група водных раствораў солей, якія паводле асматычнага ціску, саставу, актыўнай рэакцыі асяроддзя і буферных уласцівасцей блізкія да плазмы крыві і пазаклетачнай вадкасці чалавека і жывёл. Першы Р.ф. (раствор Рынгера) прапанаваны ў 1883 для правядзення фізіял. эксперыментаў над халаднакроўнымі жывёламі, у 1901 — Р.ф. Рынгера—Лока для цеплакроўных жывёл, варыянты якога адрозніваюцца суадносінамі асн. інгрэдыентаў. У саставе Р.ф. хларыды натрыю, калію, кальцыю, гідракарбанат натрыю, таксама хларыд магнію, глюкоза, фасфаты. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (пры абязводжванні арганізма, страце крыві, парушэнні водна-салявага балансу, атручэннях і інш.), у мед.-біял. эксперыментах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМІ́-АБІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі энеаліту на тэр. ад Тамані на У да нізоўяў Дняпра і Паўд. Буга на З, ад Крыма на Пд да шыраты Днепрапятроўска на Пн. Назва ад кургана Кемі-Аба, даследаванага ў 1957. У К.-а.к. вылучаюць крымскі, прыазоўскі і паўночначарнаморскі варыянты, раннюю, развітую і познюю фазы. Выяўлены паселішчы адкрытага тыпу, пахаванні развітой і позняй фаз пад курганамі, якія маюць «панцырную» каменную выкладку, на сценах каменных скрынь-магіл паліхромную размалёўку. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, паляваннем і прыбярэжным марскім промыслам. Развітая фаза К.-а.к. датуецца 3-м тыс. да н.э., верхняя дата — 17 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗДА́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся больш за 200 родаў, у т. л. Гадлеўскія, Корфы, Міцуты, Неміровічы, Падбярэзскія, Пацы, Рымшы, Трызны, Храпавіцкія. У чырвоным полі 2 сярэбраныя лілеі, павернутыя ўверх і ўніз і змацаваныя залатым пярсцёнкам; клейнод — над прылбіцай з каронай выява такіх жа лілей на паўлінавым хвасце (герб «Газдава I»). Існуюць варыянты герба: з 5 страусавымі пёрамі і 2 лілеямі ў клейнодзе («Газдава II»); з 5 страусавымі пёрамі («Газдава III»); з падзеленым на 2 часткі полем, дзе ў верхнім сярэбранага колеру змешчана чорная лілея, а ў ніжнім чорнага колеру — сярэбраная, клейнод — 3 страусавы пёры («Газдава IV»). Герб вядомы з пач. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ЙРА»,
«Войра», «Какетка», гарадскі бытавы (бальны) танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. На Беларусі вядомы з канца 19 ст. напачатку ў гарадах, потым і ў вёсках, дзе зазнаў прыкметны ўплыў нар. харэаграфіі. Выконваецца па крузе любой колькасцю пар. Складаецца з блока рухаў, які паўтараецца некалькі разоў: простыя і пераменныя крокі з прытупам, сінхроннае выцягванне нагі на «насок-абцас», плясканне ў далоні, заглядванне ў твар партнёру і інш. Часта выканаўцы падахвочваюць сябе воклічамі «Ой-ра!» (адсюль назва). Суправаджаецца прыпеўкамі тыпу: «Што за танец ойра, ойра! // Да чаго ж ты стройна, стройна...». Існуюць парныя і сольныя варыянты танца.
Падобны танец вядомы ў цэнтр. Расіі і Сібіры, у Башкортастане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ МО́ВА,
самастойнае адгалінаванне індаеўрапейскіх моў. Мова армян; дзярж. мова Арменіі. Пашырана таксама сярод армян Азербайджана, Грузіі, Сірыі, Ірана, Лівана, Турцыі, ЗША, некат. краін Зах. Еўропы, Амерыкі. У лексіцы і фанетыцы ёсць агульныя рысы з мовамі Каўказа. У ёй больш за 50 дыялектаў. Фанетыка багатая зычнымі — 30 фанем; 6 галосных. Самая развітая і багатая граматычная катэгорыя — дзеяслоў.
Гісторыя літ. мовы падзяляецца на 3 перыяды: стараж.-арм. мова вядома з часу стварэння армянскага пісьма (5 ст.), вусны яе варыянт выйшаў з ужытку ў 11 ст., пісьмова-літ. (грабар) існавала да канца 19 ст.; сярэдні перыяд — 12—16 ст.; з 17 ст. фарміруецца новая літ. армянская мова. Сучасная літ. мова мае 2 варыянты: усх. (дзярж. мова) і зах. мова (сродак зносін армян за мяжой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,
сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.
Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯЦЕ́ЛІЦА»,
бел.нар. танец. Муз. памер 2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.Федароўскага, П.Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн.варыянты «М.» стварылі К.Алексютовіч, А.Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.Крошнера), А.Апанасенка ў Дзярж, ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТПАЗІТЫВІ́ЗМ (ад пост... + пазітывізм),
філасофскія канцэпцыі, што ўзніклі ў 1950—70-я г. ў працэсе крытыкі неапазітывізму. Не мае акрэсленага зместу, нярэдка атаясамліваецца з сучаснай аналітычнай філасофіяй, у інш. выпадках мае вельмі вузкую трактоўку. Тэарэт. абгрунтаваны ў працах К.Попера «Логіка навуковага адкрыцця» (1959) і Т.Куна «Структура навуковых рэвалюцый» (1963). Да асн. плыней П. адносяць крытычны рацыяналізм, прагматычны аналіз (У.Куайн, М.Уайт, ЗША), канцэпцыі І.Лакатаса, М.Полані (Вялікабрытанія), П.Феерабенда і Р.Рорці (ЗША), розныя варыянты сучаснага філас.рэалізму і інш. Агульным для ўсіх канцэпцый П. з’яўляецца адыход ад арыентацыі на сімвалічную логіку і звяртанне да гісторыі навукі, прызнанне вызначальнай ролі ў пазнанні тэарэт. ўзроўню ведаў, перанос акцэнту на сацыякульт. і каштоўнасныя аспекты навук. пазнання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,
дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСУ́ТАВА ТЭЛЕСКО́П,
люстрана-лінзавы тэлескоп, пабудаваны па схемах меніскавых сістэм. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым.
У М.т. звычайна выпраўлены аберацыі: сферычная, храматычная і кома (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Увядзенне ў люстраныя тэлескопы меніска (роўна таўшчыннай выпукла-ўвагнутай лінзы) з простымі ў вырабе сферычнымі паверхнямі дало магчымасць павялічыць іх адносную адтуліну да 1:3 і поле зроку да 5°, спрасціць канструкцыю паўторных люстэркаў для тэлескопаў схем Касегрэна і Грэгары, герметызаваць трубу і засцерагчы паверхню гал. люстэрка, а таксама выкарыстаць схему М.т. ў фатаграфічных аб’ектывах. Найбольшыя ў свеце М.т. з меніскамі дыям. па 700 мм (люстэркі дыям. каля 1000 мм) пабудаваны ў СССР і ўстаноўлены ў Абастуманскай астрафіз. абсерваторыі (Грузія) і Паўд.астр. абсерваторыі ЗША (Чылі) Розныя варыянты М.т. пашыраны сярод аматараў астраноміі.