паняцце, якое характарызуе якасць і ўзровень развіцця рабочай сілы; сукупнасць працаўнікоў, грамадская камбінацыя індывід. рабочых сіл, якія непасрэдна ці апасродкавана ўдзельнічаюць у вытв. працэсе, ствараючы пэўныя спажывецкія вартасці. У С.р. адрозніваюць 2 бакі: па змесце ён — элемент прадукц. сіл грамадства, які гістарычна абумоўлены пэўным характарам працэсу працы (рамесным, машынным і інш.), узроўнем падзелу працы, характарам і памерам выкарыстаных сродкаў вытв-сці; па форме ўключае ў сябе сістэму вытв. адносін, у якія ўступаюць члены С.р. з уласнікам сродкаў вытв-сці. Дае магчымасць рацыянальна размяркоўваць работнікаў па вытв. і дапаможных функцыях у залежнасці ад іх здольнасцей, эканомна выкарыстоўваць іх працу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРА́НДА (англ. veranda ад інд.),
адкрытая або закрытая прыбудова да дома з боку ўваходных дзвярэй. Гістарычна развілася з ганка. З’яўляецца дадатковым гасп. памяшканнем. Часта выкарыстоўваецца як летняя кухня, часам у верандзе адгароджваецца кладоўка. На Беларусі пашырана з 19 ст. ў гарадах і мястэчках; сустракалася ў вясковым буд-ве ў заможных сялян. Найб. пашырэнне атрымала з 1920-х г. Цяпер веранды бытуюць па ўсёй Беларусі, найб. на ПдУ. Тыповыя веранды зашклёныя (памерам 10—15 м²). Некаторыя хаты маюць 2 веранды — на вуліцу і панадворак. Ніжняя частка каркаса веранды ашалёўваецца дошкамі, фарбуецца; верхняя звычайна зашклёная. Многія веранды аздоблены разьбой, вітражамі, з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва.
У.С.Гуркоў.
Веранда ў в. Галошава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНІТАФА́УНА (ад арніта... + фауна), авіфауна,
гістарычна сфарміраваная сукупнасць відаў птушак пэўнай мясцовасці, краіны або геал. перыяду. Сусветная арнітафауна аб’ядноўвае каля 8,6 тыс. відаў. На Беларусі 18 атр., каля 300 відаў і падвідаў. Найб. пашыраны вераб’інападобныя — 92 віды. Сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Эндэмікі адсутнічаюць. Мяшаная, паходзіць ад еўрапейскага (птушкі шыракалістых лясоў), сібірскага (птушкі цемнахвойных лясоў) і міжземнаморскага (птушкі хмызнякоў і адкрытых прастораў) тыпаў фаун. Найб. колькасць відаў (81) гняздуецца ў лясах, 52 віды — прыбярэжна-водныя. 224 віды гняздуюцца, 66 — мігранты або выпадкова залётныя, 9 трапляюцца толькі зімой. Паляўнічыя віды: цецярук, слонка, бакас, дупель, глушэц, рабчык, крыжанка, чыркі, шэрая курапатка і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 75 відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ШКА I (Mieszko), Мечыслаў I (каля 935—25.5.992),
першы гістарычна вядомы польскі князь (960—992); стваральнік польскай дзяржавы. З дынастыі Пястаў. Сын Земамысла. Заключыў саюз з Чэхіяй, ажаніўся з чэш. князёўнай Добравай (965) і прыняў хрысціянства ў яго зах. форме (966), даў пачатак будаўніцтву царк. арг-цыі ў Польшчы. Ваяваў з люцічамі за Памор’е (967), у 979 адбіў нападзенне на Польшчу імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Атона II. Пасля смерці Добравы (977) і распаду польска-чэш. саюза каля 990 авалодаў Сілезіяй і Малапольшчай. Пры ім аб’яднаны карэнныя польскія землі (акрамя Кракаўскай). Перад смерцю падзяліў краіну паміж Баляславам I Храбрым (сынам Добравы) і малалетнімі сынамі ад другога шлюбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́СТЫ (Piastowie),
польская княжацкая і каралеўская дынастыя. Названа ў гонар легендарнага родапачынальніка селяніна Пяста. Першы гістарычна вядомы польскі князь дынастыі П. Мешка I (960—992), нашчадкі якога займалі польскі трон. Пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дынастыя падзялілася на некалькі княжацкіх ліній. Ад Уладзіслава II пачалася сілезская лінія (згасла ў 1675), ад Мешкі III Старога — велікапольская (згасла ў 1296), ад Казіміра II Справядлівага — малапольская (згасла ў 1279), мазавецкая (згасла ў 1526) і куяўская (згасла ў 1388). У аб’яднаным Польскім каралеўстве трон заняла лінія куяўскіх князёў (Уладзіслаў I Лакетак, Казімір III Вялікі — апошні П. на польскім троне).
Літ.:
Balzer O.M. Genealogia Piastów. Kraków, 1895. Jasienica P. Polska Piastów. Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д (?—980?),
першы гістарычна вядомы полацкі князь, бацька Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапісаў, прыйшоў «з-за мора». Даследчыкі лічаць, што Р. стаў полацкім князем у 960—970-я г. ці нават у сярэдзіне 10 ст. Можна меркаваць, што ў барацьбе Ноўгарада з Кіевам Р. схіляўся на бок Кіева. Заваяваў наўгародскія воласці, за што ў 980 (паводле В.М.Тацішчава ў 975 або 980, паводле А.А.Шахматава ў 970) забіты наўгародскім кн.Уладзімірам Святаславічам разам з жонкаю і 2 сынамі. (Раальдам і Свенам).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.:(Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАІ́СТАЯ МУ́ЗЫКА,
традыцыйны нар. ансамбль з разнастайным складам муз. інструментаў, у аснове якога прынцып спалучэння трох муз. функцый: меладычнай (мелодыя), структурна-гарманічнай, ударна-метрычнай. Бел.нар. назвы «капэла», «настаяшчая музыка» (Паазер’е), «кампанія», «вясёлыя». Гістарычна ў складзе ансамбляў 2 скрыпкі, басэтля; скрыпка, гармонік, бубен або 2 скрыпкі, цымбалы, бубен; а таксама разнастайныя варыянты з іх. У пач. 20 ст. склад ансамбля дапоўніўся гармонікам, кларнетам, трубой, пазней баянам і акардэонам, якія неслі лакальныя традыцыі пэўнага рэгіёна. У рэпертуары звычайна нар. песні, танцы, маршы (на вяселлях, вечарынках і інш. урачыстасцях) і інш. Пашыраны таксама на Украіне, у Польшчы.
Літ.:
Скорабагатчанка А.В. Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФАРМА́ЦЫІ КАПІТАЛІ́ЗМУ ТЭОРЫІ,
канцэпцыі эвалюцыйнага пераўтварэння капіталізму пад уздзеяннем навук.-тэхн. рэвалюцыі. У адрозненне ад тэорый неакапіталізму, якія зыходзяць з магчымасці пераадолення ўнутр. супярэчнасцей капіталіст. грамадства, Т.к.т. абвяшчаюць часовы, гістарычна мінучы характар капіталізму, які ў выніку сац.-эканам. развіцця і навук.-тэхн. прагрэсу павінен пераўтварыцца ў больш дасканалую сац., эканам. і паліт. сістэму. Вытокі Т.к.т. у тэорыях 2-й пал. 19 ст.дзярж. і муніцыпальнага сацыялізму. Шырокае распаўсюджанне ў сацыялогіі і эканоміцы Т.к.т. атрымалі з 1930-х г. Да іх адносяцца тэорыі: індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, грамадства дастатку (Дж.К.Голбрэйт), дзяржавы ўсеагульнага багацця (К.Боўлдынг, А.Хансен), пенсіённа-фондавага сацыялізму (П.Друкер), суперіндустрыяльнага, посткапіталіст., праграмавальнага, шматмернага грамадства, стагоддзя высокага масавага спажывання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЕ ПРА́ВА,
у шэрагу краін (Францыі, Германіі, Японіі і інш.) самастойная частка цывільнага права, якая рэгулюе адносіны ў сферы гандл. абароту. Гістарычна склалася ў сярэдневяковай Італіі ў сувязі з развіццём міжнар. гандлю ў Міжземнамор’і як купецкае права. Першапачатковай яго крыніцай былі статуты гарадоў і купецкіх гільдый, што змяшчалі правілы пра сухапутны і марскі гандаль, гандл. звычаі. У далейшым гандлёвае права набыло агульны характар і было кадыфікавана. Акрамя еўрап. краін пашырылася ў многіх краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Некат. дзяржавы (у т. л. Італія) уніфікавалі цывільнае і гандлёвае права — выдалі адзіны кадыфікацыйны акт. У краінах, дзе гандлёвае права існуе як самаст. галіна, яно рэгламентуе парадак арганізацыі, дзейнасць і спыненне гандл. т-ваў, пытанні іх рэгістрацыі, вядзенне дакументацыі, прадстаўніцтва, гандл. здзелкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ закон павелічэння энтрапіі, адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле Д.з.т. ў замкнёнай (ізаляванай у цеплавым і мех. сэнсе) сістэме энтрапія S сістэмы застаецца нязменнай (пры абарачальных, раўнаважных працэсах) або павялічваецца (пры неабарачальных працэсах) і ў стане раўнавагі дасягае максімуму(∆S ≥ 0).
Гістарычна Д.з.т. ўзнік з аналізу работы цеплавых машын у працах С.Карно (1824). Першую фармулёўку закона даў Р.Клаўзіус (1850): немагчымы пераход цеплыні ад цела больш халоднага да цела больш нагрэтага без якіх-н. інш. змен у тэрмадынамічнай сістэме ці навакольным асяроддзі (іншыя фармулёўкі эквівалентныя). Д.з.т. ў тэрмадынамічным сэнсе азначае, што ўсе рэальныя макраскапічныя працэсы неабарачальныя, а ў імавернасна-статыстычным сэнсе, — што найб. імаверным станам сістэмы з’яўляецца яе раўнаважны стан. Гл. таксама Больцмана прынцып, Неабарачальныя працэсы.