МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МФЖ; International Federation of Journalists). Засн. ў 1952 як альтэрнатыва Міжнароднай арганізацыі журналістаў (МАЖ) журналісцкімі арг-цыямі дзяржаў, якія ў 1946 выйшлі з МАЖ. Яе мэты: абарона свабоды друку, павышэнне прафесійнага ўзроўню журналістаў, збор, захаванне, публікацыя статыстычных і інш. дакументаў, што ўяўляюць цікавасць з прафесійнага пункту погляду. Вышэйшы орган — кангрэс, паміж кангрэсамі — кіруючае бюро. Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія). Выдае штоквартальны інфармацыйны бюлетэнь «IFJ Information» («Інфармацыя МФЖ») на англ., ням. і франц. мовах, а таксама неперыядычныя выданні пераважна прафес. характару.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1884—85,

міжнародная канферэнцыя па пытаннях каланіяльных уладанняў у Афрыцы. Склікана па ініцыятыве Германіі, каб перашкодзіць Вялікабрытаніі і Партугаліі захапіць зах.-афр. ўзбярэжжа, у т. л. вусці р. Конга. Удзельнікі (Аўстра-Венгрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Расія, Турцыя, Францыя і Швецыя) фармальна прызналі Конга «свабоднай дзяржавай» на чале з бельг. каралём Леапольдам II (акрамя Бельгіі права эксплуатаваць Конга атрымалі і інш. дзяржавы), вызначылі парадак набыцця «незанятых афр. зямель», удакладнілі граніцы партуг. калоніі Анголы, фактычна адобрылі захопы Францыі ў Экватарыяльнай Афрыцы.

т. 3, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́КЕ ((Blocke) Вільгельм ван дэн) (паміж 1540—50 г-мі г., Мехелен, Бельгія — 28.1.1628),

нідэрландскі скульптар. Вучань К.​Флорыса. З 1584 жыў у Гданьску, дзе стварыў брамы Верхнюю (1588) і Залатую (1614), алтар касцёла св. Яна (1611), аформіў фасады «двара Артуса» (1617) і інш. Выконваў заказы каралеўскага двара, духоўных і свецкіх асоб — надмагіллі Яну III Вазу ў Упсале (Швецыя, 1596), кардыналу Андрэю Баторыю і яго брату Балтазару ў Барчаве (Польшча, 1598), Станіславу Радзівілу (паміж 1618—21, Віленскі бернардзінскі касцёл) і інш., адзначаныя рысамі маньерызму.

А.​К.​Лявонава.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЁТА́Н ((Vieuxtemps) Анры) (17.2.1820, г. Верв’е, Бельгія — 6.6.1881),

бельгійскі скрыпач, кампазітар. Адзін з буйнейшых скрыпачоў рамант. кірунку. Вучань Ш.Берыо. Выступаў з 7-гадовага ўзросту. Гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі. У 1838—40 і 1845—52 працаваў у Расіі. На яго творчасць паўплывала знаёмства з М.​Глінкам, А.​Даргамыжскім і інш. Аўтар 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (найб. значны 4-ы), п’ес на тэмы рус. кампазітараў і інш. У 1871—73 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў Э.Ізаі. З 1879 жыў у Алжыры.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́НКА (Анатоль Іванавіч) (н. 27.1.1940, хутар Мацвееў Краснаармейскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. ваенны дзеяч, дыпламат. Ген.-палк. (1989). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1970) і Генштаба (1981). Служыў у групе сав. войск у Германіі, Бел. (1970—79) і Далёкаўсх. ваен. акругах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 каманд. войскамі Бел. ваен. акругі. З 1992 1-ы нам. міністра, у ліп. 1994 — чэрв. 1995 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1996 аташэ па пытаннях абароны, ваенны і ваенна-паветр. аташэ пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛОД ((Claude) Альбер) (23.8.1899, г. Нёшато, Бельгія — 22.5.1983),

бельгійскі вучоны ў галіне біялогіі клеткі і анкалогіі. Скончыў Льежскі і Берлінскі ун-ты (1929). З 1929 у мед. цэнтры Ракфелераўскага ін-та (Нью-Йорк). З 1949 — праф., у 1950—72 дырэктар Брусельскага ін-та Ж.​Бардэ, з 1970 заг. лабараторыі Брусельскага ун-та. Чл. бельг. Каралеўскай мед. акадэміі (1947). Навук. працы па анкалогіі, вывучэнні клетачных структур, функцыянаванні клеткі. Выкарыстаў метад дыферэнцаванага цэнтрыфугавання субклетачных структур, выдзеліў мікрасомы, выявіў у мітахондрыях наяўнасць акісляльных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1974 (з К.Р.Дэ Дзювам і Дж.Э.Паладэ).

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ЕЎРО́ПА»,

тайнае міжнар. аб’яднанне рэв.-дэмакр. арг-цый некаторых краін Еўропы ў 1834—36. Створана Дж.Мадзіні ў Швейцарыі ў крас. 1834 з мэтай спрыяння ўсталяванню рэсп. ладу ў еўрап. краінах. У аб’яднанне ўваходзілі пераважна паліт. эмігранты (рэспубліканцы розных кірункаў), якія прадстаўлялі тайныя саюзы «Маладая Італія», «Маладая Германія» і «Маладая Польшча». Асн. дзейнасць «М.Е.» была накіравана на стварэнне ва ўсіх краінах Еўропы рэсп. арг-цый: заснаваны саюзы «Маладая Францыя», «Маладая Іспанія», «Маладая Бельгія». У 1836 улады Швейцарыі выслалі з краіны членаў «М.Е.», што прывяло да спынення яе дзейнасці.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНЬЕ́ ((Meunier) Канстантэн Эміль) (12.4.1831, г. Этэрбек, Бельгія — 4.4.1905),

бельгійскі скульптар і жывапісец. Вучыўся ў свайго брата Ж.​Б.​Менье і ў АМ у Бруселі ў Ф.​Ж.​Навеза. У ранні перыяд працаваў у акад. манеры, пазней пад уплывам Г.​Курбэ і Ф.​Міле звярнуўся да рэалізму. У скульптурных творах увасабляў пераважна вобраз людзей працы: «Малатабоец», «Пудлінгоўшчык» (абедзве 1886), «Касец» (1891), «Пудлінгоўшчык каля печы» (1893), «Грузчык» (1905), кампазіцыя «Помнік працы» (1880-я г.). Аўтар жывапіснага трыпціха «Шахта» (каля 1878) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МАЎ (Валянцін Сцяпанавіч) (н. 12.3.1937, Мінск),

бел. спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1969), засл. трэнер Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1964). У 1974—96 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. Чэмпіён Еўропы на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыях 500, 1000 м і ў эстафеце 4 × 500 м (1957, г. Гент, Бельгія). Чэмпіён СССР на дыстанцыях 1000 м (1957, 1958, 1959), 10 000 м (1961). Сярод выхаванцаў чэмпіён свету Л.​Дзеравянка, чэмпіён СССР А.​Навумаў.

А.А.Навумаў.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬГІ́ЙСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1830,

буржуазная рэвалюцыя ў бельгійскіх абласцях Нідэрландскага каралеўства. Аб’яднанне Бельгіі з Галандыяй у каралеўства Нідэрланды (паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15) выклікала бельгійска-галандскія эканам., рэліг. і моўныя супярэчнасці. У 1828 бельг. ліберальныя і каталіцкія партыі заключылі часовы саюз і павялі барацьбу за аддзяленне Бельгіі. Ідэя незалежнасці была падтрымана шырокімі масамі. Ліпеньская рэвалюцыя ў Францыі (1830) стала каталізатарам узбр. паўстання ў Бельгіі. Бельгійская рэвалюцыя пачалася 25 жн. ў Бруселі і пашырылася на бельг. правінцыі. У выніку вераснёўскіх баёў амаль уся Бельгія была вызвалена ад галандскіх войскаў. 10.11.1830 бельг. Нац. кангрэс абвясціў незалежнасць Бельгіі.

т. 3, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)