«ГО́ЛАС ЦАРКВЫ́»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з 1955 у Нью-Йорку на бел. мове, напачатку яго выдавала Царк. рада Бел. аўтакефальнай правасл. царквы ў Нью-Йорку (БАПЦ), з 1960 — Епархіяльная управа БАПЦ у Нью-Йорку, потым Рада БАПЦ. Выходзіць 2 разы на год (на Вялікдзень і Каляды). У рэд. калегію ў розны час уваходзілі архіепіскап Васіль (У.​Тамашчык), М.​Гарошка, Я.​Запруднік, П.​Манькоўскі, М.​Міцкевіч, М.​Тулейка і інш. Асвятляе пытанні набажэнства, гісторыі бел. правасл. царквы, дзейнасць бел. прыходаў на эміграцыі. Друкуе архіпастырскія пасланні да вернікаў, тэксты малітваў з нагоды пэўных дат, матэрыялы па гісторыі правасл. брацтваў ВКЛ, манастыроў і цэркваў Беларусі. Аналізуе старадаўнія рэліг. рукапісы, змяшчае артыкулы пра жыццё і творчасць бел. асветнікаў і літаратараў, іх літ. творы.

М.​М.​Міцкевіч.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСІЕ́НКА (Святлана Піліпаўна) (н. 30.8.1939, г. Краснаармейск, Украіна),

бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1994), праф. (1994). Скончыла БДУ (1963). З 1967 працуе ў Гродзенскім ун-це імя Я.​Купалы. Друкуецца з 1968. Даследуе польскі раман 19—20 ст., жанрава-стылявыя асаблівасці польскай прозы, бел.-польскія літ. сувязі 19—20 ст., бел. этнакультурныя фактары ў творчасці А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, З.​Налкоўскай і інш. Аўтар манаграфіі «Творчасць Зоф’і Налкоўскай» (1989). Сааўтар зб-каў «Краю мой — Нёман» (1986), «Параўнальнае літаратуразнаўства і руска-польскія літаратурныя сувязі ў XX ст.» (М., 1989), «Зоф’і Налкоўскай прысвечана» (1991), «З боку крэсаў» (Кракаў, 1994), «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (1995), «Адам Міцкевіч і сусветная культура» (1998, кн. 4), «Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры» (1998) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ ФІЛАРЭ́ТАЎ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 500 м на ПнЗ ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі амфіболу. Даўж. 4,1 м, шыр. 3 м, выш. 1,9 м, у абводзе 13,9 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. Месца сустрэч членаў канспіратыўнага т-ва патрыятычнай студэнцкай моладзі («філарэтаў»), адным з арганізатараў якога быў А.​Міцкевіч.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1906.

Адбыўся нелегальна 9—10(22—23).7.1906 у в. Мікалаеўшчына Мінскага пав. Прысутнічала 16 чал. Адзін з арганізатараў з’езда К.​М.​Міцкевіч (Я.Колас). З’езд абраў часовае бюро, прыняў рэзалюцыю аб стварэнні настаўніцкага саюза. Адозва з’езда заклікала працаўнікоў школы змагацца за свае сац., нац. і прафес. правы, за ліквідацыю царскага самаўладдзя. Паліцыя арыштавала ўсіх удзельнікаў з’езда, яны былі пазбаўлены пасад і больш за 2 гады знаходзіліся пад следствам. Часовае бюро працягвала дзейнасць нелегальна.

Літ.:

З жыццяпісу Якуба Коласа: Дак. і матэрыялы. Мн., 1982.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ПАЭ́Т БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.3.1956. Я.​Купалу і Я.​Коласу ганаровае званне Н.п.Б. прысвоена паводле пастаноў СНК БССР. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь паэтам, якія стварылі выдатныя творы маст. л-ры і маюць асаблівыя заслугі ў развіцці л-ры.

Народныя паэты Беларусі

1925. Я.​Купала (І.​Д.​Луцэвіч).

1926. Я.​Колас (К.​М.​Міцкевіч).

1962. П.​У.​Броўка.

1968. А.​А.​Куляшоў, М.​Танк (Я.​І.​Скурко).

1973. П.​Е.​Панчанка.

1991. Н.​С.​Гілевіч.

1992. Р.​І.​Барадулін.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯМБЛО́ЎСКІ (Юзаф) (каля 1804, Мінск — 27.8.1878),

мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.​Крашэўскі, Т.​Нарбут, Ф.​Бохвіц, Ю.​Струміла, Я.​Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.​Франка, вял. князёў ВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.​Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.

В.​Ф.​Шматаў.

Ю.Азямблоўскі. Славянскі нявольнік (Беларускі раб). Літаграфія 1840-я г.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРАЙ»

(«Kraj»),

польскі штотыднёвы грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў Пецярбургу ў 1882—1909. Меў дадаткі «Przegląd literacki» («Літаратурны агляд») і «Dział artystyczno-literacki» («Літаратурна-мастацкі аддзел»). У 1898—1902 кожны нумар «К.» меў дадатак — альбомную старонку. Змяшчаў матэрыялы з гісторыі, культуры, навукі, л-ры і мастацтва слав. народаў, у т. л. маст. творы Э.​Ажэшкі, Я.​Лучыны, карэспандэнцыі Ф.​Багушэвіча з Вільні, артыкулы і допісы А.​Ельскага «Пра беларускую гаворку» і «Адам Міцкевіч на Беларусі» (абодва 1885), некралогі В.​Дуніну-Марцінкевічу («Беларускі пясняр», 1885), Я.​Лучыну (1897), Багушэвічу (1900).

У.​І.​Мархель.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКО́Ў (Іван Васілевіч) (16.2.1918, в. Трэскіна Інжавінскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 21.7.1986),

бел. жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1938). Аўтар пейзажаў «На берагах сівога Нёмана» (1968), «Сімфонія палёў» (1970), «Зялёны май» (1971), «Вясна на Нёмане» (1972), «Маладое жыта» (1973), «Возера Свіцязь» (1977), «Залатая восень» (1979), «Край прынёманскі» (1981); сюжэтна-тэматычных карцін «Партызанскі налёт» (1946), «Праследаванне ворага» (1948), «А.​Міцкевіч і Тамаш Зан на Свіцязі» (1955), «А.​Пашкевіч (Цётка) у Э.​Ажэшкі» (1965), «Э.​Ажэшка і А.​Пашкевіч» (1976). Творы вызначаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірызмам.

Л.​Ф.​Салавей.

І.Пушкоў. Вясна на Нёмане. 1972.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСАЕ́ДАЎ (Рыгор Рыгоравіч) (19.4.1834, с. Панькова Новадзеравенькаўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 31.12.1911),

расійскі жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1862). Правадзейны чл. Пецярбургскай АМ (1893). У 1863—68 яе пенсіянер у Германіі, Італіі і Францыі. Адзін з заснавальнікаў Т-ва перасоўных выставак (гл. Перасоўнікі). У жанравых карцінах звяртаўся пераважна да сял. тэматыкі: «Віншаванне маладых у доме памешчыка» (1861), «Земства абедае» (1872), «Чытанне маніфеста 19 лютага 1861 года» (1873), «Касцы» (1887) і інш. Аўтар гіст. карцін «Уцёкі Рыгора Атрэп’ева» (1862), «Міцкевіч у салоне Зінаіды Валконскай» (1908) і інш.

Літ.:

Шувалова И.Н. Мясоедов. Л., 1971;

Г.​Г.​Мясоедов: Письма, док., воспоминания. М., 1972.

Л.​Ф.​Салавей.

Р.Мясаедаў. Земства абедае. 1872.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Маскве.

Існаваў з лют. 1922 да восені 1938 (?). Напачатку насіў імя С.​Булата. Адкрыты па ініцыятыве студэнтаў-беларусаў, пераважна членаў Беларускай культ.-навук. асацыяцыі пры Пятроўскай с.-г. акадэміі, Галоўпалітасветы Наркамата асветы БССР і паўнамоцнага прадстаўніка БССР у РСФСР М.​Марозава. З восені 1923 работай клуба кіравала Цэнтр. бюро Бел. пралетарскага студэнцкага зямляцтва. Меў бел. б-ку (1200 кніг). Пры клубе дзейнічалі маскоўскі філіял літ. аб’яднання «Маладняк», гурткі беларусазнаўства. Працаваў таксама літ. гурток (кіраўнік паэт М.​Дуброўскі). У 1920-я г. клуб наведвалі Г.​Гарэцкі, Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка, М.​Міцкевіч; на пач. 1930-х г. — літаратары З.​Астапенка, А.​Звонак, М.​Лужанін і інш.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)