КАЛЯ́ДЗІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ І ГЛІН,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Калядзічы. Паклад у выглядзе адорвеняў мелу туронскага і глін палеаген-неагенавага ўзросту залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы, аднародны, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з уключэннямі крэменю, з вохрыстымі плямамі, у верхняй ч. запясочаны. Гліны цёмна-шэрыя, радзей жаўтавата-шэрыя, з тонкімі праслоямі пылаватага пяску, тлустыя, шчыльныя, сярэдне- і высокапластычныя. Разведаныя запасы мелу 49,9 млн. т, перспектыўныя 44 млн. т. Разведаныя запасы глін 0,3 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы мелу 6,6—50,6 м, ускрышы 0,2—18,8 м. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 4,3—13 м, ускрышы 0,4—8 м. Мел і гліны прыдатныя на вытв-сць партландцэменту, мел выкарыстоўваецца таксама як вапнавае ўгнаенне. Радовішча распрацоўваецца АП «Ваўкавыскцэментнашыфер».
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГРЭ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА вугальнае,
ва Узбекістане, у даліне р. Ахангаран. Пл. 70 км². Вугляносныя адклады юры. Агульныя геал. запасы да глыб. 600 м — 2,57 млрд. т. Адкрыта ў 1933, распрацоўваецца з 1940. Вугаль буры. Цеплыня згарання 13,9 МДж/кг. Здабыча пераважна адкрытым спосабам. Цэнтр — г. Ангрэн.
т. 1, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ГОД,
перыяд працягласцю 12 месяцаў, у межах якога завяршаецца гадавы гідралагічны цыкл кругавароту вады. Ва ўмовах умеранага клімату пачынаецца з 1 кастр. або з 1 ліст., калі запасы вільгаці ў рачных басейнах самыя малыя. У межах гідралагічнага года назіраецца адпаведнасць паміж ападкамі і сцёкам.
т. 5, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІНО́ЙСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у ЗША, у штатах Ілінойс, часткова — Індыяна і Кентукі. Пл. 122 тыс. км². Вугляносныя адклады сярэдняга і верхняга карбону. Агульныя запасы каля 365 млрд. т. Вуглі бітумінозныя. Прамысл. распрацоўка падземным спосабам з 1875, кар’ерамі з 1928. Цеплыня згарання 25,5—34,7 МДж/кг.
т. 7, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАТА́КА ЖАЛЕ́ЗНЫ ПО́ЯС (Imataca),
буйны жалезарудны раён у Венесуэле. Вядомы з 1947. Руды — жалезістыя кварцыты і гематытавыя. Агульныя запасы (у асноўным гематытавых руд) каля 2,1 млрд. т, колькасць жалеза 58—63%. Гал. радовішчы Сера-Балівар, Эль-Пао. Цэнтр пояса — г. Сан-Таме-дэ-Гуаяна.
т. 7, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЯРЭ́ЙНСКІ БУРАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.
Размешчаны на З Германіі, не левым беразе р. Рэйн; адзін з найбуйнейшых у Зах. Еўропе. Пл. каля 2500 км². Распрацоўваецца з пач. 18 ст. Вугляносныя адклады палеацэну, міяцэну, пліяцэну. Агульныя запасы 55 млрд. т. Здабыча вядзецца адкрытым спосабам. Цэнтр — г. Кёльн.
т. 11, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭНБУ́РГСКАЕ РАДО́ВІШЧА газакандэнсатнае,
у Расіі, на паўднёвай ускраіне горада Арэнбург. У межах Волга-Уральскага нафтагазаноснага басейна. Адкрыта ў 1966, распрацоўваецца з 1971. Пачатковыя запасы метанавага газу 1780 млрд. м³. Выяўлены 3 паклады (1987) на глыбіні 1,5—2,3 км. Колькасць кандэнсату 76 г/м³. Цэнтр здабычы — горад Арэнбург.
т. 2, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХВА́З,
вялікае газакандэнсатна-нафтавае радовішча ў Іране. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта і распрацоўваецца з 1958. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1215 млн. т, газу 311 млрд. м³. Прадукцыйныя паклады на глыб. 2,6—4 км. Шчыльн. нафты 863 кг/м³. Нафтаправоды да гарадоў Абадан і Тэгеран.
т. 2, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІКІ́ТА (Bikita),
адно з буйнейшых у свеце радовішчаў танталіт-берылзмяшчальных літыевых пегматытаў у Зімбабве. Адкрыта ў 1911. Прымеркавана да амфібалітаў і крышт. сланцаў дакембрыю. Запасы вокісу літыю 305 тыс. т (колькасць у рудзе 2,9%), вокісу берылію — 27 тыс. т (у рудзе 0,2—0,6%). Распрацоўка адкрытым спосабам.
т. 3, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНДЖЭР (Ranger),
уранавае радовішча на Пн Аўстраліі ў бас. р. Іст — Алігейтар (Паўн. тэрыторыя). Адкрыта ў 1969—70. Распрацоўваецца з 1981. Запасы 90 тыс. т аксіду урану (U3O8) пры 0,32% аксіду урану ў рудзе. Гідратэрмальнае. Выяўлена 5 рудных цел у ніжнепратэразойскім складкавым фундаменце. Здабыча адкрытым спосабам.
т. 13, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)