колькасць вады, якая пераносіцца ракой за год. Звычайна выражаецца праз сярэдні шматгадовы расход вады ці сярэдні шматгадовы аб’ём гадавога сцёку з яе басейна. Сумарная ваданоснасць рэк Беларусі характарызуецца велічынёй расходу каля 1800 м³/с і аб’ёмам гадавога сцёку 57,9 км³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСЫХА́ННЕ РЭК,
спыненне сцёку ў рэчышчы ракі ў перыяды працяглай засухі ў выніку інтэнсіўнага расходавання вады на інфільтрацыю і выпарэнне. Можа наступаць таксама пры празмерным заборы вады на арашэнне. Больш буйныя рэкі ў перыяд перасыхання нярэдка разбіваюцца на адасобленыя плёсы. П.р. уласціва для арыдных абласцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
здольнасць горных парод паглынаць і ўтрымліваць пэўную колькасць вады. Характарызуецца каэфіцыентам вільгацяёмістасці, які выражаецца ў вагавых (адносіны масы вады да масы сухой пароды) або аб’ёмных (адносіны аб’ёму вады да аб’ёму пароды) працэнтах. Горныя пароды падзяляюцца на вільгацяёмістыя (торф, глей, гліна), слабавільгацяёмістыя (мел, мергель, лёс) і невільгацяёмістыя (масіўныя метамарфічныя, вывергнутыя і асадкавыя). Вагаецца ў шырокіх межах (напр., торфу 80—90%, антрацыту 4—6%). Адрозніваюць макс. гіграскапічную, макс. малекулярную, капілярную і поўную вільгацяёмістасць горных парод. Улічваецца пры разліках сістэм асушэння, у горнай справе, пры інж.-геал. вышуканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААДДА́ЧАгорных парод,
здольнасць насычаных да поўнай вільгацяёмістасці горных парод аддаваць частку вады свабодным сцяканнем пад уздзеяннем сілы цяжару. Залежыць ад грануламетрычнага складу і порыстасці парод, ад вязкасці вады. Характарызуецца розніцай паміж поўнай і макс. малекулярнай вільгацяёмістасцю.
Колькасць вады, якая можа свабодна цячы ў злучаных пустотах у 1 м³ пароды, наз. ўдзельнай водааддачай. Вызначаюць каэфіцыент водааддачы, які вырашаецца ў долях адзінкі або працэнтах.
Сярэднія значэнні каэфіцыента зменьваюцца ад водапранікальных парод (супеску 0,1—0,15, буйназярністага пяску 0,25—0,35) да адносна воданепранікальных (пясчаніку 0,02—0,03, трэшчынаватага вапняку 0,008—0,1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭАЭРА́ТАР (ад дэ... + грэч. aer паветра),
апарат для выдалення з вады раствораных у ёй газаў (пераважна кіслароду і дыаксіду вугляроду). Звычайна ўстанаўліваюцца на цеплавых і атамных электрастанцыях для дэаэрацыі вады, якая падаецца ў парагенератары і цеплавую сетку, з мэтай недапушчэння карозіі тэхнал. абсталявання. Бываюць тэрмічныя (газы выдаляюцца падагрэвам вады), хім. (з сульфітам натрыю), сталястружачныя (кісларод паглынаецца пры акісленні металу). У струменных тэрмічных Д. вада падаецца ў верхнюю яго частку, дзе распырскваецца, сцякае ўніз і награецца сустрэчнай парай да кіпення; газы і лішкі пары (выпар) выдаляюцца ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЛАВА, Рэзервовае вадасховішча. За 20 км на ПнЗ ад г. Мінск паміж вёскамі Крылава, Вішнёўка, Чаромуха, каля вытоку р. Поплаў (бас.р. Свіслач). Створана ў 1981. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб.шыр. 2 км, найб.глыб. 10 м, аб’ём вады 21,6 млн.м³. Даўж. агараджальнай дамбы 720 м. Напаўняецца за кошт перакіду вады з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы; вадаскід на р. Поплаў. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 5 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 129,8 млн.м³. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́КІП,
цвёрды, рыхлы ці шчыльны асадак на сценках паравых катлоў, выпаральнікаў і інш. цеплаабменных апаратаў. Утвараецца пры награванні і выпарэнні вады ў выніку выпадзення прымесей (карбанату магнію MgCO3, сульфату кальцыю CaSO4 і інш.), якія прысутнічаюць у ёй (гл.Жорсткасць вады). Пагаршае цеплаперадачу. Ад Н. пазбаўляюцца мех. і хім. спосабамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЕЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕкасманаўтаў,
комплекс сістэм і мерапрыемстваў для забеспячэння жыццядзейнасці і працаздольнасці чалавека ў касм. палёце, пры выхадзе ў адкрыты космас і на паверхню нябесных цел. Для стварэння і падтрымання неабходных умоў Ж. ў касм. палёце выкарыстоўваюцца герметычныя кабіны рэгенерацыйнага тыпу і індывід.скафандры.
Герметычная кабіна абсталёўваецца сістэмай Ж., якая складаецца з падсістэм: рэгенерацыі паветра, водазабеспячэння, забеспячэння ежай, тэрмарэгулявання, сан.-гігіенічнага забеспячэння. Адрозніваюць сістэмы Ж.: адкрытыя (маюць запасы кіслароду, ежы, вады; адходы жыццядзейнасці складуюцца або выдаляюцца за борт, газападобныя прадукты паглынаюцца фільтрамі), часткова закрытыя (забяспечваюць рэгенерацыю вады, атрыманне кіслароду электролізам вады або раскладаннем вуглякіслага газу), закрытыя (адбываецца кругаварот асн. элементаў і рэчываў з узнаўленнем харч. прадуктаў, рэгенерацыяй вады, кіслароду, утылізацыяй адходаў жыццядзейнасці). Для рэгенерацыі рэчываў і элементаў у сістэме Ж. выкарыстоўваюцца біял. і фіз.-хім. метады. Гл. таксама Біятэхнічная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАНАПО́РНАЯ ВЕ́ЖА,
збудаванне ў сістэме водазабеспячэння для выраўноўвання работы помпавых станцый, стварэння запасу вады, рэгулявання яе напору і расходу ў водаправоднай сетцы. Складаецца з рэзервуара (пераважна з жалезабетону або сталі), апорных канструкцый (з жалезабетону, сталі, часам цэглы), ахоўнага шатра (ад замярзання), труб для падачы і адводу вады. Ёмістасць рэзервуара да некалькіх тысяч кубічных метраў, вышыня вежы да 25 м і болей. Абсталёўваецца пераліўнымі прыстасаваннямі (прадухіляюць перапаўненне рэзервуара), сістэмамі сігналізацыі і замеру ўзроўню вады. Некат. воданапорныя вежы з’яўляюцца помнікамі архітэктуры (напр., гродзенскія воданапорныя вежы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАТА́ЦЫЯ (ад дэ... + гідратацыя),
адшчапленне вады ад малекул арган. або неарган. рэчываў; рэакцыя, адваротная гідратацыі.
Ажыццяўляецца тэрмічна ў прысутнасці каталізатараў ці пад уздзеяннем рэчываў, якія звязваюць ваду (напр., серная к-та, аксід фосфару P2O5). Адрозніваюць Д. ўнутры- і міжмалекулярную. У выніку ўнутрымалекулярнай Д. арган. злучэнняў утвараюцца кратныя сувязі (напр., сінтэз этылену з этылавага спірту) ці гетэрацыклы (рэакцыі цыкладэгідратацыі). Пры міжмалекулярнай Д. спіртоў утвараюцца простыя эфіры, сумесі спірту і к-ты — складаныя эфіры. Д. арган. і неарган. кіслот атрымліваюць ангідрыды. Да Д. адносіцца таксама абязводжванне — выдаленне крышталізацыйнай вады з крышталегідратаў і вады, адсарбіраванай рэчывам.