ВАРАПА́ЕЎ Іван Кірылавіч
(20.4.1905, в. Трубільня Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.11.1959),
генерал-маёр артылерыі (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі (1936—39), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, на Бярэзіне ў 1941, Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Украіны, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Вызначыўся ў жн. 1944 пры фарсіраванні Віслы. За месяц наступальных баёў артылерыя корпуса пад яго камандаваннем знішчыла 106 танкаў і самаходных гармат, 172 мінамёты і гарматы ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МАНАЎ Уладзімір Кірылавіч
(н. 2.2.1929, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1962), выкладаў у ім у 1963—78. Працуе ў жанрах гіст., бытавым, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Апошні бой К.Заслонава» (1964), «На сценах старога Слуцка» (1973), трыпціх «А хто там ідзе?» (1969), «Дажынкі» (1978), «Мой родны кут» (1982), «Касіў Ясь канюшыну» (1985), серыя «З эцюднікам па Еўропе», «Лазня» (абедзве 1986), «Свет Скарыны», «Зоркі не гаснуць» (абедзве 1991), «Крыжы зямлі» (1995), «Божа, дапамажы!» (1996); партрэты Героя Сац. Працы Т.Р.Арды (1982), драматурга А.Петрашкевіча (1984), Кастуся Каліноўскага («Чорная пятля», 1989); пейзажы «Прыпяцкія плёсы» (1976), «Зіма» (1988); нацюрморты «Галінка арабіны» (1988), «Бэз» (1995) і інш. Творчасць насычана нац. каларытам, дынамікай, гармоніяй колеру, у ёй — спалучэнне лірыкі і публіцыстыкі.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ Міхаіл Кірылавіч
(19.11.1784 ці 1785, в. Вулька Бельска-падляскага ваяв., Польшча — 3.10.1848),
бел. славіст і арыенталіст. Д-р тэалогіі (1823). З сям’і уніяцкага святара. Скончыў Гал. духоўную семінарыю пры Віленскім ун-це (1812). У 1822—24, 1826—33 праф. Віленскага ун-та, у 1824—26 у ссылцы ў Жыровіцкім базыльянскім манастыры. З 1833 жыў у мяст. Шарашова Пружанскага пав., дзе атрымаў прыход. Даследаваў гісторыю слав. кнігадрукавання, збіраў матэрыялы пра дзейнасць Ш.Фіёля, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Зрабіў навук. апісанне стараж. кірылічных і глагалічных кніг Ватыканскай б-кі, увёў у навук. ўжытак 1-ю глагалічную друкаваную кнігу «Місал па законе Рымскага двара» (Служэбнік, 1483). Нанава адкрыў для бел. і еўрап. навукі імя і справу Ф.Скарыны, звесткі пра яго ўвайшлі ў ненадрукаваную «Гісторыю славянскіх друкарняў у Літве». Разам з І.М.Даніловічам быў адным з пачынальнікаў бел. нац. адраджэння. З яго багатай творчай спадчыны захаваліся толькі асобныя рукапісы.
т. 2, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІННІЧЭ́НКА Уладзімір Кірылавіч [7.8.1880, с. Грыгарыіўка (паводле інш. звестак — Вялікі Кут) Херсонскай губ., Украіна — 6.3.1951], украінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, публіцыст. Чл. Рэв. укр. партыі (РУП). У снеж. 1905 удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе Укр. с.-д. рабочай партыі, выступаў за аўтаномію Украіны. У 1907—14 у эміграцыі. У брашуры «Пра мараль паноў і мараль прыгнечаных» (1911) выклаў сваё этычнае і паліт. крэда. У 1917 адзін з лідэраў Укр. с.-д. рабочай партыі, старшыня Ген. сакратарыята — урада Цэнтр. Рады. У 1918 — лют. — кіраўнік Дырэкторыі Украінскай народнай рэспублікі (гл. таксама Украінскай Дырэкторыі ўрад). У 1920 у Вене арганізаваў замежную групу Укр. камуніст. партыі, выдаваў газ. «Нова доба» («Новая эпоха»). У маі 1920 у Маскве вёў перагаворы пра ўваходжанне ў склад урада Сав. Украіны, прызначаны нам. старшыні Саўнаркома і наркома замежных спраў Украіны. Расчараваўшыся ў сац. і нац. палітыцы, выехаў за мяжу. Апошнія гады жыцця правёў у Францыі; у 1941 за адмову супрацоўнічаць з фашыстамі зняволены ў канцлагер. Аўтар аповесцей, апавяданняў (1902—06) пра жыццё сял. беднаты, глухой правінцыі. Сац.-псіхал. раманы «Запаветы бацькоў» (1914), «Хачу» (1916), «Запіскі кірпаносага Мефістофеля» (1917) пра ідэйны і духоўны крызіс, крайні індывідуалізм і скепсіс у рэв. асяроддзі. У эміграцыі апублікаваў уласную версію гісторыі ўкр. рэвалюцыі («Адраджэнне нацыі», т. 1—3, 1920). Аўтар фантаст. рамана-утопіі «Сонечная машына» (1928), рамана-антыутопіі «Лепразорый» (1938), паліт. рамана «Слова за табой, Сталін!» (нап. 1950); на працягу 40 гадоў (1911—51) вёў дзённік. Стварыў больш як 70 жывапісных палотнаў.
Тв.:
Рус. пер.: — Собр. соч. Т. 1—9. М., 1911—17;
Из истории украинской революции // Революция на Украине по мемуарам белых. М.; Л., 1930 (репр. Киен, 1990);
Честность с собой;
Записки курносого Мефистофеля. М., 1991;
Золотые россыпи Чекисты в Париже. Мн.;
М., 1991.
т. 4, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)