БЕ́ЙТС ((Bates) Генры Уолтэр) (8.2.1825, г. Лестэр, Вялікабрытанія — 16.2.1892),

англійскі прыродазнавец і падарожнік. У 1848—58 разам з А.Р.Уолесам у Бразіліі сабраў калекцыю насякомых — больш за 14,7 тыс. відаў, у т. л. 800 раней невядомых навуцы. Адкрыў і растлумачыў з’яву мімікрыі ў матылёў даліны р. Амазонка (1862). Выпадак падабенства ядомага насякомага да неядомага наз. бейцаўскай мімікрыяй. Чл. Каралеўскага геагр. т-ва (з 1881).

Тв.:

Рус. пер. — Натуралист на реке Амазонке. М., 1958.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́РЫ ((Carey) Генры Чарлз) (15.12.1793—13.10.1879),

амерыканскі эканаміст, адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Выступаў супраць эканам. лібералізму, абгрунтоўваў неабходнасць ажыццяўлення палітыкі пратэкцыянізму, якая забяспечвае магчымасць кожнай краіне дасягнуць эканам. самадастатковасці. Лічыў, што законы прыроды ў стане забяспечваць пастаянны эканам. прагрэс і што паліт. эканомія павінна вывучаць адносіны чалавека да прыроды. Адмаўляў тэорыю вартасці і тэорыю рэнты Д.​Рыкарда, атаясамліваў рэнту з працэнтамі на ўкладзены капітал. Асн. працы: «Прынцыпы палітычнай эканоміі» (т. 1—3, 1837—40), «Гармонія інтарэсаў...» (1851).

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НДАЛ ((Kendall) Генры Уэй) (9.12.1926, г. Бостан, ЗША — 15.2.1999),

амерыканскі фізік і грамадскі дзеяч. Чл. Нац. АН ЗША (1992). З 1961 у Масачусецкім тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій. Даследаваў глыбоканяпругкае рассеянне электронаў на пратонах, дэйтронах і цяжкіх ядрах. Эксперыментальна пацвердзіў існаванне кваркаў (1968). Зрабіў значны уклад у развіццё сістэм кантролю за распаўсюджваннем узбраенняў і тэхнагенным уздзеяннем на прыроду і здароўе чалавека. Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Дж.Фрыдманам, Р.Тэйларам).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 8, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКЛЬ ((Buckle) Генры Томас) (24.11.1821, Лі, графства Кент, Вялікабрытанія — 29.5.1862),

англійскі гісторык, сацыёлаг-пазітывіст. Прадстаўнік геагр. школы ў сацыялогіі. У асн. працы «Гісторыя цывілізацыі ў Англіі» (т. 1—2, 1857—61) крытыкаваў тэалагічную трактоўку гісторыі. Ставіў сваёй задачай адкрыць заканамернасці гіст. працэсу і паказаць іх дзеянне на прыкладзе шэрагу краін. Гал. фактарам гіст. развіцця лічыў разумовы прагрэс; асаблівасці гіст. развіцця розных народаў, тлумачыў уплывам геагр. асяроддзя, пераважна ландшафту.

Тв.:

Рус. пер. — Этюды. СПб., 1867;

Влияние женщин на успехи знания. 4 изд. СПб., 1900.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ВЕНДЫШ ((Cavendish) Генры) (10.10.1731, г. Ніцца, Францыя — 24.2.1810),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1760). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1753). Навук. працы па хіміі і эксперым. фізіцы. Атрымаў у чыстым выглядзе вадарод (1766), вызначыў колькасць кіслароду ў паветры (1781) і хім. састаў вады (1784). Пры вывучэнні ўзаемадзеяння эл. зарадаў практычна прадугадаў Кулона закон (1771). Вызначыў гравітацыйную пастаянную, масу і сярэднюю шчыльнасць Зямлі (1798). У гонар К. названа Кавендышская лабараторыя.

Літ.:

Льоции М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БРАХАМС ((Abrahams) Пітэр Генры) (н. 19.3.1919, Врэдэдарп каля Іаганесбурга, ПАР),

пісьменнік Паўд.-Афрыканскай Рэспублікі. Піша на англ. мове. Літ. дзейнасць пачаў у 1942. У творах закранае сац., паліт. і нац. праблемы краін афрыканскага кантынента. Аўтар раманаў «Шахцёр» (1945), «Сцежкаю грому» (1948; па гэтым рамане Бел. тэатр оперы і балета паставіў балет, муз. К.​Караева, 1960), «Дзікі захоп» (1950), «Вянок для Удома» (1956; на бел. мову пераклаў С.​Дорскі, 1959), «Ноч належыць ім» (1965), «Наш востраў сёння» (1966).

Тв.:

Рус. пер. — Горняк;

Венок Майклу Удомо. М., 1988.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЙЛ ((Dale) Генры Халет) (5.6.1875, Лондан — 22.7.1968),

англійскі фізіёлаг і фармаколаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1914). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1898). З 1914 у Нац. ін-це мед. даследаванняў у Лондане (з 1928 дырэктар), у 1940—45 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва, у 1942—46 дырэктар Каралеўскага ін-та Вялікабрытаніі (адначасова ў 1939—59 праф. фізіялогіі Лонданскага ун-та). Навук. працы па вызначэнні механізмаў перадачы нерв. імпульсу. Даследаваў хім. прыроду перадачы нерв. імпульсу праз сінапсы і ролю ў ёй ацэтылхаліну. Нобелеўская прэмія 1936 (разам з О.Лёві).

Г.Дэйл.

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КСЛІ, Хакслі (Huxley) Томас Генры (4.5.1825, г. Ілінг, каля Лондана — 29.6.1895), англійскі біёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1864). Па адукацыі ўрач. Паплечнік Ч.​Дарвіна і прапагандыст яго вучэння. Праф. Каралеўскай горнай школы (1854—95), сакратар (1871—80) і прэзідэнт (1883—85) Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па заалогіі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, антрапалогіі і эвалюцыйнай тэорыі. Распрацоўваў таксама пытанні геалогіі. Параўнальна-анатамічнымі даследаваннямі даказаў марфал. блізкасць чалавека і вышэйшых малпаў, птушак і паўзуноў, медуз і паліпаў. Развіў і абгрунтаваў палажэнне пра адзінства будовы чэрапа пазваночных жывёл.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. inductio навядзенне), фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці эл. ланцуга. Адрозніваюць І. статычную Lст = Φ/I, дзе Φ — магнітны паток, счэплены з контурам, па якім працякае ток I, і дынамічную Lg = lim ΔI0 ΔΦ / ΔI = dΦ / dI .

І. залежыць ад памераў і канфігурацыі праваднікоў эл. ланцуга, ад магн. пранікальнасці праваднікоў і навакольнага асяроддзя. Пры адсутнасці ферамагнетыкаў і дэфармацый элементаў ланцуга І. не залежыць ад сілы току. Адзінка І. ў СІгенры (Гн). Гл. таксама Індуктыўнасці шпуля, Самаіндукцыя.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЗЛІ ((Moseley) Генры Гвін Джэфрыс) (23.9.1887, г. Уэймут, Вялікабрытанія — 10.8.1915),

англійскі фізік, адзін з заснавальнікаў рэнтгенаўскай спектраскапіі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1910—14 у Манчэстэрскім, потым у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па радыеактыўнасці, бэта-, гама- і рэнтгенаўскай спектраскапіі. Вызначыў даўжыні хваль рэнтгенаўскіх прамянёў, прадказаў рэнтгенаўскія спектры некаторых элементаў. Выявіў сувязь паміж частатой характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення і атамным нумарам хім. элемента (гл. Мозлі закон). Загінуў у час 1-й сусв. вайны.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 378—379.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)