ПЯТРО́Ў (Ілія) (9.6.1903, г. Разград, Балгарыя — 1975),
балгарскі жывапісец і графік. Нар.маст. Балгарыі (1963). Герой Сац. Працы (1967). Акад. Балгарскай АН. Вучыўся ў АМ у Сафіі (1921—26; з 1941 яе праф.) і Мюнхене (з 1926). Творы вызначаюцца суровай экспрэсіяй вобразаў, лаканізмам кампазіцыі, стрыманасцю і напружанасцю каларыту: партрэты жанчыны (1941) і дзіцяці (1942), карціны «Партызаны ў дзеянні» (1947), «Гітарыст» (1951), «Мастак» (1952), «Расстрэл» (1954), «Салдацкі бунт каля Добрага-Поля ў 1818 г.» (1956—58), «Партызанская песня» (1959), серыя малюнкаў «Выпрабаванні» (1938), цыкл гравюр, прысвечаных Вераснёўскаму паўстанню 1923 у Балгарыі і грамадз. вайне ў Іспаніі (1936—39) і інш. Аўтар манум. размалёўкі «Дзевятае верасня» ў кінатэатры «Дзімітр Благоеў» у Сафіі (1947). Працаваў таксама як скульптар. Дзмітраўская прэмія 1953, 1961, 1971.
Літ.:
Божков А. Илия Петров. София, 1972.
І.Я.Пятроў.І.Пятроў. Беспрацоўныя. З серыі «Выпрабаванні». 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАСКО́П (грэч. hōroskopos літар. які назірае час),
табліца ўзаемнага размяшчэння планет і зорак на пэўны момент часу для зададзенага месца. Па гараскопе робяцца спробы прадказваць лёс чалавека, рысы яго характару, здароўе, кар’еру і інш. Гараскоп складаюць на канкрэтнага чалавека (індывідуальны), на дзяржаву, горад, прадпрыемства (мунданны), на пачатак якой-н. дзейнасці ці каб атрымаць адказ на пэўнае пытанне (характарны), на які-н. перыяд жыцця чалавека (салярны, планетарны, звязаны з Месяцам і інш.).
Першыя гараскопы складалі ў Вавілоне ў 5 ст. да н.э. Прадказанні першапачаткова мелі агульны характар. Удасканаленне гараскопа вяло да большай канкрэтызацыі. Цікавасць да складання гараскопа патрабавала добрага ведання астраноміі і стымулявала яе развіццё. Гараскоп змяшчае камбінацыю вял. колькасці элементаў (знакаў задыяка, нябесных дамоў, планет, зорак і інш.), якія знаходзяцца ў неперарыўным руху і, зафіксаваныя ў пэўны момант часу, даюць своеасаблівую матрыцу, што даследуецца астролагамі. Гл. таксама Астралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕСК,
у старажытнабеларускай міфалогіі злы волат-чараўнік. Паводле падання, ён выйшаў з лесу да безыменнай ракі і застаўся тут жыць. М. запрудзіў раку вялізнымі валунамі, пабудаваў з іх вадзяны млын і прымусіў навакольных жыхароў малоць збожжа толькі на гэтым млыне. Тых, хто адмовіўся, М. забіў, а ўсім астатнім пачаў малоць збожжа разам з камянямі і людскімі душамі. Тых, хто не мог заплаціць грошы за памол, ён пакідаў у сябе работнікамі. Калі работнікі гублялі сілы ад цяжкай працы, М. позіркам ператвараў іх у камяні. Разам з сябрамі і дружынай М. бязлітасна рабаваў наваколле. Людзі паклікалі на дапамогу добрага чараўніка. Той позіркам ператварыў М. ў малога хлопчыка, які знік назаўсёды, разбурыў млын і запруду. На месцы, дзе жыў М., узнікла паселішча (пазней горад) і ад імя гэтага волата атрымала назву Менеск, якая ў далейшым трансфармавалася ў Менск (сучасны Мінск).
Літ.:
Міншчына: Назвы насел. пунктаў паводле легендаў і паданняў. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў 1803—1918. Адкрыта на месцы Мінскай губ. школы (створана ў 1773 з Мінскага езуіцкага калегіума). Напачатку 6-класная, з 1804 7-класная. З 1833 выпускнікі гімназіі атрымалі права на 14-ы чын (пры ўмове добрага ведання рус. мовы і славеснасці). У 1834 атрымала агульнаімперскі статут 1828. У 1863 і 1871 рэарганізоўвалася. У пач. 20 ст. ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і ахвяраванняў. Выкладаліся: рус. мова і славеснасць, латынь, ням. і франц. мовы, гісторыя, філасофія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка і інш. Сярод выхаванцаў Я.Лучына і Ядвігін Ш. Выкладчыкі — выпускнікі ун-таў, духоўных акадэміі і семінарыі, настаўніцкіх ін-таў, кансерваторыі. Пры гімназіі дзейнічала царква, царк. і свецкі хары, змешаны і духавы аркестры, фіз., прыродазнаўчы і мінералагічны кабінеты (у 1842—62 дзейнічаў шляхетны пансіён). У 1915—690 навучэнцаў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.
Літ.:
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДАНІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі, тэарэт. асновай якога з’яўляецца філас.-сацыялагічная канцэпцыя франц. філосафа П.Прудона. Для П. характэрны вульгарная інтэрпрэтацыя гегелеўскай дыялектыкі і звядзенне яе да тэзы аб наяўнасці ў кожным прадмеце ці з’яве добрага і дрэннага; тлумачэнне развіцця грамадства барацьбой ідэй; сцвярджэнне магчымасці вырашэння грамадскіх супярэчнасцей шляхам ураўнаважання дзеючых у грамадстве сац. сіл. Эканам. пасылкі П. ўключаюць; асуджэнне буйной капіталіст. уласнасці, абарону дробнай прыватнай уласнасці, адмаўленне грашовай сістэмы, ідэю аб арганізацыі «справядлівага абмену» паміж асобнымі таваравытворцамі. Для П. характэрны некат. анархісцкія тэндэнцыі: адмаўленне дэмакратыі, нігілістычныя адносіны да паліт. партый, пропаведзь ліквідацыі дзяржавы і замены яе федэрацыяй супольнасцей вытворцаў. Паліт. праграма П грунтавалася на палажэннях аб ажыццяўленні сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам і паступовым рэфармаванні грамадства, неабходнасці рэалізацыі ідэі сац. справядлівасці і маральнага ўдасканалення асобы. Прадстаўнікі П. адмоўна ставіліся да ўдзелу жанчын у прамысл. працы і грамадскім жыцці. Некаторыя палажэнні П. выкарыстаны прадстаўнікамі анархізму (М.А.Бакунін), сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн), а яго антыдэмакр. ідэі знайшлі адбітак у ідэалогіі фаш. рухаў у Італіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Лац. Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЭНЦЭ́ЦІ (Lorenzetti),
італьянскія жывапісцы, браты; прадстаўнікі Сіенскай школы жывапісу.
П’етра Л. (каля 1280, г. Сіена, Італія — 1348?). Зазнаў уплывы Дуча ды Буанінсенья, Джота ды Бандоне, Дж.Пізана. Творы вызначаюцца імкненнем да жыццёвай пластычнасці форм, адухоўленасці вобразаў, трагічным пафасам і манументальнасцю выяў. У кампазіцыйнай пабудове выкарыстоўваў арх. матывы ў лінейнай перспектыве. Сярод твораў: паліпціхі «Мадонна з немаўлём і святымі» ў царкве П’еве ды Санта-Марыя ў Арэца (1320) і «Гісторыя блажэннай Умільты» (пасля 1332), трыпціх з алтарнай карцінай «Нараджэнне Марыі» (1342), фрэскі «Страсці Хрыстовы» ў Ніжняй царкве базілікі Сан-Франчэска ў Асізі (1325—29 і пасля 1340) і інш.
Амброджа Л. (?—1348). Зазнаў уплыў фларэнційскага мастацтва Протарэнесансу, вывучаў ант. скульптуру, праблематыку перспектывы. У манум. кампазіцыях спалучаў алегарычнасць сюжэтаў з карцінамі гар. і сялянскага побыту, велічнай пейзажнай панарамай. Сярод твораў: «Мадонна з немаўлём» з царквы Сант-Анджэла ў Віка л’Абаце каля Фларэнцыі (1319), «Мадонна на троне з немаўлём» (1330-я г.), фрэскі «Пакутніцтва францысканцаў» і «Зарок св. Людовіка Тулузскага» ў царкве Сан-Франчэска (1330—31), «Алегорыя Добрага і Кепскага кіравання і іх плады ў горадзе і вёсцы» ў Палацца Публіка (1337—39. абодва ў Сіене), алтарныя карціны «Прынясенне ў храм» (1342), «Дабравешчанне» (1344) і інш.
В.Я.Буйвал.
А.Ларэнцэці. Мадонна на троне з немаўлём. 1330-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАЦЬЕ́ (Poitiers),
горад на З Францыі, на р. Клен (бас. Луары). Адм. ц. дэпартамента В’ена і гал. горад гіст.вобл.Пуату. Каля 120 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., хім., гарбарная, харчовая. Ун-т (1432). Музеі. Руіны рым. амфітэатра, шматлікія арх. помнікі 4—18 ст., у т. л. раманскі сабор Сен-Жан са славутымі рэльефамі і саркафагамі Меравінгаў.
У старажытнасці гал. цэнтр плямён піктонаў і значны камунікацыйны вузел рым. Галіі. У 507 франкскі кароль Хлодвіг I паблізу П. разбіў вестготаў. З 6 ст. важны гасп., культ. і рэліг.цэнтр. У 732 франкскае войска на чале з Карлам Мартэлам разбіла каля П. арабаў, якія ўварваліся ў Францыю з Іспаніі, і спыніла прасоўванне іх у Еўропу. У 9—18 ст. П. — гал. горад графства і правінцыі Пуату. У 9 ст. яго шмат разоў руйнавалі нарманы. У выніку шлюбу (1152) паміж Элеанорай Аквітанскай і Генрыхам Плантагенетам П. адышоў да Англіі. У 12 ст. горад атрымаў самакіраванне. У 1204 вернуты Францыі. У 1356 каля П. ў час Стогадовай вайны 1337—1453англ. войска прынца Эдуарда Уэльскага (Чорнага прынца) перамагло франц. рыцарскае апалчэнне караля Іаана II Добрага, што выклікала Парыжскае паўстанне 1357—58 і Жакерыю. Пасля падзелу правінцыі Пуату на дэпартаменты (1790) горад страціў б. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ННАЕ МАСТА́ЦТВА, салонна-акадэмічнае мастацтва,
кансерватыўны кірунак у маст. культуры 19 — пач. 20 ст. Зарадзілася ў Францыі (дасягнула росквіту ў 1850—70-я г.), пазней пашырылася ў інш. краінах. Назву атрымала з-за яго падтрымкі з боку журы парыжскіх маст.салонаў. Агульныя прыкметы С.м.: эклектызм творчага метаду, які грунтаваўся пераважна на нормах акадэмізму 19 ст. і позняга (акад.) класіцызму, адначасова выкарыстоўваючы павярхоўна ўспрынятыя метады і прыёмы рамантызму, пазней — рэалізму і натуралізму; знешняя эфектная прыгажосць кампазіцыі і адназначнасць зместу пры развітой сюжэтнасці; прамалінейнасць трактоўкі значных тэм; фармальная завершанасць, рамесна-тэхн. віртуознасць фактуры, якая імітуе маст. майстэрства; патэтыка, экзальтацыя і ідэалізацыя вобразаў; зарыентаванасць на маст. кан’юнктуру і густ масавага гледача. У С.м. пераважалі міфалагічны і алегарычны (пераважна як падстава для адлюстравання аголенай натуры), быт. (прымітыўна-анекдатычны), гіст. (найчасцей у духу псеўдагіст. касцюмнай меладрамы) жанры, партрэт (ідэалізаваны). Агрэсіўнае непрыняцце ўсяго наватарскага ў мастацтве, імкненне навязаць сваё разуменне «добрага густу», камерцыялізацыя маст. творчасці выклікалі і адваротную рэакцыю ў буйных мастакоў 2-й пал. 19 ст. і іх. супрацьпастаўленне сваёй творчасці С.м. («Маніфест рэалізму» Г.Курбэ ў Францыі, заснаванне Т-ва перасоўных маст. выставак у Расіі і інш.). У 20 — пач. 21 ст. тэрмін «С.м.» ўжываецца таксама як агульнае вызначэнне знешняй прыгажосці і банальнасці, беззмястоўнасці твораў выяўл. мастацтва, спекулятыўнай імітацыі маст. каштоўнасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́СТВА (грэч. monachos адзінокі, пустэльнік),
лад жыцця рэліг. асобы або суполкі аднаверцаў (група, абшчына, брацтва), заснаваны на прынцыпах аскетызму (адрачэнне ад маёмасці, шлюбу, свецкіх уцех), на свядомым падпарадкаванні суровай дысцыпліне, а таксама дуалістычным супрацьпастаўленні зямнога і нябеснага, духоўнага і цялеснага, добрага і злога пачаткаў. Ідэя М. бярэ пачатак у брахманізме, будызме, егіпецкім кульце Серапіса і інш. у сярэдзіне 1-га тыс. да н.э., але адметнае ўвасабленне назіраецца ў хрысціянстве, дзе выпадкі манаскага служэння пачаліся ў 2 ст.н.э. Шырокае распаўсюджанне хрысц. М. пачалося з 4 ст. Прынцыпы ўстрымання і самаадрачэння пераняты ад секты эсеяў; неаплатанізм узбагаціў М. ідэяй ачышчэння духа праз адмову ад цялесных асалод. На працягу стагоддзяў М., апрача рэліг., выконвала і свецкія функцыі: стварала летапісныя і літ. фонды, займалася навук. дзейнасцю, пашырала пісьменства. М. мае адметнасці ў розных канфесіях. Правасл. М. з’яўляецца наследнікам традыцый і ідэалаў першапачатковага хрысціянства. Прыняцце ў манахі суправаджаецца абрадам «пастрыжэння»: пры гэтым неафіт атрымлівае новае імя і спецыфічнае адзенне чорнага колеру (сімвал стрыманасці і смутку). Існуе іерархія М.: расафор, маласхімнік і велікасхімнік; з М. складаецца кіраўніцтва царквы — епіскапат. Каталіцкая царква пайшла па лініі стварэння ордэнаў манаскіх. Пратэстантызм не мае М. У будызме існуе інстытут М. ў выглядзе мноства буйных манастыроў (віхара). У ісламе ў межах містычнай плыні — суфізму, дзейнічаюць т.зв. тэке (манастыры, дзе жыве частка дэрвішаў).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙ ((Rej) Мікалай) (4.2.1505, мяст Жураўна каля г. Галіч, Украіна — паміж 8.9. і 4.10.1569),
польскі пісьменнік, першы з вядучых прадстаўнікоў рэнесансавай л-ры ў Польшчы. Вучыўся ў Скальбмежы, Львове, Кракаўскім ун-це (1517—19). Служыў сакратаром пры двары ваяводы А.Тэнчынскага (1525—30), дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі і стаў кальвіністам. Асеў на вёсцы, але актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выступаў на сеймах 1540—42, 1558—59, 1569. Большасць твораў напісаў на ўзор сучаснай яму замежнай л-ры, але запазычаную форму насычаў актуальным польскім зместам. Першы з буйных твораў Р. — сатыр. дыялог «Кароткая гутарка паміж трыма асобамі: Панам, Войтам і Плябанам» (1543) — звязаны з праграмай паліт. шляхецкага руху «Экзекуцыя» за ўраўнаванне шляхты ў правах з магнатамі. Пратэстанцкія перакананні Р., антыкаталіцкія і антыцаркоўныя матывы ў драме «Купец» (1549), зб. пропаведзей «Пастыла» (1557). Спробы адлюстраваць вобраз ідэальнага чалавека — у вял. (10 тыс. вершаў) дыдактычна-алегарычнай паэме «Сапраўдны паказ жыцця пачцівага чалавека» (1558) і празаічнай кнізе «Зярцала» (1568). Гэта ідэал не толькі добрага сем’яніна, ветлівага гаспадара, але і шляхціца-грамадзяніна. Аўтар зб-каў сатыр. эпіграм «Звярынец» і жартоўных вершаў, анекдотаў, баек «Забаўныя гісторыі» (абодва 1562). Мова яго твораў жывая, багатая, крыху грубаватая, блізкая да народнай.
Тв.:
Pisma wierszem. Wroclaw, 1954;
Wybór pism. 2 wyd. Warszawa. 1979.
Літ.:
Witczak T. Studia nad twórczością Mikołaja Reja. Poznań, 1975;
Podgórska T. Komizm w twórczości Micołaja Reja. Wrocław, 1981.