сістэма мерапрыемстваў па адборы, вырошчванні і ўводзе ў статак маладых жывёл. Праводзіцца з мэтай павелічэння статка, паляпшэння яго прадукцыйнасці, замены жывёл. Маладняк, які выкарыстоўваюць для Р.с., называюць рамонтным. Пры адборы рамонтнага маладняку ўлічваюцца пародныя і прадукц. якасці бацькоўскай пары, паказчыкі асабістага развіцця (хуткасць росту, устойлівасць да хвароб і інш.). У малочнай жывёлагадоўлі штогод для Р.с. пакідаюць не менш як 30% цялушак і праводзяць адбор пасля першага ацёлу. У свінагадоўлі штогод для Р.с. на адну асн. матку вырошчваюць адну рамонтную, якіх выбракоўваюць пасля першага апаросу. У авечкагадоўлі для папаўнення статка штогод пакідаюць 25—30% маладняку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАНО́ШАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця, што нарадзілася заўчасна (22—38 тыдняў цяжарнасці).
У Н.д. тонкая, у складкі скура, на твары маршчыністая, слаба развітыя пазногці, мяккія вушныя ракавіны (усяго больш за 50 прыкмет). Мае фізіял. асаблівасці — аслабленае дыханне. вяласць, санлівасць, зніжаны імунітэт, тэрмалабільнасць і інш., у выніку — схільнасць да захворванняў. У першыя гады жыцця можа адставаць у фіз. і псіх. развіцці ў залежнасці ад ступені неданошанасці. Вылучаюць групу глыбока Н.д. (500—1000), сярод якіх асабліва высокія паказчыкі захваральнасці і смяротнасці. Выходжванне Н.д. ажыццяўляецца ў мед. апаратах (кувезах) у спец. установах. Мерапрыемствы па прафілактыцы праводзяцца ў дародавы перыяд (антэнатальная ахова плода). Гл. таксама Невыношванне цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛЬКО́ (Уладзімір Антонавіч) (н. 30.7.1922, в. Падарэссе Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гаспадарчы і дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1976). У 1950—92 старшыня калгаса «Аснежыцкі» Пінскага р-на. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1959—63, дэп., нам. Старшыні Вярх. Савета БССР у 1985—90. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1966—70 і 1974—89. Пад яго кіраўніцтвам у калгасе «Аснежыцкі» дасягнуты высокія паказчыкі ў развіцці земляробства і жывёлагадоўлі, шырока выкарыстоўваліся інтэнсіўныя тэхналогіі, прагрэс. метады гаспадарання і кіравання.
Тв.:
Всего достигнешь, если любишь труд. Мн., 1966;
Оснежицкий поиск. Мн., 1979.
Літ.:
Владимир Ралько / Авт. текста С.В.Бородовский. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БІЯХІ́МІЯ,
раздзел біяхіміі, які вывучае змены абмену рэчываў, што ўзнікаюць у арганізме ў выніку дзеяння на яго іанізавальнага выпрамянення. Цесна звязана з радыебіялогіяй. Асн. задача Р.б. — высвятленне механізмаў узнікнення асаблівасцей цячэння метабалічнай рэакцыі арганізма ў адказ на апрамяненне на малекулярным, субклетачным, клетачным, аргана-тканкавым, арганізмавым узроўнях. На Беларусі Р.б. развіваецца з канца 1950-х г. Даследаванні праводзяцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі Нац.АН, БДУ, Віцебскім мед. ін-це і інш. Уклад у Р.б. зрабілі А.Ц.Пікулеў, Л.С.Чаркасава, Т.М.Міронава, В.Г. і К.В. Фамічэнкі і інш. Вывучаліся дзеянні лятальных доз рэнтгенаўскіх і гама-прамянёў на бялковы і вугляводны абмен у функцыянальна важных тканках жывёльнага арганізма, малых доз вострага, фракцыянаванага і хранічнага апрамянення на паказчыкі абмену рэчываў (прыярытэт бел. школы біяхімікаў), складаных бялковых біяпалімераў, амінакіслот, ферментаў вугляводна-энергет. нуклеінавага абмену, дзеянне адносна невял. доз нейтронаў прамежкавых энергій на абмен рэчываў. Пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986) арганізаваны Ін-т радыебіялогіі Нац.АН Беларусі, Н.-д. клінічны ін-т радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Даследуюцца эфекты малых доз радыяцыі на гарманальны статус арганізма (гармоны шчытападобнай, падстраўнікавай і палавых залоз), фосфарна-кальцыевы абмен, метабалізм вугляводаў, імуналагічныя паказчыкі (Я.Ф.Канапля, Г.Р.Гацко, І.М.Багель і інш.).
Літ.:
Ионизирующее излучение и обмен веществ. Мн., 1962;
Фамічэнка К.В., Петрусенка Г.П. Сістэма нуклеаз у тканках пасля адрэналэктаміі і рэнтгенаўскага апраменьвання // Весці АНБССР. Сер. біял.навук. 1985. № 5;
Основные итоги выполнения научного раздела Гос. программы РБ по минимизации и преодолению последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС на 1996—2000 гг. за 1996 г.Мн. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ СМЯРО́ТНАСЦЬ,
смяротнасць дзяцей да 1 года на 1 тыс. жыванароджаных; адзін з найважнейшых паказчыкаў стану здароўя насельніцтва. Узровень Дз.с. бывае нізкі (да 30%), сярэдні (30—50%) і высокі (больш як 50%). Найб. паказчык Дз.с. — першыя 27 дзён — неанатальная смяротнасць (ранняя — першы тыдзень жыцця і позняя — 8—27 дзён), у наступныя 11 месяцаў — постнеанатальная Дз.с. Перынатальная Дз.с. — мёртванароджаныя, ці Дз.с. у першыя 7 сутак (паказчыкі: да 10—15 % — нізкі, 15—25 — сярэдні, больш як 25% — высокі). Перынатальную Дз.с. падзяляюць на антэнатальную (да родаў), інтранатальную (пры родах) і постнатальную (першы тыдзень). Асн. прычына перынатальнай Дз.с. ў апошнія дзесяцігоддзі — асфіксія, расстройствы дыхання. прыроджаныя анамаліі развіцця. Розніца ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці вызначае паказчык натуральнага прыросту насельніцтва. На Беларусі Дз.с. складае 12,5% (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНГЕ́РСКАЯ МО́ВА,
адна з фіна-угорскіх моў (угорская галіна). Пашырана ў Венгрыі (афіцыйная мова), а таксама ў сумежных абласцях былой Югаславіі, Аўстрыі, Чэхіі і Славакіі, Румыніі, Украіны (Закарпацкая вобл.). Мае 8 дыялектаў (зах., паўн.-зах., задунайскі, альфёльдскі, дунайціскі, паўд.-ўсх., трансільванскі, сякейскі), якія нязначна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Асн. фанетычныя рысы: супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных і зычных, гармонія галосных, націск на першым складзе. Грамат. лад аглюцінатыўны: паказчыкі ліку, часу, ладу, ступені параўнання далучаюцца да асновы, за імі — афіксы асобы і склону. Назоўнікі скланяюцца (больш за 20 склонаў), грамат. роду няма. У словаўтварэнні шырока выкарыстоўваецца суфіксацыя і словаскладанне. Першыя пісьмовыя помнікі з’явіліся каля 1200. Літ. мова пачала фарміравацца ў 16 ст. (асабліва інтэнсіўнае развіццё з канца 18 ст.). Пісьменства на аснове лацініцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РАпаветра,
тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г. культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °C — ад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́НДСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Малочнага кірунку. Выведзена ў Нідэрландах у выніку працяглага паляпшэння мясц. жывёлы шляхам інбрыдзінгу і селекцыйнага адбору. Атрымала сусв. прызнанне за высокія паказчыкі малочнай і мясной прадукцыйнасці, прыстасаванасці да розных прыродна-клімат. і тэхнал. умоў. Гадуюць у многіх краінах Еўропы, дзе створаны роднасныя ёй пароды (найлепшая — галштына-фрызская жывёла ў ЗША; сярэднегадавы надой да 10 т малака). На Беларусі быкоў-вытворнікаў галандскай пароды выкарыстоўваюць у скрыжаваннях для паляпшэння гасп. якасцей і экстэр’еру чорна-пярэстай пароды.
Жывёла з моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным тулавам, добра развітой мускулатурай і вымем. Масць чорна-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 33—45 кг, дарослых кароў 550—600 і быкоў 800—1000 кг. Надой кароў за лактацыю складае 5700—6000 кг малака (4—4,2% тлушчу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ,
хімічныя, фізіка-хім., мінералагічныя паказчыкі працэсаў і пэўных геахім. умоў. Ролю геахімічных індыкатараў могуць выконваць канцэнтрацыі хім. элементаў, іх асацыяцыі, велічыні суадносін і рады рухомасці элементаў, формы прысутнасці хім. элементаў у прыродных аб’ектах, геахім. фацыі, тыпы прадуктаў выветрывання і седыментацыі, канцэнтрацыі і суадносіны тэрыгенных і аўтагенных мінералаў, геахім. асаблівасці асобных мінералаў і інш. Выкарыстоўваюць геахімічныя індыкатары пры разведцы карысных выкапняў, вывучэнні геахім. працэсаў, біягеахім. анамалій, пры вызначэнні і распрацоўцы мерапрыемстваў па ахове прыроды на вызначанай тэрыторыі. На Беларусі з дапамогай геахімічных індыкатараў вывучаюць, напр., геахім. анамаліі, умовы і працэсы ўтварэння лёсаў, палеагеагр. ўмовы фарміравання тэрас Прыпяці, характар палеапатокаў у раннім плейстацэне. Вылучаны геахім. межы неаген-антрапагену, раскрыты ўмовы фарміравання Стаўбцоўскай геахім. анамаліі і інш.
Літ.:
Лукашев В.К. Геохимические индикаторы процессов гипергенеза и осадкообразования. Мн., 1972.