Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРО́ІДЫ,
вірусападобныя інфекц. агенты, якія ўяўляюць сабой нізкамалекулярную адналанцужковую кальцавую рыбануклеінавую кіслату і ў якіх адсутнічае антыгенная актыўнасць. У адрозненне ад вірусаў не маюць вірыённай стадыі, устойлівыя да процівірусных прэпаратаў, награвання, ультрафіялетавых прамянёў. Выклікаюць хваробы жывёл (скрэйпі авечак, энцэфалапатыі норак і інш.) і раслін (верацёнападобнасць клубняў бульбы, экзакорпіс цытрусавых, карлікавасць хрызантэм і хмелю, бледнаплоднасць агурка і інш.).
Сімптомы захворванняў, што выклікаюцца віроідамі, падобныя да вірусных хвароб: прыгнечанне росту, хлароз лісця, дэфармацыі. Пры экзакорцісе цытрусавых, напр., кара лускаватая, растрэскваецца і адломліваецца ад ствала. Сцёблы бульбы, пашкоджанай віроідамі, прыгнечаныя, выцягнутыя і прамастойныя, клубні верацёнападобныя з выяўленымі над паверхняй вочкамі і рэзкімі бровамі, ураджай клубняў зніжаецца на 20—70%.
Літ.:
Шелудько Ю.М., Рейфман В.Г. Вироиды — новый класс патогенов. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЁН (франц. bouillon),
чысты, нічым не запраўлены мясны адвар. У беларусаў булён (крышаны) — традыц. рэдкая страва, якую вараць з крышанай бульбы і морквы, заскварваюць салам з цыбуляй, кавалачкамі сялянскай каўбасы, летам прыпраўляюць пер’ем цыбулі, кропам. Часам булён не заскварваюць, а забельваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁЦКІ,
традыцыйная бел. страва з таркаванай бульбы, пшанічнай або інш. мукі ў форме невял. галачак. Звараныя К. забельваюць малаком, часам заскварваюць. Страва пад падобнай назвай ёсць у літоўцаў (kleckiene). У старажытнасці былі адной з абавязковых страў на памінках пераважна на У Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РМЕКЕ ((Permeke) Канстан) (31.7.1886, г. Антверпен, Бельгія — 4.1.1952),
бельгійскі мастак; вядучы прадстаўнік бельг.экспрэсіянізму. Вучыўся ў АМ у г. Гент (1904). У 1909—12 узначальваў «2-ю групу» бельг.маст. латэмскай школы. Для ранніх твораў характэрны пошукі выразных сродкаў праз аналіз мясц. мастацтва: «Зіма ў Фландрыі» (1.912), «Мацярынства» (1913). Пазней працаваў у рэчышчы экспрэсіянізму: «Чужы», «Мяснік» (абодва 1916), «Аматар сідру» (1917), «Едакі бульбы» (1935). Творам (марыны, выявы сялян і рыбакоў, аголеная натура), выкананым у шырокай манеры з насычаным каларытам, уласцівы жывапісная экспрэсія ў кантрасце з цяжкавагавасцю форм, трагізм светаўспрымання, містычная напружанасць маст. бачання. З 1935—36 працаваў і як скульптар («Галава Хрыста», 1936, і інш.).
Літ.:
Алпатов М.В. Пейзажи К. Пермеке // Алпатов М.В. Этюды по истории западноевропейского искусства. 2 изд. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛЬБА,
шматгадовыя клубняносныя расліны роду паслён сям. паслёнавых. Больш як 170 дзікарослых і культ. відаў. Радзіма — Паўд. Амерыка. Вырошчваюць бульбу андыйскую (Solanum andigenum; у Паўд. Амерыцы) і бульбу еўрапейскую, ці чылійскую (S. tuberosum; як аднагадовая расліна ў краінах з умераным кліматам). У Еўропу завезены ў сярэдзіне 16 ст.; у палявой культуры (у т. л. на Беларусі) з 18 ст. Палавіна пасяўной плошчы бульбы ў Еўропе, чвэрць — у Азіі. На Беларусі бульба лічыцца нац. культурай, «другім хлебам», пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс.га (1993). З бульбы атрымліваюць крухмал, спірт, патаку, гатуюць сотні відаў страў, яна ідзе на корм жывёле.
Шматсцябловая расліна выш. 50—100 см, сцёблы прамыя, зялёныя або афарбаваныя антацыянам. На падземных сцябловых парастках (сталонах) фарміруюцца патаўшчэнні — клубні круглай, падоўжанай, рэпападобнай формы, белага, жоўтага, чырвона-фіялетавага, сіняга колеру. На паверхні клубня — вочкі з 3—4 пупышкамі. Лісце няпарнаперыстарассечанае, гладкае ці маршчакаватае. Кветкі двухполыя, белыя, чырвона-фіялетавыя, сіне-фіялетавыя. Суквецце складаецца з 2—3 і больш завіткоў. Плод — шматнасенная ягада. Цвіце ў чэрв.—жніўні. Размнажаецца клубнямі і іх часткамі (у селекцыі — насеннем). Добра расце на ўгноеных супясчаных і пясчаных мінер. глебах, на сярэднякіслых тарфяна-балотных. Сарты, раянаваныя на Беларусі: раннія і сярэдняраннія — Бел. ранняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэдняспелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпознія і познія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская, Беларуская 3, Тэмп, Арбіта.