Генератар пераменнага току 3/468; 4/88; 8/383 (іл.), 384
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНХРО́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,
асінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме (першасны рухавік круціць ротар у адным напрамку з магнітным полем, але з большай частатой). Асінхронныя генератары выкарыстоўваюцца ў асноўным як дапаможныя крыніцы эл. току невял. магутнасці і як тармазныя прыстасаванні ў электрапрыводзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератарэл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРО́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,
электрычная сінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме. Мех. энергія, якая пераўтвараецца С.г. у энергію пераменнага току, падаецца на ротар ад першаснага рухавіка — турбіны, рухавіка ўнутр. згарання і інш. С.г. з прыводам ад паравой або газавай турбіны наз.турбагенератарам, з прыводам ад гідраўл. турбіны — гідрагенератарам. Генератары дызельных электрастанцый прыводзяцца ў дзеянне дызельным рухавіком. Адрозніваюць 1- і 3-фазныя С.г. агульнапрамысл. і спец. прызначэння. Магутнасць да 1 ГВт і вышэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
крыніца эл.-магн. хваль, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні з’явы вымушанага выпрамянення. К.г., што працуюць у радыёдыяпазоне спектра, наз.мазерамі, у аптычным дыяпазоне (інфрачырвоным, бачным, ультрафіялетавым) — лазерамі. Выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, тэхнікі, медыцыны.
Асн элементы К.г.: актыўнае рэчыва, крыніца ўзбуджэння (пампоўка) і аб’ёмны рэзанатар. Пампоўка, якая ажыццяўляецца аптычнымі, эл. і хім. метадамі, пераводзіць актыўнае рэчыва ў інверсны стан (гл.Інверсія ў фізіцы), і яно набывае ўласцівасць узмацняць эл.-магн. выпрамяненне. Рэзанатар служыць для ўтварэння дадатнай адваротнай сувязі: частка выпрамянення з дапамогай люстэркаў вяртаецца ў актыўнае рэчыва і там зноў узмацняецца. Калі сярэдні каэфіцыент узмацнення перавышае сярэдні каэфіцыент страт рэзанатара, то ў сістэме ўзнікае генерацыя выпрамянення (напр., лазерны прамень), для якога характэрны высокая накіраванасць, кагерэнтнасць і ў большасці выпадкаў высокая монахраматычнасць. Радыяцыя К.г. можа быць неперарыўнай або ў выглядзе імпульсаў кароткай і звышкароткай (да некалькіх фемтасекунд) і адпаведна звышвялікай магутнасці (да некалькіх гігават і больш). У многіх выпадках рэжым генерацыі стацыянарны. У якасці актыўных асяроддзяў К.г. выкарыстоўваюць цвёрдыя целы (рубін, паўправаднікі), вадкасці (растворы арган. злучэнняў), газы (гл.Газавы лазер). Гл. таксама Малекулярны генератар.
Літ.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАГІДРАДЫНАМІ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР, МГД-генератар,
электрычная ўстаноўка, якая непасрэдна пераўтварае энергію рабочага цела ў электрычную. Прынцып дзеяння заключаецца ў тым, што пры руху рабочага цела — электраправоднага асяроддзя (вадкага або газападобнага электраліту, вадкага металу, іанізаваных газаў — плазмы) упоперак магн. поля ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў рабочым целе індуцыруецца эл. ток, які адводзіцца ў эл. ланцуг. Ідэя М.г. выказана М.Фарадэем у 1831, прынцыпы пабудовы сфармуляваны ў 1907—22, практычная рэалізацыя пачалася ў канцы 1950-х г. з развіццём магнітнай гідрадынамікі і фізікі плазмы. Найб. значныя распрацоўкі МГД-генератараў і МГД-электрастанцый выкананы ў Ін-це высокіх т-рРас.АН.
М.г. складаецца з канала (з саплом, рабочай ч., дыфузарам), у якім фарміруецца паток плазмы, індуктара, што стварае стацыянарнае або пераменнае — бягучае магн. поле, і сістэмы зняцця энергіі з дапамогай электродаў (кандукцыйныя М.г.) або індуктыўнай сувязі патоку з ланцугом нагрузкі (індукцыйныя М.г.). Плазмай з’яўляюцца прадукты згарання прыродных або спец. паліваў з дабаўкамі злучэнняў шчолачных металаў (павялічваюць эл. праводнасць плазмы). Адрозніваюць М.г. імпульсныя (даюць імпульсы току працягласцю да некалькіх мікрасекунд), кароткачасовага дзеяння і тыя, што працуюць працягла. Могуць выкарыстоўвацца на эл. станцыях (у т. л. на АЭС), ва ўстаноўках для пакрыцця пікавых нагрузак і рэзервовых, для сілкавання суднаў, лятальных апаратаў і інш.
У.Л.Драгун.
Схема дыскавага холаўскага магнітагідрадынамічнага генератара: 1 — абмотка індуктара; 2 — канал генератара; 3 — падвод рабочага цела; 4, 5 — выхадны і ўваходны холаўскія электроды; R — супраціўленне нагрузкі; u — скорасць; B — магнітная індукцыя; Iф — фарадэеўская кампанента току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСКА́ДНЫ ГЕНЕРА́ТАР,
прылада, якая пераўтварае нізкае пераменнае напружанне ў высокае пастаяннае напружанне. У асобных каскадах пераменнае напружанне выпрамляецца, а выпрамленыя напружанні ўключаюцца паслядоўна. Выкарыстоўваецца ў высакавольтных паскаральніках вял. магутнасці, электратэхніцы, рэнтгенаўскай апаратуры, электроннай мікраскапіі і інш.
Бываюць з паслядоўным і паралельным сілкаваннем, несіметрычныя і сіметрычныя. Колькасць каскадаў абмяжоўваецца падзеннем напружання пад нагрузкай. Сувязь каскадаў з крыніцай сілкавання ажыццяўляецца з дапамогай ёмістасцей або ўзаемнай індукцыі. Сярод ёмістасных генератараў з паслядоўным сілкаваннем найб. пашыраныя К.г. Кокрафта — Уолтана (распрацаваны англ. вучонымі Дж.Кокрафтам і Э.Уолтанам у 1932).
Схемы каскадных генератараў на ёмістасцях: а — з паслядоўным сілкаваннем (C — ёмістасці; B — электрычныя вентылі); б — з паралельным сілкаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН-ДЭ-ГРА́АФА ГЕНЕРА́ТАР,
электрастатычны генератар пастаяннага высокага напружання (да 20 МВ) з гнуткім транспарцёрам з дыэлектрычнай стужкі. Выкарыстоўваецца ў лінейных паскаральніках і слабатокавай высакавольтнай тэхніцы.