Створаны ў 1929 у г. Барысаў як арцель «Чырвоны металіст», якая вырабляла сталовыя прыборы. З 1933 выпускаў ацынкаваны посуд, біклагі для малака, тэрмасы, метал.вырабы і інш. У 1945 наладжаны выпуск стальнога эмаліраванага посуду. Асн. прадукцыя (1995): посуд, мыйкі і ракавіны стальныя эмаліраваныя, вырабы з бляхі (даёнкі, лейкі і інш.), ацяпляльнікі кабіны трактара МТЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМААЗБЕ́СТАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ.
Асноўная прадукцыя — гума- і азбестатэхнічныя вырабы, а таксама разнастайныя гумавыя вырабы на аснове каўчуку ў спалучэнні з іншымі матэрыяламі. Аб’ядноўвае гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць, гумавага абутку вытворчасць, а таксама вытв-сць гумавых вырабаў шырокага ўжытку і азбестатэхн. вырабаў (параніт, тканіны, шнур, папера, кардон, пракладкі, фільтратканіны) і інш. рэчы і матэрыялы з азбеставымі ўключэннямі. Апошняя ў Беларусі не прадстаўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКАЯ КА́ФЛЯ,
вырабы 15—19 ст., знойдзеныя пры археал. раскопках на тэр.Гальшанскага палаца і ў цэнтры в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Да 15 ст. адносяцца т.зв. гаршковыя кафлі з квадратным вусцем. Кафлі 16 ст. маюць шырокае круглае вусце. У 2-й пал. 16 ст. выраблялі кафлі з аздобленай вонкавай пласцінай і каробкападобнай румпай. Кафлі 17 ст. дэкарыраваны геральдычным (звязаным з родам Сапегаў), расл. і геам. арнаментам, пакрыты глазурай (глухой белай, карычневай, жоўтай або празрыстай зялёнай). Вырабы 16—17 ст. маюць рамку па краі вонкавай пласціны. Кафлі 18 ст. ўласцівы спрошчаны малюнак, адсутнасць рамкі. Вырабы 19 ст. пакрываліся зялёнай і белай палівай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗЕ́ВІЦКІ ЛІТАРАТУ́РНА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1965 на грамадскіх пачатках пры сярэдняй школе ў в. Гудзевічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., з 1990 — дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 729 м², больш за 12 тыс. экспанатаў (1997). У экспазіцыі этнагр. помнік краю — сял. хата 18 ст. з прадметамі сял. побыту 17—19 ст. Сярод экспанатаў вырабы з косці і каменю часоў неаліту, кераміка сярэднявечча, вырабымясц. кавалёў 18—20 ст., калекцыя падвойных дываноў, кафля 17—20 ст., вырабы з лёну, саломкі, дрэва, калекцыя нар. адзення, рукапісы і кнігі з аўтографамі вядомых бел. пісьменнікаў, дзеячаў медыцыны, мастакоў, артыстаў, кампазітараў, творы жывапісу, графікі і скульптуры.
А.М.Белакоз.
Гудзевіцкі краязнаўчы музей. Сялянская хата 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ ШКЛО,
мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш.вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст. з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст. пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, з філігранню або з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст.вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага з метал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́Б (франц. engobe),
вадкая керамічная фарба на аснове белай ці каляровай гліны, прызначаная для дэкарыравання гліняных вырабаў. Для афарбоўкі выкарыстоўваюць солі металаў і керамічныя пігменты. Ангобам можа пакрываць увесь выраб ці па малюнку. Пасля сушкі вырабы абпальваюць, часта пакрываюць празрыстай глазурай, размалёўкай. Танкамолаты ангоб з дабаўкамі наносяць на чарапіцу і інш. керамічныя вырабы для зніжэння порыстасці. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў у дэкар.-прыкладным мастацтве Б. Усходу. Разнавіднасць ангоба — грэч. керамічныя лакі (terra argeta). У Зах. Еўропе ангабіраваныя глазураваныя вырабыназ. мецца-маёліка. На Беларусі ангоб выкарыстоўваюць з 12 ст. (ганчарны посуд, керамічныя пліткі і дробная пластыка з Гродна, Турава, Навагрудка, Полацка, Слоніма). На Івянецкай маст. фабрыцы (Валожынскі р-н) шырока выкарыстоўваюць каляровы ангоб для размалёўкі посуду і сувеніраў, фляндроўкі, размалёўкі ражком, пэндзлем і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
штучныя паверхневыя слаі, якія ахоўваюць вырабы і збудаванні ад разбуральнага ўздзеяння асяроддзя, павышаюць трываласць, надаюць ім прывабны выгляд. Бываюць металічныя (з алюмінію, бронзы, жалеза, цынку і інш.) і неметалічныя (лакі, эмалі, фарбы, пластмасы, гума, цэмент, эбаніт і інш.).
Металічныя пакрыцці наносяць гальванічным (гл.Гальванатэхніка), плазмавым (распыленне расплаўленых металаў), кантактным (выдзяляюць металы з раствораў без эл. току) спосабамі, гарачай пракаткай (плакіроўка); практыкуюць алітаванне, залачэнне, цэментаванне. З неметалічных самыя пашыраныя лакафарбавыя пакрыцці. Пластмасавыя пакрыцці (поліэтылен, фтарапласты, вінілавыя пласты, матэрыялы на аснове бакелітавых і эпаксідных смолаў) наносяць на паверхні віхравым ці газаполымным напыленнем або абліцоўкай ліставымі матэрыяламі. Ахоўныя пакрыцці з пластмасаў і гумы засцерагаюць вырабы, пераважна хім. апаратуру, ад дзеяння вады, кіслот і інш.хім. рэагентаў. Керамічныя ахоўныя пакрыцці наносяць плазмавым напыленнем ці эмаліраваннем (ахоўваюць вырабы ад высокіх тэмператур і агрэсіўных асяроддзяў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
бел. традыцыйныя ганчарныя вырабы з г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Поразаве працавала каля 200 майстроў. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння (гаршкі з накрыўкамі, збанкі, рынкі, гладышы, бабачнікі, міскі і інш.). У залежнасці ад аб’ёму вырабы мелі характэрныя мясц. назвы: міскі малыя (да 1 л), сярэднія (1,5 л), вялікія. (да 3 л), гаршкі падзяляліся на пітушкі (да 1 л), саганчыкі (да 2 л), скляпнікі (3 л), сярэднікі (да 10 л). Вырабы вызначаліся буйнымі, выразна прафіляванымі формамі, падкрэсленымі глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і касых рысак, паяскамі ўзораў, выціснутых зубчастым колцам (карбоўкай), нярэдка аздабляліся суцэльным глянцаваннем. У сярэдзіне 1990-х г. промысел заняпаў.
Я.М.Сахута.
Да арт.Поразаўская кераміка. І.Шопік. Ганчарны посуд. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1995 у г. Нясвіж Мінскай вобл.Пл. экспазіцыі 256 м², каля 4,2 тыс. адзінак асн. фонду, 7 залаў, з іх 2 выставачныя (2000). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (кафля, шкляныя вырабы, дахоўка 16—18 ст.), соліды ВКЛ і Рэчы Паспалітай, напольны гадзіннік і фартэпіяна з замка Радзівілаў, сярэбраны кубак пач. 18 ст. з выявай Багуслава Радзівіла, бібліі 1 малітоўнікі 19 ст., карціны і асабістыя рэчы бел. мастака М.К.Сеўрука. У экспазіцыі нац. адзенне, вышываныя ручнікі, вырабы з саломкі і лазы, бандарныя вырабы 19 — пач. 20 ст. Музей праводзіць выстаўкі карцін бел. мастакоў, у т. л. мясцовых, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва, калекцый інш. музеяў. У дні фестываляў камернай музыкі ў ім адбываюцца навук.-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя муз. і пісьмовай спадчыне Нясвіжчыны. З 1966 працуе аддзел музей-кватэра Сеўрука.