РАНЖЫ́Р (ням. Rangierung ад франц. ranger ставіць у рад),

1) расстаноўка ваеннаслужачых у шарэнзе (калоне) па росце, пачынаючы з правага фланга (галавы калоны).

2) У пераносным сэнсе — размяшчэнне ў пэўным парадку па ступені важнасці і значнасці.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХСКЛАДО́ВЫЯ ПАМЕ́РЫ,

у сілаба-танічным вершаскладанні памеры, у якіх націскныя склады чаргуюцца з ненаціскнымі ў цотным (ямб) ці няцотным (харэй) парадку. У метрычным вершаскладанні Д.п. ўтварае спалучэнне доўгага склада з кароткім, кароткага з доўгім, двух доўгіх і двух кароткіх.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯНАСЛАІ́СТЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

матэрыялы, вырабленыя з лістоў лушчанай шпоны, укладзеных у пэўным парадку (па напрамку валокнаў) і склееных пад ціскам пры тэрмічнай апрацоўцы. Вызначаюцца высокай шчыльнасцю (да 1300 кг/м³ і больш). Выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, электратэхніцы, авія- і суднабудаванні.

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРБАЛІ́ЧНЫ ЦЫЛІ́НДР,

незамкнутая цыліндрычная цэнтр, паверхня 2-га парадку, накіроўная лінія якой — гіпербала. Кананічнае ўраўненне гіпербалічнага цыліндра ў прамавугольнай сістэме каардынат x​2/a​2 − y​2/b​2 = 1, дзе a, b — даўжыні паўвосяў гіпербалы.

Да арт. Гіпербалічны цыліндр.

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ НЕБЯСПЕ́КА ў крымінальным праве,

аб’ектыўная прыкмета злачынства ці іншага правапарушэння, якая выяўляе шкоднасць такіх паводзін для грамадства, нанясенне або рэальную пагрозу нанясення істотнай шкоды пануючым у ім грамадскім адносінам, спосабу жыцця. Шкода можа быць паліт., эканам., фіз., маральная; яна можа быць нанесена правам і законным інтарэсам грамадзян, парадку кіравання, грамадскаму парадку і г.д. Грамадская небяспека дзеяння або бяздзеяння пэўнага віду абумоўлівае сац. патрэбу ў яго забароне пад пагрозай адпаведнай адказнасці. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі дзеянне разглядаецца заканадаўствам як злачынства ці правапарушэнне (адм., цывільна-прававое, працоўнае). Ступень і характар грамадскай небяспекі злачынстваў пакладзены ў аснову іх класіфікацыі і ўлічваюцца пры вызначэнні віду і памеру пакарання. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне, Злачынства.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,

ператварэнне горнай пароды ў асобае самастойнае цела прыроды — глебу. Адбываецца ў выніку сукупнасці фіз., хім. і біял. з’яў, што працякаюць у верхнім слоі зямной кары (гл. Глебаўтваральныя фактары). Пачатковая стадыя глебаўтваральнага працэсу — мікрапрацэсы, або элементарныя глебавыя працэсы (ЭГП) 1-га парадку, звязаныя з жыццядзейнасцю ніжэйшых раслін. З цягам часу яны змяняюцца мезапрацэсамі, ці ЭГП 2-га парадку, якія фарміруюць глебавыя гарызонты (утварэнне гумусу, распад і пераўтварэнне мінералаў). Гарызонты ўтвараюць глебавы профіль, у якім працякаюць макрапрацэсы, цесна звязаныя з водным рэжымам. У фарміраванні глебы можа ўдзельнічаць адзін глебаўтваральны працэс або іх сукупнасць. Гасп. дзейнасць уплывае на глебаўтваральны працэс праз асушэнне, арашэнне, угнаенне і апрацоўку глеб. На Беларусі развіваюцца глебаўтваральныя працэсы: дзярновы, буразёмаўтварэнне, ападзольванне, лесіваж, глееўтварэнне, карбанатна- і жалезіста-саланчаковы.

Т.​А.​Раманава.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖУ́Р (ад франц. à jour на гэты дзень),

1) вядзенне бухгалтарскага ўліку, пры якім усе рахунковыя запісы зроблены ў дзень завяршэння гасп. аперацый; у больш шырокім сэнсе — калі ўлікова-выліч. работы выконваюцца ва ўстаноўленыя графікам тэрміны.

2) У ажуры (перан.) — у поўным парадку.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВІНАВА́ЧАНЫ,

асоба, прыцягнутая да крымін. адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку. Умовай прыцягнення асобы ў якасці абвінавачанага з’яўляецца наяўнасць дастатковых доказаў пра ўчыненне ёю злачынства. Прававое становішча абвінавачанага (працэсуальныя гарантыі, права на абарону і інш.) вызначаецца законам. Абвінавачаны, аддадзены пад суд, наз. падсудным.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧАЕ ВЯДЗЕ́ННЕ,

заключная стадыя цывільнага працэсу, у якой прымусова ажыццяўляюцца правы, пацверджаныя рашэннем суда. У Рэспубліцы Беларусь у парадку для выканання суд. рашэнняў выконваюцца таксама пастановы і рашэнні гасп. і трацейскіх судоў, выканаўчыя надпісы натарыяльных органаў і інш. Выканаўчае вядзенне ажыццяўляе судовы выканаўца.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРБАЛІ́ЧНЫ ПАРАБАЛО́ІД,

незамкнутая нецэнтральная паверхня 2-га парадку. Праз кожны пункт гіпербалічнага парабалоіда праходзяць 2 прамыя (прамалінейныя ўтваральныя), якія цалкам ляжаць на яго паверхні, г. зн. гіпербалічны парабалоід з’яўляецца лінейчастай паверхняй, утворанай дзвюма сем’ямі прамых. Гл. таксама Парабалоід.

Да арт. Гіпербалічны парабалоід.

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)