тыпы глеб, якія ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыяд. затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю (населенасцю жывымі істотамі), інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфал. профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, мех. складу, ступені агляення, колькасці гумусу П.г. падзяляюцца на поймавыя дзярновыя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і поймавыя тарфяна-балотныя глебы. Найб. пашыраны на Палессі. Большасць П.г. вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму (арашэнне, асушэнне). Выкарыстоўваюць пад сенажаці і пашы, радзей пад вырошчванне агародніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЯ́НКА,
1) лёгкі адна- або двухвёславы човен. Аснова — драўляны каркас, абцягнуты спец. апрацаванай бяростай. Здаўна бытавалі на Палессі, а таксама ў народаў Амурскага басейна (нанайцаў, ульчаў, эвенкаў).
2) Невялікая бочачка з вечкам для захоўвання мёду, круп, прыпраў і інш. прадуктаў у беларусаў. Рабілі з берасцянага скрутка, канцы якога замацоўвалі фігурным злучэннем у «замок». Сценкі берасцянкі аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі ці хваёвых лапак; трубачкай ці цвіком наносілі ланцужкі ўзораў з кружочкаў і кропак. У наш час выйшлі з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВАЛАВА́ННЕ,
сістэма загараджальных земляных валоў і дамбаў уздоўж берагоў рэк, вадасховішчаў, марскіх узбярэжжаў і інш. Ахоўвае тэр. ад затаплення ў час разводдзя, паводкі, ветравых нагонаў вады, прыліваў. Робяць і для забеспячэння ўстойлівага земляробства на поймавых землях, пры буд-ве польдэраў. На Бел.Палессі маштабныя работы па абвалаванні праведзены ў пойме Прыпяці.
Абвалаванне зямель для аховы ад паводак: 1 — дамба, што затапляецца; 2 — дамба, што не затапляецца; УВП — узровень веснавой паводкі; УЛ-АП — узровень летне-асенняй паводкі; УМВ — узровень межанных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЁПЫ,
бел. рытуальнае печыва. Пяклі з нагоды прылёту буслоў, дзень сустрэчы якіх прыпадаў на Дабравешчанне. Выпякалі галёпы з пшанічнай мукі ў выглядзе булачак або коржыкаў рознай формы; маглі імітаваць фігурку бусла, бусліную лапу, мець форму сахі, бараны і інш. Выяву часам выціскалі на печыве зверху. Пяклі галёпы напярэдадні або ў дзень Дабравешчання (калі забаранялася пячы хлеб) ці на наступны дзень. Агульнае прызначэнне галёпаў — сустрэча ці кліканне буслоў. Вядомы на Зах.Палессі, Гродзеншчыне, Піншчыне, на Навагрудчыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКЕ́ВІЧ (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 5.5.1934, в. Дулебы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працуе ў пейзажным і быт. жанрах. Творы вылучаюцца багаццем і насычанасцю колеравай гамы: «Возера» (1962), «Па родных прасторах» (1963), «Свята песні» (1969), «Азёрныя далі» (1970), «Юнацтва» (1971), «Вясна на Гомельшчыне» (1972), «На Палессі» (1976), «Пасля дажджу» (1977), «На Прыпяці» (1978), «Блакітны красавік», «Над роднымі прасторамі» (абодва 1980), «Лета» (1982), «Свята на нашай вуліцы» (1984), «Рэквіем» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НТУХ (Columna oenas),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі пералётны від; сустракаецца ўсюды, найб. на Палессі. Жыве пераважна ў старых лісцевых і мяшаных увільготненых лясах; чароды трапляюцца на лугах, палях, выганах.
Даўж. да 33 см, маса да 340 г. Апярэнне шаравата-шызае, шыя і валлё з метал. бляскам, дзюба белая або жаўтаватая. Корміцца насеннем травяністых раслін. Гняздуецца ў дуплах, зрэдку на галінах асіны, вольхі, дуба, ліпы, хвоі. Нясе 2 яйцы (двойчы за год).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАВЫЯ ПЯСКІ́,
масівы пяскоў у выглядзе вузкіх паралельных град, найчасцей арыентаваных у напрамку пераважных вятроў; адна з гал. формаў рэльефу пясчаных пустынь. Даўж. град да некалькіх дзесяткаў кіламетраў, шырыня да некалькіх соцень метраў, вышыня ад некалькіх да 80—200 м, адлегласць паміж грабянямі град да 4,5 км. Фарміруюцца віхравымі рухамі, якія ўзнікаюць у ветравых патоках, а таксама ў выніку нераўнамернага награвання схілаў рознай экспазіцыі. Пашыраны ў пустынях Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Аўстраліі, Афрыкі, на ўзбярэжжы Балтыйскага м., трапляюцца на Бел.Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТА́ЎКА,
у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада ў выглядзе адкрытага зверху і знізу ўсечанага конуса. Архаічны тып — плеценая з дубцоў, пазнейшы — сеткавая на драўляным каркасе (рабіўся з двух злучаных прутамі абручоў). Каркас абцягвалі адной густой і адной або дзвюма рэдкімі сеткамі. Н. рыбачылі ў зарослых травой і зеллем вадаёмах; невял. Н. лавілі ў брод, вял. — з лодкі. Н. вертыкальна апускалі на дно і як бы абгароджвалі ім рыбу. якую заганялі шастом або вяслом у сетку. Была пашырана на Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМНО́,
гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання снапоў, саломы, сена і апрацоўкі збажыны. Здаўна вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і інш. На Палессі гумно наз. клуняй, на Віцебшчыне і Пн Магілёўшчыны — токам, у зах. раёнах Беларусі — стадолай. Будавалі пераважна з бярвён, у плане былі прамавугольныя (найб. пашыраныя), квадратныя, шматвугольныя, са скразным праездам. Бярвёны не падганялі шчыльна адно да аднаго для натуральнай цыркуляцыі паветра. Асн. часткі гумна: ток (выбітая глінай пляцоўка, дзе малацілі) і адсекі па баках (для захоўвання снапоў, саломы, сена). Знадворку рабілі прыбудовы для мякіны. Былі 2 тыпаў: з сушнямі (асець ці еўня) і без іх. Пазней да гумна прыбудоўвалі манеж — конную малатарню. Стрэхі гумна былі высокія, 2-схільныя, вальмавыя, пірамідальныя каркаснай канструкцыі на сохах ці на кроквах, накрывалі іх саломай, чаротам, драніцамі, гонтай. Сял. гумны былі даўж. 7—23 м, шыр. 5,5—18,5 м, з 1 або 2 варотамі, у фальварках значна большыя, з 4—6 варотамі, 2—3 такамі. У гумне кантрастна спалучаліся нізкія сцены і высокі дах. У Зах.Палессі іх будавалі і зусім без сцен (высокая страха, пастаўленая на зямлю).
С.А.Сергачоў.
Гумно ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.Гумно ў вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮВІЯ́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,
нізінныя прасторы, якія ўтварыліся ў выніку акумуляцыйнай дзейнасці вял. рэк на месцы шырокіх і доўгіх паніжэнняў зямной паверхні [напр., Паданская раўніна (Італія), Вял. Кітайская раўніна]. Паверхня алювіяльных раўнін складаецца з шырокіх поймаў, фрагментаў рачных тэрас. На Беларусі найб. паніжаныя месцы (да 130 м над узр. м.) з амаль плоскім рэльефам заняты балотамі і забалочанымі ўчасткамі з пясчанымі дзюнамі (выдмамі). Значныя ч.Бел. Палесся (Гомельскае і Прыпяцкае Палессі) — фрагменты алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін, дзе на месцы Прыпяцкага прагіну намножыліся водна-ледавіковыя адклады, алювій Дняпра і яго прытокаў.