НАЙМЕ́НШЫ АГУ́ЛЬНЫ КРА́ТНЫ двух (ці больш) цэлых лікаў,
найменшы дадатны лік, які дзеліцца на кожны з зададзеных лікаў. Напр., Н.а.к. лікаў 12, 15 і 20 з’яўляецца 60. Н.а.к. двух натуральных лікаў роўны здабытку гэтых лікаў, падзеленаму на іх найбольшы агульны дзельнік.
Выкарыстоўваецца пры складанні (ці адыманні) дробаў найменшым агульным назоўнікам двух (ці больш) дробаў з’яўляецца Н.а.к. іх назоўнікаў. Для знаходжання Н.к.а. зыходныя лікі раскладаюць на простыя множнікі (гл. Раскладанне на множнікі) і перамнажаюць усе простыя множнікі, якія ўваходзяць хаця бы ў адзін лік. Пры гэтым кожны множнік бяруць найб. колькасць разоў, якую ён сустракаецца. Паняцце Н.а.к. дастасавальнае і для мнагаскладаў: Н.а.к. двух ці больш мнагаскладаў ёсць мнагасклад найменшай ступені, які дзеліцца на кожны з зададзеных.
т. 11, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАЛЕГНІЯ́ЛЬНЫЯ (Sapralegniales),
парадак грыбоў ааміцэтаў. Больш за 10 родаў і больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 17 відаў з 6 родаў. Найб. вядомыя роды афанаміцэс, ахлія, сапралегнія. Трапляюцца пераважна ў прэсных вадаёмах. Прымітыўныя віды — унутрыклетачныя паразіты водарасцей, водных грыбоў, рыб, жаб, ікры, планктонных арганізмаў; больш арганізаваныя — сапратрофы на трупах водных жывёл і субстратах расліннага паходжання.
Вегетатыўнае цела — талом (клетка) або несептаваны аднаклетачны міцэлій, які мае 2 віды гіфаў. Тонкія галінастыя (рызоідныя) гіфы прарастаюць у субстрат, тоўстыя растуць свабодна і нясуць органы бясполага і палавога размнажэння — зааспарангіі, аагоніі і антэрыдыі. Зааспоры двухжгуцікавыя. Вынік палавога працэсу — ааспора.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 2. Грибы. М., 1976.
С.І.Бельская.
т. 14, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«А́ФРЫКА»
(«Африка»),
энцыклапедычны 2-томны даведнік, выдадзены ў 1986—87 выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя» (Масква). Адлюстроўвае сац.-эканам. і паліт. жыццё народаў і краін Афрыканскага кантынента, іх геаграфію, гісторыю і культуру. Складаецца з агульнага агляду, алфавітнай слоўнікавай часткі (больш за 3,5 тыс. артыкулаў), дадаткаў і паказальнікаў (імяннога, прадметнага, этнонімаў, аўтараў); каля 2 тыс. ілюстрацый, больш за 200 картаў і схем.
т. 2, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНА́Я,
радовішча фармовачных і шкловых пяскоў каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад кварцавых пяскоў алігацэнавага ўзросту. Разведаныя запасы больш за 15 млн. м³, у т. л. шкловых — больш за 8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—17,7 м, ускрышы 0,2—7,4 м. Пяскі прыдатныя на выраб высакаякаснага ліставога шкла, посуду, для ліцейнай вытв-сці.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА ПА ВЫ́РАБЕ ПІ́ВА І БЕЗАЛКАГО́ЛЬНЫХ НАПІ́ТКАЎ «КРЫНІ́ЦА».
Засн. ў 1975 у Мінску як вытв. аб’яднанне «Мінскпіўпрам» (Мінскі піўзавод № 2). З 1989 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): піва, газіраваныя безалкагольныя напіткі, сухія напіткі і дэсерты. Вытв. магутнасць: піва — да 7 млн. дэкалітраў за год, сухія напіткі — больш за 1 тыс. т, безалкагольныя напіткі — больш за 1 млн. дэкалітраў.
т. 10, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-АНТАРКТЫ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
сістэма рознаўзроставых гор, пласкагор’яў і дэпрэсій у зах. ч. Антарктыды. Уключае горы Антарктычнага п-ва і прылеглых прыбярэжных астравоў, горы Элсуэрт, пласкагор’і Зямлі Мэры Бэрд, вулканічны пояс прыбярэжнай ч. і дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса. Горы Антарктычнага п-ва даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. выш. да 4191 м (г. Джэксан); складзены з гнейсаў, амфібалітаў, граўвакава-сланцавых і пясчана-аргілітавых парод з праслоямі вулканітаў (магутнасцю больш за 15 км). Ўсе адклады прарваны інтрузіямі гранітоідаў; уплыў грэнвільскай, байкала-каледонскай, герцынскай, кімерыйскай і альпійскай эпох складкавасці. Горы Элсуэрт даўж. больш за 400 км, найб. выш. гор і мацерыка 5140 м (масіў Вінсан). Складзены з карбанатна-тэрыгенных і вапняковых парод (магутнасць больш за 12 км); уплыў каледонскай і герцынскай эпох складкавасці. Паміж гарамі Элсуэрт і м. Роса ляжыць Зямля Мэры Бэрд — пласкагор’е (пл. 500 тыс. км²) з вяршынямі больш за 3000 м і глыбокімі ўпадзінамі, найб. глыб. да 2555 м, дно гэтай упадзіны ніжэй узр. м. Прыбярэжны раён Зямлі Мэры Бэрд — вулканічнае плато, укрытае ледзяным панцырам, з конусамі патухлых вулканаў; найб. выш. 4181 м (г. Сідлі). Плато складзена з алівінавых базальтаў, трахітаў і інш. у альпійскую эпоху складкавасці. Дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса адносяцца да альпійскага перадгорнага прагіну-жолаба. Ва ўпадзіне м. Роса асадкавыя пароды магутнасцю больш за 3 км.
Р.Р.Паўлавец.
т. 7, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМАНО́,
японскае нац. мужчынскае і жаночае адзенне; прама кроены халат, які захінаецца на правы бок і ўтрымліваецца поясам. Шырокія рукавы ўнізе мехападобна звісаюць. Узнік больш за тысячу гадоў назад. Дэталі ўпрыгожваюць вышыўкай, пазалотай, кветкавым арнаментам, які наносяць пэндзлем уручную. Жаночыя К. адрозніваюцца больш шырокім поясам (складзены ў бант на спіне) і доўгімі рукавамі, унутр. край якіх і падпахавая пройма застаюцца незашытыя. Бывае хатні, паўсядзённы, святочны і цырыманіяльны.
т. 8, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛА́ЧНАЕ ПРА́ВА,
вырашэнне спрэчак адзінаборствам або сілаю зброі, характэрнае для правапарадку эпохі феад. раздробленасці. Асабліва было пашырана ў Германіі ў 11—13 ст., наз. Faustrecht. З дапамогай К.п. больш моцныя феадалы навязвалі сваю волю больш слабым, часта захоплівалі іх землі, маёмасць, сялян. Часам выкарыстоўвалася і пры вырашэнні суд. спрэчак. У Зах. Еўропе па меры ўзмацнення судоў роля К.п. рэзка знізілася. У шырокім сэнсе слова К.п. — права моцнага.
т. 8, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́РА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ ПО́ЯС,
жалезарудны басейн у Канадзе. Цягнецца праз п-аў Лабрадор на 1300 км. Прымеркаваны да пратэразойскай вулканагенна-асадкавай тоўшчы Лабрадорскага прагіну. Радовішчы па паходжанні метамарфізаваныя (руды — магнетыт-гематытавыя кварцыты). Разведаныя запасы больш за 21 млрд. т руды, у якой жалеза 30—40%, багатай руды больш за 700 млн. т., у якой жалеза 51—66%. Эксплуатуецца з 1954. Цэнтры здабычы — гарады Шэфервіл, Уобуш, Маўнт-Райт, Ганьёнвіл.
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́Н,
горны хрыбет уздоўж усх. ўзбярэжжа Міжземнага м., на тэр. Лівана. Даўж. 170 км. Выш. да 3088 м (г. Курнет-эс-Саўда). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў, на Пн — з базальтаў. Клімат міжземнаморскі. Ападкаў на зах. схіле выпадае больш за 1000 мм, усходні — больш сухі. Міжземнаморскія хмызнякі (маквіс і фрыгана), гаі з ліванскага кедру, дубу, алепскай хвоі. На зах. схіле карставая пячора Джэйта (аб’ект турызму).
т. 9, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)