МА́ТРЫЦА ў матэматыцы,
прамавугольная табліца элементаў адвольнай прыроды; адно з асн. паняццяў лінейнай алгебры. Узнікае пры рашэнні і даследаванні сістэм лінейных ураўненняў.
Элементы М. памераў m × n размяшчаюцца ў прамавугольнай табліцы, якая мае m радкоў і n калонак (слупкоў) і абазначаецца
або
, дзе індэксы i, j паказваюць нумар радка і нумар слупка адпаведна, дзе знаходзіцца элемент aij Калі m = n. М. наз. квадратнай парадку n. Калі элементы М. лікі, аперацыі над М. (складанне і множанне) выконваюцца па правілах матрычнай алгебры: сума М. A = ‖aij‖ і B = ‖bij‖ аднолькавых памераў (лік радкоў і лік слупкоў адной М. роўныя адпаведна ліку радкоў і ліку слупкоў другой) ёсць М. C = ‖cij‖, дзе cij = aij + bij. Перамнажаюць М., калі лік слупкоў у адной з іх роўны ліку радкоў у другой і здабытак М. A = ‖aik‖ і B = ‖bkj‖ ёсць М. C = ‖cij‖, дзе
. М. выкарыстоўваюцца ў матэм. аналізе, механіцы, электратэхніцы (напр., пры даследаваннях малых ваганняў мех. і эл. сістэм), тэорыі імавернасцей, квантавай механіцы і інш.
Р.Т.Вальвачоў.
т. 10, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАСКЕ́Р (тур. sarasker),
у Асманскай імперыі першапачаткова галоўнакамандуючы арміяй, якога выбіралі з ліку пашоў; у канцы 19 — пач. 20 ст. — ваен. міністр. Акрамя таго, з канца 16 ст., калі тур. султаны ўхіліліся ад асабістага камандавання войскамі, тытул С. насілі нам. вял. везіра, якія кіравалі войскамі. Тытул С. скасаваны ў пач. 20 ст.
т. 14, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПАНО́МЕТР (ад лац. expono выстаўляю, паказваю + ...метр),
прылада для вызначэння вытрымкі і дыяфрагменнага ліку пры фота- і кіназдымцы. Бывае аптычны (з аптычным клінам), фотаэлектрычны (найб. пашыраны) і таблічны (калькулятар). Многія фота- і кінаапараты маюць убудаваныя Э. ці экспанаметрычныя механізмы, мех. ці эл. звязаныя з механізмамі ўстанаўлення (ці адпрацоўкі) экспазіцыйных параметраў. Гл. таксама Экспазіметр.
т. 18, кн. 1, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРО́ЎСКАЯ Соф’я Львоўна (13.9.1853, С.-Пецярбург — 15.4.1881),
дзеяч рэв. руху ў Расіі. Жонка А.І.Жалябава. Яе маці В.С.Весялоўская — ураджэнка Магілёўскай губ. У 1869 паступіла на Аларчынскія жан. курсы, увайшла ў гурток народнікаў (гл. Народніцтва). У 1871—72 у ліку арганізатараў т-ва чайкоўцаў, у 1872—73 удзельніца «хаджэння ў народ». У студз. 1874 арыштавана, пасля 6 месяцаў зняволення вызвалена на парукі сям’і. На «працэсе 193-х» (1877—78) апраўдана. Летам 1878 уступіла ў арг-цыю «Зямля і воля». Неўзабаве арыштавана і ў адм. парадку выслана ў Аланецкую губ.; па дарозе ўцякла і перайшла на нелегальнае становішча. З восені 1879 — чл. Выканаўчага к-та, а пазней і Распарадчай камісіі «Народнай волі», актыўная ўдзельніца тэрарыст. барацьбы з самадзяржаўем. Арганізатар забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 у Пецярбургу. 22.3.1881 арыштавана, у ліку інш. «першасакавікоўцаў» засуджана да пакарання смерцю праз павешанне (першая жанчына ў Расіі, пакараная смерцю па паліт. справе).
Літ.:
Сегал Е. Софья Перовская. М., 1962.
т. 13, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРАТУ́РА КРУ́ГА,
пабудаванне квадрата, роўнавялікага па плошчы дадзенаму кругу. Пад К.к. разумеюць таксама задачу вылічэння плошчы круга з пэўным набліжэннем.
Старажытнагрэч. матэматыкі спрабавалі рашыць задачу з дапамогай цыркуля і лінейкі. У 1882 ням. матэматык Ф.Ліндэман даказаў трансцэндэнтнасць ліку π і тым самым невырашальнасць задачы такім спосабам — яе можна рашыць з выкарыстаннем некаторых трансцэндэнтных крывых, напр., квадратрысаў.
т. 8, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУМЭ́Н (манг. — дзесяць тысяч),
вышэйшая арганізац.-тактычная адзінка мангола-тат. войска ў 12—14 ст. колькасцю 10 тыс. воінаў. Т. падзяляўся на тысячы, сотні і дзесяткі. Узначальваў Т. цемнік (прызначаўся з ліку феад. знаці). У баявых парадках мангола-тат. войска Т. складаў адну з яго частак (авангард, левае або правае крыло), а таксама ўваходзіў у склад гал. сіл.
т. 16, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРА́ТАР (лац. procurator літаральна папячыцель, кіраўнік),
у Старажытным Рыме: 1) домакіраўнік; 2) давераная асоба рым. грамадзяніна ў суд. і камерцыйных справах (звычайна з ліку вольнаадпушчанікаў); 3) у эпоху імперыі таксама кіраўнік вял. маёнтка (імператарскага, прыватнага), чыноўнік, які кіраваў невял. правінцыяй, загадваў зборам падаткаў у вял. правінцыі або ўзначальваў фін. ці гасп. ведамства.
т. 12, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТЫЛБЕНЗО́Л,
сыравіна для атрымання стыролу, C6H5CH2CH3. Утрымліваецца ў нафце і прадуктах каксавання вуглёў.
Бясколерная вадкасць. tкіп 136,2 °C, змешваецца з большасцю арган. растваральнікаў. У прам-сці атрымліваюць пераважна алкіліраваннем бензолу этыленам. Дабаўка да маторнага паліва для павышэння актанавага ліку, растваральнік. Раздражняе скуру, выклікае сутаргі, ГДК у атм. паветры 0,002 мг/м³.
т. 18, кн. 1, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМІ́Т у матэматыцы,
адно з найважнейшых паняццяў матэматычнага аналізу. Л. функцыі дазваляе даследаваць аналітычныя ўласцівасці функцыі: неперарыўнасць, дыферэнцавальнасць, інтэгравальнасць.
Л. функцыі 𝑓(z) у пункце z = a ёсць лік A, да якога неабмежавана набліжаецца значэнне функцыі 𝑓(z), калі z імкнецца да α (запісваецца
).
Больш дакладна: лік A наз. Л. функцыі 𝑓(z) у пункце z = a, калі для адвольнага дадатнага ліку ε можна ўказаць такі дадатны лік δ, што для ўсіх значэнняў z, якія задавальняюць |z−a|<δ, і не супадаюць з a, выконваецца ўмова |𝑓(z)−A|<ε. Л. паслядоўнасці лікаў a1, a2, ... an, ... ёсць лік a, да якога неабмежавана набліжаюцца ўсе члены паслядоўнасці, пачынаючы з некаторага дастатковага вял. нумара (запісваецца
). Больш дакладна: лік a наз. Л. паслядоўнасці a1, a2, ... an, ..., калі для адвольнага дадатнага ліку ε можна ўказаць такі нумар N, што для ўсіх членаў паслядоўнасці з нумарам n>N мае месца ўмова |an−a|<ε. Паняцце Л. ўжываецца да дыскрэтных і пераменных паслядоўнасцей, якія мяняюцца неперарыўна.
А.А.Гусак.
т. 9, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОБ у арыфметыцы,
лік, які змяшчае адну ці некалькі доляў (роўных частак) адзінкі. Абазначаецца сімвалам (або a/b), дзе a — лічнік, які паказвае колькасць доляў адзінкі, падзеленай на столькі частак, колькі паказвае (называе) назоўнік b (a і b) — цэлыя лікі). Д. a/b можна таксама разглядаць як вынік дзялення ліку a на лік b; калі a дзеліцца нацэла на b, то дзель — цэлы лік (напр., 6/3 — 2; 28/7 — 4), калі не дзеліцца — дробавы (напр., 3/7; 20/12).
Д. наз. правільным, калі a < b, і няправільным, калі a > b. Няправільны Д. можна запісаць у выглядае сумы цэлага ліку і правільнага Д. (змешаны лік); для гэтага патрэбна лічнік падзяліць з астачай на назоўнік, напр.,
. Множанне і дзяленне Д. выконваюць па правілах:
;
, суму (рознасць) Д. і з аднолькавымі назоўнікамі — па правілах
. Д. не зменіцца, калі лічнік і назоўнік памножыць на адзін і той жа лік, адрозны ад нуля. Таму Д. і можна прывесці да агульнага назоўніка (замяніць на роўныя ім Д. з аднолькавымі назоўнікамі, звычайна роўнымі найменшаму агульнаму кратнаму b і d). Калі лічнік і назоўнік маюць агульныя множнікі, Д. можна надаць нескарачальны від, напр., — скарачальны
, а — нескарачальны Д. Гл. таксама Дзесятковы дроб, Дробавая і цэлая часткі ліку.
А.А.Гусак.
т. 6, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)