АРО́ТАВАЯ КІСЛАТА́ (ад грэч. oros малодзіва),

вітамін B13, 2,4-дыоксіпірамідзіндыоксіпірымідзін-6-карбонавая кіслата. Прысутнічае ў тканках жывёл, раслін і мікраарганізмах; стымулюе рост. Папярэднік пірымідзінавых асноў, неабходных для біясінтэзу нуклеінавых кіслот, сінтэзуецца з аспарагінавай кіслаты і карбамілфасфату. Вылучана ў 1905 з каровінага малака, выяўлена ў малацэ інш. жывёл і жаночым, шмат у дражджах і печані. Каліевую соль аротавай кіслаты выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСАЎСКІ ЗАВО́Д ЭМАЛІРАВА́НАГА ПО́СУДУ «ЧЫРВО́НЫ МЕТАЛІ́СТ».

Створаны ў 1929 у г. Барысаў як арцель «Чырвоны металіст», якая вырабляла сталовыя прыборы. З 1933 выпускаў ацынкаваны посуд, біклагі для малака, тэрмасы, метал. вырабы і інш. У 1945 наладжаны выпуск стальнога эмаліраванага посуду. Асн. прадукцыя (1995): посуд, мыйкі і ракавіны стальныя эмаліраваныя, вырабы з бляхі (даёнкі, лейкі і інш.), ацяпляльнікі кабіны трактара МТЗ.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́НЗА (рум. brînzǎ),

расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАМАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,

прадукты харчавання, якія атрымліваюць зброджваннем малака з дапамогай малочнакіслых бактэрый. Падзяляюцца на прадукты малочнакіслага браджэння (сыракваша, смятана, тварог) і мяшанага малочнакіслага і спіртавога браджэння (кумыс, ацыдафілін, кефір, ражанка). Маюць у сабе бялкі, тлушчы, вітаміны. Добра засвойваюцца арганізмам, станоўча ўплываюць на мікрафлору кішэчніка, выкарыстоўваюцца ў дыетычным і лячэбным харчаванні пры дызентэрыі, атэрасклерозе, захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, печані і інш.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЫ́ШЧАВА,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад г. Іванава, 150 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 640 ж., 263 двары (2000). Цэх па перапрацоўцы малака. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т ДЗІЦЯ́ЧЫХ ПРАДУ́КТАЎ, «Беллакт». Створаны ў 1970 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. У 1986—90 рэканструяваны. З 1991 арэнднае, потым нар. прадпрыемства «Беллакт». Гал. цэхі з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці: кансервавы, заменніку неразведзенага малака, натуральнамалочны. Асн. прадукцыя (1995): сухія малочныя прадукты дзіцячага, дыетычнага і спецыялізаванага харчавання, масла сметанковае, сухое неразведзенае і абястлушчанае малако, натуральнамалочная і нятлустая прадукцыя, сыры, марожанае, маянэз, безалкагольныя напіткі.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНАЯ КУ́ХНЯ,

установа, якая забяспечвае дзяцей груднога ўзросту спец. прыгатаванымі харч. прадуктамі: малочнымі сумесямі, стравамі для прыкорму і інш.; падраздзяленне дзіцячых паліклінік і бальніц. Паслугамі М.к. карыстаюцца пры адсутнасці ці недахопе мацярынскага малака, пры хваробах, якія патрабуюць спец. дыеты. Прадукты дзіцячага харчавання гатуюцца і выдаюцца па рэцэпце ўрача-педыятра. М.к. аснашчана абсталяваннем, што забяспечвае ўсе гігіенічныя ўмовы прыгатавання, разліву, захавання і водпуску ежы.

М.​В.​Шчавелева.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛА́Ч,

гліняная пасудзіна для захоўвання малака і малочных прадуктаў. Вядомы многім народам свету. У стараж.-рус. пісьмовых крыніцах вядомы пад назвай «кринъ». На Беларусі робяць з выгнутым тулавам, пукатымі бакамі і звужанай шыйкай, але шырэйшым за дно вусцем (без ручкі і дзюбкі). Прапорцыі сілуэта гарлача маюць мясц. адрозненні. Гарлачы вырабляюць гартаваныя, чорназадымленыя і паліваныя; аздабляюць глянцаваннем, прачэрчаным па сырой паверхні арнаментам, ангобам і інш.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Гарлачы.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЧАЯ ФЕ́РМА,

сельскагаспадарчае прадпрыемства або яго падраздзяленне, прызначанае для гадоўлі (у т. л. племянной) статкаў с.-г. жывёл і вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Адрозніваюць фермы па гадоўлі буйн. раг. жывёлы, свінагадоўчыя, конегадоўчыя, птушкагадоўчыя і інш. Падзяляюцца на племянныя (узнаўленне племяннога маладняку) і таварныя (вытворчасць ялавічыны, свініны, малака, воўны і інш.). Уключаюць асн. памяшканні для ўтрымання жывёлы і дапаможныя — для захоўвання і апрацоўкі кармоў, прадукцыі і гною, для персаналу. інвентару і інш.

т. 6, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЎНІК,

памяшканне для ўтрымання кароў і цялушак на фермах буйн. раг. жывёлы. Будуюць К. для прывязнога і беспрывязнога ўтрымання, а таксама буйныя спец. жывёлагадоўчыя комплексы для вытв-сці малака на прамысл. аснове. У К. прадугледжваюць аптымальны аб’ём памяшкання і неабходны мікраклімат. Для прывязнога і боксавага ўтрымання К. абсталёўваюць стойламі. Пры беспрывязным утрыманні на глыбокім подсціле К. абсталёўваюць секцыямі для сухастойных, навацельных, высокаўдойных кароў і дапаможнымі памяшканнямі (даільнае, малочнае і інш.).

т. 8, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)