ЛАГО́МЕТР (ад грэч. logos тут адносіны + ...метр),
вымяральны механізм для вызначэння адносін дзвюх эл. велічынь (звычайна сіл току ў яго рухомай частцы). Бываюць магнітаэлектрычныя, электра- і ферадынамічныя, электрамагнітныя. Дзеянне найб. пашыранага магнітаэл. Л. заснавана на тым, што накіраваныя насустрач адзін аднаму вярчальныя моманты, якія ўзніклі ад уздзеяння вымяраемых велічынь на рухомую частку Л., ураўнаважваюцца пры адхіленні рухомай часткі на пэўны вугал. Л. выкарыстоўваюцца ў омметрах, фазометрах, частатамерах і інш.
Схема магнітаэлектрычнага лагометра: 1 — рухомыя шпулі; 2 — стралка, прымацаваная да рухомай часткі прылады; 3 — асяродак, які стварае неаднароднае па зазоры магнітнае поле; 4 — пастаянны магніт; M1, M2 — вярчальныя моманты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІМУТ (ад араб. ас-сумут шляхі) нябеснага свяціла або зямнога прадмета, вугал паміж плоскасцю мерыдыяна пункта назірання і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз гэты пункт і свяціла ці прадмет. Адлічваецца ад напрамку на Пн па гадзіннікавай стрэлцы (0°—360°). Адрозніваюць азімут астранамічны (сапраўдны), утвораны плоскасцю астранамічнага мерыдыяна, што праходзіць праз лінію адвеса ў пункце назірання; геадэзічны — плоскасцю, якая праходзіць праз нармаль да зямнога эліпсоіда; магнітны — плоскасцю магнітнага мерыдыяна. Азімут — адна з каардынат сістэмы гарызантальных каардынат у астраноміі; вымяраецца вугламерным інструментам (тэадалітам і інш.). Магнітны азімут, адрозніваецца ад сапраўднага на велічыню схілення магнітнай стрэлкі.
Да арт.Азімут. А — азімут сапраўдны; Д — магнітнае схіленне; Ам — азімут магнітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад палеа... + магнетызм),
археамагнетызм, уласцівасць горных парод намагнічвацца ў час свайго фарміравання і захоўваць набытую (рэшткавую) намагнічанасць у наступныя геал. эпохі. Фіксатары стараж. намагнічанасці — базальтавыя лавы, чырванаколерныя адклады, асобныя шэрыя гліны і інш. пароды з вял. колькасцю ферамагнітных мінералаў (магнетыт, гематыт, ільменіт, тытанамагнетыт і інш.). П. — таксама раздзел зямнога магнетызму, які вывучае магнітнае поле Зямлігеал. мінулага. Палеамагнітныя даследаванні дапамагаюць вывучаць эвалюцыю і інверсіі геамагнітнага поля, дрэйф кантынентаў, стратыграфію і абсалютны ўзрост адкладаў (створана абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала), палеагеагр. і палеатэктанічныя ўмовы і інш.
Р.А.Зінава.
Да арт.Палеамагнетызм. Абсалютная палеамагнітная геахраналагічная шкала для апошніх 4,5 млн. гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАДЫНА́МІКА (ад астра... + дынаміка),
раздзел нябеснай механікі, які вывучае рух штучных нябесных целаў. Фундаментальныя законы астрадынамікі адкрыў І.Ньютан (гл.Ньютана законы механікі, Касмічныя скорасці). Значны ўклад у развіццё астрадынамікі зрабілі К.Э.Цыялкоўскі, Ф.А.Цандэр, Ю.В.Кандрацюк, В.Гоман, А.А.Штэрнфельд і інш. Ураўненні астрадынамікі, у адрозненне ад ураўненняў нябеснай механікі, улічваюць супраціўленне зямной атмасферы, магнітнае поле Зямлі, ціск сонечнага выпрамянення і інш. Асноўныя задачы астрадынамікі: вызначэнне арбіт касм. апаратаў; адпрацоўка спосабаў вызначэння, удакладнення і карэкцыі іх арбіт па выніках траекторных вымярэнняў; распрацоўка аптымальных траекторый міжарбітальных пералётаў; спосабаў знішчэння касм. апаратаў, якія адслужылі, і інш.
Літ.:
Бахшиян Б.Ц., Назиров Р.Р., Эльясберг П.Е. Определение и коррекция движения. М., 1980;
Охоцимский Д.Е., Сихарулидзе Ю.Г. Основы механики космического полета. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАМЕТРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,
магнітаразведка, адзін з кірункаў разведачнай геафізікі, які заснаваны на вывучэнні анамалій геамагнітнага поля, абумоўленай неаднолькавай намагнічанасцю горных парод. Праводзіцца магн. або аэрамагнітная здымка, апрацоўка вымярэнняў, пабудова магн. профіляў і карт, геал. інтэрпрэтацыя выяўленых анамалій магн. поля. Для атрымання больш поўнай геолага-геафіз. інфармацыі М.м.р. ўваходзяць у комплекс з інш.геафіз. метадамі: сейсма-, граві-, электраразведкай і інш. Выкарыстоўваюць магнітометры. Рознымі іх мадыфікацыямі выконваюцца наземныя, аэрамагнітныя, аўтамабільныя, марскія, свідравінныя і спадарожнікавыя вымярэнні. Па даных вымярэнняў складаюцца карты анамальнага магн. поля (гл.Магнітнае поле Зямлі), якія выкарыстоўваюцца ў геолагаразведачных работах. На Беларусі з дапамогай М.м.р. адкрыты Аколаўскае і Навасёлкаўскае радовішчы жалезных руд, трубкі выбуху, перспектыўныя на радовішчы алмазаў, рудапраяўленні каляровых і рэдкіх металаў, складзена геал. карта парод крышт. фундаменту. Гл. таксама Геафізічная разведка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ВЯ́ЗКАСЦЬ,
1) у ферамагнетыках — запазненне ў часе змены значэнняў намагнічанасці, магнітнай пранікальнасці і інш. характарыстык магнетыка ад змены знешняга магн. поля (наз. таксама магнітнае паслядзеянне).
Разам з гістэрэзісам і віхравымі токамі абумоўлівае страты энергіі пры перамагнічванні ферамагнетыка ў пераменным полі. Выклікаецца рознымі прычынамі ў залежнасці ад структуры магнетыка, умоў намагнічвання і т-ры, у выніку чаго яго намагнічанасць устанаўліваецца пасля змены знешняга магн. поля праз некат. час (ад 1 нс да некалькіх мінут і гадзін). Напр., пры аперыядычных зменах магн. поля пры значэннях яго напружанасці, блізкіх да каэрцытыўнай сілы, М.в. абумоўліваецца віхравымі мікратокамі, якія ўзнікаюць у магн. правадніках пры руху сценак магн. даменаў.
2) М.в. у магнітнай гідрадынаміцы — фіз. велічыня, якая характарызуе кінематычныя і дынамічныя ўласцівасці эл.-праводных вадкасцей і газаў пры іх руху ў магн. полі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІО́—САВА́РА ЗАКО́Н,
закон, што вызначае вектар індукцыі магнітнага поля, створанага эл. токам. Адкрыты Ж.Б.Біо і Ф.Саварам (1820), сфармуляваны ў агульным выглядзе П.Лапласам (наз. таксама закон Біо—Савара—Лапласа).
Паводле Біо—Савара закона малы адрэзак правадніка даўж. dl, па якім працякае ток сілай I, стварае ў зададзеным пункце прасторы M, што знаходзіцца на адлегласці r ад dl, магнітнае поле з індукцыяй
, дзе α — вугал паміж напрамкам току ў адрэзку dl і радыус-вектарам , праведзеным ад dl да названага пункта M, k — каэфіцыент прапарцыянальнасці, які залежыць ад выбранай сістэмы адзінак; у СІ
. Вектар перпендыкулярны да плоскасці, у якой ляжыць dl і r, а яго напрамак вызначаецца правілам правага вінта. Біо—Савара закон выкарыстоўваецца для разлікаў пастаянных і квазістацыянарных магн. палёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА БЯГУ́ЧАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення па магутнасці эл.-магн.ЗВЧ ваганняў, у якой электронны паток узаемадзейнічае з запаволенай бягучай эл.-магн. хваляй. Выкарыстоўваецца ў лініях далёкай сувязі для перадачы вял. колькасці інфармацыі.
Створана амер. вучоным Р.Компфнерам у 1943. Характарызуецца вял. шырынёй паласы частот (дазваляе, напр., перадаваць адначасова ад дзесяткаў да соцень тэлевізійных праграм), малым каэфіцыентам шуму, вял. каэфіцыентам узмацнення. Адрозніваюць Л.б.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам (найб. пашырана) і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Каэфіцыент узмацнення да 50 Дб і больш, дыяпазон частот ад 300 МГц да 300 ГГц, ккдз ад 20 да 60%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,
электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз.рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл.Рэзананс).
П.С.Габец.
Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАЧАСТО́ТНАЯ ЗВА́РКА,
зварка з награваннем металаў або пластмас токамі высокай частаты. Адрозніваюць высокачастотную зварку металаў ціскам і плаўленнем, бесперапынна паслядоўную (зварным швом) і адначасовую, з індукцыйным або кантактным (найб. пашырана) падводам току.
Пры зварцы швом створанае токам высокачастотнае магнітнае поле пранікае ў прамежак паміж краямі вырабаў, якія аплаўляюцца і сціскаюцца. Скорасць зваркі да 1 м/с і болей, рабочыя частоты 0,01, 0,44 і 1,76 МГц. Гэтым спосабам зварваюць сплавы жалеза, алюмінію, медзі і інш. (пры вытв-сці труб, кабеляў, бэлек, злучэнні лістоў, стужак і г.д.). Індукцыйная высокачастотная зварка заключаецца ў глыбінным індукцыйным нагрэве тарцоў вырабаў і іх сцісканні. Выкарыстоўваецца для злучэння малавугляродзістых і нізкалегіраваных сталей (пры стыкоўцы труб, дзе захоўваецца ўнутр. сячэнне). Пры высокачастотнай зварцы плаўленнем тарцы загатовак сумесна аплаўляюць спец. індуктарам. Такім спосабам робяць карпусы метал. вырабаў, злучаюць трубы з лістамі. Пры высокачастотнай зварцы пластмас іх награюць у пераменным эл. полі рабочага кандэнсатара (гл.Дыэлектрычны нагрэў), які служыць і зварачным прэсам. Так атрымліваюць вырабы з ліставых і плёначных тэрмапластыкаў.
Высокачастотная зварка трубы з індукцыйным (а) і кантактным (б) падводам току: 1 — магнітаправод; 2 — загатоўка; 3 — індуктар; 4 — валок зварачнай клеці; 5 — месца зваркі; 6 — разец для зняцця выцесненага металу; 7 — зварачны кантакт.