ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

падгаліна гумаазбеставай прамысловасці. Аб’ядноўвае прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам на агульнай гумавай аснове (з выкарыстаннем інш. рэчываў) разнастайных прылад, дэталей і інш. рэчаў вытв., прамысл. і спажывецкага прызначэння. Да іх адносяць рукавы, пасы, трансп. (канвеерныя) стужкі, сальнікі, кольцы, пыле-, вільгаце- і маслаахоўныя каўпачкі, гумава-металічныя амартызатары, вырабы для ўшчыльнення акон і дзвярэй аўтамабіляў, самалётаў, чыг. вагонаў, для герметызацыі стыкаў буд. панэлей, тэхн. прагумаваных тканін і вырабаў з іх. Па спосабах атрымання і прызначэнні вырабы падзяляюцца на фармавыя (каля 30 тыс. найменняў), нефармавыя (больш за 12 тыс. найменняў), трансп. стужкі, пасы, рукавы. У Беларусі гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць пачала развівацца ў пасляваен. час. Дзейнічаюць акцыянернае т-ва «Беларусьгуматэхніка», бабруйскія прадпрыемствы бел.-ірл. «Ірбел», «Бонаш» канцэрна «Белнафтахім», акцыянернае т-ва «Барысаўгуматэхніка» (гл. Барысаўскі завод «Гуматэхніка»), Магілёўскі рэгенератарны з-д. Выпускаюць гумаватэхн. вырабы для аўтамаб., трактарнай, авіяц., станкабуд., мэблевай, трыкатажнай, буд. матэрыялаў прам-сці, с.-г. машынабудавання, буд-ва наземных і падземных збудаванняў, маналітныя гумавыя шынкі, гумава-тэхн. вырабы для грузавых і легкавых аўтамабіляў, розныя камплектуючыя вырабы, рэгенерыраваную гуму, гумавыя крошку, пракладкі для шпал, пырскавікі для аўтамабіляў, дарожкі і інш.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Аршанскі камбінат жалезабетонных вырабаў і канструкцый 1/486; 2/448; 12/311, 334

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ «МА́СТРА».

Засн. ў 1939 у Мінску як арцель «20-годдзе Кастрычніка». У Вял. Айч. вайну разбурана, пасля вайны адноўлена. У 1960 перайменавана ў Мінскую ф-ку маст. вырабаў. З 1979 галаўное прадпрыемства Мінскага ВА маст. вырабаў, у склад якога ўваходзілі Маладзечанская і Барысаўская ф-кі маст. вырабаў. У 1988 аб’яднанне расфарміравана. З 1990 арэнднае прадпрыемства «Мінская ф-ка маст. вырабаў», з 1992 акц. т-ва, з 1996 адкрытае акц. т-ва «Мастра». Асн. прадукцыя (1999): да 150 мадэлей жаночага адзення (блузкі, сукенкі, касцюмы, спадніцы, штаны), да 60 мадэлей трыкат. вырабаў (дзіцячыя, падлеткавыя, жаночыя), вырабы дзярж. сімволікі (флагі, сцягі, штандарты і інш.).

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны ў 1961 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. як Новабярозаўскі вапнавы з-д. З 1990 сучасная назва, з 1992 арэнднае прадпрыемства. Цэхі па вытв-сці вапны і дробных сценавых блокаў. Асн. прадукцыя (1996): вапна буд., дробныя сценавыя блокі з ячэістага бетону. Працуе на мясцовых радовішчах мелу і пяску.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ «КУПА́ВА» Створана ў 1929 у Віцебску як арцель «8 Сакавіка». З 1937 ф-ка маст. вырабаў. У Вял. Айч. вайну разбурана, у 1945—47 адноўлена. З 1981 галаўное прадпрыемства Віцебскага ВА маст. вырабаў, з 1993 самаст. ф-ка з сучаснай назвай. Дзейнічаюць участкі: закройны, машыннай і ручной вышыўкі, пашывачны, вязання, аддзелкі, эксперыментальны. Спецыялізуецца на выпуску строчана-вышытых вырабаў верхняга жаночага адзення, сталовай бялізны, трыкат. вырабаў жаночага і мужчынскага асартыменту. Існуюць участкі ручной вышыўкі, ткацтва і вязання. Жаночыя і дзіцячыя жакеты, джэмперы, камізэлькі ўпрыгожваюцца разнастайным па форме і маст. вырашэнні бел. арнаментам. Вырабляе таксама драўляны посуд і сувеніры з саломкі. Асн. прадукцыя (1997): верхні паўшарсцяны мужчынскі і жаночы трыкатаж, строчана-вышытыя швейныя вырабы і сталовая бялізна, сувеніры з саломкі і лазы.

Да арт. Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава». Мастацкае ткацтва, пляценне з лазы.

т. 4, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ ЗАВО́Д ГУ́МАВЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Пабудаваны ў 1947—49 (1-я чарга з-да), прадукцыю выпускае з 1949. У 1954 уведзена 2-я чарга, у 1960—65 рэканструяваны. У 1967—86 здадзены ў эксплуатацыю 2 комплексы па вырабе клеенага гумавага абутку і абутку з ліццёвага полівінілхларыду, корпус па вытв-сці гумавага клею. Асн. прадукцыя (1998): спартыўны абутак, гумавыя боты, галошы, абутак з полівінілхларыду, клей гумавы, нефармавыя гумава-тэхн. вырабы.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны ў 1936 як арцель «Металабытрамонт». Вырабляў калёсы, падковы, конскую збрую, кухонны посуд, метал. тару, рамантаваў гадзіннікі, веласіпеды, матацыклы і інш. быт. тэхніку. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ва Ульянаўскую вобл. У 1944 аднавіў вытв-сць. З 1966 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): пыласосы, шпрыцы аднаразовыя, гучнагаварыцелі рознапраграмныя, мэбля з лазы, вёдры і тазы, дзіцячыя цацкі, зубныя шчоткі і інш. тавары нар. ўжытку — усяго больш за 100 найменняў.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Засн. ў 1909—10 у Мінску як сезонны цагельны з-д. З 1929 цагельны з-д № 1. У 1932 рэканструяваны і расшыраны. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1946 адноўлены. У 1958 аб’яднаны з з-дам буйных сілікатных блокаў і цэглы ў камбінат буйнаблочных буд. канструкцый. У 1959 далучаны з-д гіпсабетонных перагародачных панэлей. З 1971 сучасная назва, з 1992 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): сілікатная цэгла, блокі сценавыя і перагародачныя, сценавыя панэлі з ячэістага бетону, пліты полістырольныя, тратуарная плітка, упакоўка з полістыролу і інш.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ЗАВО́Д ГУ́МАВЫХ ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ,

гл. «Беларусьгуматэхніка».

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ЛЬСКІ ЗАВО́Д ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны 25.4.1975 у г. Капыль Мінскай вобл. на базе Капыльскага райпрамкамбіната. Меў 2 цэхі: гумава-тэхнічных вырабаў і мэблевы. У 1997 пабудаваны цэх падрыхтоўкі сыравіны для вытв-сці тэхн. гумы і трыкат. палатна. Асн. прадукцыя (1998): гумавыя боты, галёшы розных мадэляў, шыны для дзіцячых веласіпедаў, тэхпласціна, наборы мэблі «Беларуская хата», для кухні, прыхожай, шафы для вопраткі, тэхн. дакументацыі, кніжныя паліцы і інш. Вытв-сць гумавага абутку складае 75% ад агульнага аб’ёму прадукцыі. Сыравіна для абутку закупляецца ў Расіі, на Украіне, для мэблі — на Беларусі.

т. 8, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)