ІХТЫЯЦЫ́ДЫ,

хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюць для знішчэння «сорных» відаў рыб у невял. вадаёмах; адносяцца да заацыдаў. Выкарыстанне І. патрабуе дакладнай дазіроўкі, інакш можа прывесці да адмоўных экалагічных наступстваў ці стаць прычынай хім. забруджвання водных аб’ектаў.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХТЭРАВО́З,

сухагрузнае судна для перавозкі ліхтэраў, якія падводзяцца буксірнымі судамі суднамі, падымаюцца і ўстанаўліваюцца ў трумах з дапамогай грузападымальных сродкаў. Выкарыстоўваюцца для змешаных перавозак па акіянскіх, марскіх і ўнутр. водных шляхах без перагрузкі. Гл. таксама Баржавоз.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯДЭ́РМ [ад бія... + дэрм(а)],

слой, плёнка, якая складаецца з жывых арганізмаў (бактэрыі, грыбы, сіне-зялёныя водарасці), што жывуць і кормяцца на паверхні целаў інш. жывых арганізмаў (на падводных частках раслін, рыбах). Біядэрм — неабходнае звяно трафічных ланцугоў рыб і інш. водных арганізмаў.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЦЫ́ЛУС, чашачка,

шароўка (Ancylus),

род прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх з сям. катушак. 3—4 віды. Найб. вядомы анцылусы рачны (A. fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўн. Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.

Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўж. 5, выш. 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветр. дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біял. ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (A. lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬВО́ЛІЗ (ад лац. solvo раствараю + грэч. lysis растварэнне, распад),

абменная рэакцыя паміж раствораным рэчывам і растваральнікам. Суправаджаецца раскладаннем малекул растваральніку і растворанага рэчыва. У адрозненне ад сальватацыі прыводзіць да ўтварэння новых хім. злучэнняў пэўнага саставу. С. у водных растворах наз. гідролізам.

т. 14, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ,

здабыча некаторых (асобных) кампанентаў цвёрдага рэчыва з дапамогай растваральніку. Заснавана на здольнасці гэтага кампанента растварацца ў вадкасці (напр., вадзе, водных растворах кіслот, шчолачах) лепш за інш. кампаненты матэрыялу. Выкарыстоўваецца ў гідраметалургіі, горнай і хім. прам-сці, вытв-сці цукру, дубільных рэчываў.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЕ́ЎКА ЖЫЦЦЯ́», абалонка біягеацэнатычная, біякліма, біяфільм, пікнабіясфера, плетабіясфера,

слой жывога рэчыва; сукупнасць наземных і паверхнева-водных біяцэнозаў, у якіх сканцэнтравана амаль уся маса жывога рэчыва біясферы. Найб. актыўны гарызонт біясферы, дзе адбываецца найб. цеснае ўзаемадзеянне паміж усімі экалагічнымі кампанентамі. Тэрмін прапанаваны У.І.Вярнадскім.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНО́ГА РЭГІ́СТРА БЕЛАРУ́СКАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ,

дзяржаўная ўстанова, якая ажыццяўляе класіфікацыю, тэхн. нагляд за суднамі ўнутр. воднага рачнога і мараплавання транспарту, класіфікацыю ўнутр. водных шляхоў паводле ўмоў плавання. Засн. ў 1957. Уваходзіць у склад упраўлення рачнога флоту Мін-ва транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,

характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.

Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз. гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.

С.​М.​Ляшчоў, Я.​М.​Рахманько.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, магматычныя радовішчы, эндагенныя радовішчы,

паклады карысных выкапняў, звязаныя з геахім. працэсамі глыбінных частак Зямлі. Утвараюцца з магматычных расплаваў ці гарачых газавых і водных мінералізаваных раствораў пры высокіх цісках і тэмпературах. Вылучаюць 5 гал. генетычных груп гіпагенных радовішчаў: магматычныя (утвараюцца пры застыванні расплаваў з адасабленнем руд, хрому, тытану, жалеза, плаціны, нікелю і інш.),

пегматытавыя (уяўляюць раскрышталізацыю канчатковых прадуктаў астываючай магмы; маюць у сабе слюды, каштоўныя камяні і інш.), карбанатытавыя (утвораны вял. колькасцю карбанатаў кальцыю, магнію, жалеза; асацыіруюць з ультраасноўнымі шчолачнымі пародамі і маюць руды жалеза, медзі, апатыт і інш.), скарнавыя (узнікаюць пад уздзеяннем гарачай мінералізаванай пары пры кантакце з магмай; паклады жалеза, медзі, вальфраму, малібдэну, свінцу і інш.), гідратэрмальныя (складаюцца з руд каляровых, каштоўных і радыеактыўных металаў — асадкаў з глыбінных гарачых мінералізаваных водных раствораў).

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)