2) Пузыркі на канцах тоненькіх трубачак (бранхіёлаў) лёгкага млекакормячых, высланыя эпітэліем і абвітыя сеткай капіляраў, што забяспечвае газаабмен паміж альвеалярным паветрам і крывёй.
3) Лункі ў сківічных касцях вышэйшых пазваночных жывёл, у якіх знаходзяцца карані зубоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАКРЫ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ (ад грэч. apokrinō аддзяляю),
залозы, у якіх пры ўтварэнні і выдзяленні сакрэту адрываюцца верхавінкавыя часткі залозістых клетак. Утвараюцца з эпітэліяльных зачаткаў, з якіх узнікаюць тлушчавыя залозы і валасы. У большасці млекакормячых размешчаны ў абваласелай скуры і некаторых інш. месцах. У чалавека і вышэйшых лакалізаваны ў падпахавых упадзінах, вонкавым слыхавым канале, каля грудных саскоў, лабка, ануса, палавых органаў; разам з узбуйненымі тлушчавымі залозамі ўтвараюць пахучыя залозы. Спецыялізаваныя апакрынныя залозы — малочныя залозы. Канчатковае развіццё і пачатак сакраторнай дзейнасці апакрынных залоз у чалавека супадаюць з палавым выспяваннем. Існуе цесная сувязь паміж апакрыннымі залозамі і перыядамі палавога развіцця (менструацыя, цяжарнасць, клімактэрый); фізіялагічная дзейнасць згасае ў старэчы перыяд. Сакрэт апакрынных залоз мае рэчывы, што абумоўліваюць пах, спецыфічны роду, віду, індывідууму. У жывёл з’яўляецца сродкам абароны, пошуку, пазначэння тэрыторыі, прываблівання асобін процілеглага полу, а таксама ідэнтыфікацыі асобін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМОНАТЭРАПІ́Я, гармоналячэнне,
лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.
Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУЛЁЗ,
інвазійная хвароба рыб, якую выклікаюць крывасосныя рачкі-аргулюсы (з роду Argulus). Пашкоджваюцца скура, плаўнікі, шчэлепы моладзі карпа, сазана, стронгі, амураў, судакоў, ляшчоў і інш. Дарослыя рыбы хварэюць рэдка. Лічынкі рачкоў праколваюць хабатком скуру і сасуды цела рыб, сакрэты іх ядавітых залоз таксічна ўздзейнічаюць на арганізм рыб. Прычыняе значныя страты рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРЫЛІ́ЗМ (ад лац. virilis мужчынскі),
маскулінізм, вірыльны сіндром, з’яўленне ў арганізме жанчыны другасных мужчынскіх палавых прыкмет. Жанчына набывае мужчынскі целасклад, тып аваласення (гл.Гірсутызм), атрафіруюцца малочныя залозы, зніжаецца тэмбр голасу, павялічваецца клітар. Вірылізм можа ўзнікнуць у любым узросце, абумоўліваецца найчасцей залішняй колькасцю андрагенаў. У большасці выпадкаў узнікае ў выніку захворванняў залозунутр. сакрэцыі (яечнікі, наднырачнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСГІДРО́З (ад дыс... + грэч. hidrōs пот + ...оз),
утварэнне на скуры ўнутры эпідэрмальных пухіркоў з прычыны закупоркі праток потавых залоз. Бывае ў людзей з высокай патлівасцю, пасля нерв. стрэсаў, хваляванняў, сполаху; лічыцца таксама праяўленнем алергічнай рэакцыі. Прыкметы: на скуры далоней, бакавых паверхняў пальцаў рук, на падэшве глыбокія празрыстыя пухіры, пякота ці сверб. Лячэнне: супрацьзапаленчая тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІЛІ́Я (ад а... + грэч. chylos сок),
адсутнасць салянай кіслаты і ферментаў у страўнікавым соку (ахілія страўнікавая) ці ферментаў у панкрэатычным соку (ахілія панкрэатычная). Абумоўлена прыгнечаннем дзейнасці залоз страўніка або недастатковасцю знешняй сакрэцыі падстраўнікавай залозы ў выніку іх першаснага пашкоджання або ўскоснага (пры інш. хваробах) парушэння функцый. Лечаць прэпаратамі падстраўнікавай залозы, ужываннем страўнікавага соку ў час яды, ліквідуюць першапрычыны ахіліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. concrementum нагрувашчанне, зрастанне),
цвёрдыя ўтварэнні («камяні») у полых органах і вывадных пратоках залоз у чалавека і жывёл; могуць быць прычынай хваробы. Бываюць рознага памеру, формы і кансістэнцыі. Хім. састаў залежыць ад фізіял. уласцівасцей асяроддзя, у якім адбываецца ўтварэнне К. (жоўцевыя, мачавыя камяні і інш.). Прычыны ўтварэння К. агульныя (напр., парушэнні абмену рэчываў) і мясц. (напр., змена хімізму сакрэту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭНЦЭФА́ЛЬНЫ СІНДРОМ,
гіпаталамічны сіндром, комплекс сімптомаў, абумоўленых пашкоджаннем глыбінных аддзелаў галаўнога мозга (гіпаталамуса, гіпофіза). Бывае ад інфекцый, траўмаў і пухлін галаўнога мозга, хранічных хвароб печані, нырак, страўніка і інш. Прыкметы: парушэнне сну, тэрмарэгуляцыі, тлушчавага, водна-салявога, вугляводнага і інш. відаў абмену, дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і залозунутр. сакрэцыі — гіпофіза, палавых, шчытападобнай, наднырачнікаў, нязначныя арган. неўралагічныя сімптомы. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАВІ́ЗМ (ад лац. atavus аддалены продак),
рэверсія, з’яўленне ў арганізмаў прыкмет, уласцівых іх далёкім продкам. Прыклады атавізму ў чалавека — хвастападобны прыдатак, суцэльнае валасяное покрыва на целе, дадатковыя пары малочных залоз і гэтак далей; у жывёл — трохпальцавасць у коней, рагатае патомства ў камолых парод авечак і інш. Асобныя прыкметы атавізму (напр., незарастанне перадсэрдзевай перагародкі сэрца і інш.) могуць стаць асновай для паталагічных змен або перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню арганізма.