ЗЫРА́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі, у міжрэччы сярэдняга цячэння рэк Індыгірка і Калыма. Пл. каля 7500 км². Вугляносная тоўшча ніжнемелавога ўзросту. Магутнасць тоўшчы да 5 км, каля 80 вугальных пластоў. Вуглі каменныя, маркі Б, Д, Ж, К. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23,26 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1935. Цэнтр здабычы — г.п. Зыранка.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНША́НЬ,

археалагічная культура эпохі позняга неаліту (1-я пал. 2-га тыс. да н.э.) у паўн. Кітаі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. 3 Л. звязваюць з’яўленне ў Кітаі пшаніцы і ячменю, свойскіх быка, казы і авечкі. Характэрны чорнаглянцаваны керамічны посуд, выраблены на ганчарным крузе, шліфаваныя каменныя сякеры, нажы, цёслы, вырабы з косці і ракавін.

А.В.Іоў.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

асноўныя канструкцыйныя элементы будынкаў і збудаванняў. Адрозніваюць нясучыя канструкцыі, агараджальныя канструкцыі і будаўнічыя канструкцыі дапаможнага прызначэння (унутр. перагародкі, лесвічныя маршы і пляцоўкі, аконныя рамы-вітражы і інш.). Агараджальныя будаўнічыя канструкцыі часта з’яўляюцца і нясучымі (напр., сцены і перагародкі ў грамадскіх будынках, рэзервуары, абалонкі, скляпенні і інш.).

Будаўнічыя канструкцыі падзяляюцца на жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, бетонныя (гл. Бетонныя вырабы і канструкцыі), каменныя (гл. Каменныя матэрыялы і канструкцыі), металічныя канструкцыі, драўляныя канструкцыі, азбестацэментныя (гл. Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі), пнеўматычныя канструкцыі. Выкарыстоўваюцца таксама канструкцыі са шклапластыкаў (часам у спалучэнні з клеенай драўнінай або фанерай і інш.). Будаўнічыя канструкцыі разлічваюць на трываласць, устойлівасць і ваганні з улікам вонкавай нагрузкі, уласнай вагі, уплыву т-ры, усадкі і інш. фактараў. Пры выкарыстанні будаўнічых канструкцый вял. значэнне надаецца іх тыпізацыі і уніфікацыі, удасканаленню тэхналогіі іх вытв-сці, выкарыстанню лёгкіх эфектыўных матэрыялаў, укараненню аптымальных канстр. вырашэнняў.

т. 3, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́ЕЎСКАЯ СТАЯ́НКА,

познапалеалітычная стаянка каля в. Аўдзеева Курскай вобл.; адзін з эпонімных помнікаў касцёнкаўска-аўдзееўскай культуры. Найб. ранняя радыевугляродная дата — 27 700 ± 700 г. Раскопкамі выяўлены рэшткі доўгага касцёва-землянога наземнага жытла з ачагамі ў цэнтры, абкружанага невялікімі зямлянкамі і ямамі-кладоўкамі; каменныя і касцяныя прылады (разцы, скрабкі, цёслы і інш.), жаночыя статуэткі і фігурка маманта з косці.

Жаночыя статуэткі з Аўдзееўскай стаянкі.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРЫ БОР,

археалагічная стаянка нёманскай культуры каля в. Добры Бор Баранавіцкага р-на. Выяўлены 12 агнішчаў, 5 ям (3 з іх. магчыма, паўзямлянкі).

Знойдзены абломкі ляпных вастрадонных і пласкадонных гаршкоў, крамянёвыя зброя і прылады працы (лістападобныя наканечнікі коп’яў, нажы з гарбатай спінкай і інш.), шліфаваныя каменныя сякеры з адтулінамі Непадалёку ад вёскі выяўлены сляды мезалітычнага паселішча, стаянкі неаліту і бронзавага веку.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ХЕНЛОХ (Drachenloch),

пячора ва ўсх. ч. Швейц. Альп, на Пд ад Бодэнскага воз. (Швейцарыя). Размешчана на выш. 2445 м. У мусцьерскую эпоху была месцам пражывання паляўнічых-неандэртальцаў (больш за 50 тыс. г. таму назад). У Д. выяўлены рэшткі вогнішча, каменныя і касцяныя прылады, шматлікія косці пячорнага мядзведзя і складзеныя з вапняковых пліт «скрыні», у якіх, верагодна, захоўвалі найб. каштоўныя часткі мядзведжых туш.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.

На тэрыторыі Рэспублікі Саха (Якуція) і часткова Краснаярскага краю Расіі. Пл. 600 тыс. км². Агульныя рэсурсы вугалю да глыб. 1800 м — 1647 млрд. т. Вугляносныя адклады юры і ніжняга мелу маюць некалькі дзесяткаў вугальных пластоў. Вуглі бурыя і каменныя, у асн. маркі Д і Г. Цеплыня згарання ад 14,5 да 24,2 МДж/кг. Цэнтры здабычы — г.п. Сангар, Кангаласы.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦТЭ́КІ (саманазва астэка),

самая вялікая індзейская народнасць Мексікі. 1,07 млн. чал. (1987). Мова — наўатль. У 13 ст. прыйшлі з Пн і пасяліліся ў даліне Мехіка. У 14 ст. стварылі ўласную паліт. структуру, т.зв. горад-дзяржаву Тэначтытлан (сучасны г. Мехіка). У 1428—30 у саюзе з гарадамі-дзяржавамі Тэскока і Тлакапан падпарадкавалі насельніцтва даліны Мехіка, што стала пачаткам стварэння імперыі ацтэкаў, якая ў канцы 15 ст. ўключала цэнтр., усх. і паўд. Мексіку (больш за 500 гарадоў-дзяржаў з нас. 5—6 млн. чал.). У ацтэкаў былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, манум. мастацтва і архітэктура, распрацаваны варыянт іерогліфнага пісьменства, складаная сістэма календара. Найб. вядомы правіцель — кароль Мантэсума II. У 1519—21 ацтэкі заваяваны іспанцамі на чале з Э.Картэсам.

Росквіт мастацтва ацтэкаў прыпадае на 14 — пач. 16 ст. Асн. манум. збудаванні — чатырохгранныя каменныя піраміды з храмам ці палацам на вяршыні. Сцены культавых будынкаў упрыгожвалі рэльефам, размалёўкай, узорыстай муроўкай. Культавая скульптура вызначалася грандыёзнасцю (статуя багіні Каатлікуэ, выш. 2,5 м). Захаваліся помнікі скульптуры 15 ст.: «Камень сонца», т.зв. каляндар ацтэкаў (базальтавы дыск дыяметрам 3,66 м і масай 24 т); выкананыя ў рэаліст. манеры каменныя галовы воінаў («Воін-арол», «Галава мерцвяка», «Смутны індзеец»), невял. каменныя і керамічныя фігуркі рабоў, дзяцей, жывёл. Па-майстэрску рабілі ацтэкі ўпрыгожанні з пер’я, паліхромную кераміку, мазаіку, вазы з абсідыяну, ювелірныя вырабы.

Да арт. Ацтэкі. Дэталь рукапіснага ліста з т.зв. «Кодэкса Барбонікус». 14—16 ст.
Да арт. Ацтэкі. Палац Мантэсумы.
Да арт. Ацтэкі. Каменная фігурка каёта.
Да арт. Ацтэкі. Статуя багіні Каатлікуэ.
Да арт. Ацтэкі. Нож ацтэкаў або міштэкаў з інкрустацыяй.

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́НІКІ,

гарадзішча (5 ст. да нашай эры — 4—5 ст. нашай эры) днепра-дзвінскай культуры каля в. Баронікі Віцебскага р-на. Пляцоўка авальная, памерам 74 × 42 м; умацавана валам. Культурны пласт 0,2—0,9 м. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, жал. нож, сякера скіфскага тыпу, каменныя клінападобныя сякеры, бронзавыя скроневыя кольцы і падвеска, ляпная гладкасценная кераміка. У 6—8 ст. гарадзішча, верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў будаўніцтве,

матэрыялы для аддзелачных работ. Падзяляюцца на аддзелачныя матэрыялы вонкавай і ўнутранай аддзелкі, на канструкцыйна-аддзелачныя і эксплуатацыйна-аддзелачныя. Да аддзелачных матэрыялаў належаць лакафарбавыя матэрыялы, абліцовачныя матэрыялы, аддзелачныя растворы і бетоны, прыродныя і штучныя каменныя матэрыялы, аддзелачная кераміка, матэрыялы і вырабы са шкла (гл. Шклаблокі, Шклопрафіліт, Шкляная плітка), з драўніны (паркет), паперы (шпалеры), пластычных мас (сінт. плёнкі, лінолеум, рэлін), дывановыя пакрыцці для падлогі і інш.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)