КАЛЬВІ́НА ((Calvino) Італа) (15.10.1923, г. Сант’яга-дэ-лас-Вегас, Куба — 19.9.1985),
італьянскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення, пад уплывам якога напісаў першыя аповесці «Сцежка да павучыных гнёздаў» (1947), «Апошнім прылятае крумкач» (1949) і інш. Творы 1950-х г. філасофска-алегарычныя (трылогія «Нашы продкі», 1952—59). Тонкім гумарам, фантастычнасцю вызначаюцца зб-кі апавяданняў «Маркавальда, або Поры года ў горадзе» (1963), «Касмакомікі» (1965), «Нябачныя гарады» (1972), «Паламар» (1983). Аўтар філас. рамана «Замак перакрыжаваных лёсаў» (1973), аповесці «Калі зімовай ноччу падарожнік...» (1979). Збіраў і апрацоўваў нар. казкі. Даследаваў праблемы л-ры 20 ст., перакладаў з франц. мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШО́ЎКАВЫЯ, мышоўкі (Zapodidae, або Sicistidae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 4 роды, 11 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясной, ’лесастэпавай і стэпавай зонах, у гарах — да выш. 3000 м. Селяцца ў норах, паваленых дрэвах, пнях. Актыўныя на змярканні і ноччу. Зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі 1 від — мышоўка лясная (Sicista letulina).
Даўж. цела да 10 см, хваста да 16 см, маса да 28 г. Падобныя да мышэй. Канечнасці пяціпальцыя, заднія падоўжаныя. Здольныя рабіць скачкі даўж. да 4 м. Пераважна расліннаедныя, часам кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насякомымі. Нараджаюць да 8 дзіцянят 1—2 разы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫТВО́РШЧЫКІ (Ptinidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у расл. і жывёльных рэштках, сухой драўніне. Актыўныя ноччу. Пры дакрананні здольныя заміраць — прытварацца мёртвымі (адсюль назва). На Беларусі 10 відаў. Найб. трапляецца П.-злодзей (Ptinus fur) — сінантропны від.
Даўж. да 5 мм. Цела акруглае ці прадаўгаватае, жаўтаватае, бурае або чырванаватае, бліскучае, зверху валасістае, з плямістым малюнкам. Вусікі доўгія, піла- або ніткападобныя. Ногі доўгія з 5-членікавымі лапкамі. Лічынкі белыя, чэрвепадобныя, выгнутыя. з выпуклай галавой, развітымі нагамі. Трапляюцца ў зерні, харч. запасах, футравых вырабах, гербарыях і інш.
С.Л.Максімава.
Прытворшчыкі: 1 — шаўкавісты; 2 — прытворшчык-злодзей (а — самка; б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
натуральнае забруджванне навакольнага асяроддзя, выкліканае ўтварэннем небяспечных забруджвальнікаў пры фіз.-хім. працэсах або катастрафічных прыродных з’явах (вывяржэнне вулканаў, ураганы, паводкі, селевыя патокі і інш.), якія адбываюцца без прамога ўдзелу чалавека. Напр., з нетаксічных кампанентаў у прыродзе ўтвараецца ядавіты газ — фасген, з фрэонаў пры фотахім. рэакцыях у стратасферы — іон хлору, які разбурае азонавы слой. У вадаёмах за кошт адмірання расл. і жывёльных арганізмаў колькасць вуглекіслаты павялічваецца, растворанага кіслароду памяншаецца, утвараюцца ядавітыя для чалавека і жывёл рэчывы. Найб. прыкметна гэта выяўляецца ў перыяд ледаставу, а таксама ноччу летам пры моцным развіцці і адміранні мікраскапічных водарасцей. С. выклікае заморы рыб, гідрабіёнтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДО́ТКА (Burhinus oedicnemus),
птушка сям. аўдоткавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўропе, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн. Афрыцы. Рэлікт чацвярцічнага перыяду. На Беларусі вельмі рэдкі пералётны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Чырвоную кнігу. Трапляецца пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Палесся.
Птушка даўж. 40—45 см, маса да 440 г. Жыве на бязлесных пясчаных землях. Апярэнне шэра-пясочнае з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, на бруху — белаватае. Ногі трохпальцыя. Прылятае ў сярэдзіне красавіка. Актыўная ноччу. Трымаецца парамі, восенню чародамі. Хутка бегае, выцягнуўшы шыю. Гнёзды на пяску. Нясе 2 жаўтавата-пясочнага колеру яйцы. Корміцца насякомымі, дробнымі яшчаркамі, грызунамі. Адлятае ў вер.—кастрычніку. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Аравійскага п-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́РЫ (Homaridae),
сямейства дзесяціногіх марскіх ракаў. 36 відаў. Водзяцца ў Атлантычным ак. і ў злучаных з ім морах. Нагадваюць рачных ракаў, але большыя памерамі. Найб. вядомыя: еўрапейскі амар (Homarus gammarus), даўж. да 65 см, маса да 11 кг; амерыканскі амар (H. americanus), даўж. да 63 см, маса 15 кг; нарвежскі амар (Nephrops norvegicus), даўж. да 32 см, маса 7 кг.
Жывуць на скалістым, камяністым або жвірыстым грунце. Удзень хаваюцца сярод камянёў, ноччу кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі. Характэрна наяўнасць магутных клюшняў на першай пары хадзільных ног, наступныя 2 пары з клюшнямі меншых памераў. Растуць павольна, жывуць да 50 гадоў. Палавой спеласці дасягаюць на 6-м годзе. Далікатэс, аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУША́Н (Plecotus auritus),
млекакормячая жывёла сям. кажанавых атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, нешматлікі. Аселы. Жыве пад адсталай карой, на гарышчах, за аканіцамі, у дуплах, зімой — у скляпах, падвалах, бульбяных ямах і інш.
Даўж. цела 4,2—5,4 см, хваста да 5,2, вушэй да 4 см, маса да 10,5 г. Поўсць мяккая, шаўкавістая, зверху палева-буравата-шэрая з карычневым адценнем, знізу шэра-белавата-палевая. Палёт хуткі, нераўнамерны. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Палюе ноччу без перапынку на невял. вышыні па ўзлесках і лясных прасеках, у кронах дрэў паркаў і садоў, уздоўж дарог, над вадаёмамі. Знішчае лускакрылых насякомых, пераважна шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ГАЛЬСКІ БОЙ 1943,
бой паміж 2-м батальёнам Смаленскага партыз. палка і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Латыгаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. 25 крас. ў Вял.Айч. вайну. Партыз. полк пасля жорсткіх баёў з намнога большымі сіламі карнікаў перамяшчаўся на новую базу; на шляху перадыслакацыі, у в. Латыгаль, знаходзіўся варожы гарнізон, знішчыць які было даручана 2-му батальёну. Партызаны ноччуасн. сіламі атакавалі гарнізон, гранатамі падавілі яго дзоты, і пасля 3-гадзіннага бою разграмілі ворага. Падмацаванне ворагу з г. Сянно было спынена партыз. засадай. У выніку бою ў сістэме ням.-фаш. гарнізонаў утварыўся разрыў, што дало магчымасць партыз. дыверсійным групам больш кароткім шляхам выходзіць да чыг. Орша—Віцебск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДКІ (Gryllotalpidae),
сямейства насякомых надсям. цвыркуновых атр. прамакрылых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды. Шкоднікі палявых, агароднінных, пладовых культур і лясных парод. На Беларусі ў вільготных мясцінах (каля вадаёмаў, у садах, агародах і інш.) трапляецца М. звычайная (Gryllotalpa gryllotalpa).
Цела даўж. 25—60 мм, цёмнае, густа ўкрытае дробнымі валаскамі. Пярэдняспінка вялікая. Пярэднія ногі капальныя, з моцна развітымі сцёгнамі і галёнкамі. Надкрылы кароткія. Крылы шырокія, доўгія, складзеныя ў выглядзе жгутоў. Жывуць у верхніх слаях глебы. Кормяцца падземнымі ч. раслін, насеннем, насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі. На паверхню выходзяць ноччу. Добра плаваюць. Поўны цыкл развіцця 1—3 гады. Зімуюць лічынкі і дарослыя формы.
Да арт.Мядзведкі: 1 — мядзведка звычайная; 2 — пашкоджанні карэньчыкаў сеянцаў хвоі; 3 — гняздо з яйцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,
абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач.студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.