ЛУКАШО́Ў (Канстанцін Ігнатавіч) (7.1. 1907, в.Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.5.1987),
бел. геолаг і геахімік. Акад.АН Беларусі (1953), д-р геолага-мінералагічных н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі ун-т (1931). З 1931 заг. кафедры, дэкан ф-та, з 1938 рэктар Ленінградскага ун-та. З 1939 у Наркамаце замежнага гандлю СССР. З 1944 заг. кафедры Ін-та знешняга гандлю СССР, з 1949 заг. кафедры Маскоўскага ун-та. З 1953 рэктар БДУ. У 1956—69 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова ў 1963—70 заг. лабараторыі, у 1971—77 дырэктар Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі. Навук. працы па грунтазнаўстве, фіз. і эканам. геаграфіі, чацвярцічнай геалогіі і геахіміі. Распрацаваў занальную геахім. класіфікацыю кары выветрывання. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Основы литологии и геохимии коры выветривания Мн., 1958;
Очерки по геохимии гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1963;
Образование и миграция нефти. Мн., 1974 (разам з А.В.Кудзельскім);
Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980 (разам з В.К.Лукашовым);
Эколого-геохимическое изучение биосферы... Мн., 1989 (разам з І.К.Вадкоўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўладанне ў ВКЛ на землях вакол Лукомскага воз. Цэнтр — Лукомль. На думку гісторыка Л.В.Аляксеева, Л.к. магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў 12—13 ст., але ў тагачасных крыніцах не названы ніводны князь з яго ўладальнікаў. Верагодна, яно было падаравана кімсьці з вял.кн. літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. У 2-й трэці 15 ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вял. князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку кн. Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Л.к. была тады ж раздадзена інш. феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх. Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Мялешкавічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МУЗЫКА́НТЫ,
народныя выканаўцы-інструменталісты. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі маюць розныя назвы: збіральныя — музыкі, скамарохі (на Магілёўшчыне), «вясёлыя людзі» (вясельныя музыканты на Гродзеншчыне), у якіх адлюстравана грамадская функцыя Н.м., і канкрэтныя — скрыпач, дудар, цымбаліст, гарманіст, барабаншчык і інш. ад назвы муз. інструмента. Вылучаюцца прафесіяналы і аматары. Н.м.-прафесіяналы абслугоўваюць звычайна вяселлі, хрэсьбіны, бяседы, танцы, ігрышчы; раней суправаджалі і паказы нар.т-ра батлейка, ігралі на кірмашах (лірнікі). Н.м.-аматары музіцыруюць для ўласнай забавы. Асобную групу складаюць пастухі, паляўнічыя (у мінулым і вартаўнікі, званары), дзейнасць якіх мае прыкладное значэнне (у народзе музыкантамі іх не лічаць, а іх інструменты — трубу, рог, дудку, трашчотку, звон — да ўласна муз. інструментаў не адносяць). Мастацтва ігры Н.м. пераймаюць па традыцыі ў сям’і (на Беларусі шмат патомных музыкантаў), спасцігаюць самавукам (нар. вызначэнне — «прыродныя музыкі») або ў славутых нар. музыкантаў-«майстроў» (некат. з іх, напр. А.Свірыдовіч з в. Малая Ганута Чэрвеньскага р-на, стварылі свае мясц. выканальніцкія нар. школы). Часта Н.м. валодаюць некалькімі муз. інструментамі, спалучаюць выканальніцтва з іх вырабам. На Беларусі Н.м. ў асн. мужчыны, але ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца колькасць музыкантаў-жанчын. Дзейнасць Н.м. спрадвеку звязана з рознымі праявамі жыцця бел. вёскі, пра што сведчаць многія нар. песні, казкі, паданні.
Сярод сучасных Н.м. шмат таленавітых салістаў і ансамблістаў, у т. л. гарманісты К.Зяброў (в. Краснае, Мсціслаўскі р-н), М.Рабіза (г.п. Варапаева, Пастаўскі р-н), А.Свірыдовіч (в. Аляксандраўка, Чэрвеньскі р-н), дудачнікі М.Глушань (пас. Карчаватка, Жыткавіцкі р-н), В.Пратасевіч (г. Узда), В.Швед (в. Глушкавічы, Лельчыцкі р-н), скрыпачы А.Высоцкі і А.Лось (в. Пярэбнавічы, Смаргонскі р-н), М.Ляшчынскі (г.п. Лельчыцы), С.Маленчык (г. Шчучын), М.Тысевіч (в. Аброва, Івацэвіцкі р-н), скрыпач і кларнетыст М.Семянчук (в.Гарадзец, Столінскі р-н), цымбалісты М.Мірон (в. Дзягільна, Дзяржынскі р-н), Л.Мелец (в. Пожарцы, Пастаўскі р-н), І.Шульга (в. Пярэбнавічы), барабаншчыца К.Шэкун (в. Усполле, Мсціслаўскі р-н), выканаўцы на пішчыку І.Піцуха (в. Сіманавічы, Драгічынскі р-н) і парных дудках І.Мураўёў (в. Ластрыгіна, Мсціслаўскі р-н). Іх мастацтва вывучаецца, прапагандуецца ў тэле- і радыёперадачах, этнагр. кіна- і тэлефільмах.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этногр. обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Назіна І.Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Народныя музыканты. Майстар і выканаўца на дудцы В.С.Пратасевіч (злева); выканаўца на акардэоне і язычковай дудцы А.А.Высоцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ РАЁН На З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 25.12.1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 40,7 тыс.чал. (1998). Сярэдняя шчыльн.нас. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Кобрын. 162 сельскія нас. пункты. 13 сельсаветаў: Аніскавіцкі, Астроміцкі, Батчынскі, Бухавіцкі, Гарадзецкі, Дзівінскі, Залескі, Кісялёвіцкі, Навасёлкаўскі, Осаўскі, Павіццеўскі, Тэвельскі, Хідрынскі.
Пераважную ч. раёна займае Брэсцкае Палессе. Паверхня — аднастайная забалочаная раўніна. 90% тэрыторыі знаходзяцца на вышыні 145—150 м, 3% — вышэй за 150 м. Найвыш. пункт 167,7 м (на Пн ад в. Тэўлі). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -4,7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 531 мм за год. Вегет. перыяд 203 сут. Найб.р. Мухавец з прытокамі Дахлоўка, Шэўня, Кобрынка, Трасцяніца. Дняпроўска-Бугскі і Арэхаўскі каналы. Возера Любань. Пераважаюць глебы дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (36,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,3%) і тарфяна-балотныя (26%). Пад лесам 26% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя і яловыя. 18,1% лясоў штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 7% тэрыторыі, нізінныя, найб. масіў Вялікі Лес. Біял. заказнікі мясц. значэння: Клішча, Мелянкова, Дзівін-Вялікі Лес; геал. (тарфяны) — Елка. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Кобрынскі парк імя А.В.Суворава, «Сувораўскі дуб» каля в. Дзівін.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 116,5 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 29 калгасаў, 2 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, племзавод «Дружба», птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, буракаводства (цукр. буракі), насенняводства збожжавых. Вырошчваюць збожжавыя, лён-даўгунец, кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы харч. (пладова-агароднінакансервавая вытв-сць), дрэваапр., буд. матэрыялаў, металаапр., паліўнай (торф), лясной прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск. Суднаходства па Дняпроўска-Бугскім канале і р. Мухавец. У раёне 24 сярэднія, 10 базавых (у т. л. 1 школа-інтэрнат), 6 пач., 5 муз., 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 44 клубныя ўстановы, 62 б-кі, 6 бальніц, 10 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Акцябр, Параскеўская (1882) у в. Балота, Пакроўская (1674) у в. Бухавічы, Крыжаўзвіжанская (1864) у в. Бяроза, Мікалаеўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Верхалессе, Вазнясенская (пабудавана ў 1799 у в. Акцябр, у 1876 перавезена ў в.Гарадзец), Прачысценская (пач. 20 ст.) і Параскевы Пятніцы (1740) у в. Дзівін, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Казішча, Дзмітрыеўская (18 ст.) у в. Лелікава, Міхайлаўская (19 ст.) у в. Навасёлкі, Прачысценская (пач. 20 ст.) у в. Павіцце, Успенская (1872) у в. Тэўлі, Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Хабовічы; планіроўка і забудова вёскі (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Бярозна. Выдаецца газ. «Кобрынскі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎ,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. За 104 км ад Магілёва. Вузел чыгунак на Оршу, Магілёў, Унечу і Рослаўль, на аўтадарозе Бабруйск—Масква. 31,1 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў 1136 ва Устаўнай грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча пад назвай Крэчут. Стараж. цэнтрам К. быў Крычаўскі замак. У 14—18 ст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні. У 12—13 ст. у Смаленскім, з 1-й пал. 14 ст. ў Мсціслаўскім княствах, з 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З канца 15 ст. цэнтр Крычаўскай воласці, уладанне вял. князя ВКЛ, кіраваўся яго намеснікамі. З сярэдзіны 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв. Пад 1592 упамінаецца ў Баркулабаўскім летапісе.
23.8.1653 атрымаў магдэбургскае права і герб (у чырв. полі выява залатога крыжа і сярэбранага мяча). З 17 ст. К. — цэнтр Крычаўскага староства, уладанне Радзівілаў. У Паўн. вайну 1700—21 летам 1708 пад К. быў лагер рас. войск на чале з Пятром I. У час Крычаўскага паўстання 1743—44 у студз. 1744 каля К. адбыўся бой паміж сялянамі і шляхецкім войскам. Пасля I-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) К. у Рас. імперыі, мястэчка ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У студз. 1776 Кацярына II падаравала Крычаўскае староства (14 247 чал.) графу Р.А.Пацёмкіну. У 1779 у К. 1594 ж., 470 двароў. У канцы 18 ст. ў К. дзейнічалі Крычаўская суднаверф, Крычаўскія мануфактуры, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны, медналіцейны з-ды, млыны. У 1847 у К. 630 двароў, 6 цэркваў, касцёл, малітоўная школа, праводзіліся 3 кірмашы на год. У 1897 мястэчка, цэнтр воласці, 6221 ж., 972 двары, 3 гарбарныя і мылаварны заводы, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, 2 нар. вучылішчы, паштова-тэлегр. кантора, хлебазапасны магазін, 125 крам, 7 цэркваў, касцёл, 5 сінагог, 5 заезных дамоў, 4 кірмашы на год. З мая 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 20.8.1924 у БССР, цэнтр Крычаўскага раёна Калінінскай, з чэрв. 1927 Магілёўскай акруг, з лют. 1938 у Магілёўскай вобл. З 17.12.1931 горад. З 17.7.1941 да 30.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне каля 24 тыс.чал. Дзейнічала Крычаўскае патрыятычнае падполле. У 1962—65 у Мсціслаўскім р-не. У 1972—26,5 тыс. ж.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў («Крычаўцэментнашыфер», з-д жалезабетонных вырабаў), Крычаўскі завод гумавых вырабаў, мэблевая ф-ка, мясакамбінат, маслазавод, хлебазавод і інш.Крычаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, ваеннапалонных і ахвяр фашызму, курган Славы. Помнікі архітэктуры: Крычаўскі палац (1778—87), паштовая станцыя (19 ст.), Мікалаеўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Збярогся звон, адліты ў 1748 для царквы Параскевы Пятніцы. Помнікі археалогіі: гарадзішчы Гарадзец (ранняга жал. веку, 5—7 ст. і эпохі Кіеўскай Русі) і Замкавая rapa (эпохі Кіеўскай Русі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЦКІ (Міхась) (сапр.Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака, ч. 1, 1931).
Тв.:
36. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.
Літ.:
Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;
Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)
(лац. jus theutonicum magdeburgense),
феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар. улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.
З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся ад феад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш.дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.
Літ.:
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.
Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права