МАРША́ЛАВЫ АСТРАВЫ́ (Marshall Islands), Рэспубліка Маршалавы Астравы (Republic of the Marshall Islands),
дзяржава на аднайм. астравах у Ціхім ак., на Пн ад экватара. Пл. 181 км². Hac. 63 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — маршальская і англійская. Сталіца — г. Маджура (Далап-Уліга-Дарыт) на аднайм. атоле. Падзяляецца на 25 раёнаў. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1 мая).
Дзяржаўны лад. М.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пытанні абароны і знешняй палітыкі належаць да прэрагатывы ЗША. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам са свайго складу на 4 гады. Заканад. ўлада ў лакальных справах належыць парламенту (33 дэпутаты), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады.
Прырода. Налічваецца 34 атолы, якія аб’ядноўваюць 1150 дробных нізінных каралавых астраўкоў і рыфаў; падзяляюцца на 2 групы — Ралік (на З, 18 атолаў), Радак (на У, 16 атолаў). Астравы працягнуліся з Пн на Пд і з З на У на 1500 км, раскіданы ў цэнтр. частцы Ціхага ак. на пл. больш за 2 млн.км². Макс. вышыні не перавышаюць 5 м. У склад астравоў уваходзіць адзін з найб. атолаў у свеце — Кваджалейн (пл. сушы 16,4 км², пл.ўнутр. лагуны 1683 км²). Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. На Пн выпадае 1500—2000 мм ападкаў (максімум у ліп.—ліст.), на Пд — да 4500 мм. На Пн бываюць засушлівыя перыяды, на Пд у ліп.—снеж. здараюцца трапічныя цыклоны. Рэк і ручаёў няма. Пераважае культурная расліннасць, гаі какосавых пальмаў. Берагі ўнутр. лагун атолаў акаймаваны мангравымі зараснікамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы-маршальцы складаюць 92%. Жывуць таксама амерыканцы, палінезійцы, кітайцы і інш. Вернікі пераважна пратэстанты (90%) і католікі. Сярэднегадавы прырост 3,8%. Сярэдняя шчыльн. 348 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва засяроджана на в-ве Маджура (пл. 30 км²), дзе знаходзіцца адзіны г. Маджура (каля 30 тыс.ж.). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. Першыя еўрапейцы з’явіліся на М.А. у 1529 (ісп. экспедыцыя А.Сааведры), у 1788 даследаваны англічанінам Дж.Маршалам (адсюль назва). У 1855 афіцыйна перададзены Іспаніі, якая пасля іспана-амерыканскай вайны 1898 прадала іх Германіі. У 1914 астравы акупіравала Японія, якая ў 1920 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне імі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1945 ЗША. З 1947 паводле рашэння Савета Бяспекі ААН падапечныя тэр. ЗША (у складзе падапечнай тэр. Ціхаакіянскія астравы). З 1979 Рэспубліка М.А. З 1983 «свабодная асацыіраваная» з ЗША тэрыторыя. У 1986 спынена апекаванне ЗША, астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне. З 1991 член ААН.
Гаспадарка. М.А. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол.за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Асн. таварная культура — какосавая пальма. Копра з яе пладоў ідзе на продаж. Невял. таварнае значэнне мае вырошчванне агародніны, фруктаў (цытрусавых, папайі, манга, ананасаў), чорнага перцу. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства. Большасць прамысл. прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Перапрацоўка копры, мылаварная ф-ка, вытв-сць алею з какосавых арэхаў. Ёсць рыбакансервавыя прадпрыемствы, лесапільні і верфі па буд-ве невял. суднаў і лодак. Невял. здабыча фасфарытаў на атоле Аілінглапалап. Вытв-сць электраэнергіі — 80 млн.кВт∙гадз. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Большасць валютных паступленняў ад замежнага турызму. Турыстаў (пераважна з ЗША і Японіі) сюды прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. Транспарт пераважна марскі і авіяцыйны. На астравах 23 аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Горад і порт Маджура звязаны рэгулярнымі авіярэйсамі з Гавайскімі а-вамі і в-ам Гуам. Штогадовы экспарт каля 20 млн.дол., імпарт — каля 70 млн. долараў. У экспарце пераважаюць какосавы алей, копра, рыбныя кансервы, каралы, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры ЗША і Японія.
Дадатковай крыніцай даходу з’яўляецца рэгістрацыя гандл. суднаў замежных краін (з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў заканадаўства), выпуск паштовых марак. М.А. атрымліваюць фін. дапамогу, а таксама плату за арэнду ваенных і навук. аб’ектаў, у т. л. станцыі назірання за запускам штучных спадарожнікаў і ракет, ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru), Рэспубліка Науру (Republic of Nauru),
дзяржава ў паўд.-зах.ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс.чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).
Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.
Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр.ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.
31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.
Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс.дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн.т (у 1970—80) да 285 тыс.т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн.кВт∙гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс.т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн.дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Comores), Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы (франц. République Fédérale et Islamique des Comores, араб. Джумхурыя аль-Кумур аль-Ітадыя аль-Ісламія),
дзяржава на З астравах з групы Каморскіх а-воў у Індыйскім ак. каля паўн. ўвахода ў Мазамбікскі праліў. Складаецца з 3 федэральных акруг. Пл. 1862 км². Нас. 589,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г. Мароні (в-аў Нгазіджа). Афіц. мовы — французская і арабская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.А. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. орган — Федэральная асамблея (38 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якіх назначае прэзідэнт. Мясц. органы ўлады — губернатары астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і саветы астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады).
Прырода. А-вы Нгазіджа (Гранд-Камор, пл. 1146 км²), Нджуані (Анжуан, пл. 424 км²) і Мвалі (Махелі, пл. 290 км²) вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, трахітаў, фаналітаў, абкружаны каралавымі рыфамі. Цэнтр.ч. кожнага вострава занята слабарасчлянёным горным вулканічным масівам, на ўзбярэжжах — невял. нізіны. Шмат дзеючых вулканаў. Вышэйшы вулкан Картала (2560 м) на в-ве Нгазіджа апошні раз вывяргаўся ў 1977. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны мусонны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра вагаюцца ад 24 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1100 мм у цэнтр. частцы а-воў да 3000 мм на наветраных схілах. Порыстыя вулканічныя грунты і глебы прапускаюць ваду; рэк і ручаёў няма. Ёсць некалькі невял. прэсных азёр у кратэрах нядзеючых вулканаў. У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. У верхніх частках схілаў — трапічныя лясы з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі, ніжэй — участкі саваннаў і хмызнякі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Больш за 75% складае народ анталаутра (каморцы) — змешаная этнічная група нашчадкаў малагасійцаў, арабаў і афрыканцаў. Ёсць нядаўнія выхадцы з Афрыкі і Мадагаскара (па 5%), арабы з Амана і Йемена (7%), выхадцы з Індыі (3%), малайцы (2%), еўрапейцы (пераважна французы, грэкі, італьянцы) і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Сярэдняя шчыльн. 317 чал. на 1 км², на в-ве Нгазіджа больш за 400 чад., на в-ве Мвалі каля 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 31% насельніцтва, у г. Мароні 30 тыс.ж. (1992). Каля 80% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. Ісламізаваны з 11 ст. У 1503 адкрыты партугальцамі. З сярэдзіны 19 ст. — уладанне Францыі (з 1843 — в-аў Маёта. з 1866 — астатнія астравы), з 1886 пратэктарат, з 1912 калонія (у 1914—16 адміністрацыйна падпарадкавана Мадагаскару). У 1947 атрымалі адм. аўтаномію (статус «заморскай тэр.» Францыі), пацверджаную на рэферэндуме 1958, у 1962 — шырокую ўнутр. аўтаномію. На рэферэндуме 1974 жыхары архіпелага (за выключэннем в-ва Маёта, дзе пражывае хрысц. насельніцтва) выказаліся за незалежнасць (абвешчана 6.7.1975). Прэзідэнтам стаў А.Абдала. У 1976 незалежнасць К.А. прызнала Францыя (Маёта па выніках рэферэндуму 1976 засталася ў яе ўладанні). У 1976—78 улада ў краіне належала Ваен.-паліт. дырэкторыі. У 1978 у выніку дзярж. перавароту прэзідэнтам зноў стаў Абдала; прынята новая канстытуцыя, абвешчана Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У ліст. 1989 прэзідэнт Абдала забіты. Кіраўніком дзяржавы ў сак. 1990 выбраны С.М.Джахар. У вер. 1995 пасля спробы дзярж. перавароту, зробленай замежнымі наёмнікамі, Джахар пакінуў пасаду. У кастр. 1996 на архіпелаг уведзены франц. войскі, якія прымусілі кіраўнікоў перавароту здацца. У сак. 1997 прэзідэнтам выбраны М.Такі Абдул-Карым. К.А. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць партыі Каморскі саюз за прагрэс, Нац. саюз за дэмакратыю на Каморах, апазіцыйная Форум занац. вызваленне і інш.
Гаспадарка. К.А. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт у 1994 склаў 370 млн.дол. ЗША. Доля ў ім сельскай і лясной гаспадаркі, рыбалоўства каля 40%, прам-сці каля 4%. На 1 чал. ў год прыпадае каля 630 дол. ЗША. Асн. галіна — земляробства, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур. Апрацоўваецца каля 42% тэрыторыі, пад пашай і лугамі каля 7%. Гал. культуры: эфіраалейныя (цытранэла, іланг-іланг, лімонная мята, базілік, язмін і інш.) — збор каля 50—100 т у год, ваніль — каля 1000 т, гваздзіка — каля 1200 т. Па зборы гэтых культур краіна займае 1—2-е месца ў свеце. Вырошчваюць какосавую пальму (каля 60 тыс.т какосавых арэхаў штогод), бананы, каву, какаву, цукр. трыснёг, сізаль, ананасы. 3 харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, ямс, кукуруза, батат, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 50 тыс. галоў), коз (каля 60 тыс. галоў), авечак, аслоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы і морапрадуктаў штогод). Нарыхтоўка драўніны. Вытв-сць электраэнергіі 17 млн.кВт∙гадз (1995). Здабыча вулканічнага туфу (пуцалану) і выраб цэменту (в-аў Нгазіджа). Прадпрыемствы: тэкст., мылаварныя, дрэваапр., па вытв-сці безалкагольных напіткаў, быт. і харч. тавараў, эфірных алеяў, экстрактаў з ванілі, язміну і інш. Развіты разнастайныя саматужныя рамёствы, асабліва ганчарства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Гал. порт — Мароні, паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт — 13,7 млн.дол., імпарт — 40,9 млн.дол. (1993). Дэфіцыт часткова кампенсуецца дапамогай міжнар. арг-цый, араб. нафтаздабыўных краін, Францыі, паступленнямі ад каморцаў, што працуюць за мяжой. У экспарце пераважаюць ваніль. гваздзіка, эсенцыя іланг-ілангу, копра, у імпарце — нафтапрадукты, харч. тавары, машыны і абсталяванне. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Германія, Кітай. Грашовая адзінка — каморскі франк.
І.Я.Афнагем (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Каморскіх Астравоў.Да арт.Каморскія астравы. Возера ў кратэры вулкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
У 1990—2000-я г.фінансаванне аховы здароўя Беларусі ажыццяўлялася з бюджэту (1996—5,5% валавога ўнутранага прадукту, 2000—3,7%, 2003—4,8%). У 1997 уведзена добраахвотнае мед. страхаванне, платныя паслугі (у 2003 склалі 5,8% бюджэту). З 2002 ахова здароўя фінансуецца ў разліку на 1 жыхара (у 2002—112,8, у 2003—159,3 тыс.руб.). Капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя мед. устаноў фінансуецца з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (і пад яго кантролем), зацверджана дзярж. праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы аховы здароўя (2002). Распрацаваны і рэалізуюцца дзярж. праграмы: «Здароўе народа» на 1999—2005; «Дзеці Беларусі» на 2001—05; развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі на 2003—07; па прадухіленні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў на 2001—05; па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010; «Цукровы дыябет» на 2004—08; развіцця спецыялізаванай мед. дапамогі на 2004—07 і інш. У 1990-я г. стан здароўя насельніцтва Беларусі пагоршыўся: узровень першаснай захваральнасці вырас на 13,1%, агульнай — на 23,9%. Сярод прычын смерці першае месца займаюць хваробы сістэмы кровазвароту (54%), 2-е — новаўтварэнні (13,2%), 3-е — траўмы і атручэнні (11,7%). Да 1998 адзначаўся рост захварэлых на актыўныя формы туберкулёзу (54,9 на 100 тыс. насельніцтва), да 2002 ён знізіўся да 45 на 100 тыс. насельніцтва. Адзначаецца таксама зніжэнне ўзроўню захваральнасці на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам.
Працягваецца працэс рэфармавання падрыхтоўкі мед. кадраў. Адкрыты новыя факультэты ў мед. ін-тах: сястрынскі (1991) і медыка-псіхалагічны (1993) у Гродзенскім; ваенна-мед. (1995) у Мінскім; урачоў-лабарантаў (1997) у Гомельскім. У 1992 у Мінскім мед. ін-це сан.-гігіенічны факультэт пераўтвораны ў медыка-прафілактычны. Пры Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізаваны факультэт сац. медыцыны, арганізацыі і кіравання аховай здароўя; у Віцебскім мед. ун-це — удасканалення ўрачоў; у акадэміі МУС — падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі судова-мед. экспертаў. Мед. ін-ты Беларусі прайшлі акрэдытаванне на статус універсітэтаў (Віцебскі, 1998; Гродзенскі, 1999; Мінскі, 2000; Гомельскі, 2003). Бел.ін-т удасканалення ўрачоў атрымаў статус акадэміі (2000).
На грамадскіх пачатках створана Бел. акадэмія мед. навук (1997, прэзідэнт І.М.Грышын). У 2002 падрыхтавана 1246 урачоў, 5017 фельчараў і акушэрак, мед. сясцёр, лабарантаў, памочнікаў сан. урачоў і фармацэўтаў; ва ўсіх ведамствах працавала 44 812 урачоў (45,3 на 10 тыс. насельніцтва; гл.табл. 1). З 1991 фарміруюцца мед. ўстановы прыватнай формы ўласнасці. У 2002 дзейнічалі 224 амбулаторна-паліклінічныя ўстановы, разлічаныя на 3787 наведванняў за змену, у іх працавалі 1261 урач, у т. л. 733 сумяшчальнікаў (без зубных урачоў), 781 сярэдні мед. работнік (разам з зубнымі ўрачамі), у т. л. 164 сумяшчальнікі. Колькасць наведванняў да ўрачоў розных спецыяльнасцей склала 642 829, да стаматолагаў — 297 002.
Навукова-практычныя і тэарэт. пытанні аховы здароўя і медыцыны распрацоўваюць, акрамя мед. ун-таў і Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, 9 НДІ і 5 Рэсп. навукова-практ. цэнтраў Мін-ва аховы здароўя. У сістэме аховы здароўя ў 2003 працавалі 345 дактароў і 1253 канд.мед.навук. Вучоныя мед.НДІ у 1990—2003 распрацоўвалі і вырашалі актуальныя праблемы: кардыялогіі (метады ранняй дыягностыкі і лячэння ішэмічнай хваробы сэрца, біякіравальная тэрапія з выкарыстаннем электронікі і матэм. метадаў, стварэнне пратэзаў клапана сэрца, аперацыі аортакаранарнага шунціравання і інш.); пульманалогіі, неўралогіі; педыятрыі (лячэнне неанатальнай паталогіі, дыскрэтна-хвалевая тэорыя родавай дзейнасці і інш.); хірургіі (напр., метады рэплантацыі ампутаваных канечнасцей з выкарыстаннем мікрахірургічнай тэхнікі); дзіцячай хірургіі (напр., метады хірургічнага лячэння прыроджаных анамалій мочапалавых органаў); траўматалогіі і артапедыі; нейрахірургіі (напр., хірургічнае і камбінаванае лячэнне мазгавых інсультаў); уралогіі (ураанкалогія, метады лячэння пухлін мачавога пузыра і нырак з дапамогай гіпертэрміі); анкалогіі (пухлінныя маркёры і фотадынамічная тэорыя раку, ранняя дыягностыка і хірургічнае комплекснае лячэнне раку шчытападобнай залозы). Вывучаліся таксама пытанні афтальмалогіі (мікрахірургія вока на аснове лазернай тэхнікі, мадыфікацыя трансплантацыі рагавіцы і інш.); атарыналарынгалогіі, стаматалогіі, гематалогіі (аперацыі па перасадцы касцявога мозга); мед. генетыкі (скрынінг на заганы развіцця і храмасомныя захворванні плода, праграма да- і пасляродавай ДНК-дыягностыкі спадчынных захворванняў і інш.).
Больш за 20 навук. устаноў нац.АН Беларусі на пач. 21 ст. распрацоўваюць праблемы, звязаныя з патрэбамі практычнай аховы здароўя. У 2004 у мед. навуцы працуюць 358 дактароў мед. навук, 1294 кандыдаты мед. навук, у практычнай медыцыне каля 200 кандыдатаў мед.навук. Колькасць аспірантаў па мед. спецыяльнасцях з 1990 па 2002 вырасла ў 2,5 раза. З мэтай узмацнення каардынацыі навук. даследаванняў у галіне медыцыны ў 1995 на Беларусі на базе Нац.АН Беларусі створана Аддзяленне медыка-біялагічных навук, рэарганізаванае ў 2003 у Аддзяленне мед.навук. Створана таксама секцыя мед. навук Савета па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў пры Нац.АН Беларусі. Прыярытэтныя кірункі навук. даследаванняў: механізмы рэгуляцыі фізіялагічных функцый у норме і паталогіі, тэарэт. асновы кіравання кампенсаторна-аднаўленчымі працэсамі, этыялогія і малекулярныя асновы ўзнікнення паталагічных станаў чалавека, стварэнне новых лячэбных і дыягнастычных тэхналогій, дзеянне фактараў сучасных экасістэм і спосабу жыцця на фізіялагічны статус і здароўе чалавека, заканамернасці ўздзеяння на арганізм малых доз іанізавальных выпрамяненняў, радыеэкалогія чалавека. Прыярытэтныя кірункі ў стварэнні і развіцці высокіх тэхналогій, перспектыўных вытворчасцей, якія маюць дачыненне да медыцыны: хімічны і біялагічны сінтэз фармацэўтычных сродкаў, біялагічна актыўных злучэнняў і харчовых дабавак і інш.За перыяд з 1945 па 1985 лаўрэатамі Дзярж. прэміі СССР сталі 9 бел. вучоных-медыкаў, Дзярж. прэміі Беларусі — больш за 90. Выдаюцца часопісы «Здравоохранение», «Вопросы организации и информатизации», «Медицина», «Врачебный вестник», газета «Медицинский вестник».
Лячэбна-прафілактычная дапамога ў 1990-я г. ўдасканальвалася шляхам пераважнага развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі, увядзення інстытута ўрача агульнай практыкі, падтрымкі спецыялізаванай урачэбнай дапамогі, забеспячэння рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду і рэсурсаў, развіцця новых арганізацыйных форм стацыянарнай і амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, стварэння 4-узроўневай сістэмы лячэбна-прафілактычнага абслугоўвання, скарачэння сеткі ўчастковых бальніц і фельчарска-акушэрскіх пунктаў на вёсцы, адкрыцця амбулаторый і фарміравання ўрачэбных акруг у сельскай мясцовасці. Сучасная сетка лячэбна-прафілактычных устаноў Беларусі забяспечвае даступную мед. дапамогу (гл.табл. 2). Захавалася тэндэнцыя росту колькасці самаст. паліклінік і амбулаторый (на 31,4%; у т. л. ў сельскай мясцовасці на 31%), вырасла магутнасць амбулаторна-паліклінічных устаноў (на 22,4%), павялічылася колькасць стаматалагічных паліклінік (на 21,8%). Захавана ведамасная медыцына (чыгуначная, грамадзянскай авіяцыі і інш.). У сельскай мясцовасці павялічылася колькасць амбулаторый, што дало магчымасць знізіць звяртанне да спецыялістаў да 30%, выклік хуткай дапамогі па месцы жыхарства да 50%, шпіталізацыю на 20%. Для рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду за кошт закрыцця ўчастковых бальніц зменшылася колькасць ложкаў у бальніцах на 13,9% павялічылася занятасць і абарот ложкаў, пашыраецца адкрыццё дзённых стацыянараў у паліклініках. Далейшае развіццё атрымала спецыялізаваная ўрачэбная дапамога. За апошнія 10 гадоў колькасць лячэбна-прафілактычных устаноў, якія маюць гастраэнтэралагічныя аддзяленні (кабінеты), вырасла ў 2,2 раза, пульманалагічныя — у 1,6, эндакрыналагічныя — у 1,2, гемадыялізу і мед. рэабілітацыі — у 2 разы. У 1993 адкрыты першыя аддзяленні і бальніца сястрынскага догляду, у 1994 — хоспіс у Мінску. Сфарміравана герыятрычная служба (1996). Адкрыты спелеалячэбніца (1997), аддзяленне сардэчна-сасудзістай хірургіі (1998, Гомель), аперацыйна-рэанімацыйны модуль (2000, Мінск); навукова-практычныя цэнтры: «Дыябетычная ступня» (1997), лазернай тэрапіі ў афтальмалогіі (1997), вострай нырачнай недастатковасці (1999), прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў (2000).
З 1990-х г. развіваецца служба мед. рэабілітацыі. Укараняюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння: лапараскапічныя, відэаторакаскапічныя; артраскапія і эндапратэзаванне, дыстанцыйная літатрыпсія, аперацыі на сэрцы і сасудах і інш. У краіну паступіла 8 камп’ютэрных тамографаў, 3 устаноўкі ядзерна-магнітнага рэзанансу, 5 гамакамер.
З мэтай прадухілення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ажыццяўлялася дзярж. праграма мінімізацыі наступстваў аварыі, арганізаваны спецдыспансерызацыя і санаторнае аздараўленне дзяцей з забруджаных тэрыторый. Наладжаны санітарна-радыяцыйны кантроль і маніторынг. Адкрыты філіял НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі ў Віцебску. У Магілёве такі філіял рэарганізаваны ў 1996 у Бел.НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі, адкрыты дыспансер радыяцыйнай медыцыны. У 2003 у Гомелі пабудаваны цэнтр радыяцыйнай медыцыны, а Мінскі НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі і яго філіялы ў Віцебску і Магілёве пераведзены ў Гомель, дзе створаны Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. За 1996—2000 на праграму ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС выдзелена 30 млрд. долараў, мед. назіраннем ахоплена 99% пацярпелых.
Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак сучаснай медыцыны Беларусі. Створана дзярж. сістэма аховы мацярынства і дзяцінства з шырокай сеткай жаночых і дзіцячых устаноў, прыняты заканадаўчыя акты і нац. праграмы па прафілактыцы генетычных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці-сіроты», «Дзеці Беларусі» (2000), па развіцці сац. абслугоўвання сям’і і дзяцей, індустрыі дзіцячага харчавання і інш. Аказваецца сацыяльная падтрымка маці і дзіцяці: дапамога цяжарным пры своечасовым (да 12 тыдняў) звяртанні да ўрача, бясплатная лекавая дапамога дзецям ва ўзросце да 6 і дзецям да 15 гадоў, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, дзецям-інвалідам. У мнагадзетных і малазабяспечаных сем’ях дзецям да 2 гадоў прадастаўляецца бясплатнае харчаванне і інш. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, сочаць за ўзроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, выкананнем патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленнем ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, ажыццяўляюць дыспансерызацыю дзяцей і падлеткаў, накіраванне іх на абследаванне і лячэнне і інш. Стацыянарную дапамогу дзецям у 1990-я г. аказвалі 24 дзіцячыя бальніцы агульнага профілю. Укаранёны перынатальная дыягностыка прыроджаных заган развіцця (1991), мед. назіранне вучняў паводле прынцыпу адзінага педыятра (1993), 3-узроўневая сістэма перынатальнай дапамогі (1997). Падлеткавая служба перайшла ў сістэму педыятрыі. Адкрыты спецыялізаваныя мед. ўстановы: цэнтры планавання сям’і і рэпрадукцыі з метадам экстракарпаральнага апладнення (1995), гемадыялізу для дзяцей, мамалагічны, цэнтры развіцця дзяцей (усе ў 1996). Разгорнута 6245 ложкаў для цяжарных і парадзіх (з улікам радзільных дамоў і радзільных аддзяленняў). Для дзяцей, хворых на туберкулёз, у Мінску, Гомельскай і Магілёўскай абласцях адкрыты лячэбныя аддзяленні. Санаторна-курортнае лячэнне праводзіцца ў 19 дзіцячых санаторыях (2600 ложкаў).
На пач. 2003 г. амбулаторна-паліклінічную дапамогу дзецям аказвала 381 дзіцячая паліклініка. Спецыялізаваную мед. дапамогу дзецям аказвалі дзіцячыя хірургі, стаматолагі, неўрапатолагі, афтальмолагі, псіхіятры, санітарныя ўрачы па гігіене дзяцей і падлеткаў, спецыялісты-генетыкі, отарыналарынголагі і інш. У сувязі са змяншэннем дзіцячага насельніцтва колькасць пасад участковых педыятраў зменшылася з 2191 у 1990 да 1983 у 2002, а колькасць дзяцей на ўчастку з 73 5 да 604. У 2002 працавалі 311 жаночых кансультацый, акушэрска-гінекалагічных аддзяленняў і кабінетаў, 10 кансультацый «Шлюб і сям’я», 6 кабінетаў па мед. генетыцы, колькасць акушэраў-гінеколагаў павялічылася з 2080 у 1990 да 2517 у 2002.
Санітарна-проціэпідэмічную дапамогу насельніцтву Беларусі ў 1990-я г. забяспечвалі Аддзел гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мін-ва аховы здароўя, Рэсп. цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, 6 абл., 144 гар., раённыя і ведамасныя цэнтры, Мінская і Гомельская дэзінфекцыйныя станцыі. З 1992 у 9 гарадах краіны ажыццяўляецца маніторынг здароўя насельніцтва ў сувязі са станам навакольнага асяроддзя. У Мінску, Віцебску, Гродне адкрыты кансультацыйныя цэнтры (хранічных вірусных гепатытаў, нейраінфекцый і інш.). Праблемамі ўмацавання здароўя і фарміравання здаровага ладу жыцця ў 1990-я г. займаліся цэнтры здароўя (у 2002 рэарганізаваны ў аддзяленні цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). З 1998 працуюць рэсп. і абл. цэнтры СНІДу (у 2002 аб’яднаны з цэнтрамі гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). Санітарна-проціэпідэміялагічная служба Беларусі дзейнічае ў адпаведнасці з законам «Аб санітарна-эпідэміялагічным забеспячэнні насельніцтва» (2003) і ажыццяўляе дзярж. нагляд (ахову навакольнага асяроддзя, аздараўленне ўмоў працы, быту і адпачынку), арганізацыю і правядзенне санаторна-аздараўленчых і проціэпідэмічных мерапрыемстваў, а таксама па папярэджанні і ліквідацыі інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. Навукова-даследчае і метадычнае кіраўніцтва, распрацоўку санітарных норм і правіл ажыццяўляюць НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мін-ва аховы здароўя і навукова-практычны цэнтр гігіены, 10 кафедраў мед. ун-таў і Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі.
Санаторна-курортную дапамогу насельніцтву Беларусі аказваюць санаторыі Мін-ва аховы здароўя, санаторныя аб’яднанні «Белпрафсаюзкурорт», «Белаграздраўніца», «Брэстаграздраўніца», санаторыі і санаторыі-прафілакторыі мін-ваў і ведамстваў (гл.табл. 3). З 1997 існуе дзярж. сістэма арганізацыі санаторна-курортнай дапамогі. Створаны Рэсп. цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Работу па санаторна-курортнай дапамозе каардынуе Рэсп. міжведамасны савет па пытаннях аздараўлення і санаторна-куротнага лячэння. На Беларусі функцыянуе 13 санаторных аддзяленняў мед. рэабілітацыі на 535 ложкаў (2004).
Аптэчнай справай кіруе рэсп. унітарнае прадпрыемства «Фармацыя» (мае 6 аптэчных складоў). У 1996 створаны дзярж. канцэрн «Белбіяфарм», які ўзначальвае работу прадпрыемстваў фармацэўтычнай прамысловасці (5 заводаў і 4 прадпрыемствы розных форм уласнасці, якія выпускаюць 381 найменне лекавых сродкаў). Фармацэўтычную прадукцыю вырабляюць: акц.т-ва «Белмедпрэпараты», Барысаўскі, Нясвіжскі, Гродзенскі з-ды медпрэпаратаў і інш. Пашыраецца сетка аптэк недзярж. форм уласнасці (16% аптэк і 63% аптэчных кіёскаў). Існуюць дзярж. гасп.-разліковыя, самастойныя аптэкі (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілактычных установах, бальнічных стацыянарах і г.д. У аптэках адкрыты фітааддзелы (1992), аддзелы таварнага крэдыту (1994—96). З 1994 праводзяцца міжнар. спецыялізаваныя выстаўкі вытворцаў мед. тэхнікі і медыкаментаў. Ва ўсіх аптэках устаноўлены адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лекавых сродкаў; даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр., наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва. Павялічваецца колькасць прадпрыемстваў, якія вырабляюць мед. тэхніку (у 1994 іх было 40, у 1999—100). Асвоена вытворчасць дыялізатараў (1992), апаратаў лазернай каагуляцыі (1995), аднаразовых шпрыцаў (1997), сістэм камп’ютэрнай рэнтгенаграфіі (1999). Прынята дзярж. праграма развіцця фармацэўтычнай прамысловасці (1999). У 2002 на Беларусі працавала 7017 правізараў і фармацэўтаў.
На Беларусі ліквідаваны многія небяспечныя інфекцыйныя хваробы (напр., натуральная воспа, малярыя, поліяміэліт). На Беларусі самая нізкая сярод краін СНД дзіцячая смяротнасць. З 1996 яна знізілася з 13,3 на 1 тыс. нованароджаных да 7,6 у 2003. Мацярынская смяротнасць — 21,4 на 100 тыс. (у 1990—21,8). Колькасць абортаў знізілася з 247 тыс. у 1990 да 89,9 тыс. у 2002.
У 1990-я г. створаны новыя грамадскія арганізацыі-асацыяцыі: «Новыя тэхналогіі ў медыцыне» (1992), урачоў (1992), сярэдніх мед. работнікаў (1996), сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя (1998). Адбыліся 4 з’езды сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя, першыя з’езды сярэдніх медработнікаў (1994, Гродна), урачоў (1998, Мінск); прыняты Кодэкс урачэбнай этыкі (1998). У 1991 Бел.т-ва Чырвонага Крыжа (назва з 1994) стала недзярж. добраахвотнай арганізацыяй. Т-ва працуе па праграмах: «Служба міласэрнасці» (медыка-сац. дапамога адзінокім састарэлым грамадзянам, ажыццяўляе прыём у 115 медыка-сац. цэнтрах), «Служба катастроф» (падрыхтоўка добраахвотнікаў на выпадак экстрэмальных сітуацый), «Служба пошуку» (пошук асоб і месцаў пахаванняў прапаўшых без вестак); удзельнічае ў праграмах «Донарства» (бязвыплатны донарскі рух), «Бежанцы» (медыка-санітарная дапамога бежанцам), «Супрацоўніцтва» (міжнар. супрацоўніцтва, пашырэнне ведаў па гуманітарным праве), Міжнар. праграме гуманітарнай дапамогі і рэабілітацыі «Чарнобыль»; працуе таксама па праграме «Маладзёжны рух» (уцягванне ў свой рух моладзі, медыка-санітарная падрыхтоўка па пытаннях прафілактыкі захворванняў і прапагандзе здаровага ладу жыцця). У 2000 на Беларусі функцыянавала 117 цэнтраў т-ва, у т. л. Дом міласэрнасці ў Пінску, працавала 400 медсясцёр. Бел.т-ва прызнана 168-м членам Міжнар. руху «Чырвонага Крыжа» і «Чырвонага Паўмесяца».
У галіне міжнароднага супрацоўніцтва па ахове здароўя на мяжы 20—21 ст. з некаторых фондаў і пад эгідай Сусв. арганізацыі аховы здароўя прыцягваюцца сродкі з-за мяжы на пэўныя праграмы: праект «Сасакова—Чарнобыль» (выдзелены дыягнастычны комплекс дзіцячаму хірург. цэнтру ў Мінску коштам 10 млн.ням. марак); на развіццё дзіцячай анкалагічнай клінікі ў Мінску (Аўстрыя выдзеліла 2,4 млн. аўстрыйскіх шылінгаў); на міжнар. праект па шчытападобнай залозе Еўрап. бюро Сусв. арганізацыі аховы здароўя (400 тыс. долараў). У 1994 на Беларусі адкрыта прадстаўніцтва Сусв. арганізацыі аховы здароўя (САЗ). У 1995—97 Еўрап. бюро САЗ супрацоўнічала з Рэспублікай Беларусь па мінімізацыі мед. аспектаў наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ахове мацярынства і дзяцінства (натуральнае выкормліванне), барацьбе са СНІДам і інфекцыйнымі захворваннямі, па інтэграванай праграме прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў. Ажыццяўлялася таксама міжнар. супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй «Дзіцячае сэрца» (Мемфіс, ЗША), з САЗ па інфекцыях, якія перадаюцца палавым шляхам (3 праграмы), па праблемах алергічнай паталогіі ў дзяцей (Рас. акадэмія мед. навук, інстытут педыятрыі). Пагадненнем паміж Швейцарскім упраўленнем па развіцці і супрацоўніцтве і Брагінскім раёнам па рэалізацыі праекта «Здароўе маці і дзіцяці» прадугледжана пастаўка абсталявання для бальніц і амбулаторый, абучэнне персаналу. Грамадская арганізацыя «Беларускі зялёны крыж» устанаўлівае ў Брагінскай раённай бальніцы аўтаматызаваную сістэму кіравання «Мініклініка».
У міжнар. супрацоўніцтве асаблівая ўвага аддаецца сувязям з САЗ. З Еўрап. бюро САЗ работа вядзецца па пытаннях фінансавання аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, туберкулёзу і інш. на аснове 2-гадовага плана (2002—03) і працягнута на 2004—05. Развіваецца супрацоўніцтва з Міжнар. агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па рэалізацыі праекта «Стварэнне сістэмы гарантыі якасці (кантролю якасці) для рэнтгенаўскіх камп’ютэрных тамографаў у Рэспубліцы Беларусь». Ажыццяўляюцца міжнар. праекты «Развіццё і ўмацаванне службаў і арганізацый, якія займаюцца прафілактыкай ВІЧ і лячэннем наркаманіі сярод спажыўцоў наркотыкаў», «Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІД у Беларусі», «Вывучэнне раку і іншых захворванняў шчытападобнай залозы на Беларусі пасля Чарнобыльскай аварыі» і інш.). Сумесна з Канадскай асацыяцыяй даследчых ін-таў выконваецца міжнар. праект «Комплексная клініка-псіхалагічная ацэнка стану здароўя дзяцей перад паступленнем у школу». Завяршаецца рэалізацыя першай стадыі бел.-амер. праекта «Медыцынская дапамога дзецям, пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС, шляхам развіцця і ўкаранення тэлемедыцыны».
Літ.:
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1985;
Сергеева Г.Г. БССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—85 гг.). Мн., 1986;
Гурин В.Н., Семененя И.Н. Развитие медико-биологических наук в Республике Беларусь // 70 лет Нац. академии наук Беларуси: Док. и материалы юбилейных торжеств. Мн., 2000;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Тищенко Е.М. История здравоохранения Беларуси в XX веке. Гродно, 2001;
Национальный реестр правовых активов Республики Беларусь. 2002, №2;
Здравоохранение в Республике Беларусь: Офиц. стат. сб. Мн., 1990—2003.
Э.А.Вальчук, І.М.Семяненя.
Табліца 1 Медыцынскія кадры ў Беларусі (па ўсіх ведамствах)
1970
1980
1990
2000
2002
Урачы ўсіх спецыяльнасцей
23 384
32 674
41 393
45 456
44 812
на 10 тыс. жыхароў
25,8
33,8
40,5
45,5
45,3
у тым ліку:
тэрапеўтаў
4481
7600
10 727
12 212
11 876
на 10 тыс. жыхароў
4,95
3,87
10,50
12,2
12,0
хірургаў
2169
3453
4825
6169
6173
на 10 тыс. жыхароў
2,40
3,57
4,72
6,2
6,2
акушэраў-гінеколагаў
1309
1936
2265
2645
2680
на 10 тыс. жыхароў
1,45
2,0
2,22
2,6
2,7
педыятраў
2643
3836
5088
4252
4072
на 10 тыс. жыхароў
2,92
3,97
4,98
4,3
4,1
афтальмолагаў
517
652
802
944
952
на 10 тыс. жыхароў
0,57
0,68
0,79
0,9
1,0
неўрапатолагаў
636
942
1105
1432
1446
на 10 тыс. жыхароў
0,70
0,98
1,08
1,4
1,5
отарыналарынголагаў
597
717
761
821
822
на 10 тыс. жыхароў
0,66
0,74
0,74
0,8
0,8
фтызіятраў
888
784
598
550
541
на 10 тыс. жыхароў
0,98
0,81
0,59
0,6
0,5
стаматолагаў
889
1724
3239
4485
4374
на 10 тыс. жыхароў
0,98
1,78
3,17
4,5
4,4
правізараў (сістэма Мін-ва аховы здароўя)
1560
2420
3261
3088
2828
фармацэўтаў (сістэма Мін-ва аховы здароўя)
3784
5197
6133
4571
4189
Колькасць сярэдняга мед. персаналу
няма звестак
94 130
119 880
122 641
123 485
на 10 тыс. жыхароў
-’’-
97,4
117,6
122,8
124,8
Табліца 2 Сетка амбулаторна-паліклінічных і спецыялізаваных устаноў Беларусі (сістэма Міністэрства аховы здароўя)
Колькасць
1970
1980
1990
2000
2002
Паліклінічных аддзяленняў, бальніц і радзільных дамоў
929
808
767
688
643
Самастойных паліклінік і амбулаторый,
260
269
435
572
604
у т. л. ў сельскай мясцовасці
204
204
319
418
447
Стаматалагічных паліклінік
25
48
64
78
78
Дзіцячых паліклінік
274
324
381
357
345
Станцый пералівання крыві
17
17
20
20
20
Станцый хуткай мед. дапамогі
194
194
200
198
197
Санэпідстанцый і санэпідаддзяленняў бальніц
147
153
154
151
151
Фельчарска-акушэрскіх пунктаў
2824
3003
3012
2848
2743
Зубапратэзных майстэрняў (кабінетаў)
201
209
231
233
230
Дэзстанцый
няма звестак
2
4
3
2
Аптэк
1124
1192
1247
няма звестак
1386
Аптэчных пунктаў
3196
3026
3196
-’’-
1293
Процітуберкулёзных дыспансераў (кабінетаў)
207
149
148
162
162
Анкалагічных дыспансераў і кабінетаў
41
81
119
155
162
Дэрматавенералагічных дыспансераў і кабінетаў
189
158
162
188
182
Псіханеўралагічных дыспансераў і кабінетаў
58
136
141
163
160
Эндакрыналагічных дыспансераў і кабінетаў
51
148
188
234
231
Урачэбна-фізкультурных дыспансераў і кабінетаў
37
38
45
15
8
Наркалагічных дыспансераў і кабінетаў
няма звестак
129
141
146
150
Кардыялагічных дыспансераў і кабінетаў
-’’-
159
144
156
164
Аднаўленчага лячэння (рэабілітацыі)
няма звестак
65
98
191
197
Кансультацый па мед. генетыцы
-’’-
няма звестак
4
7
6
Кансультацый «Шлюб і сям’я»
-’’-
няма звестак
7
8
10
Траўматалагічных дыспансераў і кабінетаў
23
57
165
198
200
Табліца 3 Санаторыі, дамы адпачынку, пансіянаты (усе ведамствы)
Установа
1990
2000
2002
Санаторыі і пансіянаты з лячэннем
53
66
69
месцаў у іх, тыс.
13,2
15,8
17,5
абслужана асоб, тыс.
152,2
238,0
259,2
Дзіцячыя санаторыі, пансіянаты
22
25
27
месцаў у іх, тыс.
3,9
4,2
4,8
абслужана асоб, тыс.
25,2
44,7
52,0
Санаторыі-прафілакторыі
119
108
92
месцаў у іх, тыс.
12,0
13,4
11,2
абслужана асоб, тыс.
173,7
161,2
143,0
Дамы і пансіянаты адпачынку
13
11
9
месцаў у іх, тыс.
3,3
1,2
1,6
абслужана асоб, тыс.
58,8
17,9
30,0
Базы і інш. арганізацыі адпачынку
184
133
155
месцаў у іх, тыс.
13,6
15,0
13,5
абслужана асоб, тыс.
58,4
157,7
224,6
Рэнтген-аперацыйнае аддзяленне эндаваскулярнай хірургіі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія». 2004.Брэсцкая цэнтральная гарадская бальніца. 2004.Мінскі Дом міласэрнасці (хоспіс). 2004.Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Гомель, 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 ммза год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн.т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн.т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКІ́, пратэіны,
прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн.хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл.Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв.прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв.малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.
Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш. Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн.біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Па харч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін пры цукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ.М., 1987;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;
Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр.М., 1990.
У.М.Рашэтнікаў.
Да арт.Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×1015т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл.Космас). Зафіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс.км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.
Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.
Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.
У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс.км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.
Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.
Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.
Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;
Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ.М., 1988.
Г.В.Валабуева.
Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЯЛЕННЕ І ШЧЫЛЬНАСЦЬ НАСЕЛЬНІЦТВА.
У працэсе размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва на тэр. Беларусі склалася сетка гарадскіх і сельскіх паселішчаў. Працэс рассялення насельніцтва вызначаецца 3 асноўнымі групамі фактараў: прыродныя (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных і паліўных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў); дэмаграфічныя (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы); сац.-эканамічныя (узровень развіцця і размяшчэння вытворчых сіл, рэгіянальныя адрозненні ва ўзроўні даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём прадукц. сіл у працэсе рассялення насельніцтва пераважаюць сац.-эканам. фактары.
У 19 ст. Беларусь была аграрнай перыферыяй Рас. імперыі з перавагай сельскага насельніцтва. Паводле перапісу 1897 гарадское насельніцтва складала 13,5%. Да 1940-х г. Беларусь належала да найбольш сельскіх рэгіёнаў СССР (доля гараджан складала каля 20% насельніцтва). Да ліку буйных гарадоў адносіліся Мінск, Гомель, Віцебск і Магілёў. Больш хутка працэс урбанізацыі адбываўся ў пасляваенныя гады, калі пры аднаўленні гарадоў будавалі буйныя прамысл. прадпрыемствы. Прырост гар. насельніцтва на Беларусі быў больш высокі, чым у сярэднім па СССР. На працягу 1959—70 доля гар. насельніцтва вырасла больш як на 13%, у 1970 — на 22% і склала 65%. Паводле перапісу 1999 у гарадах жыло 70% насельніцтва краіны. Адпаведна зніжалася колькасць сельскага насельніцтва (гл.табл. 3).
Характэрная рыса урбанізацыі на Беларусі — паскораны рост насельніцтва ў буйных (больш за 100 тыс. жыхароў) гарадах, якія сталі гал. цэнтрамі вытворчасці і сістэмы рассялення. Гарадское насельніцтва прырастала пераважна за кошт прытоку сельскіх жыхароў. У наш час у буйных гарадах краіны каля 50% усяго насельніцтва і каля 70% гарадскіх жыхароў краіны.
За перыяд 1939—99 колькасць гарадскіх населеных пунктаў на Беларусі павялічылася са 173 да 212, колькасць гар. насельніцтва вырасла з 1855 тыс. да 6961 тыс.чал., а доля гарадскіх жыхароў з 21 да 69% (гл.табл. 3).
Павелічэнне колькасці гарадоў ішло не толькі за кошт стварэння новых (Светлагорск, Салігорск, Наваполацк, Новалукомль), але і за кошт пераводу часткі традыцыйных мясц. цэнтраў (мястэчак) у гарады ці пасёлкі гар. тыпу (гл.табл. 4). У 1970 у рэспубліцы было 9 гарадоў з насельніцтвам больш за 100 тыс.чал., у 1999—15 (Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Наваполацк, Салігорск, Ліда). У 6 абласных цэнтрах сканцэнтравана палавіна гар. насельніцтва, у т. л. ў Мінску 24% (1977, 1 тыс.чал.).
Колькасць, характар і структура сельскіх паселішчаў у гістарычным развіцці таксама мелі значныя змены. Многія сёлы, вёскі былі знішчаны ў часы 1-й сусветнай і грамадзянскай войнаў; у Вял.Айч. вайну Беларусь страціла каля 9 тыс. вёсак. Колькасць сельскіх населеных пунктаў на Беларусі памяншалася і пасля вайны: у 1959 іх было 34 442, у 1970—27 911, у 1999—23 459. Агульная колькасць сельскіх населеных пунктаў за 40 мірных гадоў паменшала на 10 983, або на 30%; штогод краіна страчвала ў сярэднім 274 вёскі (гл.табл. 5).
У савецкі перыяд (асабліва ў 1930—50-я г.) развіццё сельскіх населеных пунктаў ішло пераважна па шляху іх узбуйнення за кошт перасялення жыхароў з хутароў. На 1.1.2003 на тэр. Беларусі 110 гарадоў і 101 пасёлак гар. тыпу, у якіх жыло 7 036,4 тыс.чал.; больш за 24 тыс. сельскіх населеных пунктаў, у якіх жыло 2 862,2 тыс.чал. Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі населенымі пунктамі — каля 3 км. У сярэднім на 1 тыс.км² размешчаны 1 гарадскі і 115 сельскіх населеных пунктаў. Такія ўмовы спрыяюць развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. сувязей паміж асобнымі населенымі пунктамі.
Шчыльнасць насельніцтва Беларусі нязначна перавышае сярэднесусветны паказчык (46 чал. на 1 км²) і складае (на 1.1.2003) 48 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены зах. вобласці (у Гродзенскай 46 чал. на 1 км², у Брэсцкай — 45), некалькі менш — цэнтральная, усх. і паўн. вобласці (Магілёўская — 41, Мінская без г. Мінск і Гомельская па 38, Віцебская — 33 чал. на 1 км²). На паказчык шчыльнасці значна ўплывае характар сістэмы рассялення, гушчыня і памеры населеных пунктаў. Гарады і пасёлкі, тэрыторыя якіх параўнальна невялікая, населены больш шчыльна, чым сельская мясцовасць. Таму шчыльнасць гар. і сельскага насельніцтва часта разлічваюць паасобна. Напр., шчыльнасць насельніцтва Мінска складае 5754 чал. на 1 км², Брэста — 5968, Віцебска — 4410, Гомеля — 4152, Гродна — 3175, Магілёва — 3601 чал. на 1 км². Найбольшая канцэнтрацыя сельскага насельніцтва адзначана ў непасрэднай блізкасці ад буйных гарадоў, дзе яго шчыльнасць часам дасягае больш за 75 чал. на 1 км².
Полаўзроставая структура. Сучасная полаўзроставая структура насельніцтва Беларусі склалася ў выніку сацыяльна-паліт., эканам. і экалагічных падзей, якія адбываліся ў краіне ў 20 ст., і выкліканых імі зменамі ў патоках міграцыі, у размеркаванні насельніцтва на гарадское і сельскае, ва ўзроўнях і структуры занятасці, нараджальнасці і смяротнасці. Асн. тэндэнцыя ў развіцці ўзроставай структуры насельніцтва — рост долі насельніцтва старэйшых узроставых груп (гл.табл. 6). Працэс старэння насельніцтва ідзе даволі інтэнсіўна. У 1897 доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, складала 7,4%, у 1959—13,5%, у 1999—21,5%. Пасля 1999 колькасць і доля асоб пенсіённага ўзросту некалькі зменшылася (да 21,2% у 2003), што было звязана з уступленнем у пенсіённы ўзрост нешматлікай часткі насельніцтва, якое нарадзілася ў гады Вял.Айч. вайны. Зараз кожны пяты жыхар краіны знаходзіцца ў пенсіённым узросце. Доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, сярод гарадскога насельніцтва ў 2 разы меншая, чым сярод сельскага (гл.табл. 7); у гарадах яна паступова расце (16,1% у 1999 і 16,7% у 2003), а на вёсцы памяншаецца (33,7% і 32,4% адпаведна). 20 ст. характарызавалася таксама скарачэннем колькасці і долі насельніцтва ў малодшых узроставых групах. Доля дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў паступова памяншалася з 43,1% у 1897 да 30,9% у 1970 і 21,2% у 1999. За 1999—2003 яна скарацілася да 18,5%, і дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў стала на 266,5 тыс. менш, чым асоб пенсіённага ўзросту (у 1999 — на 28,2 тыс.чал.). Колькасць дзяцей скарачалася і ў горадзе (на 207,1 тыс.чал.), і на вёсцы (на 91,7 тыс.чал.), у выніку доля асоб ва ўзросце да 16 гадоў стала аднолькавай сярод гарадскога і сельскага насельніцтва. Доля насельніцтва ў працаздольным узросце (мужчыны 16—59 гадоў, жанчыны 16—54 гадоў) вагаецца ад 49,5% (1897) да 58,2% (1979). У 1999—2003 колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце павялічылася на 214 тыс.чал. і дасягнула паказчыка ў 60,3%. Паводле разлікаў, прырост гэтай узроставай групы забяспечваўся пераважна за кошт унутр. патэнцыялу замяшчэння пакаленняў. Папаўненне працоўных рэсурсаў за кошт міграцыі не з’яўляецца важным фактарам. Міграцыйны прырост дадатны, але яго аб’ёмы невялікія і маюць тэндэнцыю да памяншэння: у 1999—17,6 тыс.чал., у 2000—12,1, у 2001—9,1, у 2002—5,6 тыс.чал. Працэс старэння характэрны і для працоўных рэсурсаў краіны. У структуры насельніцтва гэтай групы паменшылася доля асоб маладых узростаў (16—39 гадоў) з 61,9% у 1999 да 59,5% у 2003; адпаведна павялічылася доля асоб, старэйшых за 40 гадоў (з 38,1% да 40,5%). У 1999—2003 колькасць моладзі ва ўзросце 16—29 гадоў павялічылася на 261,5 тыс.чал., у т. л. на 237,9 тыс.чал. у гарадах і 23,6 тыс.чал. у сельскай мясцовасці. Гэта звязана з уступленнем у працаздольны узрост насельніцтва, якое нарадзілася ў сярэдзіне 1980-х г., і кароткачасовым «усплёскам» нараджальнасці, выкліканым асаблівасцямі ўзроставай структуры і сацыяльнымі мерамі дзярж. палітыкі, накіраванымі на падтрымку сем’яў з дзецьмі. За апошнія 4 гады (1999—2003) колькасць асоб працаздольнага ўзросту ў горадзе павялічылася на 231,7 тыс.чал., а ў сельскай мясцовасці паменшылася на 17,7 тыс.чал.; аднак яго доля павялічылася і ў горадзе (з 62,2% у 1999 да 64,8% у 2003), і ў сельскай мясцовасці (з 46,1% да 49%).
Паказчык нагрузкі на працаздольнае насельніцтва (непрацаздольнай яго часткай — дзяцей і састарэлых) з-за асаблівасцей узроставай структуры мяняецца хвалепадобна, і з канца 1990-х г. знаходзіцца ў фазе спаду. У 1989 на 1000 чал. працаздольнага ўзросту прыпадала 786 непрацаздольных, у 1995—800 чал., у 2003—659 чал. Нагрузка на працаздольнае насельніцтва была вялікая і ў 1897, калі на 1000 чал. у працаздольным узросце прыпадала 1020 чал. у непрацаздольным узросце, у т. л. 870 дзяцей і 150 чал. састарэлых. У 1999 такая нагрузка складала 746 чал., у т. л. 371 дзецьмі і 375 пенсіянерамі (гл.табл. 8). Пасля 1999 зніжэнне такой нагрузкі адбываецца і ў горадзе, і ў сельскай мясцовасці пераважна за кошт рэзкага паніжэння нагрузкі дзецьмі (з 437 чал. у 1989 да 307 чал. у 2003).
Структура насельніцтва паводле полу ў значнай меры ўплывае на развіццё грамадства, яе дыспрапорцыя перашкаджае нармалізацыі дэмаграфічных працэсаў (фарміраванню сем’яў, узнаўленню насельніцтва, цякучасці кадраў). У 1989—99 на Беларусі адбыліся значныя змены ў суадносінах мужчын і жанчын. Парушэнні структуры насельніцтва паводле полу, што ўтварыліся ў выніку Вял.Айч. вайны, паступова згладзіліся і адзначаюцца толькі ва ўзросце, старэйшым за 70 гадоў. У наш час дыспрапорцыі паводле полу залежаць ад розніцы нараджальнасці ў горадзе і вёсцы, ад смяротнасці мужчын і жанчын, а таксама ад структуры міграцыйных патокаў, у т. л. моладзі з вёскі ў горад. Паводле перапісу 1959 на 1000 мужчын прыпадала 1249 жанчын, у гарадах — 1245, у сельскай мясцовасці — 1251, у 1989 адпаведна 1138, 1117, 1177 жанчын. У сярэдзіне 1990-х г. тэндэнцыя выраўноўвання структуры насельніцтва паводле полу змянілася на супрацьлеглую, што звязана з больш высокім ростам смяротнасці мужчын, асабліва ў працаздольным узросце. У 1999 на 1000 жанчын прыпадала 886 мужчын, у 2003—882 мужчыны. Толькі ва ўзросце да 28 гадоў колькасць мужчын перавышае колькасць жанчын (гл.рыс. 1). Істотна адрозніваецца склад насельніцтва паводле полу ў гарадах і ў сельскай мясцовасці (гл.табл. 9). У гарадах мужчын ва ўзросце да 26 гадоў больш, чым жанчын, у сельскай мясцовасці ва ўзросце да 53 гадоў, што звязана з высокай доляй міграцыі дзяўчат з сельскай мясцовасці. У цэлым па краіне і ў гарадскіх паселішчах сярод моладзі ва ўзросце 16—29 гадоў нямавял. дыспрапорцыі ў структуры насельніцтва паводле полу, у сельскай мясцовасці яна значная — на 1000 дзяўчат прыпадае 1120 юнакоў.
Табліца 3 Дынаміка колькасці гарадскога і сельскага насельніцтва Рэспублікі Беларусь (паводле перапісаў)
Гады перапісу
Колькасць насельніцтва, тыс.чал.
У % да ўсяго насельніцтва
Усяго
у тым ліку
гарадскога
сельскага
гарадскога
сельскага
1897
6673
899
5774
13,5
86,5
1926*
4989
848
4138
17,0
83,0
1939
8912
1855
7057
20,8
79,2
1959
8056
2481
5575
30,8
69,2
1970
9002
3908
5094
43,4
56,6
1979
9560
5263
4297
55,1
44,9
1989
10152
6641
3510
65,4
34,6
1999
10045
6961
3084
69,3
30,7
* У межах да верасня 1939.
Табліца 4 Групоўка гарадскіх населеных пунктаў Беларусі паводле колькасці насельніцтва ў 1959 і 1999
Групы населеных пунктаў паводле колькасці жыхароў
1959*
1999**
колькасць населеных пунктаў
колькасць
жыхароў у групе, тыс.чал.
колькасць населеных пунктаў
колькасць жыхароў у групе, тыс.чал.
менш за 3 тыс.
45
106,2
50
94,4
3—4,9
57
233,2
25
94,5
5—9,9
50
331,5
50
387,4
10—19,9
15
216,3
47
644,0
20—49,9
7
219,7
16
482,3
50—99,9
6
425,8
9
615,4
100—499,9
3
438,3
15
2970,4
500 тыс. і больш
1
509,5
1
1677,1
Усяго
184
2480,5
212
6961,5
* Звесткі па колькасці гар. паселішчаў прыведзены на сярэдзіну года.
** Звесткі па колькасці гар. паселішчаў паводле перапісу.
Табліца 5 Групоўка сельскіх населеных пунктаў Беларусі паводле колькасці насельніцтва (звесткі 1959, 1970 і 1999)
Групы населеных пунктаў па колькасці жыхароў
1959
1970
1999
колькасць населеных пунктаў
колькасць жыхароў у групе, тыс.чал.
колькасць населеных пунктаў
колькасць жыхароў у групе, тыс.чал.
колькасць населеных пунктаў
колькасць жыхароў у групе, тыс.чал.
да 5
1432
5,3
1003
3,2
2100
6,1
6—10
1624
12,7
984
7,7
1870
14,9
11—25
3534
62,7
2292
41,1
4192
73,4
26—50
4783
185,3
3447
131,7
4372
160,9
51—100
6863
506,4
5835
432,3
4240
305,5
101—200
7870
1131,2
6653
957,9
2882
405,5
201—500
6366
1957,5
5659
1730,6
2429
782,1
501—1000
1630
1118,6
1527
1031,3
1008
688,6
1001—2000
306
395,4
445
578,7
281
376,6
2001—3000
29
70,1
53
125,7
51
119,2
3001—5000
5
18,0
11
42,7
25
89,3
больш за 5000
-
-
2
11,7
9
61,6
Усяго
34442
5463,2
27911
5094,5
23459
3083,7
Табліца 6 Узроставая структура насельніцтва (паводле перапісаў) у %
Год перапісу
Узроставыя групы
Акрамя таго, моладзь (16—29 гадоў)
дапрацаздольнае (0—15 гадоў)
працаздольнае (16—54 гады для жанчын, 16—59 гадоў для мужчын)
старэйшае за працаздольнае (55 гадоў і старэйшае для жанчын, 60 гадоў і старэйшае для мужчын)
1897
43,1
49,5
7,4
24,9
1939
38,5
52,3
9,2
24,2
1959
31,3
55,2
13,5
25,4
1970
30,9
52,9
16,2
18,9
1979
25,0
58,2
16,8
23,7
1989
24,5
56,0
19,5
20,9
1999
21,2
57,3
21,5
20,1
Табліца 7 Колькасць насельніцтва асноўных узроставых груп, тыс.чал.
Узрост
1999
2003
Усяго
горад
вёска
Усяго
горад
вёска
Усё насельніцтва
10045,2
6961,5
3083,7
9898,6
7036,4
2862,2
Дапрацаздольны
2131,8
1509,4
622,4
1833
1302,3
530,7
Працаздольны
5752,1
4330,8
1421,3
5966,1
4562,5
1403,6
Старэйшы за працаздольны
2160,1
1120,1
1040
2099,5
1171,6
927,9
Моладзь 16—29 гадоў
2018
1556,3
461,7
2279,5
1794,2
485,3
Табліца 8 Структура нагрузкі на насельніцтва ў працаздольным узросце (на 1000 чал. у працаздольным узросце прыпадае асоб у непрацаздольным узросце)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧ Францішак Бенядзікт Казіміравіч (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас.Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde), Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde),
дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км²Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 ммза год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці К.-В., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).