Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЦЯРОГА АД ЗБРОІ МА́САВАГА ЗНІШЧЭННЯ,
комплекс мерапрыемстваў для зберажэння войск, насельніцтва і аб’ектаў нар. гаспадаркі ад уздзеяння ядз., хім., біял. (бактэрыяльнай) зброі.
Засцярога насельніцтва ўключае падрыхтоўку ахоўных збудаванняў, забеспячэнне людзей сродкамі індывід. засцярогі, вываз насельніцтва з буйных гарадоў у загарадную зону, папярэджанне аб пагрозе праціўніка выкарыстання зброі масавага знішчэння (ЗМЗ), біял. назіранне і кантроль заражэння навакольнага асяроддзя, запасаў харчавання і вады, сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы і інш. У войсках арганізуецца і праводзяцца ва ўсіх відах баявой дзейнасці, уключае: радыяцыйную, хім. і біял. разведку, выяўленне падрыхтоўкі і папярэджанне войск аб пагрозе выкарыстання праціўнікам ЗМЗ, разгрупаванне войск (сіл) і перыядычную змену месцаў іх дыслакацыі; выкарыстанне ахоўных уласцівасцей мясцовасці, інж. абсталяванне месцаў дыслакацыі і інш.Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛ (ад франц. maréchal),
1) у сярэдневяковай Францыі каралеўскі слуга; з 12 ст. — прыдворны саноўнік, які кіраваў целаахоўнікамі, коннай стражай, каралеўскімі стайнямі (гл. таксама Маршалак). У 13—15 ст. камандуючы часткай каралеўскіх войск.
2) Вышэйшае воінскае званне ў Францыі (з 16 ст.) і інш. краінах у 19—20 ст. У Расіі званню М. адпавядаў чын ген.-фельдмаршала. У 1894 гэтага звання ўдастоены І.У.Гурка (гл. ў арт.Гуркі). У СССР з 1935 існавала вышэйшае воінскае званне М. Сав. Саюза, з 1943 — М. родаў войск і Гал. М. родаў войск, якое адпавядала званню генерала арміі (адмірала флоту). У ліку М. Сав. Саюза былі А.М.Васілеўскі, Г.К.Жукаў, К.К.Ракасоўскі, В.Д.Сакалоўскі, І.І.Якубоўскі і інш. Ва Узбр. сілах Беларусі званне М. не існуе.
3) У Польшчы — званне некаторых службовых асоб (М. сейма, віцэ-М. сейма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
ваеннае фарміраванне, якое складаецца з некалькіх часцей або злучэнняў меншага складу, звычайна розных родаў войск (сіл), спец.войск (службаў), а таксама часцей (падраздзяленняў) забеспячэння і абслугоўвання. Існуюць З.в. пастаяннай і непастаяннай (часовай) арганізацыі. У залежнасці ад складу і задач, якія належыць вырашаць, адрозніваюць аператыўныя (напр., авіяносныя ўдарныя злучэнні ў ВМС ЗША), аператыўна-тактычныя (армейскія, стралк., механізаваныя, танк., кавалерыйскія і інш. карпусы, часам эскадры надводных караблёў), у гады 2-й сусв. вайны тактычныя (розныя дывізіі, брыгады і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДАНІ́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1922,
падпісана 11.10.1922 у г. Муданья (Турцыя) прадстаўнікамі Вял.нац. сходу Турцыі з аднаго боку і ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — з другога; 13.10.1922 да іх далучылася Грэцыя. М.п. скончыла грэка-турэцкую вайну 1919—22 і канстатавала перамогу кемалісцкай рэвалюцыі. Прадугледжвала вывад у 30-дзённы тэрмін грэч.войск з Усх. Фракіі за р. Марыца і часовае захаванне войск саюзнікаў у г. Стамбул і раёне Чарнаморскіх праліваў да падпісання мірнага дагавора. Дзейнічала да заключэння Лазанскага мірнага дагавора 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войскБранскага фронту (ген. арміі М.М.Папоў) 1.9—3.10.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць 9-ю ням.-фаш. армію, выйсці да р. Дзясна, фарсіраваць яе і стварыць плацдарм для наступлення на Гомель. Удзельнічалі 3, 11, 1-я гв., 50, 63, 15-я паветр. арміі, конна-механізаваная група. У ходзе аперацыі войскі фарсіравалі Дзясну, ва ўзаемадзеянні з партызанамі вызвалілі Бранск і Бежыцу, уступілі на тэр. Беларусі і вызвалілі першы бел. раён. цэнтр — Камарын (23 вер.), г.п. Хоцімск (26 вер.), г. Ветка, Касцюковічы, Клімавічы (28 вер.), Крычаў, Чэрыкаў, г.п. Краснаполле (1 кастр.), выйшлі да р. Проня, фарсіравалі Сож, прарвалі абарончы рубеж ням.-фаш.войск «Пантэра». Былі створаны перадумовы для далейшага наступлення сав.войск на Гомельскім напрамку. 11 часцей і злучэнняў атрымалі ганаровае найменне «Бранскіх», 5 — «Бежыцкіх», 3 — «Крычаўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ АРМЕ́ЙСКОГО СОВЕ́ТА ДЕПУТА́ТОВ X А́РМИИ»,
газета Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Маладзечне на рус. мове штодзённа. Орган бальшавіцкага Савета дэпутатаў 10-й арміі. Напачатку мела назвы: «Бюллетень Военно-революционного комитета X армии», «Известия Совета депутатов X армии». Змяшчала пастановы Расійскага і Зах.абл. Саветаў нар. камісараў, рэзалюцыі салдацкіх і сял. сходаў у падтрымку новай улады, матэрыялы пра барацьбу сав.войск супраць 1-га польскага корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. Спыніла існаванне з наступленнем герм.войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДРАЗДЗЯЛЕ́ННЕ,
1) частка, раздзел чаго-небудзь, якія ўваходзяць у склад больш буйной адзінкі (напр., упраўленні, аддзелы мін-ваў, навуч. устаноў і інш.).
2) Вайсковая адзінка, якая, як правіла, мае пастаянную арганізацыю і аднародны склад. Існуюць у кожным відзе ўзбр. сіл, родзе войск (сіл), спец.войск і ўваходзяць у склад больш буйных П. або часцей. П. з’яўляюцца: аддзяленне, узвод, рота (батарэя, звяно, баявая часць карабля), батальён (дывізіён, эскадрылля), акрамя асобнага, і інш. Баявыя задачы выконвае ва ўзаемадзеянні з інш. П. і самастойна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЯ АБАРО́НА (ППА),
сукупнасць агульнадзярж. мерапрыемстваў і баявых дзеянняў войск (сіл) з мэтай абароны розных аб’ектаў, войск і насельніцтва ад паражэння з паветра. Уключае сістэмы кіравання, разведкі і апавяшчэння аб паветр. праціўніку, зенітнага ракетна-артыл. прыкрыцця, знішчальна-авіяц. прыкрыцця. Адрозніваюць занальную ППА (сілы і сродкі ўтвараюць адзіную групоўку для абароны асобных рэгіёнаў); занальна-аб’ектавую ППА (спалучэнне занальнай ППА з непасрэдным прыкрыццём найб. важных аб’ектаў); аб’ектавую ППА (для абароны асобных важных аб’ектаў). Войскі ППА Рэспублікі Беларусь сфарміраваны ў 1992 на базе ўпраўлення, часцей і злучэнняў 2-й асобнай арміі ППА, а таксама часцей і злучэнняў ППАБВА. У іх склад ўваходзяць: зенітныя ракетныя войскі і зенітная артылерыя, радыётэхн. войскі, якія з’яўляюцца родам войск, а таксама часці і падраздзяленні спец.войск (радыёэлектроннай барацьбы, сувязі, інж., хім., тэхн. забеспячэння). Прызначаны для аховы адм.-паліт., прамысл.-эканам. цэнтраў і раёнаў краіны, груповак узбр. сіл, важных ваен. і інш. аб’ектаў ад удараў праціўніка з паветра; знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, частка іх сіл нясе баявое дзяжурства, ажыццяўляе бесперапынную радыёлакацыйную разведку ў паветр. прасторы, кантроль за парадкам выкарыстання авіяцыяй паветр. прасторы, пралёту дзярж. мяжы Рэспублікі Беларусь і інш. У 1995 войскі ППА Беларусі ўвайшлі ў склад аб’яднанай сістэмы ППА СНД.