МО́ЛАТ спартыўны,

лёгкаатлетычны снарад для кідання. Метал. шар дыяметрам 102—120 мм, масай 7,257 кг для мужчын, 4 кг для жанчын, які злучаны сталёвым тросам з метал. ручкай. Агульная даўж. снарада 1,18—1,2 м. Дыяметр круга для кідання М. 2,135 м.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРНО́С,

1) верхняе адзенне бел. жанчын. Апраналі ў халоднае надвор’е як святочную вопратку замест світкі ці кажуха. Падобнае адзенне (бурнус) вядома ў рус. жанчын. Пашыраны з 19 ст. пад уплывам зах.-еўрап. гар. касцюма. Шылі з шэрага, радзей белага, саматканага валенага сукна. Аднабортны, доўгі, расшыраны ўнізе бурнос зашпільваўся на гузікі, меў адкладны каўнер (на Вілейшчыне без каўняра) і 2 невял. Бакавыя завышаныя кішэні. Аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкай чорнага аксаміту, шоўкавай ці сацінавай тасьмы, дэкар. строчкай. Бытавалі ў строях Панямоння і Цэнтр. Беларусі да 1930-х г. 2) Мужчынскае верхняе адзенне, тое, што бурка.

3) Плашч з капюшонам з белай шарсцяной тканіны ў арабаў.

М.​Ф.​Раманюк.

Маладзіца ў святочным бурносе. Вілейскі раён Мінскай вобласці. Канец 19 ст.

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БІ́ЛЬД ЦА́ЙТУНГ»

(«Bild Zeitung», «Ілюстраваная газета»),

адна з самых буйных нямецкіх газет. Выдаецца з 1952 у Берліне штодзённа ў 18 рэгіянальных выпусках. Да 1971 называлася «Bild» («Ілюстрацыя»), Мае дадаткі: нядзельны (з 1956), для жанчын (з 1983), для аўтамабілістаў (з 1986) і інш.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕТРЫМА́ННЕ МАЧЫ́,

міжвольнае выдзяленне мачы ад парушэння функцыі сфінктэраў мачавога пузыра. Часты вынік родавай траўмы (Н.м. пры напружанні ў жанчын), арган. пашкоджанняў ц. н. с., спіннога мозга, заган развіцця мачавых шляхоў, функцыян. парушэнняў у дзяцей (энурэз). Лячэнне тэрапеўт., масаж, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках — хірургічнае.

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВА́Я ХАЛО́ДНАСЦЬ, фрыгіднасць,

слабая палавая цяга ці палавая ўзбуджальнасць у жанчын. Дзетанараджальная функцыя пры П.х. захоўваецца. Бывае ад затрымкі развіцця палавога пачуцця (знікае, напр., пасля родаў). Выклікаецца таксама псіхічнымі фактарамі (пры неўрозах), эндакрыннымі парушэннямі, хваробамі палавых органаў і інш. Лячэнне: гарманальныя прэпараты, псіха- і фізіятэрапія.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЦЭ́НКА—КУ́ШЫНГА ХВАРО́БА,

эндакрынная хвароба, абумоўленая пашкоджаннем гіпаталама-гіпафізарнай вобласці галаўнога мозга і другаснай гіперфункцыяй кары наднырачнікаў. Прычыны: пухліны, інфекц., запаленчыя хваробы і траўмы чэрапа. Праяўляецца атлусценнем, гіпертаніяй, гірсутызмам у жанчын, дыябетам цукровым, астэапарозам, парушэннем функцыі палавых залоз, сухасцю скуры і інш. Лячэнне: тэрапеўтычнае, рэнтгенатэрапія, хірургічнае.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),

камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.​Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн. час.

Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.​Ядзешка, Т.​Івінская, І.​Сумнікава, А.​Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).

Да арт. Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПЕ́НКА (Паліна Дзянісаўна) (8.10.1907, с. Асіпенка Бярдзянскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 11.5.1939),

савецкая ваен. лётчыца. Маёр (1939), Герой Сав. Саюза (1938). Устанавіла 5 міжнар. авіяц. рэкордаў для жанчын. Разам з М.​Расковай і Грызадубавай на самалёце «Радзіма» здзейсніла беспасадачны пералёт Масква — Д. Усход (1938). Загінула пры выкананні службовых абавязкаў.

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЧКА, кіка,

старажытны рус. галаўны ўбор замужніх жанчын пераважна паўд. губерняў (Тульскай, Разанскай, Калужскай, Арлоўскай і інш.). Закрывала валасы і спераду мела цвёрдую частку (устаўлялі бяросту, дошчачку і інш.) у форме рагоў, лапаткі, капыціка і інш. Ззаду К. надзявалі «пазатылень» з бісеру, зверху сароку з вышытай тканіны. У пач. 20 ст. выйшла з ужытку.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЧЫК (Mencik, Menchik) Вера (16.2.1906, Масква — 27.6.1944), англійская спартсменка (шахматы). Па нацыянальнасці чэшка. З 1921 у Вялікабрытаніі. Чэмпіёнка Вялікабрытаніі сярод дзяўчат (1926—1927). Першая ў гісторыі шахмат чэмпіёнка свету сярод жанчын (1927), абараніла тытул чэмпіёнкі свету ў 1930, 1931, 1933, 1935, 1937, 1939. Удзельнічала ў мужчынскіх турнірах, была іх пераможцам у 1927, 1928, 1931.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)