грашовая сістэма, пры якой адзін метал з’яўляецца ўсеагульным эквівалентам і асновай грашовага абарачэння. У залежнасці ад таго, які метал адыгрывае гэтую ролю, М. можа быць медны, сярэбраны, залаты. Пры залатым М. побач с залатымі манетамі, якія з’яўляюцца асновай абарачэння, валодаюць неабмежаванай плацежнай сілай і ў адносінах да іх дзейнічае сістэма свабоднай чаканкі, абарачаюцца таксама медныя і сярэбраныя манеты, крэдытныя і папяровыя грошы, што падлягаюць свабоднаму абмену на золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОПШ ((Dopsch) Альфонс) (14.6.1868, г. Ловасіцы, Чэхія — 1.9.1953),
аўстрыйскі гісторык. Праф. Венскага ун-та (1900—38). Аўтар прац «Эканамічнае развіццё ў эпоху Каралінгаў, галоўным чынам у Германіі» (т. 1—2, 1912—13), «Эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнага развіцця Еўропы ад часоў Цэзара да Карла Вялікага» (т. 1—2, 1918—20), «Натуральная гаспадарка і грашовая эканоміка ў сусветнай гісторыі» (1930), «Улада і селянін у часы Германскай імперыі» (1939) і інш., у якіх сцвярджаў бесперапыннасць гіст. працэсу ад антычнасці да сярэдневякоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШЧЫНСКІ СКАРБ,
грашова-рэчавы скарб, знойдзены ў 1979 у час даследавання крапасной сцяны гарадзішча Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Ухаваны ў 2-й пал. 12 — 1-й трэці 13 ст. Рэчавая частка скарба прадстаўлена жаночымі ўпрыгожаннямі з высакапробнага серабра (фрагменты караляў з авальных пацерак і крынападобных падвесак, залачоныя з выявамі птушак, 6-прамянёвы і з ажурным беражком колты, адна- і двухстворкавы пласціністыя залачоныя бранзалеты і інш.), грашовая складалася з сярэбраных 2 наўгародскіх, 8 літоўскіх, 6 кіеўскіх зліткаў-грыўняў і 2 палцін. Зберагаецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́Г, заклад,
1) у цывільным праве спосаб забеспячэння абавязацельстваў, які заключаецца ў перадачы даўжніком крэдытору грошай або інш. матэрыяльнай каштоўнасці, з вартасці якой крэдытор мае пераважнае права задаволіць сваё патрабаванне пры невыкананні даўжніком абавязацельства.
2) У крымін. працэсе шэрагу краін (у т. л. Расіі) — мера стрымання, што заключаецца ў грошах або каштоўнасцях, якія ўносяцца абвінавачаным (падазроным) у дэпазіт суда для забеспячэння яго яўкі да следчага, пракурора або ў суд. У выпадку ўхілення ад яўкі ўнесены З. спаганяецца ў даход дзяржавы.
3) З. выбарчы — у некаторых краінах (Вялікабрытанія, Францыя) грашовая сума, што абавязаны ўнесці кандыдат у дэпутаты прадстаўнічага органа пры рэгістрацыі сваёй кандыдатуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮ́ДДЗЕ,
«хаджэнне па людзях», 1) аб’езд князем і яго дружынай падуладных зямель і плямён Кіеўскай Русі дзеля збору даніны. Вядома з 10 ст. Адбывалася ўвосень або зімою, неакрэсленасць памеру даніны прыводзіла да вял. злоўжыванняў, за адно з якіх у 945 у час П. драўляне забілі кн.Ігара. Удава Ігара кн.Вольга ўпершыню вызначыла памер даніны і месцы яе збору — пагосты.
2) Назва даніны. У 12 ст. ў Наўгародскай, Полацкай і Смаленскай землях П. — грашовая павіннасць, якую збіраў князь ці феадал. У ВКЛ у 15—16 ст. П. — даніна ў форме падарункаў ад насельніцтва намеснікам або княжацкім старастам пры аб’ездзе імі валасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАЗІ́Т (ад лац. depositum рэч, аддадзеная на захаванне),
1) грашовыя сродкі або каштоўныя паперы, якія змяшчаюцца для захавання ў крэдытныя ўстановы. Тэрміновы Д. належыць вяртанню па сканчэнні пэўнага тэрміну, бестэрміновы — па першым патрабаванні ўкладчыка. Дакументам, які сведчыць аб дэпаніраванні грашовых сродкаў у крэдытнай установе юрыд. асобай, з’яўляецца дэпазітны сертыфікат.
2) Грашовая сума або каштоўныя паперы, якія ўносяцца даўжніком у суд. ўстановы для перадачы крэдытору (напр., у забеспячэнне іску) і адм. ўстановы (напр., узнос у натарыяльную кантору кватэрнай платы ў выпадку спрэчкі аб яе памеры).
3) Сума грошай, якая ўяўляе сабой абумоўленую частку агульнай вартасці ф’ючэрснага кантракта (гл. ў арт.Ф’ючэрс) або цвёрдую суму, якая павінна быць аплачана членам біржы разліковай палаты, а кліентамі — брокеру, калі кантракт рэгіструецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТАЧНАЯ СІСТЭ́МА забеспячэння насельніцтва, форма прамога рэгулявання забеспячэння насельніцтва шляхам устанаўлення нарміраванага водпуску тавараў па картках. Упершыню ўведзена ў Парыжы ў 1793 у час франц. рэвалюцыі. Пашыранай была ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18 (у агульнадзярж. маштабе яе выкарыстала Германія, у Расіі была ўведзена мясц.гар. ўправамі ў пач. 1916). У Сав. Расіі існавала ў 1918—21, у СССР у 1928—36, у гады Вял.Айч. вайны і ў часы пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі. У снежні 1947 у СССР была праведзена грашовая рэформа і адменены карткі на харч. і прамысл. тавары. З канца 1980-х у СССР, у 1990-х гг. у некаторых рэгіёнах Беларусі ўжываліся элементы К.с.: водпуск харч. тавараў па картках (талонах) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВАЕ АБАРАЧЭ́ННЕ,
бесперапынны рух грошай у наяўнай і безнаяўнай формах, звязаны з кругаваротам тавараў, а таксама нетаварнымі плацяжамі і разлікамі ў гаспадарцы. Агульны закон грашовага абарачэння — закон колькасці неабходных для абарачэння грошай, які дзейнічае пры ўсіх спосабах вытв-сці, дзе існуе таварнае і грашовае абарачэнне, і пры любых грашовых сістэмах. Ён выяўляе сувязь такіх паказчыкаў, як грашовая маса, сума цэн тавараў і паслуг, крэдыт, плацяжы, якія ўзаемна пагашаюцца, хуткасць грашовага абарачэння. Важная характарыстыка грашовага абарачэння — устойлівасць, адно з праяўленняў якой — стабільнасць усіх відаў цэн і тарыфаў. Значная частка плацежнага абароту ў прамыслова развітых краінах прыпадае на фін. аперацыі з рознымі відамі каштоўных папер, пазыковыя аперацыі, падатковыя плацяжы і інш.фін. здзелкі. Большая частка грашовага абарачэння ажыццяўляецца ў безнаяўнай форме, што звязана з рэзкім павелічэннем аб’ёму плацежна-разліковых аперацый. Наяўнае грашовае абарачэнне вагаецца ў розных краінах і складае ад 10 да 20% унутр. грашовага абароту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІМЕТАЛІ́ЗМ,
грашовая сістэма, пры якой за двума металамі — золатам і серабром — заканадаўча замацавана роля ўсеагульнага грашовага эквіваленту. Манеты з гэтых металаў выконвалі ўсе функцыі грошай і нараўне ўдзельнічалі ў абарачэнні. Існавалі 2 разнавіднасці біметалізму: сістэма паралельнай валюты (вартасныя суадносіны паміж золатам і серабром устанаўліваліся стыхійна ў адпаведнасці з іх рыначнай вартасцю) і сістэма адной валюты (вызначаўся парытэт паміж серабром і золатам).
Біметалізм узнік у сярэднявеччы і быў найб. пашыраны ў Зах. Еўропе ў 16—19 ст., калі з развіццём капіталізму павялічваўся попыт на золата і серабро. Сістэма двайной валюты існавала ў ЗША з канца 18 ст. да 1873, у Францыі — з пач. 19 ст. Ва ўмовах біметалізму папяровыя грошы свабодна абменьваліся на золата і серабро, таму валютны запас краін складаўся з 2 гэтых металаў. Аднак біметалізм не адпавядаў патрэбам развітой таварнай гаспадаркі і супярэчыў самой прыродзе грошай як адзінага тавару, прызначанага выконваць ролю ўсеагульнага эквіваленту. Таму быў ажыццёўлены пераход ад залатога монаметалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКСНЫ МЕ́ТАДу статыстыцы,
сукупнасць спосабаў і прыёмаў статыстычнай навукі, заснаваных на пабудове і аналізе індэксаў, якія дазваляюць сувымяраць складаныя сац.-эканам. з’явы. Спецыфіка І.м. ў тым, што колькасна непараўнальныя велічыні ў індэксе прыводзяцца да адзінства, якое робіць іх параўнальнымі, сувымернымі. Такім адзінствам з’яўляецца грашовая ацэнка (вартасць) несувымерных элементаў з’явы. Так, колькасць рознай прадукцыі (яе відаў) можа быць прыведзена да сувымернага выгляду з дапамогай цэн (памнажэннем аб’ёму прадукцыі на цану яе адзінкі), што дае магчымасць улічваць змяненне толькі дадзенай з’явы, звязанай з ім. У гэтым выпадку ў якасці сувымерніка выступае вартасць сукупнасці рэчаў. У ролі сувымерніка пры пабудове індэксаў выступаюць выдаткі працы (працоўныя адзінкі вымярэння) на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і інш. І.м. шырока выкарыстоўваецца пры вывучэнні дынамікі з’явы, для супастаўлення ў прасторы (пры параўнанні ўзроўняў сац.эканам. з’яў па тэрыторыі — вобласці, краю, рэспублікі) і ў інш. выпадках; ён дазваляе вылучаць і вымяраць уплыў фактараў на змяненне вывучаемай з’явы, у прыватнасці на змяненне яе структуры.