БУЖЫ́НСКІ Тадэвуш (?—1773),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын С.А.Бужынскага. Вучыўся ў Варшаўскім езуіцкім калегіуме. Староста краснасельскі, ротмістр войска ВКЛ, у 1763—69 кашталян смаленскі, у 1764—66 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, у 1766 маршалак Трыбунала ВКЛ, з 1770 ваявода мінскі, у 1769—71 пасол у Галандыі і Англіі. Прыхільнік Чартарыйскіх. У 1765 выдаў падрыхтаваныя бацькам важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай.
т. 3, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́НСКІ Станіслаў Костка (? — 1812?),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1761 падкаморы надворны, з 1765 прыдворны караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, з 1778 чашнік каронны. У 1784—86 чл. Пастаяннай рады, маршалак Гродзенскага сейма 1793. Выступаў за арыентацыю дзяржавы на Рас. імперыю. За садзейнічанне другому падзелу Рэчы Паспалітай прызначаны маршалкам надворным каронным і атрымаў тытул графа ад прускага караля Фрыдрыха Вільгельма III.
т. 3, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРНАГРО́ДСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз шляхты (пераважна сярэдняй) Польшчы, накіраваны супраць абсалютысцкіх планаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага (адначасова курфюрст саксонскі). Абвешчана 26.11.1715 у г. Тарноград (Люблінскае ваяв.) на чале з С.Ледухоўскім. Канфедэраты ставілі за мэту вывад саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай, дэтранізацыю Аўгуста II і замацаванне шляхецкіх вольнасцей. Саюзнік Аўгуста II у Паўночнай вайне 1700—21 цар Пётр I, не жадаючы ўмацавання ўлады караля, падтрымаў Т.к. і ўвёў у Рэч Паспалітую войскі. Шляхта ВКЛ у падтрымку Т.к. ў 1716 стварыла Віленскую канфедэрацыю. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі і саксонскімі войскамі на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пад націскам дыпламатаў Расіі ў Варшаве падпісана кампраміснае пагадненне паміж Аўгустам II, Т.к. і Віленскай канфедэрацыяй. 30.1.1717 пагадненне ратыфікавана і 1.2.1717 зацверджана «Нямым» соймам. Саксонскія войскі выводзіліся па-за межы Рэчы Паспалітай, улада караля абмяжоўвалася. Абмяжоўваліся і правы гетманаў, кароннае (польскае) войска скарачалася да 18 тыс. чал., а войска ВКЛ — да 6 тыс. Узмацніўся паліт. ўплыў Расіі на ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
А.П.Грыцкевіч.
т. 15, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН Афанасій Лаўрэнцьевіч (каля 1605, Пскоў — 1680),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.
т. 1, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,
гісторыка-геаграфічная назва укр. зямель на правым беразе р. Дняпро (без Галіцыі), што паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Ахоплівала тэр. сучасных Кіеўскай (без Кіева), Чаркаскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Ровенскай і Валынскай абласцей. У 1663—1704 існавала правабярэжнае ўкр. казацкае гетманства. Пасля няўдалай вайны Рэчы Паспалітай з Турцыяй, у 1672—99 частка П.У. (Падолія і прылеглыя землі) належала Турцыі. На П.У. адбываліся буйныя казацка-сял. нац.-вызв. і антыфеад. паўстанні, у т. л. рух С.П.Палія (1702—04) і Калііўшчына (1768). Паводле другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай (1793) П.У. адышла да Рас. імперыі. З 1917 у складзе Украіны. У наш час назва «П.У.» ўжываецца як геагр. тэрмін.
т. 12, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА.
Існавала ў ВКЛ у канцы 18 ст. Утворана ў 1793 у час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння надзвычайнага Гродзенскага сойма 1793 Браслаўскі павет Віленскага ваяв. вылучаны ў асобнае ваяводства з цэнтрам у г. Браслаў (з 1794 — Відзы). Падзелу на паветы не было. Скасавана ў 1795 у час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Яго тэр. ўвайшла як павет у Віленскую губ. Рас. Імперыі.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЖЫ́НСКІ Станіслаў Антоні (27.4.1701—15.5.1775),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Скарбнік смаленскі, з 1732 інстыгатар (пракурор) ВКЛ, пісар Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы. З 1750 кашталян брэсцкі, у 1752—63 кашталян смаленскі, староста краснасельскі. Падтрымліваў Чартарыйскіх. Пасля смерці жонкі адмовіўся ад грамадскай дзейнасці, уступіў у ордэн езуітаў. Сабраў для апублікавання важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай да сярэдзіны 18 ст. (выдадзены ў 1765 яго сынам Т.Бужынскім).
т. 3, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́НАЎСКІ МІР 1634,
мірны дагавор паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, падпісаны ў чэрвені ў в. Сямлёва на р. Палянаўка паміж Вязьмай і Дарагабужам. Завяршыў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Паводле міру Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон. Бакі дамовіліся вывесці войскі з захопленых тэрыторый і абмяняцца палоннымі без выкупу і затрымкі.
т. 12, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСПЫ́ННАЯ РА́ДА,
вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай, гл. Пастаянная Рада.
т. 11, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,
мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.
т. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)