МАНЕ́ТНЫ ПАРЫТЭ́Т,
1) суадносіны залатога або сярэбранага ўтрымання ў грашовых адзінках дзвюх краін, якія дазваляюць устанавіць абменны курс кожнай з іх адносна другой.
2) Суадносіны паміж рыначным коштам золата і серабра, якія ўтрымліваюцца ў грашовых адзінках дзвюх краін з рознымі грашовымі сістэмамі.
т. 10, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭМА (European Monetary System; ЕВС),
арганізацыйна-эканамічная форма адносін шэрагу краін Еўрапейскіх супольнасцей (з 1.11.1993 Еўрапейскага саюза) у валютнай сферы; рэгіянальная валютная сістэма ў структуры сусв. валютнай сістэмы. Створана ў 1979 з мэтай абмежаваць уплыў ваганняў курсу амер. долара (яго «плаваючы курс» уведзены ў 1971) на эканоміку краін, якія ўвайшлі ў ЕВС, забяспечыць устойлівыя суадносіны курсаў еўрап. валют для правядзення адзінай палітыкі стабілізацыі валютнай сферы і згладжвання вынікаў ваганняў курсаў валют. Уключае ўстанаўленне рамак ваганняў найб. слабых і найб. моцных валют краін — удзельніц ЕВС і межаў ваганняў для кожнай пары валют, увядзенне Еўрапейскай валютнай адзінкі (ЭКЮ); механізм аказання крэдытнай і фін. дапамогі для падтрымкі курсу валюты ў межах узгодненага дыяпазону адхілення. У адносінах да валют краін, якія не ўваходзяць у ЕВС, ажыццяўляецца рэжым «плаваючага» валютнага курсу.
Л.І.Шмыгава.
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДУ́НГСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1955,
канферэнцыя 29 краін Азіі і Афрыкі, якая адбылася 18—24 красавіка ў г. Бандунг (Інданезія). Яе ініцыятары Бірма, Індыя, Інданезія, Пакістан і Цэйлон. Канферэнцыя асудзіла каланіялізм, палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі; яе рашэнні замацаваны ў рэзалюцыях (аб праблемах залежных народаў, правах чалавека, аб самавызначэнні, эканам. і культ. супрацоўніцтве) і дэкларацыі аб садзейнічанні ўсеагульнаму міру і супрацоўніцтву, у аснову якой пакладзены пяць прынцыпаў мірнага суіснавання (Панча шыла). Ідэі Бандунгскай канферэнцыі леглі ў аснову Каірскай канферэнцыі салідарнасці краін Азіі і Афрыкі (1957—58) і Акрскіх канферэнцый краін Афрыкі (1958).
т. 2, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Bank; АБР). Створаны ў 1963 пры садзейнічанні Эканам. камісіі ААН для Афрыкі. Уваходзяць 50 краін. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — спрыяць эканам. і сац. прагрэсу краін-удзельніц праз фінансаванне праграм рэгіянальнага развіцця, заахвочванне дзярж. і прыватных інвестыцый, аказанне тэхн. дапамогі.
т. 2, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКІ ФОНД РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Fond; АФР). Створаны ў 1972. Уваходзяць 20 краін, у т. л. Вялікабрытанія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, ФРГ. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — мабілізаваць дадатковыя сродкі і рэсурсы для эканам. і сац. развіцця краін Афрыкі і крэдытавання іх на льготных умовах.
т. 2, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,
спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш. Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).
т. 8, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННЫ КАНГРЭ́С ПРАФСАЮ́ЗНАГА АДЗІ́НСТВА ПРАЦО́ЎНЫХ ЛАЦІ́НСКАЙ АМЕ́РЫКІ,
аўтаномная рэгіянальная прафс. арг-цыя, якая супрацоўнічае з Сусветнай федэрацыяй прафсаюзаў. Засн. ў г. Бразілія (Бразілія) на кангрэсе прадстаўнікоў прафсаюзаў краін Лац. Амерыкі 24—28.1.1964, на якім былі прадстаўлены левыя прафс. цэнтры пераважнай большасці лац.амер. краін, у т. л. Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Перу, Чылі і інш. Замяніў Лацінаамерыканскую канфедэрацыю працоўных. Асн. мэта — каардынацыя намаганняў людзей наёмнай працы лац.амер. краін у барацьбе за паляпшэнне жыццёвых умоў, дэмакратыю, нац. незалежнасць і сац.-эканам. прагрэс у інтарэсах працоўных. Вышэйшы орган — Ген. савет, выканаўчы — Сакратарыят. Штаб-кватэра ў г. Мехіка.
т. 12, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЁМНІЦТВА,
спосаб камплектавання ўзбр. сіл, заснаваны на прыцягненні на ваен. службу асоб паводле найму. Зарадзілася ў Стараж. Егіпце, калі ў войска пачалі прымаць прадстаўнікоў інш. краін. Наёмныя арміі мелі Персія, Карфаген, Стараж. Рым і інш. У эпоху феадалізму з 11 ст. асобныя феадалы, а з 14 ст. каралі і князі шэрагу краін Еўропы выкарыстоўвалі наёмнае войска для ўмацавання сваёй ўлады. З 15 ст. Н. (гл. Ландскнехты) стала пашыраным спосабам камплектавання ўзбр. сіл. Напр., у войску ВКЛ служылі наёмнікі з Германіі, Венгрыі і інш. (венг. конніца і пяхота, ням. і швейцарскія мушкецёры, рэйтары, аркебузёры і інш.). У 17—18 ст. ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя наёмныя арміі. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў шэрагу краін уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (у Расіі да 1874 дзейнічала сістэма рэкруцкай павіннасці). У наш час нац. ўзбр. сілы шэрагу краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.) камплектуюцца шляхам Н. і вярбоўкі. У арміях і інш. узбр. фарміраваннях некат. краін (напр., Францыі) выкарыстоўваюцца замежныя наёмнікі (гл. Легіён). Кантрактная сістэма, якая па сутнасці з’яўляецца Н., значна пашырана ў шэрагу дзяржаў свету, у т. л. яе асобныя элементы ёсць ва Узбр. Сілах Беларусі.
т. 11, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БА-ЛАЦІНААМЕРЫКА́НСКІ БАНК (Arab-Latin American Bank; АРЛАБАНК),
міжнародная фін. арганізацыя. Створаны ў 1977. Члены — 25 банкаў, фін. кампаній і міжнар. фін. ін-таў. Штаб-кватэра ў Ліме (Перу). Мэта: пашырэнне і паглыбленне супрацоўніцтва арабскіх і лацінаамерыканскіх краін у галіне эканомікі і фінансаў; фінансаванне праектаў эканам. развіцця краін Лац. Амерыкі.
т. 1, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (Arab Monetary Fund; АВФ). Засн. ў 1976. Члены — 21 краіна араб. рэгіёна. Штаб-кватэра ў г. Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Мэты: выраўноўванне плацежных балансаў краін-удзельніц; садзейнічанне стабілізацыі курсаў валют; развіццё эканам. інтэграцыі; стварэнне арабскага фін. рынку і ўкараненне арабскага дынара ва ўзаемаразліках араб. краін. Павінен таксама крэдытаваць краіны-ўдзельніцы.
т. 1, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)