрыят. і хрысціянска-дэмакр. ідэі.
Асаблівасць бел. лірыкі пач. 20 ст. ў яе жанрава-стылявой разнастайнасці, з’яўленні новых паэт. форм, вобразаў і матываў. Яна звярталася непасрэдна да чытачоў з заклікамі, патрабаваннямі, павучаннямі, перасцярогамі; эмацыянальны водгук на падзеі ператвараўся ў эфектыўную школу грамадз. выхавання. Паэзія на працягу ўсяго часу заставалася надзейным носьбітам нац. свядомасці. На першы план выступілі праблемы «зямлі і волі», новага чалавека і гераічнай асобы, узаемаадносін чалавека і грамадства, ролі культуры ў жыцці народа. Бел. паэзія выйшла на якасна новы грамадскі і эстэт. ўзровень.
Проза. У пач. 20 ст. празаічныя жанры набылі больш шырокае развіццё ў параўнанні з 19 ст., калі эпас падаваўся часцей у вершаваных формах. Пераважала малая проза, якая з прычыны яе жанравай спецыфікі ў адлюстраванні рэчаіснасці мела магчымасць больш хутка адгукацца на праблемы мінулага і тагачаснага жыцця. Вялікую ролю ў распаўсюджванні бел. прозы сярод шырокіх чытацкіх колаў мелі газ. «Наша доля» і «Наша ніва»; у апошняй друкаваліся апавяданні З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Каганца, Я.Коласа і інш. На старонках літаратурнага і навукова-папулярнага часопіса для моладзі «Лучынка» змяшчалі творы З.Бядуля, Я.Колас, Ядвігін Ш. Апавяданні бел. аўтараў выходзілі ў свет і асобнымі зборнікамі, кнігамі: «Беларускія апавяданні» (1901), «Нарысы і апавяданні з беларускага жыцця» (1902), «Нарысы і апавяданні з жыцця беларускай вёскі» (1906) А.Пшчолкі, «Бярозка» (1912), «Васількі» (1914) Ядвігіна Ш., «Апавяданні» (1912), «Нёманаў дар» (1913), «Тоўстае палена» (1913), «Родныя з’явы» (1914) Я.Коласа, «Абразкі» З.Бядулі (1913), «Апавяданні» У.Галубка (1913), «Рунь» М.Гарэцкага (1914), «Недацветы» В.Ластоўскага (1918). Акрамя таго, апавяданні М.Багдановіча на рус. мове публікаваліся ў яраслаўскіх газетах «Голос» («Няшчасны выпадак», «Злачынства», «Цуд маленькага Петрыка» і інш.), «Северная газета» («Прытча пра васількі», «Імянінніца»), часопісе «Русский экскурсант» («З летніх уражанняў») і інш. Выдаваліся таксама кнігі для дзяцей з перакладамі, вершамі, замалёўкамі, казкамі і апавяданнямі. У 1906 Цётка выдала «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў»; суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала «Беларускі лемантар, або Першую навуку чытання» К.Каганца. У 1909 выйшла ў свет «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа.
Бел. проза развівалася ў плане пашырэння разнастайнасці жанравых форм: апавядальная гісторыя ў розных варыянтах (Ядвігін Ш., У.Галубок, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, Цётка), празаічная байка (Ядвігін Ш.), алегарычнае апавяданне (Я.Колас, Ядвігін Ш.), нар. казка ў літаратурнай апрацоўцы (Я.Колас, З.Бядуля), літаратурная казка (М.Багдановіч, Ядвігін Ш., В.Ластоўскі), казка-варыяцыя (А.Гарун), навела ў розных варыянтах (У.Галубок, Ядвігін Ш., Я.Колас, М.Гарэцкі), апокрыф, апавяданне-папуры на фалькл. матывы (М.Багдановіч), «сцэнкі з натуры» (Я.Колас, М.Багдановіч), мініяцюра (З.Бядуля, М.Гарэцкі, М.Багдановіч), абразок у розных формах (Ядвігін Ш., Я.Колас, В.Ластоўскі, Цётка), фельетон (Ядвігін Ш., М.Багдановіч), імпрэсія (З.Бядуля, М.Гарэцкі), экспрэсія, літ. акорды (З.Бядуля), мастацкая прамова (К.Каганец), прыпавесць, паданне, «народны сказ» — легенда (В.Ластоўскі), падзейна-разгорнутае апавяданне з рэальным мастацкім светам (М.Багдановіч, А.Гарун, М.Гарэцкі, Я.Колас і інш.), маст. нарыс (К.Каганец, К.Лейка, А.Пшчолка). М.Гарэцкі з поспехам развіваў аналітычна-псіхал. стылявую плынь, З.Бядуля — імпрэсійна-рамантычную. Ядвігін Ш. поруч з рэалістычна-быт. і алегарычна-казачнай прозай даў узоры лірычнай навелы, М.Багдановіч — арыгінальныя спробы стылізацыі пад архаіку. Наватарскі характар прозы А.Гаруна праявіўся ў выкарыстанні элементаў фантастыкі ў рэалістычным быт. апавяданні. Яго творчасць адметная пашырэннем традыцыйнай тэматыкі: акрамя бел. вясковага жыцця, А.Гарун пісаў і пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), разбуральнае ўздзеянне астрожнага жыцця на псіхалогію чалавека («Маладое», «Чалавек без крыві»). Увядзенне пісьменнікамі ў маст. твор нар. гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм сведчыла пра ўзбагачэнне бел. літаратуры мастацка-выяўленчымі сродкамі, рост творчага майстэрства саміх аўтараў.
Для малой прозы пач. 20 ст. пры адлюстраванні рэчаіснасці характэрны своеасаблівы зварот да традыцый вуснай нар. творчасці, да нар. вобразаў з выразна арыгінальным аўтарскім поглядам на тагачасныя праблемы. З аднаго боку, адбывалася своеасаблівая стылізацыя пад фальклор (Бронісь, Л.Гвозд, Я.Окліч і інш.), з другога — зварот да нар. форм: анекдота, казкі, падання (М.Багдановіч, А.Гарун, Я.Колас), вобразаў (М.Гарэцкі, Я.Колас, А.Пшчолка, Ядвігін Ш.). Фалькл. паэтыка ў апавяданнях Ядвігіна Ш. дапамагала яму глыбей пранікаць у сутнасць жыццёвых з’яў і чалавечых характараў. Для многіх яго твораў, пададзеных у форме роспаведу пэўнага расказчыка («Заморскі звер», «Важная фіга», «З маленькім білецікам», «Жывы нябожчык», «Чортава ласка» і інш.), характэрна індывідуалізацыя герояў, праз якую выяўляюцца асаблівасці іх светаразумення. Селянін у Ядвігіна Ш. жартуе з сябе (часам апасродкавана), нібыта не разумеючы камізму сітуацый, аб якіх распавядае. У форме літ. анекдота аўтар высмейвае заганы чалавечай натуры («Што сказаў певень», «Шчаслівая»). Легендарныя і казачныя сюжэты, нар. анекдоты пакладзены ў аснову апавяданняў «Мост у Кутох», «Як Кузьма стрэльбу рабіў», аповесці «Прыгоды Панаса і Тараса» В.Ластоўскага.
З развіццём празаічнага эпасу пашыраюцца яго ідэйна-тэматычныя абсягі. Героямі твораў малой прозы становяцца ўжо не толькі сяляне, але прадстаўнікі інтэлігенцыі (М.Гарэцкі), гарадскіх нізоў, рабочыя (Я.Колас, Цётка), местачковай эліты (Я.Колас); шырока прадстаўлены дзіцячыя характары (М.Багдановіч, Я.Колас, Цётка). У апавяданнях таго часу нярэдка з’яўляецца вобраз лірычнага героя, які задумваецца над філас. пытаннямі, на свядомасці якога адбіваюцца эстэтычныя роздумы аўтараў (М.Багдановіч, З.Бядуля, М.Гарэцкі, Ядвігін Ш.). Найб. пашыранай была тэма сялянскага лёсу і ладу жыцця ў бел. вёсцы, праблемы беззямелля, пошукаў выйсця з гаротнага становішча. Такі тэматычны кірунак адлюстравання рэчаіснасці мае драматычнае і гумарыстычнае адгалінаванні. Да першага можна аднесці апавяд. «Пяць лыжак заціркі», «На каляды к сыну» З.Бядулі, «Голад», «Памылка вучонага», «Мінуўшчына» У.Галубка, «У лазні», «Роднае карэнне», «У чым яго крыўда» М.Гарэцкага, «Нёманаў дар», «Малады дубок» Я.Коласа, «З бальнічнага жыцця», «Дуб-дзядуля», «Гаротная» Ядвігіна Ш. і інш. Да сатырычнага адлюстравання сялянскага жыцця звярталіся У.Галубок (апавяд. «Вясковыя астраномы»), К.Каганец («Што кажух, тое не вата»), Я.Колас («Недаступны», «З днеўніка пана Жылака», «Так і трэба ашуканцу», «Дзяліцьба», «Калодка пчол»), Ядвігін Ш. («Важная фіга», «Заморскі звер», «Пазыка»), Цётка («Зваротлівы»). У гэтым тэматычным кірунку выразна вылучаюцца апавяданні пра гаротны лёс сялянскіх дзяцей, дзяцей-сірот, беспрасветнасць і згубнасць жаночага лёсу («Велікодныя яйкі», «Малыя дрывасекі», «Плач пралескаў», «Снілася мне казка», «Маці», «Яе душа», «За тканінай», «Шчасце не ў золаце», «Без споведзі» З.Бядулі; «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» Я.Коласа; «Міхаська» Цёткі; «Шчырае каханне» У.Галубка; «Бярозка», «Гаротная» Ядвігіна Ш.). Сярод вобразаў жанчын з трагічным лёсам прадстаўніцы інтэлігенцкіх колаў, студэнцтва («Красаваў язмін» М.Гарэцкага, «Злачынства» М.Багдановіча, «Зялёнка» Цёткі). Рабочую тэматыку ў бел. прозе пачаў асвойваць Ц.Гартны (апав. «Штрэйкбрэхер»). Рэчаіснасць, напоўненая драматызмам сац. канфліктаў, у яго апавяд. «Велікодная каробка», «Лайдак». У белетрыстыцы таксама паказваецца бюракратызм мясц. чыноўніцтва («Янкава жальба», «У губерню з паперай», «Бабылкіна гора», «Перапіска» А.Пшчолкі).
Вытокі бел. прозы пач. 20 ст. — у паэзіі. Паэтычны, сінтэтычны погляд на жыццё ўласцівы раннім творам З.Бядулі і Я.Коласа. Жанр лірычнай празаічнай мініяцюры, блізкі да вершаў у прозе, увёў у бел. літаратуру З.Бядуля (зб. «Абразкі», 1913). Праблемы інтэлігенцыі і народа, тэма мастацтва і маладых талентаў, якія не маглі развівацца ў тагачасных умовах, у яго апавяд. «На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі». Непаўторным нац. каларытам, разнастайнасцю тэматыкі, мноствам характараў-тыпаў бел. сялян вызначаецца проза Я.Коласа (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Маст. адкрыццём у бел. літаратуры сталі яго алегарычныя апавяд. «Казкі жыцця», напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам. Ідэя вечнасці жыцця, бясконцасці форм яго праяўлення, імкнення чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды прасочваецца ў яго апавяд. «Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш. Пісьменніка хвалявала праблема правоў і абавязкаў чалавека ў грамадстве, дзе «за сталом жыцця» сядзіць «цесная людская сям’я» («Малады дубок»). Бытавыя і сацыяльна-псіхал. яго творы («Соцкі падвёў», «Бунт», «Нёманаў дар») — класічны ўзор у жанры «малой прозы». Майстэрства псіхал. аналізу пісьменніка выявілася ў апавяд. «Васіль Чурыла». Проза Я.Коласа пры яе кампазіцыйнай зграбнасці, сюжэтнай завершанасці насычана каларытнымі дэталямі, канкрэтна-рэалістычным паказам абставін, у якіх дзейнічаюць героі, а таксама дыялогамі, пейзажамі, адметнай настраёвасцю. Новую для бел. літаратуры прытчавую форму, спробу філасофскай прозы даў М.Багдановіч у апавяд. «Апокрыф», «Аб іконніку і залатару». Вызначальнымі для яго становяцца тэмы адухоўленай красы, самаадданага служэння мастака народу (казка «Музыка»), паглыблены псіхалагізм («Злачынства», «Няшчасны выпадак»). Складанай грамадска-сац. і філасофскай праблематыкай, духоўна-інтэлектуальнай змястоўнасцю ўзбагаціў літаратуру М.Гарэцкі. Зборнікам апавяд. «Рунь» (1914) ён пашырыў тэматычныя і жанрава-стылявыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне») і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). У яго творах 1914—16 асуджэнне антыгуманнай сутнасці эксплуататарскага грамадства («Маці», «Дзёгаць»), антынар. характару вайны («Літоўскі хутарок», «Генерал»). У апавяд. «Усебеларускі з’езд 1917-га года» ва ўспамінах удзельніка — селяніна са Смаленшчыны Кузьмы — ён перадае атмасферу небывалага патрыятычнага ўздыму людзей, што сабраліся вырашыць лёс роднай зямлі. Разнастайнасць канфліктаў той эпохі, дыялектыка душы і перажыванні людзей з розных грамадскіх слаёў адлюстраваны ў аповесці «Дзве душы» (1919) — своеасаблівым маст. рэпартажы, які выносіў прысуд адмоўным з’явам у палітыцы, паводзінах і свядомасці людзей. Пачатак дакументальнаму жанру ў бел. літаратуры 20 ст. пісьменнік паклаў кнігай дакументальна-маст. запісак «На імперыялістычнай вайне» (1915—19, апубл. 1926), якая стала адным з лепшых антываенных твораў сусветнай літаратуры.
Адна з істотных асаблівасцей апавядання таго перыяду — яго псіхалагічны пачатак, аналітычны зварот да стану душы, да пошуку адказаў на жыццёва важныя пытанні. У многіх творах прысутнічае погляд аўтараў на прыгожае ў жыцці: проза М.Багдановіча («Няшчасны выпадак»), З.Бядулі («Нуда мая», «Вечарам», «Як памру», «У заварожаных казках»), М.Гарэцкага («Красаваў язмін», «Што яно?»), Я.Коласа («Дзеравеншчына», «Сірата Юрка»). У асобных апавяданнях дамінуюць трагічныя абставіны, але ў цэлым яны не закрэсліваюць аўтарскія ідэалы прыгожага. Некаторыя апавяданні М.Гарэцкага пабачылі свет значна пазней, чым напісаны: «Чарнічка» (нап. 1915, апубл. 1917), «Літоўскі хутарок» (адпаведна 1915 і 1920), «Зіма» (адпаведна 1915 і 1918), «Амерыканец» (адпаведна 1916 і 1917), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Асілак» (усе адпаведна 1916 і 1918) і інш. Многія творы, напісаныя М.Гарэцкім у час вайны, былі апублікаваны пераважна толькі пасля рэвалюцыі, таму не маглі непасрэдна ўплываць на развіццё грамадскай свядомасці таго часу.
Сярод буйных празаічных жанраў пач. 20 ст. мемуары («Успаміны» Ядвігіна Ш.), дакументальныя запіскі («На імперыялістычнай вайне» М.Гарэцкага), аповесць («Дзве душы», «Ціхая плынь», «Меланхолія» М.Гарэцкага), раман («Золата» Ядвігіна Ш.). Літаратура пач. 20 ст. толькі пачынала адлюстроўваць рэчаіснасць у буйных жанравых формах. Разнастайнасць і багацце прозы назіраюцца найперш у малых яе формах.
Драматургія. Адраджэнне бел. драматургіі звязана з ажыўленнем грамадска-культурнага жыцця пасля рэвалюцыі 1905—07. Традыцыі, закладзеныя В.Дуніным-Марцінкевічам, працягвалі Ф.Аляхновіч, І.Буйніцкі, У.Галубок, Я.Купала і інш. Тэатральнае мастацтва Беларусі пачало ўзыходзіць на шлях мэтанакіраванага і прафес. развіцця, аб чым сведчыць, напр., дзейнасць Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1896—1906), Бел. музычна-драматычнага гуртка ў Вільні (1911—16), Гродзенскага т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14) і інш. Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.Купалы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», са стварэннем прафес. тэатра І.Буйніцкага. Бел. драматургі арыентаваліся на напісанне такіх твораў, якія ў далейшым атрымалі б сцэнічны працяг.
У літаратуры пач. 20 ст. прасочваюцца родавыя «перакрыжаванні» эпасу і драмы. Гэта назіраецца, напр., у творчасці М.Гарэцкага (драматычныя абразкі «Атрута», «Гапон і Любачка», драматызаваная аповесць «Антон», усе 1914), Я.Купалы (драматычныя паэмы «Адвечная песня», 1908, «Сон на кургане, 1910), К.Буйло (вершаваныя драматычны абразок «Кветка папараці», драма «Сягонняшнія і даўнейшыя», абодва 1914). Гэтыя творы — своеасаблівыя драмы для чытання, што, аднак, не выключала магчымасці іх пастаноўкі на сцэне. Бел. драму пач. 20 ст. падзяляюць на ўласна драму («Страхі жыцця», «Цені» Ф.Аляхновіча; «У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» К.Каганца; «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), меладраму («Апошняе спатканне», «Ганка», «Бязродны» У.Галубка), камедыю ў розных яе жанравых формах («На Антокалі» Ф.Аляхновіча; «Модны шляхцюк» К.Каганца; «Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), драматызаваную казку («Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец», «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць» А.Гаруна; «Базылішк», «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Тэматычны дыяпазон бел. драматургіі быў даволі шырокі. Драматургі звярталіся да адлюстравання жыццёвых праблем простага чалавека (Ф.Аляхновіч, М.Гарэцкі, К.Каганец, Я.Купала), класавай барацьбы ў перад- і паслярэвалюцыйны перыяды (Ф.Аляхновіч, У.Галубок, М.Грамыка), сатырычнага паказу жыцця шляхты (К.Каганец, Я.Купала), маральна-этычных праблем жыцця вышэйшага саслоўя на Беларусі ў мінулым (К.Каганец), праблем фарміравання духоўнага свету асобы (А.Гарун).
Своеасаблівым пераходным этапам у драматургіі з 19 да пач. 20 ст. была творчасць К.Каганца — аўтара бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», 1910, апубл. 1919) і гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) драм. Папулярнасцю карыстаўся яго вадэвіль «Модны шляхцюк» — адзін з першых твораў нац.тэатр. рэпертуару (паст. ў 1910 Першай бел. трупай І.Буйніцкага, у 1918 Першым т-вам бел. драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). Камедыя выкрывала бел. выраджэнца з яго пагардлівымі адносінамі да ўсяго роднага, а сам «модны шляхцюк» Пранцішак Карчэўшчык стаў адным з папярэднікаў вобраза Мікіты Зносака ў «Тутэйшых» Я.Купалы. Задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы паспяхова вырашаў Я.Купала. У камедыі «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён сатырычна паказвае звычаі і норавы кансерватыўнай шляхты, але дзеянне перарастае ў сацыяльна-бытавы канфлікт з драматычным фіналам. П’еса насычана дасціпным гумарам, іроніяй, танцамі, песнямі, прыпеўкамі, чым набліжаецца да сцэнічнага жарту «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» пісьменнік паглыбіў тэму зямлі, па-новаму, у філасофскім плане асэнсаваў і вобразы сялян, і іх жыццёвыя пазіцыі. Я.Купала па-мастацку дасканала арганізаваў інтрыгу, сцэнічнае дзеянне, стварыўшы ўзоры класічнай нац. драмы.
Вялікі ўклад у развіццё бел. драматургіі пач. 20 ст. зрабілі Ф.Аляхновіч і У.Галубок. Як драматург Ф.Аляхновіч заявіў аб сабе п’есай «На Антокалі» (1914—15), ідылічнай сцэнкай «На вёсцы», сцэнічнай легендай «Бутрым Няміра» (абедзве 1916), драмай з гарадскога жыцця «Манька» (1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925). Разнастайныя паводле зместу, тэматыкі, багацця мастацка-вобразнага ўвасаблення найб. супярэчлівых праблем тагачаснай рэчаіснасці, п’есы Ф.Аляхновіча вызначаюцца шырокім выкарыстаннем фалькл. матэрыялу. У іх паўстае легендарна-казачная мінуўшчына з вечна актуальнымі маральнымі праблемамі («Базылішк», 1917; «Чорт і Баба», 1918), жыццё рабочых з іх рэвалюцыйнымі настроямі, забастоўкамі, дэманстрацыямі («Калісь», 1917), складаная супярэчлівасць грамадскіх, сямейных канфліктаў, што абвастраліся ў эпоху сац. катаклізмаў («Страхі жыцця», 1918; «Цені», 1919). Значнае месца ў тагачасным тэатральным рэпертуары занялі драмы У.Галубка «Апошняе спатканне» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (абедзве 1919). Майстэрства драматурга засведчыла камедыя «Пісаравы імяніны» (1917; ставілася таксама пад назвамі «Хвароба ў добрым здароўі» і «Залёты дзяка»), эфект якой дасягаўся напоўненымі вобразамі, дасціпнымі дыялогамі і вострымі рэплікамі. Яго п’есы вызначаліся сцэнічнасцю, вастрынёй канфліктаў, дакладнасцю аўтарскай пазіцыі. Творы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці, пісалі К.Лейка (п’еса «Снатворны мак», 1912), А.Гарун (зб. «Жывыя казкі», 1920). У іх яны паказалі сябе выдатнымі пісьменнікамі-педагогамі, здольнымі выхоўваць найвышэйшыя маральныя якасці. Над стварэннем нац. рэпертуару працавалі таксама Л.Родзевіч («Блуднікі», 1912), А.Гурло («Любоў усё змагае», 1912), К.Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя», 1914), Я.Колас («Антось Лата», 1917) і інш. У цэлым бел. драматургія пач. 20 ст. мела значныя дасягненні ў адлюстраванні рэчаіснасці і вызначалася глыбокім дэмакратызмам, гуманістычным пафасам, цікавасцю да праблем агульначалавечага і эстэтычнага характару. Жанравае ўзбагачэнне бел. драмы, арыентацыя аўтараў на цеснае супрацоўніцтва з тэатрам у далейшым стала трывалым падмуркам для развіцця бел. драмы і нац. тэатра.
Асаблівасць развіцця бел. літаратуры пач. 20 ст. ў якасна новых зменах: рысы «сялянскасці» і «мужыцкасці» саступілі месца арыстакратычнасці і дэмакратызму. Спецыфічна нацыянальнае ў ёй стала прыкметай агульначалавечай сутнасці. Адраджэнскі пафас бел. літаратуры ўзмацніўся рамант. тэндэнцыямі, экспрэсіўнасцю (М.Багдановіч, З.Бядуля, Я.Купала), паглыбіўся яе духоўны змест. З рамант. скіраванасцю твораў цесна звязана выкарыстанне сімволікі і алегарычных малюнкаў, адметных пераважна фалькл. паходжаннем. Зварот да традыцый вуснай нар. творчасці характэрны для М.Багдановіча, А.Гаруна, Я.Коласа, А.Паўловіча і інш. Вобразы сонца, ночы, зор, веснавога абуджэння прыроды сведчылі пра ўзнікненне новых маст. ідэалаў свабоды, якая ўяўлялася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы. Рысы рэалістычнасці літаратура набывала за кошт паглыблення псіхалагізму, дэталізацыі абставін, цікавасці паэтаў да ўнутранага свету чалавека. Творчасць Ф.Аляхновіча, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, М.Гарэцкага, Я.Коласа, Я.Купалы, В.Ластоўскага і інш. узняла бел. літаратуру да ўзроўню больш развітых літаратур, раскрыўшы багацці духоўнага свету беларуса, паказаўшы яго жыццё, барацьбу супраць сац. бяспраўя і нац. прыгнечання. Умовай паспяховага развіцця тагачаснай літаратуры была арыентацыя на нац. гістарычны вопыт традыцый сусветнай класікі, што дазволіла ёй арганічна ўключыцца ў сусветны гісторыка-літаратурны працэс.
У.М.Казбярук, А.М.Макарэвіч.
Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Верш Я.Коласа «Наш родны край» у газеце «Наша доля». 1906.Вокладка кнігі «Курганная кветка» К.Буйло. 1914.Вокладка зборніка апавяданняў «Васількі» Ядвігіна Ш. 1914.Я.Купала сярод членаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ун-та пасля пастаноўкі «Паўлінкі». 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1950 — пач. 2000-х гадоў
Паэзія. У паэзіі пасляваен. дзесяцігоддзя (1945—55) як адным з найб. аператыўных відаў эстэт. ўспрымання, рэалізаванага ў малых жанравых формах, адчувальна акрэсліваліся нават нязначныя зрухі маст. мыслення, характэрныя для літаратуры ў цэлым. Вайна на многія дзесяцігоддзі прадвызначыла тэматыку і праблематыку, пэўныя асаблівасці маст. характараў, пафас твораў бел. пісьменнікаў: вершы і паэмы Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, М.Танка і інш. З тэмай вайны прыйшлі ў літаратуру паэты, якія вярталіся з фронту, партызан, падполля. Некат. з іх былі ўжо добра вядомыя ў 1930-я г., іншыя толькі пачыналі свой творчы шлях: М.Аўрамчык, А.Вялюгін, С.Дзяргай, К.Кірэенка, П.Панчанка, П.Прануза, П.Прыходзька, А.Пысін, А.Русецкі і інш. У літаратуру прыйшлі зах.-бел. паэты М.Васілёк, М.Засім, М.Машара, В.Таўлай. Жыццёвы і творчы вопыт, набыты ў экстрэмальных умовах ваен. выпрабаванняў, фарміраваў непаўторнасць творчай індывідуальнасці, грамадз. і мастакоўскую зарыентаванасць светапогляду. У шматлікіх паэт. зборніках асн. матывы — радасць перамогі і вяртання да мірнага жыцця, услаўленне гераізму, велічы нар. подзвігу ў гады вайны і працоўнага энтузіязму, тэма радзімы, дружбы, кахання, асуджэнне антыгуманнай сутнасці вайны: зб-кі «Ранак ідзе» (1945) і «Пасля навальніцы» (1947) К.Кірэенкі, «На сотай вярсце» (1945) і «Камуністы» (1949, 1951) А.Куляшова, «Шырокае поле вайны (1945), «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Моваю сэрца» (1955) М.Лужаніна, «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947), «За шчасце, за мір» (1950) і «Шырокі свет» (1955) П.Панчанкі, «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954) П.Броўкі, «Вастрыце зброю», «Праз вогненны небасхіл» (абодва 1945), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954) М.Танка, «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954) А.Бачылы, «Нашай славы зара» (1947) і «Размова аб шчасці» (1948) П.Глебкі, «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951) і «Ранак над Эльбай» (1952) П.Прыходзькі, «Добры дзень» (1948) і «Зямля мая» (1952) А.Астрэйкі, «Пярэдні край» (1949), «Дружба» (1950), «Шляхамі дружбы» (1952) М.Аўрамчыка, «Сонца ў блакіце» (1949) і «У вялікім паходзе» (1952) М.Калачынскага, «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954) П.Пранузы, «З розных крыніц» (1950) і «Мая эстафета» (1954) Р.Сабаленкі, «Наш дзень» А.Пысіна, «У заўтрашні свет» А.Русецкага (абодва 1951), «Дарогай шчасця» А.Бялевіча (1952), «Вачыма будучыні» С.Дзяргая (1953), «Мой таварыш» М.Смагаровіча (1955). Новыя зрухі ў грамадскім жыцці, адбудова нар. гаспадаркі — тэмы зб-каў «Новае рэчышча» А.Куляшова (1948), «Мая рэспубліка» К.Кірэенкі (1949). Абнаўленню побыту тагачаснай вёскі прысвечаны паэмы «Хлеб» (1946), «Родныя берагі» (1948), «Добры друг» (1949) П.Броўкі, «Кладкі Градоўскага» М.Лужаніна (1949), у якіх побач са значнымі дасягненнямі (адметнасць стылю, удалыя вобразныя знаходкі, адухоўленасць пачуццяў лірычнага героя) шмат неабавязковага, другаснага, інфармацыйна-рэпартажнага, прадыктаваныя часам ідэалагемы. Гэта датычыць і паэм «Рыбакова хата» Я.Коласа (1941—47), «Грозная пушча» А.Куляшова, «Бацька Дняпро» А.Вялюгіна (абедзве 1955). Выразна люструецца ў тагачаснай паэзіі парадная атмасфера пераможных салютаў: зб-кі «Крамлёўскія зоры» А.Астрэйкі (1945), «Свята», «Чалавек-сонца» (абодва 1947), «Светач» (1950) А.Бялевіча, «Салют у Мінску» А.Вялюгіна (1947), «Салдаты міру» П.Прыходзькі (1951) і інш. Аднак у паэзіі ўсё настойлівей прабіваўся голас паэта-франтавіка — сведкі і непасрэднага ўдзельніка ваен. падзей. Вайна стала гал. тэмай у творчасці франтавога пакалення.
Лепшыя пасляваен. творы вылучаюцца шчырасцю і непасрэднасцю лірычнага перажывання, яркімі фарбамі, дынамікай дзеяння. У іх палітры бясконцыя шляхі-дарогі вядуць да роднай хаты і ў неабсяжны сусвет. Апорныя вобразы, вынесеныя, як правіла, у назвы кніг або асобных твораў, перадаюць не толькі агульны мажорны настрой, а і своеасаблівы душэўны стан, узрушанасць лірычнага героя. Урачыста песенныя інтанацыі і светлыя колеры пераважаюць нават там, дзе маст. сюжэт заснаваны на падзеях і фактах, поўных смутку і жальбы («Песня пра чатыры магілы» П.Панчанкі, 1945). З паасобных уражанняў паступова стваралася мазаіка гіст. часу — жыцця і побыту чалавека на вайне, якая непрыкметна перарастала ў маст.-дакумент. хроніку: вершы «Прыдарожны гушчар», «Салдацкая сляза», «Памяці Міколы Сурначова» М.Аўрамчыка, «Няўзяты форт» (пазнейшая назва — «Сталінградская легенда») А.Вялюгіна, «Зварот» П.Глебкі, «Франтавік» П.Панчанкі. Асаблівая паслядоўнасць і кінематаграфічная дакладнасць уражанняў непасрэднага ўдзельніка падзей вылучае нізку вершаў «Салдацкі штодзённік» М.Лужаніна, гэта споведзь пра напоўненыя драматызмам салдацкія будні, дзе асабістае, прыватнае вырастае да маштабаў агульназначнага і ўспрымаецца як маналог франтавога пакалення, ад імя якога гаворыць паэт. У цяжкія часіны нярэдка парушаюцца ўсталяваныя сувязі мікра- і макрасвету, узмацняецца адчуванне язычніцкага яднання чалавека з прыродай. У эстэт. малюнку асабліва акрэсленымі становяцца праявы антрапамарфізму, пантэістычныя ўяўленні. Прырода «ажывае», абагаўляецца, дапамагае раскрыццю духоўнага свету чалавека, асобы (верш «Пачатак» М.Лужаніна).
У лірычным роздуме ваен. і пасляваен. гадоў значнае месца займае лёс Беларусі: вершы «Радзіма мая дарагая» А.Бачылы, «Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі...» П.Броўкі, «Беларусь, Беларусь!..» А.Вялюгіна, «Беларусі» П.Глебкі, «Жыві, Беларусь!» Я.Коласа, «Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...» П.Панчанкі, «Ты будзеш жыць, Радзіма!» М.Танка. Вобраз Радзімы, роднай зямлі пазначаны драматызмам, асабліва ў творах, напісаных пад уражаннем убачанага і перажытага ў чужых краінах: вершы «З ташкенцкай торбы» Я.Коласа, германскага цыкла М.Лужаніна.
Спосабы сатыр. тыпізацыі найб. плённа адчуваюцца ў жанры байкі: кн. «Мы іх ведаем» (1950), «Байкі» (1953) У.Корбана, «Вершы і байкі» Э.Вадасевіча (1954). Вострасатыр. вершы і байкі пісалі А.Бачыла, М.Лужанін, П.Панчанка. Акцэнты сатыр. высмейвання перамясціліся з аб’ектаў ваен. часу (ворагі) у сферы мірнага жыцця і побыту грамадства (выявы розных антыграмадскіх анамалій ва ўзаемадачыненнях, паводзінах і ўчынках людзей). З сярэдзіны 1950-х г., пераадольваючы розныя ідэалагічныя бар’еры, хібы «тэорыі бесканфліктнасці», паэзія ўзыходзіла на новыя вышыні, пазначаныя прыкметамі найбольш поўнай самарэалізацыі творчай асобы: значна пашырыліся далягляды паэзіі, павысіўся яе інтэлектуальны ўзровень, пабагацеў духоўны свет лірычнага героя. У філас. роздуме над надзённымі праблемамі адчуваецца драматызм часу, акрэсліваецца магутны патэнцыял гадамі назапашанай творчай энергіі. У выніку літ. дыскусій 1960—70-х г. павысіліся патрабаванні да маст. твораў. Выпрацаваліся пэўныя маст. арыенціры, эстэт. крытэрыі. Узорамі непераўзыдзенага майстэрства, якімі вымяралася маст. вартасць тагачаснай паэзіі, сталі кнігі: «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1962) П.Броўкі, «Чатыры стыхіі» (1962), «Свята ў будзень» (1964) С.Дзяргая, «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964) М.Танка, «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970) А.Куляшова, «Пры святле маланак» (1966), «Вячэрні цягнік» (1977) П.Панчанкі, «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967) А.Пысіна, «Служба святла» (1967), «Зямля гаворыць зорам» (1971) А.Русецкага і інш. У іх засведчаны адметнасць мыслення, непаўторнасць кожнай творчай індывідуальнасці, што пацвярджаецца сплавам лірызму, эпічнай шырыні, драматызму маст. перажывання, публіцыстычнай адкрытасці, выразнасці грамадз. пазіцыі. Паэтыка М.Танка, напр., спалучае ў сабе нар.-песенныя вытокі і некат. асаблівасці авангардысцкай плыні. У эпіцэнтры яго эстэтыкі прысутнічае творчая асоба, сам паэт, думкі і назіранні, якія разбягаюцца кругамі і ўцягваюць у сваё «поле» новую прастору. У філас. роздуме А.Куляшова паяднаны імгненні і вечнасць, зямное і астральнае, былое і наступнае. Акрамя зямнога і касм. ёсць трэці свет — звычайны чалавек.
Па-новаму, з больш глыбокім псіхалагізмам пераасэнсоўвалася тэма вайны, даследавалася псіхалогія чалавека на вайне, у экстрэмальных умовах: творы М.Аўрамчыка, А.Вялюгіна, А.Пысіна, А.Русецкага. У 2-й пал. 1950-х г. да творчай працы вярнуліся рэпрэсіраваныя пісьменнікі: А.Александровіч, С.Грахоўскі, У.Дубоўка, А.Звонак, С.Новік-Пяюн, А.Пальчэўскі, П.Пруднікаў, Я.Пушча, М.Хведаровіч, С.Шушкевіч. Выйшлі ў свет кнігі Ц.Гартнага, У.Дубоўкі, А.Дудара, Я.Пушчы, М.Чарота, што было неабходным для ўзнаўлення літ. працэсу і паўнаты ўяўлення пра маст. традыцыі 1920—30-х г., а таксама кнігі «Залаты лістапад» М.Хведаровіча (1957), «Дзень нараджэння» (1958), «Памяць» (1965) С.Грахоўскага, «Запаветнае» (1961), «Неспакойныя сэрцы» (1973) А.Звонака і інш. З сярэдзіны 1950—60-х г. першымі кнігамі дэбютавалі паэты т.зв. філалагічнага пакалення: «Паходныя кастры» С.Гаўрусёва, «Першы след» П.Макаля (абедзве 1955), «Песня ў дарогу» Н.Гілевіча (1957), «Не ўсе лугі пакошаны» М.Арочкі, «Матчына душа» У.Караткевіча, «Сакавік» Е.Лось, «Вясновыя барозны» У.Нядзведскага (усе 1958), «Маладзік над стэпам» Р.Барадуліна, «Белыя каштаны» І.Калесніка, «На юначым шляху» А.Лойкі, «Шэпчуцца ліўні» Ю.Свіркі, «Золак над Бярозай» А.Ставера, «Такія сэрцы ў нас» К.Цвіркі (усе 1959), «Майская просінь» Г.Бураўкіна, «Узлётная паласа» У.Паўлава, «Сонечны дождж» Я.Сіпакова (усе 1960), «Дзявочае сэрца» Д.Бічэль-Загнетавай (1961), «Вочы вясны» В.Вярбы, «Песня пра хлеб» А.Вярцінскага, «Абветраныя далягляды» Г.Кляўко, «Неба ўсміхаецца маланкаю» А.Наўроцкага (усе 1962), «Вогненная камета» В.Макарэвіча, «Першыя вёрсты» М.Рудкоўскага (абедзве 1963), «Магістраль» А.Грачанікава, «Белае дзіва» А.Кавалюк, «Асколкі і росы» Р.Тармолы (усе 1964), «Крэсіва» В.Зуёнка, «Едуць маразы» М.Маляўкі, «Азбука» А.Сербантовіча (усе 1966), «Спатканне» М.Дуксы, «Непазбежнасць» М.Купрэева, «Кастры Купалля» С.Панізніка (усе 1967), «Раўнавага» С.Блатуна, «Свежасць» Я.Міклашэўскага, «Вернасць» В.Ракава, «Зямля — магніт» М.Федзюковіча (усе 1968), «Гром на зялёнае голле» Ю.Голуба, «Раніца» В.Іпатавай, «Восеньскія позвы» К.Камейшы, «Буслы над аэрадромам» У.Скарынкіна (усе 1969) і інш. У літаратуру ўваходзіла пакаленне дзяцей вайны. Усе пакуты і боль, перажытыя дзецьмі і падлеткамі, выліліся на старонкі іх кніг: «Бязбацькавічы» Г.Бураўкіна, «Я не глытала па акопах дыму» В.Вярбы, «Песня пра асколак» У.Караткевіча, «Дзяўчаты мінулай вайны» Е.Лось і інш. Драматызм лірычнага перажывання асабліва адчувальны ў творах «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня», «Рэквіем па кожным чацвёртым» А.Вярцінскага, у араторыі «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», паэмах «Недзяленя», «Заручыны» Н.Гілевіча. Да ліраэпічнага жанру звярнуліся Р.Барадулін (паэмы «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці»), В.Макарэвіч («Мацярык маленства»). Тэма вайны знайшла глыбокае асэнсаванне ў творчасці пісьменнікаў франтавога пакалення, якія як бы занава прачытвалі драм. і трагічныя калізіі вогненных гадоў, даследавалі чалавека ў экстрэмальных абставінах, што асабліва характэрна прозе В.Быкава, паэзіі А.Пысіна (вершы «Іван-чай», «Палім мы маршанскую махорку», «Пярэдні край», паэма «Белы камень»). Балючая памяць перажытага ў вайну склала асн. змест многіх твораў З.Астапенкі, М.Аўрамчыка, А.Бачылы, А.Вялюгіна, К.Кірэенкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, П.Панчанкі, А.Русецкага. Болем асабістага суперажывання напоўнена паэма «Голас сэрца» П.Броўкі (1960), прысвечаная маці паэта. якая загінула ў канцлагеры ў Асвенціме. У 1970—80-я г. выйшлі першыя кнігі: «Агонь» Н.Мацяш, «Адраджэнне» А.Разанава, «Снежныя грамніцы» Я.Янішчыц (усе 1970), «Вуліцы без назваў» У.Дзюбы (1972), «Прыпяць» У.Верамейчыка, «Абеліск» Х.Жычкі, «Бяседа» С.Законнікава, «На мове шчасця» Г.Каржанеўскай, «Бацькоўскі парог» І.Скурко, «Ядлоўцавы куст» М.Стральцова (усе 1973), «Рамонкавы бераг» Р.Баравіковай, «Захапленне» Т.Бондар, «Паклон» В.Жуковіча, «Сакавік» Л.Забалоцкай, «Жураўлінае вясло» У.Лісіцына (усе 1974), «Касавіца» В.Гардзея, «Радар» Н.Загорскай, «Прадвесне» П.Марціновіча, «Кляновік» Г.Пашкова (усе 1975), «Адкрыццё» У.Някляева, «Уваходзіны» В.Яраца (абедзве 1976), «Хлеб і соль» Х.Гурыновіча, «Абеліск у жыце» М.Мятліцкага (абедзве 1980), «Белая бярэзіна» С.Басуматравай (1981), «Планета маёй душы» К.Жука, «Пад спеў крыніц» У.Мазго, «Пад небам бусліным» З.Марозава, «Зоркі ў кронах» У.Марука (усе 1982), «Вандроўнік» Л.Дранько-Майсюка, «Скразная лінія» А.Каско, «Белы камень» А.Пісьмянкова, «Смага ракі» Л.Тарасюк (усе 1983), «Таемнасць агню» Л.Галубовіча (1984), «Чаравікі маленства» І.Багдановіч, «Цвет алешыны» А.Канапелькі, «Адведзіны рамонкавай паляны» Л.Паўлікавай (усе 1985), «Сінтэз» Г.Булыкі, «Сурма» А.Мінкіна (абедзве 1986).
У мастакоўскай палітры паэтаў 1970 — пач. 80-х г. драматызм памяці цесна пераплецены з памкненнямі да прыгожага, узвышанага. У параўнанні з папярэднікамі ў іх творах значна больш светлых колераў. Выявы памяці, спраектаваныя на сучаснасць, неслі ў сабе моцны зарад творчай энергіі, паспяхова рэалізаваліся ў лірыка-эпічных жанрах: паэмы «Кульмінацыя» С.Законнікава, «Даведка аб нараджэнні» У.Някляева, «Ясельда» Я.Янішчыц і інш.
Лепшыя творы канца 1950 — пач. 1980-х г. пазначаны глыбокім інтэлектуальна-філас. роздумам, зваротам да нар. вытокаў, да спрадвечных маральна-этычных і эстэт. каштоўнасцей: «Падземныя замкі», «Зямля Міцкевічаў» М.Арочкі, «Трэба дома бываць часцей», «Неруш» Р.Барадуліна, «Песня пра хлеб», «Мы жывём, каб вяртацца...» А.Вярцінскага, «Зямля бацькоў, Лагойшчына мая...», «Ах, якая над Гайнаю ноч!...» Н.Гілевіча, «Беларуская песня» У.Караткевіча, «Бацькаўшчына» М.Стральцова, «Ave Maria», «Дарога на Нарач» М.Танка. Увасабленне найлепшых чалавечых якасцей, усяго светлага, высакароднага, зямнога і сакральнага — у вобразе Маці (вершы і паэмы Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча, А.Лойкі, Е.Лось і інш.). Суб’ектыўна-індывідуальны пачатак (унутр. свет чалавека, яго пачуцці, перажыванні) у паэзіі А.Вярцінскага, Р.Барадуліна, В.Іпатавай, У.Караткевіча, Н.Мацяш, А.Разанава, М.Стральцова, Я.Янішчыц. Лірычны герой у многім летуценнік, рамантык, філосаф, першаадкрывальнік касм. прасторы і пакарыцель цаліны ў вершах «Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца...» Г.Бураўкіна, «Спадарожніку Зямлі» У.Караткевіча, «Дарога да зор» П.Макаля, «Белыя яблыні» П.Панчанкі і інш. Роздум над глабальнымі праблемамі часу, трывога за лёс чалавецтва перад пагрозай ядзернай катастрофы, экалагічныя, сац.-бытавыя пытанні патрабавалі звароту да вялікіх жанравых форм: паэмы «Яго Вялікасць» (1964) і «Айкумена» (1981) А.Русецкага, «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970) А.Куляшова. Грамадз. вартасць асобы, маральна-этычная трываласць народа вывяраліся разам з гіст. і сац.-бытавымі абставінамі. Прадметна-вобразная канкрэтыка спалучалася з умоўна-асацыятыўнымі абстракцыямі, нар.-песеннай стыхіяй у паэмах «Слёзы Раданы» (1967) і «Трыпутнік» (1976) К.Кірэенкі. Драматызм часу асабліва адчувальны ў паэмах «Маналог» (1966), «Варшаўскі шлях» (1968), «Хамуціус» (1975) А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка (1978), «Суд Алаізы» В.Коўтун (1985). Рэаліі сівой даўніны ўзноўлены ў драм. паэмах «Крэва» (1982), «Судны дзень Скарыны» (1988) М.Арочкі, «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» П.Бітэля (1984), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1990—91). Да гіст. тэматыкі пастаянна была скіравана ўвага У.Караткевіча: вершы «Сырцовыя цагліны», «Паўлюк Багрым», «Скарына пакідае Радзіму», «Шляхі Ігната Буйніцкага» і інш.
З сярэдзіны 1980-х г. у паэзіі пачаўся перыяд, пазначаны абнаўленнем эстэт. мыслення, істотнымі рысамі якога сталі памкненне да разняволенасці, пазбаўленне ад звыклых, стэрэатыпных ідэалагем, акцэнтацыя нац. ідэі, узмацненне публіцыстычнасці і кантрастнасці бачання навакольнага свету, канфліктнасці лірычнага перажывання: зб-кі «Каліна зімы» Я.Янішчыц (1987), «Лісты да цябе» В.Коўтун, «Горкі жолуд» П.Панчанкі (абодва 1988), «Пан Лес» А.Сыса (1989), «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) А.Бадака, «Горад-утопія» В.Шніпа (1990), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992) Р.Барадуліна, «Высокі бераг» (1993), «Зямля ў мяне адна» (1996) П.Панчанкі, «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «Заклён на скрутны вір» А.Вялюгіна, «Пісьмы з гэтага свету» В.Зуёнка, «На зломе лёсу» А.Русецкага, «Чорна-белы свет» П.Шруба (усе 1995), «Прошча» У.Някляева, «Адзінокая зорка» Л.Сом, «Errata» М.Танка (усе 1996), «Журавінавы востраў» Г.Пашкова (1998), «Межань» В.Гардзея, «Душою з небам гаварыць» Н.Мацяш (абодва 1999), «Неўміручасць» А.Лойкі (2000) і інш.
У канцы 1980 — пач. 1990-х г.па-новаму асэнсоўваецца гіст. лёс Беларусі, Бацькаўшчыны. Паэтаў хвалявала занядбанасць роднай мовы, гіст. памяці народа, абыякавасць да сваіх родавых каранёў: вершы Д.Бічэль-Загнетавай, Л.Галубовіча, Н.Гілевіча, П.Панчанкі, А.Разанава, Л.Рублеўскай і інш. Хрысціянскія матывы прагучалі ў кн. «Вялікдзень» І.Багдановіч (1993), «Божа мой, Божа» Д.Бічэль-Загнетавай (1993), «Капліца» В.Аксак (1994), «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «На рэштках Храма» В.Шніпа (1994), «Евангелле ад Мамы» Р.Барадуліна (1995), «Аддай асалоду Богу» Л.Раманавай (1997) і інш. З сярэдзіны 1980-х г. свет убачылі творы, раней не апублікаваныя: «Паэма тугі» А.Бачылы (1987), у якой завострана ўвага на негатыўных наступствах гвалтоўнай калектывізацыі, раскулачванні і «рассяляньванні» сялянства. Выйшлі кнігі вязняў ГУЛАГа: «Белы сон» Л.Геніюш (1990), «І радасць і боль» С.Грахоўскага (1987), «Святлацені» А.Звонака (1992), «Пароша» П.Пруднікава (1996) і інш. У друку з’явіліся публікацыі твораў паэтаў бел. эміграцыі.
У паэзіі мяжы 20—21 ст. існуюць разнастайныя кірункі маст. пошукаў. Найчасцей перавага аддаецца зладжана гарманічнай мадэлі свету, не пазбаўленай аднак -шматфарбнасці і кантрасту каляровай гамы, што асабліва характэрна для пейзажнай лірыкі, паэзіі хрысціянскага зместу і вершаў пра каханне: «Каханне» (1987), «Сад на капялюшыку каханай» (1998) Р.Баравіковай, «Споведзь бяссоннай душы» Л.Галубовіча (1989), «Шчаслівай долю назаві...» Н.Мацяш (1990), «Хачу назваць цябе каханым» Т.Бондар (1991), «Случарыны» В.Аколавай (1994), «Стомленасць Парыжам» Л.Дранько-Майсюка (1995), «Рабро Адама» Т.Мушынскай (1999), «Валошкі памяці» А.Камароўскага (2002) і інш. Урбаністычныя матывы займаюць значнае месца ў творчасці А.Дуброўскага, М.Касцюкевіча, А.Мінкіна, Л.Рублеўскай, С.Шах і інш. Побач з рамант. плынню (паэма «Прошча» У.Някляева, кн. «Замак месячнага сяйва» Л.Рублеўскай, 1992) узмацняецца трагізм, асабліва ў творах чарнобыльскай тэматыкі, дзе ўвага акцэнтавана на экалагічных праблемах, найперш даследуецца разбуральнае ўздзеянне атрутнага ядзернага распаду на «экалогію душы» чалавека, асобы: кн. вершаў «Палескі смутак» (1991), «Бабчын» (1996) М.Мятліцкага, «Начное сонца» В.Куртаніч (1994), «Летазлічэнне» А.Канапелькі (1999), паэмы «Чорная быль» С.Законнікава (1987), «Лілея на цёмнай вадзе» (1987—2000) М.Башлакова і інш.Літ. працэс канца 20 ст. фарміруецца не ў адрыве ад фалькл. і літ. (нац. і сусв.) традыцый, постмадэрнісцкіх кірункаў і плыней: кн. «Турмалін» Г.Булыкі (1994), «Гліна. Камень. Жалеза» А.Разанава (2000) і інш. Паэты прымушаюць загаварыць прадметы, хімічныя рэчывы, з’явы прыроды, сутнасць якіх адкрывае неабсяжны філас. падтэкст, выяўляе неабмежаваныя магчымасці ўмоўна-асацыятыўных сувязей і вобразна-метафарычных абстракцый.
У канцы 20 ст. выдадзены першыя кнігі маладых паэтаў: «Вяртанне» А.Аркуша, «Першапутак» Л.Пранчака, «Агмень» А.Сыса (усе 1988), «Бацькоўскі дом» Т.Мельчанкі (1989), «Кальварыйскія клёны» С.Адамовіча, «Пяшчота ліўня» Э.Акуліна, «Крытычная маса» П.Вераб’ёва, «Белыя птахі» В.Дэбіша (усе 1990), «Ноч» Ю.Пацюпы (1991), «Водар цела» Ю.Гуменюка, «Калядная вячэра» А.Дэбіша (абедзве 1992) і інш. На Беларусі плённа працавала і працуе група паэтаў, якія пішуць на рус. мове. Выйшлі ў свет кн. «Жанчына пад яблыняй» (1962), «Шукаю чалавека» (1988) С.Яўсеевай, «Галіны» (1969), «Зімовае святло» (1985) Н.Кісліка, «Памяць» (1969), «Дням цяперашнім» (1972), «Светлыя зімовыя ночы» (1982) Ф.Яфімава, «Гарыць вогнішча ўспамінаў» (1990) Г.Шутэнкі, «Ясень» (1973), «Вербніца» (2002) Б.Спрынчана, «Твар твой» (1982), «Споведзь» (1990) А.Дракахруста, «Вечаровыя цені» (1977), «Мой дом» (1988) Э.Скобелева, «Зямля і зоркі» (1981), «Святло непадзельнае» (1990) В.Спрынчана, «Сухія кветкі» (1995), «Альфа і амега» (2001) А.Скарынкіна і інш.
Сучасны этап развіцця бел. паэзіі прадаўжае і развівае асн. тэндэнцыі ўсёй бел. літаратуры.
Проза. Развіццё прозы 2-й пал. 20 ст. абумоўлена грамадскім быццём і іманентнымі магчымасцямі маст. свядомасці народа. 1-я пал. 1950-х г. адзначана з’яўленнем шэрагу буйных твораў, напісаных пісьменнікамі старэйшага пакалення і тымі, хто прыйшоў у літаратуру ў час Вял.Айч. вайны. У 1954 Я.Колас завяршыў працу над трылогіяй «На ростанях», П.Пестрак — раманам «Сустрэнемся на барыкадах» — панарамнай карцінай жыцця і змагання працоўных Зах. Беларусі. Шматбакова ўзноўлены нядаўнія падзеі Вял.Айч. вайны ў эпічных творах «Векапомныя дні» М.Лынькова (1948—58), «Мінскі напрамак» І.Мележа (1950—52), «Расстаёмся ненадоўга» А.Кулакоўскага (1953—54). Аповесць «У Забалоцці днее» Я.Брыля (1950), раманы «Святло над Ліпскам» М.Паслядовіча (1949—52), «У добры час» І.Шамякіна (1953) пра пасляваен. жыццё бел. вёскі. Для прозы гэтага часу характэрны тэндэнцыі спрошчанага, схематычнага падыходу да адлюстравання рэчаіснасці, што тэарэтычна абгрунтоўвалася «тэорыяй бесканфліктнасці». З 2-й пал. 1950-х г. літаратура, асабліва проза, умацоўвае сувязі з рэчаіснасцю, становіцца больш праўдзівай і шчырай. Фактар непасрэднай адпаведнасці жыццю становіцца асноўным у вызначэнні характару літаратуры. Празаічныя творы ўражваюць больш жыццёвай, адкрыта ідэйнай навізной, чым мастацкай. Тагачасная грамадская патрэба праўды жыцця і праўдзівасці, шчырасці голасу аўтара ярка і адкрыта засведчылі сябе ў лірычнасці і публіцыстычнасці, у звароце да жывога факта і дакумента. Новыя тэндэнцыі выявіліся ў аповесцях «На Быстранцы» Я.Брыля (1955), «Нявестка» (1956), «Дабрасельцы» (1958) А.Кулакоўскага, у нарысах-апавяданнях І.Шамякіна (1953—60). Характэрным для творчасці гэтых пісьменнікаў, як і для літаратуры наогул, быў выразны і моцны сатыр. струмень. У 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. у прозу прыйшлі В.Адамчык, А.Асіпенка, В.Быкаў, У.Дамашэвіч, У.Караткевіч, А.Карпюк, І.Навуменка, І.Пташнікаў, Б.Сачанка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў, пазней — А.Кудравец, П.Місько. Проза стала больш праўдзівай і багатай у адлюстраванні жыцця і выяўленні пачуццяў, больш дасканалай і разнастайнай сваімі маст. якасцямі. Вызначальныя якасці буйных празаічных твораў 1960—1-й пал. 1980-х г. — праўда жыцця, адлюстраваная ў літаратуры і ўзятая як сістэма фактаў у іх шырокім гіст.-часавым ахопе, у гіст.-сац. абумоўленасці, і шчырасць аўтарскіх адносін да яе, увасобленая не толькі ў эмацыянальнай атмасферы, але і ва ўсёй маст. сістэме: раманы «На парозе будучыні» (1961), «Гарадок Устронь» (1968), «Шэметы» (1980) М.Лобана, «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1965), «Завеі, снежань» (1976) І.Мележа, «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979) І.Навуменкі, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1963), «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), «Петраград—Брэст» (1983) І.Шамякіна, «Засценак Малінаўка» А.Чарнышэвіча (1964), «Каласы пад сярпом тваім» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), «Чорны замак Альшанскі» (1979) В.Караткевіча, «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983) І.Чыгрынава, «Чужое неба» (1975), «Вялікі Лес» (1984) Б.Сачанкі, «Пушча» В.Карамазава (1978), «Чужая Бацькаўшчына» (1977), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985) В.Адамчыка, «Неруш» В.Казько (1981), «Знак бяды» В.Быкава (1982); аповесці Я.Брыля, В.Быкава, А.Васілевіч, А.Жука, А.Кудраўца і інш. Для гэтых твораў характэрна шырыня ахопу жыцця, моцная грамадска-сац. насычанасць, гуманістычнасць аўтарскай канцэпцыі. Важныя гіст. падзеі асэнсоўваліся і пераасэнсоўваліся аўтарамі ў іх непасрэднай суаднесенасці з канкрэтным жывым чалавекам. І ад таго, што вобраз чалавека суадносіўся з важнымі сац. падзеямі, ён узбуйняўся, набываў ідэйна-маст. значнасць. Менавіта ў такіх вобразах выразна адчуваецца непаўторная духоўная асоба аўтара, яго ўзровень эстэт. мыслення, здольнасць раскрываць гісторыю народа ў сац. змесце, паказваць сучаснасць, яе духоўны і грамадскі патэнцыял. Адпаведнасць самым актуальным грамадска-сац. праблемам сучаснасці ў І.Шамякіна; глыбокая заземленасць у стыхію нар. жыцця і важнасць праблематыкі ў І.Мележа; шырыня і актыўнасць духоўных пошукаў у Я.Брыля; пякучы роздум над лёсам простага чалавека ў часы вайны, мэтанакіраванае сцвярджэнне яго каштоўнасці ў В.Быкава; жаданне, даследуючы нар. жыццё ў вайне, разабрацца ў няпростых людскіх лёсах у І.Навуменкі, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава; выяўленне глыбінь нар. характару, сцвярджэнне яго маральнай сілы і прыгажосці ў І.Пташнікава; імкненне праз шэрую штодзённасць убачыць драматызм і прыгажосць жыцця ў А.Кудраўца; палкае жаданне далучыць сучасніка да гісторыі народа, глыбокае яе даследаванне і ўслаўленне ў У.Караткевіча.
З’явіліся і іншыя творы гіст. жанру: «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976) Б.Сачанкі, «На струнах буры» Л.Арабей (1967), «Прадыслава» В.Іпатавай, «Мсціслаўцаў посах» Э.Ялугіна (абодва 1971), «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна (абодва 1983), «Памяць пра легенды» К.Тарасава (1984). Для В.Іпатавай і К.Тарасава гіст. тэма ў далейшай іх творчасці стала асноўнай. І.Мележ і М.Лобан шукалі ў мінулым вытокі тых сац. з’яў, якія асабліва турбавалі іх грамадз. сумленне.
Свет І.Мележа — багаты рэальны свет простых людзей у іх адзінстве з прыродай, у душэўнай шчырай сувязі з зямлёй, у супярэчлівым, складаным бытавым і сац. перапляценні. Жыццё ў «Палескай хроніцы» ўспрымаецца як бы роўнае, тоеснае самому сабе, г.зн. як жыццё рэальнае. Шырынёй гіст. погляду, глыбінёй сац. даследавання, маштабнасцю і моцным напаўненнем аўтарскай думкі, тонкім, бездакорным аналізам псіхалогіі зусім непадобных сваім унутр. зместам чалавечых характараў, эпічнай разгорнутасцю і глыбока асабістымі адносінамі да ўсяго, што адбываецца, майстэрствам маст. жывапісу, глыбока арганічным адчуваннем нар. моўнай стыхіі «Палеская хроніка» стала адным з самых значных дасягненняў бел. літаратуры. Форма хронікі, яе жанравая і сюжэтна-кампазіцыйная структура, спакойная, паглыблена-нетаропкая манера апавядання, задуменна-лірычны агульны тон як нельга лепш адпавядаюць падзеям, жыццёваму матэрыялу, што з’яўляюцца рэальнай асновай твора.
Эпічна-хранікальная панарамная форма ўзнаўлення рэчаіснасці ў 1960-я г. і пазней была даволі пашыранай і мела прыкметныя набыткі: творы В.Адамчыка, А.Васілевіч, М.Лобана, І.Мележа, І.Навуменкі, Б.Сачанкі, А.Чарнышэвіча, І.Чыгрынава. У 1960—80-я г. тэма вайны, партыз. барацьбы стала для бел. літаратуры нац. тэмай: па значнасці маст. набыткаў, па колькасці напісанага, па ахопе і глыбіні даследавання жыццёвага матэрыялу. Асобнае месца ў бел. прозе на тэму Вял.Айч. вайны займаюць творы В.Быкава. У аповесцях «Жураўліны крык» (1960), «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962), «Пастка» (1964) вызначальнай рысай была крывавая праўда вайны, якую называлі акопнай. Паступова жыццёвы матэрыял вайны, напоўнены драматызмам, выкарыстоўваецца і для вырашэння маральна-этычных задач сучаснасці. Трансфармуецца і жанравая структура, яна становіцца гранічна цэнтраімклівай і ідэйна жорсткай. «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968), «Сотнікаў» (1970), «Яго батальён» (1975), «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986) — найб. характэрныя, творча і жанрава вызначальныя на творчым шляху пісьменніка.
Адметнае месца ў ваен. прозе і па праблематыцы, і памаст. якасцях займае раман «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля. Гэты раман — адзін з самых асабістых твораў пісьменніка не толькі паводле духоўна-эмацыянальнай напоўненасці, але і насычанасці падзеямі і фактамі аўтабіягр. характару і зместу. «Птушкі і гнёзды» — так метафарычна выказана ў самой назве асн. думка твора. Радзіма — сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана.
Пра жахі вайны, пра знішчэнне цэлых вёсак з людзьмі, пра неверагоднасць здзейсненага сказалі пісьменнікі пакалення дзяцей вайны: Б.Сачанка ў аповесці «Апошнія і першыя» (1966), І.Пташнікаў у аповесці «Тартак» (1967). Пазней былі створаны «Хатынская аповесць» (1972), «Карнікі» (1980) А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько (1978), кніга-памяць «Я з вогненнай вёскі...» А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка (1975).
З’явіліся раманы і аповесці, у якіх паўстае ўсенар. гераічная трагедыя: «Пушчанская адысея» (1964) і «Партрэт» (1982) А.Карпюка, «Вогненны азімут» А.Асіпенкі (1965), «Сярод ночы» (1968), «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980) Л.Арабей, «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968), «Мы — хлопцы жывучыя» (1970) І.Сяркова, «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), «Белы сокал» (1981), «Маршрут ад Клічава», «Хлебарэз» (абодва 1983) А.Кулакоўскага, «Калянае лісце» П.Місько (1979), «Верай і праўдай» (1976), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983) А.Савіцкага, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі (1978), «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985) А.Марціновіча, «У падзямеллі» (1983) і «Палон» (1989) М.Аўрамчыка, пенталогія «Трывожнае шчасце» (аповесці «Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965), «Шлюбная ноч» (1975), «Гандлярка і паэт» (1976) І.Шамякіна.
Літаратура гэтага перыяду звярталася і да праблем сучаснасці. Раманы «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978) І.Шамякіна, «Непрыкаяны маладзік» А.Асіпенкі (1971), яго ж аповесць «Жыта» (1966), раман «Васількі» А.Кулакоўскага (1972), аповесці «Німфа» У.Дамашэвіча, «Запіскі Занядбайлы» Б.Сачанкі (абедзве 1977) — творы, якія адгукаюцца на надзённыя пытанні. Літаратура 1960—80-х г. сцвярджае самакаштоўнасць, самаўдасканаленне чалавечай асобы. Чалавек і абставіны, чалавек і навакольны свет, чалавек і грамадства — вызначальныя кірункі маст. даследавання чалавека, яго духоўна-творчых памкненняў.
Раманы «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1984) І.Пташнікава надзелены жыццёвасцю ў сваіх падзеях, сітуацыях, характарах, абставінах і разам з тым насычаны паэтычнасцю. У аповесці «Раданіца» (1970) і рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984) А.Кудраўца сцвярджаецца і развіваецца традыцыя праўдзівасці і чалавечнасці ў асэнсаванні звычайнага, штодзённага жыцця. Такая тэндэнцыя адбілася на творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў бел. прозу пазней: А.Варановіч, В.Гігевіч (у першых кнігах), Г.Далідовіч, А.Жук, Л.Калодзежны. У гэты перыяд раскрыўся і талент Я.Брыля: аповесці «Ніжнія Байдуны» (1975), «Золак, убачаны здалёк» (1978), нарысы, эсэ, мініяцюры.
Апавяданні, эсэ «Загадка Багдановіча» (1968), аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) М.Стральцова пазначаны тонкім адчуваннем рухаў чалавечай душы, дакладнасцю акварэльнага малюнка, чысцінёй эмацыянальнага тону, высокапашанлівымі адносінамі да слова. Моцны лірычны пачатак уласцівы і прозе Я.Сіпакова: кн. «Крыло цішыні» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980); філас. прыпавесці.
Змены, што адбываліся з сярэдзіны 1980-х г. у значнай ступені закранулі духоўную сферу жыцця. Перыяд перабудовы і пачатку новага этапу адраджэння ў значнай ступені працягваў працэс, распачаты ў нац. літаратуры ў 2-й пал. 1950—60-х г., — да канца рэабілітаваў літаратуру мінулага, далучыў яе да гіст.літ. кантэксту, тым самым узбагаціўшы і значна паглыбіўшы яго. Сучасная літаратура адчула больш багатую, больш разнастайную нац. аснову. Пераклады сусв. літаратуры на бел. мову далучылі нац. літаратуру да сусв.літ. працэсу. Новы літ. перыяд вылучыў на першы план агульназначныя моманты бытавання і існавання літаратуры: мастак і жыццё, жыццёвая і маст. праўда. Адчуванне і разуменне новага, яго ўваходжанне ў творчы працэс, у творчае самаадчуванне адбывалася ў мастакоў слова паступова і псіхалагічна даволі складана. Чула рэагуе на рэаліі часу Я.Брыль: аповесць «Муштук і папка» (1990), кн. «Пішу як жыву», «Вячэрняе» (абедзве 1994), «Дзе скарб ваш» (1997). У творах, напісаных тымі, хто перажыў турмы, высылкі, найперш выклікае цікавасць сама рэальнасць, сведчанні часу, праяўленні чалавечых магчымасцей: «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) С.Грахоўскага, «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) П.Пруднікава, «Мая Галгофа» Я.Бяганскай (1990), «Споведзь» Л.Геніюш (1991), «Аповесць для сябе» Б.Мікуліча (1993), «Успаміны Платона Крэня» (1998) і яго «Унжлаг» (1999). Бел. проза спрабуе паказаць трагічны мацярык пакут і смерці ў самых розных праявах, што прымушае чалавека задумацца пра сябе, іншых, народ.
З сярэдзіны 1980-х г. В.Быкаў стварае аповесці «У тумане» (1988), «Аблава» (1989), «Сцюжа» (1991), «Пакахай мяне, салдацік» (1995), «Ваўчыная яма» (1998), «Балота» (2001), кнігі апавяданняў «Сцяна» (1997), публіцыстыкі і эсэістыкі «Крыжовы шлях» (1998), прыпавесцей «Пахаджане» (1999), застаючыся паслядоўным у сцвярджэнні асноватворных маральных і эстэт. прынцыпаў. Для В.Быкава самае важнае — пазнаць магчымасці чалавека, выявіць у ім ступень духоўнасці і меру чалавечнасці.
У творах І.Шамякіна сучаснасць вымяраецца штодзённым жыццём, побытавымі клопатамі і турботамі, таму ацэнкі таго, што адбываецца ў жыцці, публіцыстычна выкрывальныя: аповесці «Paradis auf Erden» (1992), «Вернісаж» (1993), «Слаўся, Марыя!», «Роздум на апошнім перагоне» (абедзве 1998). Пісьменнік, чыя творчасць у папярэднія гады была па-сапраўднаму моцная вобразамі станоўчых герояў, носьбітаў перадавых для свайго часу грамадскіх ідэй, блізкіх яму самому, у сённяшнім жыцці станоўчага героя не бачыць: аповесці «Выкармак» (1996), «Звіхрэнне» (1998), раман «Губернатар» (2000). Па-сапраўднаму станоўчых герояў, людзей высокіх грамадскіх ідэалаў, сумленных, шчырых І.Шамякін знаходзіць у мінулым: у ваен. гадах («Зеніт») або сярод сваіх блізкіх («Слаўся, Марыя!»).
Пазіцыя прызнаваць у мінулым толькі нязначныя недахопы выразна праглядаецца ў раманах «Лабірынты страху» А.Асіпенкі (1992), «Цень крумкачовага крыла» А.Марціновіча (1991). І.Навуменка звяртаецца пераважна да мінулага, каб паказаць духоўны рост свайго любімага героя: «Дзяцінства» (1991), «Падлетак» (1993), «Юнацтва» (1994), «Любімы горад» (1996). Па-іншаму глядзіць у мінулае і ўспрымае сучаснасць А.Адамовіч у аповесцях «Венера, альбо Як я быў прыгоннікам» (1992), «Vixi» (1993). Мінулае для яго не толькі напоўнена паэзіяй і здзіўленнем адкрыцця свету, бо якраз у мінулым ён бачыць праявы жорсткасці, несправядлівасці, бесчалавечнасці.
У 1986—2000 — гады вял. змен і ўзрушэнняў, рэзкай змены этычных і эстэт. каштоўнасных арыенціраў і крытэрыяў. В.Адамчык раманам «Голас крыві брата твайго» (1990) скончыў тэтралогію пра трагічны лёс зах.-бел. вёскі ў часы даваен. і ваен. ліхалецця. І.Чыгрынаў раманамі «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1994) завяршыў пенталогію — шырокае эпічнае палатно пра партыз. вайну ў бел. вёсцы. Непасрэдна асабісты пачатак становіцца вызначальным у творчасці Б.Сачанкі. Эсэістыка і публіцыстыка пранізваюць усё ім напісанае. Асаблівую цікавасць ён праяўляе да гісторыі, піша пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, драм. лёс бел. эміграцыі, духоўныя набыткі, нар. побыт і звычаі як выяўленне характару і светапогляду («Вечны кругаварот», 1986), родныя мясціны Палесся («Родны кут», 1987), маці («Пад сузор’ем сярпа і молата», 1993), чарнобыльскую бяду («Запіскі аб радыяцыі», «Паездка ў зону», абодва 1990). Апавяд. «Львы» (1987), «Арчыбал» (1988), «Францужанкі» (1997), «Тры пуды жыта» (1998), «Пагоня» (1999), «Ірга каласістая» (1996), матэрыялы мемуарнага характару «Што застаецца ў памяці» (1992), «Ненапісаная аповесць» (2002) І.Пташнікава з’яўляюцца арганічным развіццём усяго напісанага ім раней. Пісьменнік паглыбіў філас. змест, давёў ранейшае драм. гучанне да сапраўды трагічнага, пашырыў жанравыя межы апавядання за кошт яго ўзбагачэння жыццёвым матэрыялам і за кошт паглыбленай вобразнай сістэмы. Для твораў А.Кудраўца канца 20 ст. характэрна выяўленне і сцвярджэнне ў звычайным чалавечым жыцці праяў высокіх духоўных якасцей, таго, што робіць чалавека прыгожым, што выпраменьвае цяпло дабрыні (аповесць «Двое за нізкім столікам», 1991). Чуйна ўлоўлівае этычныя і эстэт. запатрабаванні сучаснасці Я.Сіпакоў: аповесці «Кулак» (1989), «Блуканні па іншасвеце» (1994), кн. паэм у прозе «Ахвярны двор» (1991), прытчаў «Тыя, што ідуць» (1993) і інш. Ва ўсіх яго творах, аб’яднаных павагай да чалавека, клопатам пра яго і болем за яго, адчуваецца подых гісторыі, далёкага і больш блізкага мінулага, бачыцца жаданне ўбачыць будучыню. Пастаяннай скіраванасцю на адкрыццё новага, на пошук вызначаюцца творы В.Казько. Ён не надта імкнецца пашыраць жанравую прастору сваёй творчасці, не гоніцца за найноўшымі эстэт. павевамі. У пошуках адказу на пытанні, якія ставіць сённяшняе жыццё, ён і яго героі звяртаюцца да мінулага, захаванага асабіста іх памяццю, а таксама да мінулага, якое захоўвае нар. памяць у міфах і паданнях. Пошукі адказу на пытанні маральнага зместу, сэнсу быцця ў сучасным свеце абумоўліваюць ускладненасць маст. формы і вобразнай структуры: «Сад, або Заблытаны след рамана» (1986), «Но Пасаран» (1990), «Прахожы» (1995), «Да сустрэчы» (1997), «Бунт незапатрабаванага праху» (2001).
Адной з самых значных тэм бел. літаратуры канца 20 ст. стала Чарнобыльская катастрофа: публіцыстыка А.Адамовіча, раман «Злая зорка» І.Шамякіна (1993), «Чарнобыльская малітва» С.Алексіевіч, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» В.Казько (1991), «Краем белага шляху» В.Карамазава (1992), «Імем Айца і Сына» Т.Бондар (1993), «Ваўчыная яма» В.Быкава (1998), дакумент. аповесць «Сталі воды горкія» В.Гігевіча і А.Чарнова (1991), творы У.Глушакова, І.Канановіча, Л.Левановіча, Б.Сачанкі і інш. Агульная тэндэнцыя даверу літаратуры да жыцця народа, да гісторыі, даверу да асабістага вопыту і ў сувязі з гэтым узмацненне суб’ектыўнага пачатку ў маст. форме па-свойму выявіліся ў творах пісьменнікаў, дзяцінства якіх прыпала на гады вайны: раманы «Шчыглы» (1986), «Дзікая ружа» (1992), «Сіняе лета» (1998) Л.Левановіча, «Хлопцы, чые вы будзеце?» П.Місько (кн. 1—2, 1989—92), «Закон прыцяжэння» (1987) Я.Радкевіча, «Трэба было жыць» А.Рыбака (1990), «Не праспі сваю долю» У.Дамашэвіча (1993), «Уліс з Прускі» (2000), «Усход» У.Гніламёдава (2003); аповесці «Вырай» В.Блакіта (1986), «Кім і Валерыя» (1986), «Перавал. Лісты да сына» М.Гіля (1997), «Адна — долі жадна» (1993), «Лішнія дзеці, або Амплітуда жаданняў» (1999) У.Дамашэвіча, «Падарунак маладым» (1986), «Палескае лета» М.Капыловіча (1996), «Мёртвая крыніца» Я.Міклашэўскага, «Мы з Санькам — артылерысты...» І.Сяркова (абедзве 1989), «Імярэк» М.Клебановіча, «Трывожна шумяць ясакары» Н.Маеўскай (абедзве 1992), «На маяку», «Чаромхавыя халады» (абедзве 1993) М.Воранава, «Лесавікі» А.Масарэнкі (1994), «Узяць пад варту ў зале суда» Л.Левановіча (1995), «Кельты не ўміраюць» А.Лойкі (1997), «Пад схіленым дрэвам» (1997), «Бог чуе таго, хто плача» (2000) У.Паўлава, «Ніль Адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999), «Самыя кароткія ночы» П.Місько, «Валацуга» А.Варановіча (абедзве 2000) і інш. У аповесці «Сны пра маму» А.Жука (1997), кн. «Мама» У.Ліпскага (1999), паэме ў прозе «Кукавала зязюля» З.Прыгодзіча (2000) маці ўвасабляе вёску, свет вёскі, з’яўляецца носьбітам тых адвечных каштоўнасцей, якія назапашваліся ў душы чалавека праз яго ўзаемаадносіны з зямлёй, з навакольным светам. Драматызмам вылучаюцца аповесці «Лес» Х.Лялько (1986), «Праклятая любоў» А.Жука (1990), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996), «Бласлаўлёныя зёлкі» (1997) В.Гардзея і інш. Становішча вёскі як аснова нац. самаадчування прымушае думаць пра гісторыю народа, пра дзяржаўнасць. З такога разумення гісторыі ўзнікла трылогія Г.Далідовіча: раманы «Гаспадар-камень» (1986), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (1989). Асобныя адказы на пытанні, пастаўленыя сучаснай вёскай — пытанні сац.-гаспадарчага і духоўнага зместу — шукае пісьменнік і ў гадах пасляваен. (раман «Заходнікі», 1992).
У канцы 20 — пач. 21 ст. з’явілася літаратура гіст. зместу і характару. Звяртаецца да гісторыі І.Шамякін. Далёкая мінуўшчына зацікавіла А.Карпюка (аповесць «Белая Дама», 1991). Нац.-рэв. падзеі 19 ст. ў аснове аповесці «Стрэл у акно» В.Хомчанкі (1988). Велічная постаць бел. друкара, асветніка і філосафа ўвасоблена ў рамане-даследаванні «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.Лойкі (1989). Я.Сіпакоў звярнуўся да язычніцкага мінулага. Зварот да гісторыі надаў творчасці пісьменнікаў сапраўднае сучаснае гучанне, забяспечыў яе нац. аптымізм, вызначыў сённяшнюю духоўную запатрабаванасць. Творчы роздум над мінулым і сучаснасцю народа скіравалі ўвагу Г.Далідовіча ў 13 ст. да бел.дзярж. вытокаў: раман «Кліч роднага звона» (1999). Дзякуючы гіст. раманам «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990) творчасць Л.Дайнекі стала набыткам нац. літаратуры. У раманах «Залатая жрыца Ашвінаў» (1999), «Альгердава дзіда» (2001), аповесцях «За морам Хвалынскім», «Агонь у жылах крэменю» (абедзве 1989), «Вяшчун Гедзіміна» (2000) В.Іпатавай гіст. аснова, насычанасць канкрэтным матэрыялам, займальны сюжэт, жывая форма апавядання, псіхалагічна дакладныя і духоўна змястоўныя чалавечыя характары. Раман «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун [1988) прысвечаны жыццёваму і творчаму лёсу Цёткі.
Асаблівасць сучаснага літ. працэсу — наяўнасць у ім прыкметнай плыні фантаст. зместу. Нават у творах пісьменнікаў рэаліст. светаўспрымання ёсць сюжэты, сітуацыі, калізіі, вобразы, матывы выразна фантаст. характару: прыпавесці В.Быкава, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991), «Прахожы» (1995) В.Казько, «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994) і інш. У найб. ступені фантаст. элемент прысутнічае ў творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 1980—90-я г. Момант навуковасці ўласцівы фантаст. раманам «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» Л.Дайнекі (1992), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1989), «Кентаўры» (1993) В.Гігевіча, яго аповесцям «Карабель» (1988), «Марсіянскае падарожжа» (1989), «Палтэргейст» (1992).
З 2-й пал. 1980-х г. выходзяць кнігі аповесцей і апавяданняў У.Арлова «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Рандэву на манеўрах» (1992), «Пяць мужчын у леснічоўцы» (1994) і інш., а таксама аповесці А.Федарэнкі «Гісторыя хваробы» (1989), «Смута» (1991), «Такое кароткае лета» (1994), «Вёска» (1995), «Шчарбаты талер» (1997) і інш. Выразна заявілі пра сябе А.Асташонак, Г.Багданава, А.Казлоў, А.Наварыч, У.Рубанаў, Л.Рублеўская, Б.Пятровіч, Ю.Станкевіч, У.Ягоўдзік і інш. У сучасным літ. працэсе проза ўсё больш узбагачаецца і пашыраецца новымі творамі.
Драматургія. У 2-й пал. 20 ст. прыкметна павялічылася ўвага да бел. драматургіі і на ўзроўні ўрадавых інстанцый, і ў асяроддзі непасрэдных творцаў — пісьменнікаў, тэатр. работнікаў, выдаўцоў. Прыняты шэраг урадавых пастаноў, скіраваных на паляпшэнне спраў у драматургіі і тэатры. На гэты ж час прыпадае адзін з самых інтэнсіўных прытокаў новых сіл. Актывізавалася публікацыя п’ес у перыёдыцы і асобнымі выданнямі. З другога боку, «тэорыя бесканфліктнасці» стала адной з прычын адставання драматургіі. Лакіроўка, прыхарошванне рэчаіснасці, паказ канфліктаў добрага з лепшым уласцівы п’есам «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Дарагі госць» Ю.Рудзько (абедзве 1950), «Неспакойныя сэрцы» А.Кучара (1952), «Стопрацэнтны фечасан», «Як пасцелеш — так і выспішся» (абедзве 1953), «У ціхім кутку» (1954) А.Рылько, «Гарачыя галовы» У.Краўчанкі, «Наталля Крыўцова» А.Маўзона (абедзве 1954) і інш. Нават К.Крапіва паказваў рэчаіснасць пасляваен. калгаснай вёскі ў залішне мажорных фарбах. Яго лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі» (1950) напісана таленавіта, прынамсі, такіх яркіх — па перадачы падзейнага антуражу (сцэны сватання), па моўнай каларыстыцы (багацце метафар, параўнанняў, афарызмаў), па майстэрстве псіхал. характарыстыкі персанажаў было не шмат, аднак ёй уласціва аблегчанасць асэнсавання рэальных супярэчнасцей жыцця. К.Крапіва, адчуўшы на сваім уласным вопыце, якую шкоду прыносіла бесканфліктнасць усім жанрам літаратуры, і асабліва драматургіі, з артыкуламі «Аб сатырычнай камедыі» (1953) і «Канфлікт — аснова п’есы» (1954) выступіў супраць ідэалагічнай рэгламентацыі творчага працэсу. Пад уздзеяннем «тэорыі бесканфліктнасці» драматургію паступова пакідаў высокі накал страсцей і пачуццяў, маральныя катаклізмы ўсё часцей выцясняліся спакойнымі сцішанымі калізіямі, што прывяло да паслаблення псіхалагізму, кампазіцыйнай аморфнасці, хадульнасці пафасу, здрабнення характараў і тэм. Самым актыўным барацьбітом з «тэорыяй бесканфліктнасці» быў А.Макаёнак. Надрукаваўшы шэраг аднаактовых п’ес «Добра, калі добра канчаецца» (1945), «Перад сустрэчай», «Першае пытанне» (абедзве 1950), «Аксеніна цялушка» (1951), «Жыццё патрабуе» (1960), у якіх асэнсаванне рэчаіснасці рэалізоўвалася ў аб’ектывізавана-ілюстрацыйных формах, ён у 1953 завяршыў сатыр. камедыю «Выбачайце, калі ласка», у якой рэзка, бескампрамісна высмеяў практыку бяздушнага адміністравання, паказушніцтва і ашуканства. Гэтая камедыя атрымала значны грамадз. і маст. рэзананс, стала пачынальніцай пратэстнай плыні ў сав. драматургіі. Да гэтай плыні адносяцца таксама сатыр. камедыі «У ціхім завулку» А.Маўзона (1955), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), у якіх востра ставілася праблема маральнай адказнасці чалавека перад сабой, грамадствам і часам. З’явілася і новае: выкрыццё мяшчанства, крытыка чыноўніцтва высокага рангу абвастрылася наяўнасцю ў п’есе калізіі, звязанай з рэпрэсіямі 1930-х г. Вобразы бацькі і сына Мякішавых — творчая ўдача А.Маўзона, але астатнія персанажы ахарактарызаваны прыблізна, амаль адсутнічала псіхал. абгрунтаванасць большасці сюжэтных сітуацый. Гэтыя недахопы — тыповыя для многіх п’ес, напісаных у 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. Настойлівае імкненне драматургаў пашырыць тэматычны дыяпазон маст. асэнсавання рэчаіснасці, іх жаданне ставіць вострыя праблемы жыцця вельмі рэдка надавала творам сапраўдную актуальнасць. Многія драматургі імітавалі вастрыню, і барацьба ў іх творах адбывалася толькі з ценем зла, а не з самім злом. У гэты час у драматургію прыйшло шмат маладых творцаў, і з усёй вастрынёй паўстала неабходнасць павышэння прафесійнага майстэрства. І.Дорскі ў п’есе «Шчасце» (1956) зрабіў спробу падсвятліць асэнсаванне побытавых перыпетый тагачаснага жыцця святлом адвечнай праблемы чалавечага шчасця, аднак жаданай маштабнасці, абагульненасці вывадаў не дасягнуў, бо ў жорстка схематызаванай канструкцыі твора (добры сакратар абкома разам з такім жа прагрэсіўным калегам з райкома паспяхова пераадольваюць бюракратызм чыноўнікаў на карысць простым людзям) застывала развіццё дзеі і характараў. Зададзенасць аўтарскіх вывадаў, нівеліроўка характараў адбілася на п’есах т.зв. маладзёжнай тэматыкі «Аркадзь Жыгалкін» Я.Пасава (1957), «Незвычайная сустрэча» В.Зуба (1958), «Трэці лішні» М.Алтухова (1959), «Калі любіш» М.Гарулёва, «Дзяўчына з камвольнага» А.Дзялендзіка (абедзве 1962), «Салодкі месяц» К.Губарэвіча (1968), у якіх па-мастацку пераканаўча ставяцца праблемы выбару моладдзю жыццёвых шляхоў, маральнай адказнасці за свае ўчынкі. Нетрывіяльны погляд аўтара на нядаўнюю гісторыю і сучаснасць зах.-бел. вёскі ў п’есах «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела. У першай з іх пісьменнік, даследуючы праблему ўзаемаадносін уласнасці і чалавечай годнасці, абапіраўся на пастулаты здаровага нар. сэнсу. Антыўласніцкі пафас вельмі выразны і ў драме «Над хвалямі Серабранкі» («Канчане — суседзі мае»), дзеянне якой адносіцца да сярэдзіны 20 ст.
На мяжы 1950—60-х г. пачаў выступаць у драматургіі І.Шамякін. У яго п’есе «Не верце цішыні» (1957) ёсць вострая, па сутнасці дэтэктыўная, інтрыга, займальнасць сюжэту, напружанасць развіцця дзеяння, але няма глыбіні ў псіхал. характарыстыцы персанажаў, таму гісторыя перараджэння былога сав. партызана ў мацёрага агента адной з замежных разведак атрымалася малапераканаўчай. У п’есе «Выгнанне блудніцы» (1961) характар гал. героя, журналіста і паэта Васіля Гаворкі, раскрываецца і ў слове-дыялогу, і ў справе-дзеянні, дзякуючы чаму вобраз атрымаўся каларытны, псіхалагічна верагодны, хаця яму бракуе асобаснай маштабнасці. Сац. маштабнасці і маст. выразнасці не хапае і героям драмы «Чалавек вярнуўся» П.Васілеўскага (1959), прысвечанай вяртанню да сумленнага жыцця бел. хлопца, завербаванага ў свой час замежнай шпіёнскай арганізацыяй. Цікавыя жыццёвыя калізіі, у якіх ярка раскрываліся характары дзейных асоб, у п’есе «Любоў, Надзея, Вера...» П.Васілеўскага (1960), аднак у ёй праследуюцца схематызаванасць і павярхоўнасць вырашэння канфлікту.
У пач. 1960-х г. зноў павысілася ўвага да распрацоўкі праблем сучаснасці. Аднак п’есы «Злавацца не трэба» В.Зуба (1960), «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай (1962), «Цвёрды арэшак» М.Алтухова, «А куды ж нам падзецца?...» К.Губарэвіча (абедзве 1963), «Куды ідзеш, Сяргей?» А.Маўзона (1965) не ўзняліся да значных маст. абагульненняў. Толькі А.Макаёнак сваёй «Лявоніхай на арбіце» (1961) пераканаўча даказаў, што пры майстэрскім асэнсаванні матэрыялу надзённая рэчаіснасць можа стаць асновай для напісання яркага і змястоўнага твора. П’есе ўласціва шматграннасць паказу рэчаіснасці, наяўнасць чалавечых характараў, маст. вобразаў, напісаных драматургам аб’ектыўна, глыбока, без скоўвання іх светапоглядных, валявых і духоўных памкненняў. Дзейсным характарам у барацьбе з «тэорыяй бесканфліктнасці» з’явілася распрацоўка гіст.-рэв. тэматыкі, выкліканая святкаваннем 40-годдзя Кастр. рэвалюцыі, БССР і КПБ. Серыя гіст.-рэв. п’ес стала прарывам у новыя сферы маст. выразнасці, удалай спробай асэнсавання складаных сац. працэсаў і гіст. шляхоў бел. народа. Характэрныя асаблівасці драматургіі гэтага жанрава-выяўл. пласта — строгае захаванне прынцыпаў гістарызму, адмаўленне ад наменклатурнага выбару персанажаў — у цэнтры твораў характарныя героі, а не функцыянеры са службовым становішчам. Імкненнем убачыць вялікае ў «простым» чалавеку вылучаюцца драмы «Год дзевяцьсот семнаццаты» П.Васілеўскага, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «У бітве вялікай» А.Маўзона, «Дні нараджэння» І.Мележа (усе 1957). Настойлівае, а часам нават палемічнае падкрэсліванне асноватворчай ролі народа ва ўсіх сац.-гіст. працэсах было для бел. драматургіі надзвычай плённым, паколькі яна заўсёды арыентавалася на распрацоўкі нар. характараў, на маст. даследаванне глыбінных праяў нар. духу. Але ў творах, прысвечаных больш даўняй мінуўшчыне, гісторыя прадставала ў выразна белетрызаваным выглядзе: драма «Лявоніха» П.Данілава (1960) пра антыфеад. выступленні бел. сялян у першыя гады пасля рэформы 1861.
Збавенне ад бесканфліктнасці многія драматургі бачылі ў выбары матэрыялу, які генетычна грунтаваўся на супярэчнасцях і барацьбе, напр., зварот да падзей Вял.Айч. вайны: «Брэсцкая крэпасць» («Цытадэль славы») К.Губарэвіча (1952). Адкрытая канфліктнасць сітуацый ваен. часу пазбаўляла драматургаў ад неабходнасці адшукваць прапорцыі паміж добрым і лепшым. Аднак патрыят. памкненне пісьменнікаў уславіць подзвіг народа, паказваючы ўсё новыя і новыя факты гераізму, нярэдка было па-мастацку бездапаможным. Існавала прымітывізацыя драматургічнага канфлікту, калі спрацоўваў прынцып адналінейнасці: сутыкненні гранічна палярызаваных сіл, рэзкае размежаванне на сваіх і чужых, надзяленне герояў толькі станоўчымі або толькі адмоўнымі якасцямі. Не ўсім удалося раскрыць і асэнсаваць праблему гераізму як вельмі тонкую, шматузроўневую праблему псіхалагізацыі чалавечых характараў і ўчынкаў: драма «Юныя мсціўцы» А.Гуткевіча і У.Хазанскага (1957), прысвечаная подзвігу ўдзельнікаў Обальскай падп. камсамольскай арганізацыі. Арыентуючыся перш за ўсё на падзею маладыя драматургі фактычна праігнаравалі характар як важнейшы атрыбут драматургічнай творчасці. Прывязваючы характары да падзей, пісьменнікі дасягалі толькі фактаграфічна-сітуацыйнай дакладнасці: драмы «Выбух» М.Алтухова і М.Гарулёва (1958), «Час любві і нянавісці» Я.Пасава (1959), «Марат Казей» В.Зуба (1963) і інш. Удалая спроба паглыбіць рэчышча асэнсавання ваен. тэматыкі, скіраваць яго на шлях філас. угрунтаванасці, псіхал. ускладненасці, выяўл. шматмернасці зроблена ў драме «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Гэта тэндэнцыя плённа выявілася ў пазнейшых п’есах «Першы ўрок» К.Губарэвіча (1967), «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (1974) В.Быкава.
З канца 1960-х г. у бел. драматургіі пачаўся новы ўздым творчых пошукаў. Трагікамедыі «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970) А.Макаёнка адкрылі новыя гарызонты мастацкай выразнасці, садзейнічалі ўсталяванню арыентацый на асэнсаванне, вырашэнне вельмі сур’ёзных, асноватворчых праблем. Менавіта такія праблемы пакладзены ў аснову сатыр. камедыі-фантасмагорыі «Брама неўміручасці» К.Крапівы (1972). Значныя сац. пытанні ўздымаліся ў п’есах «Амністыя» (1970), «Апошняя інстанцыя» (1974) М.Матукоўскага, «Злыдзень» (1973), «Трывога» (1974) А.Петрашкевіча, «Экзамен на восень» (1975), «1 змоўклі птушкі» (1978) І.Шамякіна, «Сіні снег» (1975), «Шрамы» (1977) Я.Шабана. Агульная актывізацыя творчых пошукаў часткова закранула і гіст. драму. П’есы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска» (абедзве 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (1981), «Маці ўрагану» (1982) У.Караткевіча асэнсоўвалі жыццё беларусаў на пераломных, трагічна-драм. этапах гісторыі. Эпоха выдатнага асветніка Ф.Скарыны паўстала ў драме «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча (1978). У 1970-я г. быў пік творчай актыўнасці А.Макаёнка: камедыя-рэпартаж «Таблетку пад язык» (1973), трагікамедыі «Кашмар» (1976), «Пагарэльцы» (1980), сентыментальны фельетон «Верачка» (1979).
Значных вынікаў дасягнула бел. драматургія 1980-х г. А.Макаёнак завяршыў трагікамедыю «Дыхайце эканомна» (1982), бліскучую антымілітарысцкую сатыру, п’есу-папярэджанне. Сцэнічна запатрабаванымі былі творы А.Петрашкевіча: публіцыст. драма «Соль» (1980) пра пагрозу экалагічнай катастрофы ў Салігорску, гіст. хронікі «Русь Кіеўская» («Гора і слава») і «Змова», трагедыя «Злавеснае рэха» (усе 1983), прысвечаная выкрыццю генацыдных злачынстваў фашыстаў, драма-рэквіем «У спадчыну — жыццё» (1985) пра лёс пасляваен. падлеткаў. Вострасюжэтныя, з выдатным сцэн. патэнцыялам п’есы А.Дударава: «Радавыя» (1984) пра Вял.Айч. вайну, «Парог» (1981), «Вечар» (1983), «Кім» (2001) на маральна-этычную праблематыку, драм. паэма «Чорная панна Нясвіжа» (2000). Павялічвалася прафес. майстэрства ў п’есах Г.Марчука: «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1982), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (1984), «Альдона, Анета, Анфіса», «Ясь, Яніна і каралева Аварыя», «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (усе 1985). Адна з адметнасцей 1980-х г. — прыход у драматургію паэтаў і празаікаў. Некат. з іх, не адчуўшы да сябе зацікаўленасці з боку тэатраў, абмежаваліся напісаннем адной-дзвюх п’ес: «Бацька і сын» (1982), «Гультаі» (1985) А.Карпюка, «Птушкі між маланак» І.Навуменкі (1982), «Доктар Русель» У.Дзюбы (1985), «Раіна Грамычына» В.Адамчыка (1989) і інш. Для іншых захапленне драматургіяй стала больш глыбокім: «Пасля разводу» (1980), «Зямля не даруе» (1987) Л.Леановіча, «Іскры ўначы» (1982), «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (1984) А.Асташонка, «Вокны» (1984), «Сівы бусел» (1985) В.Ткачова. Н.Гілевіч напісаў больш за 10 п’ес самага рознага жанрава-стылёвага і ідэйна-тэмат. напаўнення: камедыі «Не кажы, гоп» (1971), «Формула годнасці» (1972), «Першая ноч на курорце» (1977), драмы «Начлег на буслянцы», «Патрыярхальны Дзядовіч» (абедзве 1975), «Мы скора завітаем зноў» (1977), «Забяспечым маме здароўе», «Камень з магілы продкаў» (абедзве 1978), аднак пастаўлена была толькі адна — «Патрыярхальны Дзядовіч» Бел. тэлетэатрам (1981). Другая адметнасць 1980-х г. — актыўная фемінізацыя персанальнага складу драм. твораў: «Іван Світаннік» (1981), «Шукайце кветку-папараць» (1985), «Зуб мудрасці» (1986), «Мора, аддай пярсцёнак (1987) Г.Каржанеўскай, «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (1981), «Балада пра белую вішню» (1984), «Вясновая песня» (1985) С.Клімковіч, «Цётка Малання з Асаўца» Р.Баравіковай (1984), «Канёк-гарбунок» (1984), «У абдымках вятроў» (1985), «Дудка-самагудка» (1988) З.Дудзюк, «Памяць па сходнай цане» В.Іпатавай (1985) і інш. Асаблівых гендэрных адметнасцей гэтыя п’есы ў сабе не заключалі. Трэцяя адметнасць 1980-х г. — запавольванне дынамікі якаснага росту драматургіі ў сувязі са зменай пакаленняў. Хоць пэўны рэзананс атрымала камедыя «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987), з’явіліся гіст. хронікі «Звон — не малітва», «Следчая справа Вашчылы» (абедзве 1988), «Ігракі» (1989) І.Чыгрынава.
З сярэдзіны 1980-х г. актывізаваўся зварот да гіст. тэматыкі: «Князь Вітаўт» (1987), «Палачанка» (1998) А.Дударава, «Судны дзень Скарыны» М.Арочкі, «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча (абедзве 1990), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1994), «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва (1996). Побач з асэнсаваннем гіст. мінулага шмат увагі аддавалася праблемам сучаснай рэчаіснасці. Ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці паўстала жыццё сучасніка ў п’есах «Сабака з залатым зубам» У.Сауліча (1993), «Пятля часу» Р.Баравіковай, «Сям’я для старога сабакі» А.Ждана, «Вірус» Г.Каржанеўскай, «Стары і дарога» В.Ткачова, «Багаты кватарант» А.Федарэнкі (усе 1995), «Заложнікі шчасця» З.Дудзюк, «Збродныя душы» М.Клебановіча, «Блудны муж і Варвара» Г.Марчука, «Абраннікі лёсу» А.Паповай (усе 1997), «Яблычны Спас» А.Дзялендзіка (1998). Звярнуліся драматургі і да найвялікшай экалагічнай катастрофы 20 ст. — Чарнобыльскай. З маральнага боку гэта праблема даследуецца ў п’есах «Хто вінаваты» (1989) і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1990) І.Чыгрынава, «Бездань» М.Матукоўскага (1991), «Адцуранне» А.Дударава, «Сылгалі Богу, сылгалі» А.Ждана, «Дагарэла свечачка да палічкі» А.Петрашкевіча (усе 1993), «Усміхаўся месяц белай вішні» В.Ткачова (1996) і інш.
Плённа развівалася драматургія для дзяцей. Большасць п’ес створана на аснове фалькл. сюжэтаў або з выкарыстаннем прыёмаў фалькл. паэтыкі. У п’есах «Усміхніся, прынцэса» У.Ягоўдзіка (1990), «Каляровая затока» (1992), «Страшнік Гам» (1993), «Навагодні дэтэктыў» (1996), «Маленькі збраяносец» (1998) П.Васючэнкі, «Хохлік» (1993), «Дарога на Віфлеем» (1998) С.Кавалёва, «Жывая вада», «Сінязорка» (абедзве 1994), «Канікулы на астэроідзе» (1997) З.Дудзюк, «Янук, рыцар Мятлушкі» Л.Рублеўскай, «Чарадзейныя суніцы» А.Якімовіча (абедзве 1994), «Чарнабог» Г.Каржанеўскай (1996) адвольна сінтэзуюцца сюжэты бел. і сусв. фальклору. Прынцыпова новая з’ява ў драматургіі канца 20 ст. — з’яўленне п’ес-рымейкаў, сучасных адаптацый твораў даўняй бел. літаратуры. Паводле «Камедыі» К.Марашэўскага і «Птушкі шчасця» Ф.Аляхновіча У.Рудаў напісаў п’есу «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» (1997). Сюжэты «Аповесці пра Баву» і «Аповесці пра Трышчана», кнігі Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», п’ес Ф.У.Радзівіл «Распуснікі ў пастцы», К.Марашэўскага «Камедыя», Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця» С.Кавалёў зрабіў асновай сваіх рымейкавых п’ес: «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (1991), «Трышчан ды Іжота» (1995), «Люстэрка Бландоі» (1996), «Стомлены д’ябал» (1999), «Францішка, або Навука кахання» (2000) і інш.
У драматургіі канца 20 ст. ўзніклі павевы мадэрнізму і постмадэрнізму. Пісьменнікі малодшага пакалення распачалі «культывацыю» паэтыкі абсурдысцкага тэатра. У фарсе-абсурдзе «Галава» І.Сідарука (1992) зададзенасць сюжэтнай будовы, якая спатрэбілася аўтару для надання п’есе парабалічнай формы, не магла не прывесці да схематызму, а разам з тым і да змярцвення ўсёй дзеі. У п’есах «Ку-ку» (1991) і «Лабірынт» (1997) М.Арахоўскаму ўдалося дасягнуць гарманічнай раўнавагі паміж рэальным і фантасмагарычным. Драматургі-эксперыментатары А.Асташонак («Драматургічныя тэксты», 1995), Г.Багданава («АС—лінія», 1997), А.Карэлін («Герда, альбо Горад, у якім мы будзем шчаслівыя», 2001) і інш. даказалі, што выкарыстанне авангардысцка-мадэрнісцкай паэтыкі здольна пашырыць арсенал выяўл. сродкаў, што пошук нават з адмоўным вынікам прыносіць карысць развіццю жанру.
Маладыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у Я.Коласа. 1949.Беларускія пісьменнікі: М.Аўрамчык, А.Куляшоў, Б.Спрынчан, П.Панчанка, П.Дубашынскі (акцёр), М.Танк, І.Шамякін. 1975.М.Аўрамчык, У.Караткевіч, В.Быкаў у рэдакцыі часопіса «Маладосць». 1973.Беларускія і рускія пісьменнікі на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАТАРСКАЯ МАСТАЦКАЯ ТВОРЧАСЦЬ
Аматарская мастацкая творчасць з’яўляецца састаўной часткай духоўнай культуры грамадства, якая спрыяе яе ўзбагачэнню і дэмакратызацыі, фарміраванню сістэмы вытворчасці і распаўсюджванню маст.-эстэт. каштоўнасцей.
Маст. творчая дзейнасць народа ўключае ў сябе розныя віды і жанры аматарскай маст. дзейнасці. Паводле асн. жанравых кірункаў адрозніваюць калектывы тэатральныя (драматычны, муз., лялечны т-р, т-р паэзіі, пантамімы, мініяцюр і інш.), вакальна-харавыя (хор, ансамбль з акадэмічнай, нар. і эстраднай манерай выканання і інш.), харэаграфічныя (нар., класічны, бальны, эстрадны танец і інш.), муз.-інструментальныя (аркестры, ансамблі нар. інструментаў, духавой, эстраднай, джазавай музыкі і інш.), дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага кірункаў (студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі, ткацтва, фларыстыкі, апрацоўкі дрэва, скуры і інш.), фальклорныя, цыркавыя, фота-, слайд-, кіна-, відэастудыі, аматарскія аб’яднанні і інш.
Развіццю аматарскай маст. творчасці на Беларусі папярэднічалі культурна-асветныя арганізацыі «Пралеткульта» (1917). Тагачасная аматарская маст. творчасць набыла масавы і арганізаваны характар; агульнае кіраўніцтва ажыццяўлялася праз Наркамасветы Галоўпалітасветы БССР. У 1926—27 на Беларусі існавалі хаты-чытальні, чырвоныя куткі, нар. дамы, пры якіх ствараліся тэатр., харавыя, муз. гурткі. У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці аматарскіх калектываў створаны дамы нар. творчасці, з 1939 дзейнічаюць абл. дамы нар. творчасці, праводзяцца рэсп. алімпіяды і агляды. Развіццю аматарскіх калектываў розных жанраў спрыяла правядзенне усебел. алімпіяд рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935, 1936—37, 1938, 1939), алімпіяд чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), аглядаў самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939). Павышэнню маст.-эстэт. ўзроўню выканальніцкага майстэрства садзейнічала правядзенне Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940) і Усесаюзнага агляду маст. самадзейнасці (1940—41). Развіццю аматарскай творчасці садзейнічалі вядомыя дзеячы прафес. мастацтва, у т. л. Е.Міровіч, У.Галубок, Р.Шырма, Г.Цітовіч. У Вял.Айч. вайну існавалі франтавыя ансамблі і агітбрыгады, партыз.маст. самадзейнасць. Развіццё аматарскай творчасці пасля вайны пашырылася. У 1945 працавалі 2148 гурткоў (35,4 тыс. ўдзельнікаў), праводзіліся раённыя, абл. і рэсп. агляды маст. самадзейнасці. З сярэдзіны 1950-х г. рэгулярна праводзіліся агляды самадз.маст. творчасці. Мэтанакіравана праводзіліся агляды-конкурсы маст. творчасці: у 1949 — чыгуначнікаў і прамкааперацыі, у 1950 — драм. калектываў Мінска; у 1951 — навук. устаноў, прац. рэзерваў, прамысл. кааперацыі, рабочых, служачых і сельскай самадзейнасці; у 1953, 1960 — прамысл. кааперацыі, у 1963 — прадпрыемстваў мясц. прамысловасці.
У 1960 існавала 12,6 тыс. гурткоў аматарскай маст. творчасці ў клубных установах Міністэрства культуры БССР і сістэмы прафсаюзаў (191 тыс.чал.); з 1960 паявіліся самадз. цыркавыя калектывы. Лепшым калектывам аматарскай маст. творчасці надаецца ганаровае найменне «народны» (з 1960), дзіцячым — «узорны» (з 1978). Развіццю аматарскага мастацтва, росту майстэрства калектываў і асобных выканаўцаў садзейнічалі 3-я рэсп. дэкада нар. творчасці (1965), рэсп. фестывалі тэатр.самадз. мастацтва. У 1980-я г. амаль удвая вырасла колькасць гурткоў аматарскай маст. творчасці (у 1985—34,5 тыс. калектываў, 507 тыс.чал.). Усесаюзны агляд самадз.маст. творчасці 1983—85 вылучыў 227 маст. калектываў Беларусі, якія сталі яго лаўрэатамі.
З 1990-х г. у сучаснай аматарскай творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, што садзейнічае перадачы з пакалення ў пакаленне ўстойлівых форм нац. культуры (мовы, традыцый, абрадаў, звычаяў, этнічнай самасвядомасці і інш.). Значная колькасць аматарскіх калектываў належыць клубным установам сістэмы Міністэрства культуры Беларусі (у 2004—18 044 калектывы, у т. л. 15 248 у вёсках), установам культуры клубнага тыпу інш. ведамстваў, якія з’яўляюцца цэнтрамі развіцця аматарскай творчасці і сац.-культ. ініцыятыў, а таксама ўстановам культуры сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (каля 1500) і навуч. установам краіны. Найменні «народны» і «ўзорны» нададзены больш як 1600 аматарскім калектывам, у т. л. ва ўстановах клубнага тыпу сістэмы Міністэрства культуры Беларусі функцыянуе каля 1090 такіх аматарскіх калектываў, з іх 187 на вёсцы (на канец 2002 каля 260 маст. калектываў сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і 230 аматарскіх фарміраванняў сістэмы Міністэрства адукацыі маюць ганаровыя найменні). Сваю дзейнасць калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец., сярэдніх навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Ствараюцца па ініцыятыве грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, дзярж. органаў, а таксама органаў грамадскага самакіравання.
З мэтай стымулявання аматарскай маст. творчасці і далучэння да маст.-эстэт. каштоўнасцей розных груп насельніцтва праводзяцца святы, канцэрты, конкурсы, агляды і інш.сац.-культ. акцыі. Важным у стымуляванні і развіцці аматарскай творчасці з’яўляюцца міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі. Гал. аглядам стану аматарскай творчасці з’явіўся Першы фестываль нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (1997—1998), у мерапрыемствах якога прынялі ўдзел больш за 30 тыс. калектываў розных ведамстваў (500 тыс. чалавек), з якіх лаўрэатамі фестывалю сталі 95 калектываў і 55 выканаўцаў, 47 нар. майстроў.
Дасягненні аматарскай творчасці дэманструюцца на абл. і рэсп. аглядах, алімпіядах, конкурсах, выстаўках, фестывалях, дэкадах: міжнар. фестывалі нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» і юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» і «Сожскі карагод», рэсп. фестывалі духавой музыкі «Беларускія фанфары», фалькл. мастацтва «Берагіня», тэатр. мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні», усебел. фестывалі нар. гумару «Аўцюкі», міжнар. харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», нац. культур, у якім прымаюць удзел маст. калектывы і выканаўцы розных жанраў аматарскай творчасці і інш.
Дзейнасць аматарскіх калектываў рэгулюецца Законам «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб народным (узорным) самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь» (абодва 1999), пастановай «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» (аб парадку надання звання, 2001). Агульнае інфармацыйна-метадычнае кіраўніцтва аматарскай маст. творчасцю забяспечваюць абл.навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці, раённыя арганізац.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асветнай работы. Бел.ін-т праблем культуры і Бел.ун-т культуры і мастацтваў праводзяць спец. даследаванні па праблемах бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, даследуюць яе ўнутрыжанравую праблематыку і пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўку кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўкі фестывальных тэхналогій і праблемы рэпертуару.
А.А.Макарава.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва развіваецца ва ўмовах традыц.нар. творчасці або акад. мастацтва ў працэсах спантаннай творчай актыўнасці чалавека ці арганізаванага грамадска-культ. руху. З 1910-х г. на Беларусі ствараліся гурткі і студыі пры заводах і фабрыках, установах, ваенных часцях, што паўплывала на агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць твораў. З 1920-х г. ствараліся студыі выяўл. мастацтва ў Мінску, Гомелі, Оршы, Полацку, Гарадку. З відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў 1920—30-я г. развіваліся пераважна разьба па дрэве, аплікацыя саломкай, размалёўка, вышыўка, лозапляценне, кераміка. Рэгулярна праводзіліся выстаўкі твораў. У гады Вял.Айч. вайны мастакі-аматары ўдзельнічалі ў афармленні падп. перыядычных выданняў. Пасля вайны арганізацыяй самадзейных майстроў займаліся дамы нар. творчасці, з 1960-х г. — дамы маст. самадзейнасці. Рэгулярныя выстаўкі дэманстравалі разнастайнасць тэматыкі і новыя творчыя пошукі. У 1970-я г. аматарскае мастацтва дасягнула даволі высокага ўзроўню ў галіне жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў творчасці І.Абраўца, Т.Агафоненкі, В.Альшэўскага, В.Аляксеенкі, Л.Галаенкі, Ф.Генкіна, П.Гольцава, Ф.Дудо, М.Ерафеева, М.Засінца, І.Кішкурна, М.Корабава, Г.Ганчаронка, С.Какшынскага, А.Пупко, В.Гаўрылюк, Дз.Цубера, Г.Асіпковай, Дз.Крупені, М.Міхеенкі, Ф.Сухавілы, С.Шаўрова, Б.Тарасенкі, С.Быка, Л.Трахалёвай, К.Арцёменкі і інш., творы якіх экспанаваліся не толькі на Радзіме, але і за яе межамі. Вялікае пашырэнне мелі студыі фотамастацтва. З пач. 1990-х г. пачала фарміравацца сетка новых тыпаў устаноў культуры, дзейнасць якіх накіравана на захаванне і засваенне розных відаў традыцыйнай культуры. Сярод іх вылучаюцца аднапрофільныя ўстановы — дамы (цэнтры) рамёстваў і школы нар. творчасці. Асн. мэта іх існавання — падтрымка і стварэнне ўмоў для натуральнага існавання рамесніцкіх традыцый, адраджэнне унікальных тэхналогій, вытв-сць вырабаў паводле мясц. узораў. Функцыянуе (2003) больш за 60 дамоў (цэнтраў) рамёстваў, у т. л. больш за 20 у Віцебскай вобл., якія акрамя практычнай выканаўча-творчай дзейнасці праводзяць навукова-даследчую, пошукавую (этнаграфічныя экспедыцыі), прапагандысцка-асветную (лекцыі, экскурсіі) работу. Калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных дамоў культуры, навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. У кожнай вобласці Беларусі дамы рамёстваў працуюць па асабістых кірунках і праграмах, але адзіным і гал. з’яўляецца далучэнне моладзі да вывучэння нац.культ. спадчыны. Пад уздзеяннем сродкаў масавай інфармацыі развіваюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, камп’ютэрам. Пашырыліся студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі і ткацтва, фларыстыкі, фотамастацтва, апрацоўкі дрэва і скуры і інш.
А.А.Макарава, Р.Ф.Шаура.
Музычная творчасць. Уключае розныя віды і жанры аматарскай муз. дзейнасці: дзіцячую, сямейную, студэнцкую самадзейнасць, аматарскія калектывы і асобных выканаўцаў, аб’яднанні і гурткі па захапленнях і інш. Бярэ пачатак у быт. і абрадавых карагодах і гульнях, калядных, валачобных, скамарохавых, батлеечных, вясельных і інш. выступленнях гуртоў, якія рыхтаваліся загадзя. Формы муз.самадз. мастацтва з’явіліся ў 19 ст. ў гар. асяроддзі, пазней — і на вёсцы. Пашыралася аматарскае музіцыраванне, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. вадэвілі, муз. камедыі (С.Манюшкі і інш.) і інш. З 2-й пал. 19 ст. яно набыло арганізаваныя формы (хары настаўніцкіх семінарый, муз. т-вы), этапам у яго развіцці сталі Бел. вечарынкі (з 1905). У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці калектываў ствараліся дамы нар. творчасці (з 1937 рэсп., з 1939 абл.), праводзіліся рэсп. алімпіяды і агляды. У гады Вял.Айч. вайны існавалі франтавыя і партызанскія ансамблі і агітбрыгады. У пасляваенны перыяд разам з ансамблямі песні і танца, харамі, з’явіліся аркестры, інстр. ансамблі, оперныя студыі. Метадычную і практычную дапамогу ім аказвалі дамы нар. творчасці (з 1979 навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы), рэсп. (1968) і абл. дамы самадзейнасці (з 1978 дамы аматарскай творчасці). У 1980-я г. амаль удвая павялічылася колькасць калектываў у параўнанні з 1960, іх колькасць у 1985 дасягнула 34,5 тыс. калектываў (507 тыс.чал.). Па выніках Усесаюзнага агляду самадз.маст. творчасці 1983 лаўрэатамі яго сталі 85 227 маст. калектываў Беларусі.
З 1990-х г. у аматарскай муз. творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, да здабыткаў акад. відаў і жанраў муз. мастацтва; характэрны ўплывы і сродкаў масавай інфармацыі (пераважна тэлебачання), пашыраюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, у т. л. камп’ютэрам (рок-музыка, дыска-клубы, камп’ютэрная графіка); адчувальныя ўплывы шоу-бізнесу і індустрыі масавага муз. забаўляння, што забяспечвае ёй шматмернасць, шматузроўневасць, дынамізм, з адначасовым уплывам гіст., этнарэгіянальных, эстэт., сац.-псіхалагічных, эканам. і інш. фактараў. Дынаміка развіцця розных відаў і жанраў аматарскай муз. творчасці адбываецца неаднолькава і абумоўлена рэгіянальнымі (гар. і вясковая культура) асаблівасцямі.
Дзейнічаюць аматарскія муз. калектывы на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец. і навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайсковых часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Для іх характэрна жанравая разнастайнасць аб’яднанняў (клубы самадз. песні, класічнай музыкі, нар. песні, самадз. кампазітараў і паэтаў, арт- і джаз-клубы і інш.), якія ажыццяўляюць культ.-творчую і канцэртна-відовішчную дзейнасць.
Лепшыя аматарскія муз. калектывы адзначаюцца ганаровым найменнем «народны» (з 1960), дзіцячыя — «узорны» (з 1978). З 2001 самабытным аматарскім калектывам надаецца найменне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Яго атрымалі (2004) нар. — ансамбль вак.-харэагр. «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры, фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на, ансамбль бел. песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, фалькл. ансамбль «Паазер’е» выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай муз. школы, ансамбль бел. песні «Медуніца» Палаца культуры і тэхнікі рэсп. унітарнага прадпрыемства «Магілёўскае вытв. аб’яднанне «Хімвалакно», ансамбль нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага цэнтра культуры і нар. традыцый, ансамбль песні і танца «Спадчына» Палаца культуры г. Маладзечна, камерны аркестр «Рычэркар» і хар. капэла Рэсп. палаца культуры прафсаюзаў, фалькл. гурт «Журавінка» Слабадскога сельскага Дома культуры Лельчыцкага р-на, драм.т-р «Відарыс» Барысаўскага гар. Палаца культуры і інш. Рэпертуар аматарскіх муз. калектываў складаецца пераважна з апрацовак бел.нар. песень, найгрышаў, мясцовага фальклору, а таксама твораў бел. кампазітараў.
На 2004 у дзярж. установах культуры Беларусі 7913 вак.-хар. калектываў (у т. л. 2746 дзіцячых), 956 інструментальных (з іх 299 дзіцячых): у Брэсцкай вобл. — 1896 вак.-хар., 265 інструментальных, у Віцебскай — 1702 вак.-хар., 131 інструментальны, у Гомельскай — 1180 вак.-хар., 140 інструментальных, у Гродзенскай — 1277 вак.-хар., 106 інструментальных, у Магілёўскай — 1177 вак.-хар., 95 інструментальных, у Мінскай — 1281 вак.-хар., 219 інструментальных.
На Беларусі праводзяцца шматлікія святы, конкурсы, агляды і інш.сац.-культ. акцыі, а таксама міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі аматарскага муз. мастацтва. Працэс фарміравання фестывальных традыцый аматарскай муз. творчасці ідзе на рэсп. і мясц. узроўнях. Штогод праводзіцца каля 50 фестываляў: міжнар.нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (г. Паставы), юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» (г. Мазыр), харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель), рэсп. — «Берагіня», нар. гумару «Аўцюкі» (абодва Гомельская вобл.), нац. культур (г. Гродна), Усебел. фестываль нар. мастацтва «Беларусь — мая песня», рэгіянальныя фестывалі эстр. музыкі і спеваў, хар. мастацтва «Пеўчае поле», бардаўскай песні, сямейнай муз. творчасці і інш.
Навуковыя даследаванні бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, унутрыжанравай праблематыкі, пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўкі кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўка фестывальных тэхналогій і рэпертуару — сфера дзейнасці бел. ін-та праблем культуры і ун-та культуры. Інфармацыйна-метадычную падтрымку забяспечваюць абл.навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і раён. арганізацыйна-метадычныя цэнтры культурна-асветнай работы. Падрыхтоўку кіраўнікоў і арганізатараў аматарскіх муз. калектываў ажыццяўляюць бел.ун-т культуры і мастацтваў, акадэмія музыкі, пед.ун-т, муз. вучылішчы, вучылішчы культуры і мастацтваў.
А.А.Макарава.
Ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага раёна.Фальклорны ансамбль «Паазер’е» педагагічнага калектыву Пастаўскай дзіцячай музычнай школы.Народны камерны аркестр «Рычэркар» Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.
Харэаграфічнае мастацтва. Да 20 ст. аматарскае харэаграфічнае мастацтва развівалася ў рэчышчы музычнага і тэатральнага аматарства. У 1900—20-я г.нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы бел. вечарынак. Вял. значэнне мела дзейнасць Першай бел. трупы І.Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся і нар. танцы. З 1920-х г. развіццё танц. аматарства звязана з пачаткам сістэматычнага вывучэння і практычнага выкарыстання нац.танц. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. Напачатку танц. гурткі ўключалі ў свой рэпертуар папулярныя у народзе танцы, у якіх асноўныя выразныя сродкі, сюжэты і манера выканання захоўваліся ў першапачатковым выглядзе, без трансфармацыі.
Паступова выпрацоўваліся спосабы і метады сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэаграфічнага фальклору. У 1926 арганізаваны адзін з першых аматарскіх калектываў Беларусі — ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча, у рэпертуары якога былі нар. танцы «Крыжачок», «Лявоніха», «Лянок», «Мікіта», «Мяцеліца», «Таўкачыкі» і інш., па-мастацку апрацаваныя і трансфармаваныя па законах сцэны. У 1930-я г. на Беларусі ўзнікла шмат аматарскіх калектываў, рэпертуар якіх будаваўся на аснове нар. танцаў у сцэн. апрацоўцы. Уклад у працэс фарміравання асн. кірункаў інтэрпрэтацыі ўзораў нар. харэаграфіі зрабіў ансамбль танца Гомельскага палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1936, кіраўнік А.Рыбальчанка). У яго рэпертуары былі бел.нар. танцы «Мяцеліца», «Лявоніха», «Юрачка», «Чарот» і інш.; створана і шмат сцэн. твораў на тагачасную тэматыку: «Камсамол на будоўлі», «Новая вёска», «Калгасная полька», «Беларускія трактарысты» (балетмайстар К.Алексютовіч). У многіх калектывах працавалі прафес. харэографы, якія адыгралі станоўчую ролю ў творчым развіцці танц. аматарства і павышэнні ўзроўню рэпертуару. У даваенны перыяд быў закладзены фундамент для плённай дзейнасці аматарскіх танц. калектываў.
У пасляваенны перыяд ішло аднаўленне раней створаных і фарміраванне новых калектываў, сярод якіх нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ (з 1945), узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ № 5 (Брэст; з 1954), нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў (з 1956), узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў і «Лянок» Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (з 1958), узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» (Віцебск; з 1961). Узніклі таксама студыі і ансамблі класічнага, бальнага, гіст.-быт. і эстр. танца, у т. л.нар. студыя сучаснага бальнага танца «Мара» Палаца культуры Мінскага трактарнага завода (з 1966). У 1960—70-я г. з’явіліся новыя самабытныя танц. калектывы, расла іх масавасць, узмацнялася арыентацыя на збліжэнне з прафес. мастацтвам, павышаўся ўзровень танц. культуры. У гэты перыяд у балетмайстарскай практыцы ствараліся таксама аўтарскія творы ў межах традыцыі бел. танца, тэматычныя кампазіцыі сюітнага тыпу, фалькл. танцы, апрацаваныя ў эстр. стылі. З 1960 лепшым дарослым калектывам надаецца ганаровае найменне «народны», а з 1978 дзіцячым — «узорны».
Уклад у развіццё тагачаснага аматарскага харэаграфічнага мастацтва Беларусі зрабілі нар. артысты Беларусі М.Бяльзацкая, А.Вараб’ёў, А.Нікалаева, А.Рыбальчанка, Я.Штоп; засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія; засл. дз. культуры Беларусі С.Грабеншчыкоў, Н.Залеўская, М.Кіракозаў, Л.Ляшэнка, В.Партной, І.Серыкаў, М.Чысцякоў; засл. работнікі культуры Беларусі Л.Барадулька, Ч.Клячко, Л.Лазарава, М.Лапша, І.Смірноў, Р.Чарахоўская, В.Ямінскі; а таксама А.Быковіч, Л.Тушынскі, З.Чарняўскі і інш.
З 1980-х г. у самадз. мастацтве з’явіліся танц. калектывы розных жанраў з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамблі танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (кіраўнік Г.Чорны), «Белая Русь» Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік А.Карповіч), «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (кіраўнік В.Жыльцоў); «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў (кіраўнік Н.Парахневіч); вак.-харэаграфічны — «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (кіраўнік П.Свярдлоў); харэаграфічны — «Рунь» Дома культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс» (кіраўнік В.Папоў); ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага каледжа мастацтваў (кіраўнік В.Гарэлава) і інш.
Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэаграфічнага фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыцыйнай у жанры нар.-сцэн. харэаграфіі да фольк-мадэрна, пошук новых форм і прыёмаў. Характэрная рыса сучаснага перыяду — плённае развіццё дзіцячай самадзейнасці: масавае адкрыццё дзіцячых харэаграфічных школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў Беларусі: узорны вак.-харэаграфічны ансамбль «Камарыкі» Палаца культуры вытв. аб’яднання «Нафтан» (Наваполацк; з 1970, кіраўнік Ч.Клячко); узорныя ансамблі танца «Светлячок» Палаца культуры энергетыкаў (Новалукомль; з 1977, кіраўнік Н. і А. Тамашавы), «Лялечкі» Абухаўскага Палаца культуры Гродзенскага р-на (з 1978, кіраўнік Н.Урукіна), «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэаграфічнай школы (з 1981, кіраўнікі І. і С. Дарохіны), «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» (Мінск; з 1983, кіраўнік Я.Гутман), «Жавароначкі» Палаца культуры «Сукно» (Мінск; з 1985, кіраўнік С.Аляксандраў), «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987, кіраўнік Н.Дзягель), «Весялушкі» Палаца культуры чыгуначнікаў (Орша; кіраўнік І.Стамінская); узорны харэагр. ансамбль «Раўніца» (абодва з 1993, кіраўнікі А.Цюцюноў і Н.Русакевіч) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у т. л. «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў (з 1979, кіраўнік В.Буры), «Антрэ» (з 1992, кіраўнік С.Манзалеўскі), узорны т-рэстр.-спарт. танца «Каскад» Слонімскага раённага Дома культуры (з 1993, кіраўнік З.Пятроўская).
Сучаснае аматарскае харэаграфічнае мастацтва — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае фалькл.-этнаграфічныя ансамблі, ансамблі нар. танца, ансамблі і студыі класічнага, бальнага, эстр. і сучаснага танца. На 1.1.2003 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 2496 харэаграфічных калектываў (з іх 2007 дзіцячых). На 2004 ганаровыя найменні «народны» і «ўзорны» маюць 66 калектываў у Мінску і Мінскай вобл., 39 у Брэсцкай вобл., 23 у Віцебскай, 47 у Гомельскай, 22 у Гродзенскай, 36 у Магілёўскай вобл.
Папулярызацыі танц. мастацтва, выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: міжнар. фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» у Гомелі, дзіцячай творчасці «Барысаўскі прыстанак» у Барысаве; абл. фестываль «Свята танца» ў Гродне, фестываль фальклору «Пінскі карагод», фестываль дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы фламінга» ў Гомелі і інш. Агляды аматарскіх харэаграфічных калектываў рэгулярна адбываюцца ў межах форумаў, прысвечаных нар. творчасці. Бел.танц. калектывы ўдзельнічаюць і ў фестывалях фальклору за мяжой. Кіраўнікоў харэаграфічных калектываў рыхтуюць у вучылішчах мастацтваў Беларусі, на кафедры харэаграфіі Бел. ун-та культуры і мастацтваў.
С.В.Гуткоўская.
Народны ансамбль танца «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў.Узорны ансамбль танца «Весялушка» дзіцячай харэаграфічнай школы г. Мінска.Узорны ансамбль танца «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі.
Аматарскі тэатр. Існаваў з сярэдзіны 18 ст. пры дварах магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, ва ўладаннях С.Зорыча, Чарнышова, дзе наладжваліся сцэнічныя паказы з нагоды свят, сямейных урачыстасцей, прыезду ганаровых гасцей. У пач. 19 ст. аматарскі тэатр быў пашыраны ў гарадах сярод гар. шляхты, спектаклі мелі публічны характар, нярэдка наладжваліся з дабрачыннымі мэтамі. У 1850-я г. ў арганізацыі аматарскіх спектакляў прымалі ўдзел разначынцы, дэмакратычныя слаі насельніцтва. Ставіліся п’есы А.Фрэдра, Ю.Кажанёўскага, М.Гогаля, А.Грыбаедава, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш. У 2-й пал. 19 ст. існавала сетка аматарскіх калектываў, якая ахоплівала ўсе бел. губерні. Створаны буйныя аматарскія аб’яднанні: Мінскае муз.-літ.т-ва (1880), Гродзенскае літ.-муз.т-ва (1883), Полацкі (1884), Брэсцкі (1885), Гомельскі (1891) і Бабруйскі (1892) муз.-драм. гурткі, Магілёўскае муз.-драм.т-ва (1886), Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1898), Гомельскае муз.-драм.т-ва (1908) і інш. У пач. 20 ст. існавалі драм. калектывы пры «нар. дамах» (Магілёўскі аматарскі тэатр, 1900—04) і чайных Т-ваў папячыцельства нар. цвярозасці, дзейнасць якіх мела культ.-асв. характар. Пад уздзеяннем нац.-вызв. руху наладжваліся бел. вечарынкі, тэатр. паказы на бел. мове ў Радашковічах, на хутары Пятроўшчына, в. Станькава на Міншчыне, у Карэлічах, в. Кленікі на Гродзеншчыне, Гродне, Капылі, Давыд-Гарадку і інш. У гісторыі аматарскага тэатра пакінулі след Гродзенскі гурток бел. моладзі, Бел. навукова-літ. гурток студэнтаў у Пецярбургу, шматлікія вучнёўскія і студэнцкія гурткі. Вял. ролю ў развіцці аматарскага тэатра адыграла газ. «Наша ніва», у якой даваліся парады бел. аматарам, асвятлялася іх дзейнасць, друкаваўся рэпертуар. Пасля Кастр. рэвалюцыі развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі культ.-асв. арганізацыі пралеткульта, якія наладжвалі тэатр. паказы на рэв. тэмы, стварылі сетку тэатр. гурткоў, нар. тэатраў, рабочых клубаў, студый, агітпунктаў. Клубы творчай інтэлігенцыі існавалі ў Мінску («Беларуская хатка»), Гомелі, Навагрудку, Міры (Карэліцкі раён), Дзісне, Радашковічах, Будславе (Мядзельскі раён), в. Хаценчыцы (Вілейскі раён) і інш.; аматарскія калектывы дзейнічалі ў Мінску (маладзёжны гурток «Вянок», Бел. вучнёўская грамада з драм. секцыяй, гурток бел. моладзі імя С.Булата), Мазыры, Капылі, Дукоры, в. Блонь (Пухавіцкі раён), Мікалаўешчыне (Стаўбцоўскі раён). Развівалася сельская тэатр. самадзейнасць. Ажывілася дзейнасць аматарскіх тэатраў на прадпрыемствах буйных гарадоў, у т. л. Аршанскага нар. тэатра Дома культуры чыгуначнікаў. У сярэдзіне 1920-х г. пашырыліся тэатралізаваныя прадстаўленні — «жывая газета», на базе якой створаны агіттэатр «Сіняя блуза», традыцыі якой працягвалі тэатры рабочай моладзі. Аматарскае мастацтва падтрымлівалі дзеячы прафесійнага мастацтва (У.Галубок, Е.Міровіч і інш.). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі створаныя ў канцы 1930-х г. дамы нар. творчасці (з 1979 навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы). Росту майстэрства калектываў спрыялі агляды аматарскага мастацтва: Усебел. алімпіяды рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935—39), алімпіяды чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), агляд самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939), рэсп. агляд аматарскай творчасці ў перыяд падрыхтоўкі да Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), Усесаюзны агляд маст. самадзейнасці (1940—41). У 1920—30-я г. прыкметнага росту дасягнуў аматарскі тэатр у Зах. Беларусі. У Вільні дзейнічалі Бел.муз.-драм. гурток, Бел.драм. майстроўня, тэатр. гурток бел. гімназіі. Існавалі аматарскія калектывы ў Навагрудку, Слоніме, Івянцы, вёсках Нягневічы (Навагрудскі раён), Загор’е і Заполле (Карэліцкі раён), т-ва працаўнікоў бел. тэатра ў Беластоку.
У Вял.Айч. вайну тэатр. гурткі дзейнічалі ў партыз. атрадах і брыгадах, сярод насельніцтва партыз. зон. У пасляваенны час аднавілі дзейнасць даваенныя гурткі, ствараліся новыя. У сак. 1945 адбыўся 1-ы пасляваенны рэсп. агляд аматарскага мастацтва. Праводзіліся спецыялізаваныя агляды маст. самадзейнасці. У 2-й пал. 1960-х г. створаны дамы маст. самадзейнасці (з 1978 міжсаюзныя дамы самадзейнай творчасці). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі Дэкада самадзейнага тэатр. мастацтва Беларусі (1958), 3-я Рэсп. дэкада нар. творчасці, рэсп. фестывалі тэатр. самадзейнага мастацтва (1967—73), 1-ы Усесаюзны фестываль самадзейнай маст. творчасці працоўных (1975—77), Рэсп. конкурс нар. самадзейных драм. калектываў на лепшы спектакль сезона (1980), Рэсп. агляд-конкурс нар. і ўзорных самадзейных драм. калектываў, агітбрыгад і агіттэатраў, тэатраў чытальніка і індывідуальных чытальнікаў-выканаўцаў, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (1982), Усесаюзны агляд самадзейнай маст. творчасці, прысвечаны 40-годдзю Перамогі ў Вял.Айч. вайне (1983—85), фестывалі Прыбалтыйскіх рэспублік і Беларусі «Рампа дружбы» (з 1978), рэсп. фестывалі аматарскага тэатр. мастацтва: прысвечаны А.Макаёнку (Мазыр, 1993), «Гасціны ў Галубка» (Баранавічы, 1995), «Беларусь — мая песня» (з 1998, па абласцях), «Тэатральныя скрыжаванні» (з 2000). На 2004 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 3444 тэатр,драм. гурткі, у т. л. 2054 — дзіцячыя; 256 драм. тэатраў, тэатраў лялек, мініяцюр, пантамімы і інш. маюць ганаровае найменне «народны» ці «ўзорны», нар. тэатру «Відарыс» (г. Барысаў) нададзена найменне «заслужаны». З іх 130 тэатраў функцыянуюць у сістэме Мін-ва культуры, 50 — у Федэрацыі прафсаюзаў, 76 — у сістэме адукацыі.
Ю.А.Пашкін, І.В.Пыж.
Сцэна са спектакля «NN» паводле Т.Уільямса Мінскага народнага тэатра-студыі «На балконе».Сцэна са спектакля «Дванаццаць месяцаў» С.Маршака Рэчыцкага народнага тэатра гарадскога Дома культуры.
Аматарскае кіно. З канца 1950-х г. аматарскія кінастудыі ствараліся пры палацах культуры, клубах, прадпрыемствах, у навуч. установах, калгасах і саўгасах. У 1962 пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі створана секцыя па працы з кінааматарамі. Больш актыўна аматарскае кіно развівалася ў 1960-я г. Сярод найб. значных кінастудый мінскіх заводаў — «МАЗ-фільм» аўтамабільнага, «Трактар» трактарнага, «Мікрахолад» (пазней «Сапфір») халадзільнікаў; «Маналіт» інтэрната Мінскага камбіната індустрыяльнага домабудаўніцтва (усім у 1970-я г. нададзена ганаровае найменне народных). Кінастудыі існавалі пры Мінскім мотавелазаводзе, Светлагорскім заводзе штучнага валакна, шклозаводзе «Залессе» Вілейскага раёна, Віцебскім дывановым камбінаце, «Мінскпраекце», БПІ, Гродзенскім пед. ін-це, Акруговым Доме афіцэраў, а таксама пры гарадскіх і раённых палацах культуры, дамах нар. творчасці, палацах і дамах піянераў, сельскіх клубах (у некаторых як фотакінагурткі). Найб. вядомыя з іх: кінастудыя «Летапіс» раённага Дома культуры г. Талачын (з 1965), кінастудыі Магілёўскага Дома культуры чыгуначнікаў, Бел. палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага Палаца піянераў і інш. Здымалі стужкі пра гісторыю і дзейнасць сваіх прадпрыемстваў, навучальныя, відавыя, турысцкія, асобныя ігравыя і анімацыйныя фільмы. Бел. кінааматары ўдзельнічалі ва Усесаюзных (з 1959) і рэсп. (1960—88) фестывалях аматарскіх фільмаў. У 1970-я г. на Бел. тэлебачанні існавала перадача «Мы і наша кінакамера» (вядучы — рэж. А.Канеўскі). Некаторыя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі (В.Рубінчык, В.Дудзін, В.Каралёў). У 2-й пал. 1980-х г. рух аматарскага кіно знізіўся. Некаторыя аматарскія кінастудыі пераўтварыліся ў рэкламныя і інфармацыйныя службы, большасць — у аматарскія відэа- і тэлестудыі. На 1.1.2004 дзейнічаюць студыі: «МАЗ-фільм», «Кадр» Рэсп. цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, сярэдняй школы № 4 і «Сінема» (усе ў Мінску), Барысаўскага завода агрэгатаў, «Летапіс» Талачынскага гар. Дома культуры, «Нэкст» і тэлестудыя «Вектар ТБ» у г. Наваполацк, «Белая Русь» у г. Светлагорск, у г. Слонім; Магілёўскага абласнога навук.-метадычнага цэнтра нар. творчасці і культ.-асветнай працы, «Эксперымент» у г. Крычаў. Перыядычна працуюць індывідуальныя кінааматары. Па ініцыятыве незалежнай відэакінастудыі «Таццяна» разам з Бел. саюзам кінематаграфістаў у 1996—2004 праведзены 8 нац. кінафестываляў аматарскіх фільмаў.
Макарава А., Сівурава Л. Аб шляхах фарміравання фестывальных традыцый у самадзейнай мастацкай творчасці // Весн. Бел.дзярж. ін-та праблем культуры за 1998 г.: Навукова-метад. зб.Мн., 1999;
Скараходаў У.П., Пыж І.В. Сацыякультурныя працэсы ў народнай мастацкай творчасці // Беларуская культура сёння. Мн., 2003;
Статыстычны партрэт культуры Беларусі: Агляд тэатр.-відовішчных і культ.-асветніцкіх устаноў сістэмы М-ва культуры Рэсп. Беларусь. Мн., 2003;
Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984;