помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Кляштар засн. ў 1622 рэферэндарыем ВКЛ Я.Ц.Бжастоўскім, які аддаў кляштару фальварак Рудашаны, а яго сын Цыпрыян Павел — Мілашуны і Буйвідзы. Быў філіялам Віленскага кляштара аўгусцінцаў. У 1839 кляштар закрыты. У 1653 (паводле інш. звестак у 1662) тут пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела (арх. К.Пенс) — 2-вежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай ч., апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэта будынка. Гал. фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохвугольным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзелены на 2 ярусы карнізам, які праходзіць па ўсім перыметры касцёла. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане прытвор-барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны 8 стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, 12 скульпт. выявамі апосталаў на кансолях, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананы ў канцы 17 ст. арцеллю італьян. і мясц. майстроў на чале з П.Перці і М.Жылевічам). Бакавыя алтары акаймаваны барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот. Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. У капліцах каваныя рашоткі 18—19 ст. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 касцёл пашкоджаны, у 1920-я г. адноўлены. Іл.гл. таксама да арт.Акант, Барока, Вязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БААЛЬБЕ́К (стараж.Геліопаль),
горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры
Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст.тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.
Літ.:
Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ЗА́МАК.
Пабудаваны ў 1330-я г. з бутавага каменю і цэглы ў г.Ліда Гродзенскай вобл. Уваходзіў у лінію супрацькрыжацкай абароны Навагрудак—Крэва—Меднікі—Трокі. Замак у плане меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка з 2 вуглавымі вежамі, быў пастаўлены на насыпным пясчаным узгорку, абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка, з Пн — ровам шыр. каля 20 м, які злучаў гэтыя рэкі і аддзяляў замак ад горада. Пазней (верагодна, у 16—17 ст.) у сістэму перадзамкавых умацаванняў з У уключана штучнае возера. На замкавым двары размяшчаліся правасл. царква (у 1533 перанесена ў горад), жылыя і гасп. пабудовы, з 1568 — суд, архіў, астрог. Жылыя памяшканні былі на верхніх паверхах вежаў.
Л.з. зведаў шмат аблог. У 1384 пасля штурму яго ўзялі крыжакі і часткова разбурылі. У 1392 атрады ням. і англ. рыцараў і войскі іх саюзніка кн. Вітаўта аблажылі і ўзялі замак. У 1394 англ. і франц. рыцары зноў напалі на Ліду, але жыхары горада абаранілі замак. Не авалодалі Л.з. у 1406 атрады смаленскага кн. Юрыя Святаславіча, у 1433 войска кн. Свідрыгайлы, у 1506 загоны крымскіх татар. Улетку 1659 замак штурмам захапіла рус. войска І.А.Хаванскага. У час.Паўн. вайны 1700—21 замак разбураны ў 1702 і 1710 (паводле інш. звестак, і ў 1706) шведамі, якія ўзарвалі яго вежы. Апошняя бітва тут адбылася ў 1794 паміж паўстанцамі Т.Касцюшкі, што заселі ў руінах замка, і царскімі войскамі.
Археал. даследаванні Л.з. праводзілі М.А.Ткачоў (1970), А.А.Трусаў (1977—78, 1980, 1985), А.К.Краўцэвіч (1986—87). У 1920-я г. зроблена частковая, у 1982 — поўная кансервацыя Л.з. Вядуцца работы па рэстаўрацыі сцен і вежаў замка.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Краўцэвіч А., Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Лідскага замка і г. Ліды // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1992.
Лідскі замак. Акварэль Ю.Пешкі канца 18 ст.Лідскі замак. Сучасны выгляд.
помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 17 ст. ў в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 уладальнікам вёскі, «каралеўскім будаўнічым», выхадцам з Нідэрландаў П.Нонхартам разам з інж. ван Дадэнам. Сіметрычны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак накрыты вальмавым дахам, фланкіраваны па вуглах 4 круглымі вежамі, завершанымі шатрамі.
Цэнтр гал. фасада вылучаны 3-яруснай прамавугольнай вежай-брамай з мураваным ганкам на слупах (дабудаваны ў канцы 19 ст.). Фасады амаль не маюць арх. дэкору. Тоўстыя (каля 1,5 м) сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вежаў — вокнамі-байніцамі. У інтэр’еры сцены мелі жывапісную размалёўку, ляпныя ўпрыгожанні і інш. аздобу. У 1970-я г. да ганка зроблена мураваная лесвіца, да дваровага фасада прыбудаваны 1-павярховы цагляны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Упершыню згадваецца ў інвентары Радашковіч за 1549. Размяшчаўся паміж 2 ставамі, утворанымі на рэках Гуйка і Вязынка, на «капцы сыпаным», і формай нагадваў няправільны чатырохвугольнік. З усіх бакоў замак акружала вада. У замку было 5 вежаў (у т. л. вежа-брама), звязаных паміж сабой сценамі (гароднямі). Адна вежа месцілася асобна на падворку. Сярод узбраення Р.з. ў інвентары згадваюцца гарматы, гакаўніцы, ручніцы, аркебузы, кіі. Былі таксама запасы свінцу, пораху і інш. Перад замкам размяшчаліся арсенал, 2 млыны, сядзібны дом, лазня, бровар і інш.гасп. пабудовы. У інвентары адзначана, што Р.з. «добрага будованья, не гнилого». Цяпер замчышча часткова разбурана і занята сучаснай забудовай.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ВАСКРАСЕ́НСКІЯ ЦЭ́РКВЫ.
Існавалі ў Віцебску ў 16—19 ст. Драўляная царква на ратушнай пл. пабудавана ў 16 ст. (паказана на «Чарцяжы» Віцебска 1664). Яна складалася з 3 зрубаў (асн., алтарны і бабінец з вежай), накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. На яе месцы ў 1772 у стылі позняга барока пабудавана мураваная уніяцкая царква (рыначная); з 1865 — праваслаўная. 1-нефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія рабілі будынак прамавугольным у плане. 2-вежавы гал. фасад меў складаную хвалістую паверхню. Тарцы высокага даху на гал. фасадзе і над апсідай закрываліся фігурнымі атыкавымі франтонамі. Сцены, аздобленыя плоскімі пілястрамі, былі завершаны прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаны стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі. Разбурана ў 1930-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебскія Васкрасенскія цэрквы. Рыначная царква (справа). Малюнак Ю.Пешкі. Пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МНА,
горад у Расіі, раённы цэнтр у Маскоўскай вобл., на р. Ака пры ўпадзенні р. Масква. Вядома з 12 ст., горад з 1781. 153 тыс.ж. (1997). Рачны порт, чыг. станцыя. Заводы цеплавозабуд., цяжкага станкабудавання, тэкст. машынабудавання, гумава-тэхн. вырабаў, цэментны; домабуд. камбінат і інш.Пед.ін-т. Краязнаўчы музей.
Часткова захаваўся крэмль (1525—31) — цагляныя сцены і 6 вежаў, Успенскі сабор (1672—82), архірэйскі дом у псеўдагатычным стылі (18 ст., арх. М.Ф.Казакоў), званіца (1825). Сярод інш. помнікаў: цэрквы Іаана Прадцечы (пач. 16 ст.), Брусенскага (1522) і Спаскага манастыроў (14 ст., перабудавана ў 17—18 ст.), Ушэсця (1799, праект Казакова), Міхаіла Архангела (1833, арх. Ф.М.Шастакоў), «дом ваяводы», жылыя дамы ў стылі барока, комплекс будынкаў пажарнай часці з каланчой.
Да арт.Каломна. Фрагмент крамлёўскай сцяны з Каломенскай (Марынкінай) вежай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́ЛУБКА,
часовая форма для ўкладкі бетоннай сумесі і арматуры пры вырабе бетонных і жалезабетонных маналітных канструкцый. Робіцца з дрэва, металу, фанеры, жалезабетону, пластмасаў і інш. матэрыялаў. Бывае разборна-перастаўная, аб’ёмна-блочная, слізгальнарухомая і інш. Выбар тыпу апалубкі вызначаецца характарам канструкцый (збудаванняў), геам. памерамі, тэхналогіяй выканання работ, кліматычнымі ўмовамі.
Найб. пашырана разборна-перастаўная апалубка — дробнашчытавая (са шчытоў масай да 70 кг), буйнашчытавая (да 500 кг) і блочная (са шчытоў, злучаных у прасторавыя блокі, часам з рабочай арматурай). Выкарыстоўваецца пры заліўцы фундаментаў, сцен, вырабе пакрыццяў і перакрыццяў, калон, бэлек і інш. Пры адмоўнай т-ры шчыты ўцяпляюць ці падаграваюць. Аб’ёмна-блочная апалубка — прасторавая канструкцыя са стальных шчытоў, каркаса, мацаванняў і прыстасаванняў для адрыву шчытоў ад бетону. Мантаж і дэмантаж блок-формаў вядуць падымальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для бетанавання канструкцый, якія стаяць асобна. Слізгальна-рухомая апалубка ствараецца пры буд-ве высокіх аб’ектаў (элеватараў, рэзервуараў, вежаў і інш.). Робіцца са шчытоў, якія падымаюцца з дапамогай дамкратаў па паверхні збудаванняў, што бетануюцца. Ёсць таксама пад’ёмна-перастаўная апалубка — са шчытоў, крапежных і пад’ёмных прыстасаванняў (для буд-вавежаў, градзірняў і інш. высокіх збудаванняў); гарызантальна перасоўная — са шчытоў і каркаса на цялежках ці палазах (для узвядзення скляпенняў-абалонак, калектараў, падпорных сценак і інш.); няздымная — пліты, абалонкі, метал. сеткі і інш., якія пасля бетанавання канструкцыі (напр., плаціны) застаюцца ў ёй як састаўная частка; горная апалубка — перасоўная, створкавая, секцыйная і інш., выкарыстоўваецца для мацавання горных выпрацовак; стацыянарная металічная апалубка — пры вырабе жалезабетонных канструкцый на з-дзе ці палігоне. Найб. эфектыўная апалубка шматразовага выкарыстання (інвентарная), збіраецца з уніфікаваных элементаў і ўзбуйненых блокаў. Каб паверхня канструкцыі была гладкая, апалубку змазваюць ці пакрываюць пастай. Работы, звязаныя з вырабам, устаноўкай і разборкай апалубкі, наз. апалубнымі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
існавалі ў 11—17 ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асн. раёны стараж.Полацка: Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак, Вял. і Запалоцкі пасады. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім» (запіс адносіцца да 13 ст.) паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах 15—17 ст. ’Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафейская і 4 безыменныя. У 17 ст., пасля ўмацавання замка, вежы перабудаваны, некат. пастаўлены ў інш. месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Гуська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная. Умацаванні Вял. пасада вядомы з 11 ст. У 16—17 ст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Зах. Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на Пн, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўн.-ўсх.). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р.Палата на З да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў. На Ніжнім замку ў 17 ст. вежы і сцены заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з 12 ст. У 16 ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вял. пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын». Археал. даследаванні П.г.у. праводзілі В.А.Булкін (1979), С.В.Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Літ.:
Гл. пры арт.Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак.