Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі беларускі навукова-даследчы інстытут 6/209; 7/120, 362, 490; 10/581, 582; 12/526

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л ПРАЦО́ЎНАЙ СЯЛЯ́НСКАЙ ПА́РТЫІ»

(«БФПСП»),

назва арг-цыі, прыдуманай у маі 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над нац. інтэлігенцыяй па пытанні развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі. Узнікненне яе прымеркавана да 1924—25, арганізац. афармленне да 1927—28. Кіраўнікамі яе лічыліся Р.​А.​Бонч-Асмалоўскі, Г.​І.​Гарэцкі, П.​А.​Хоцкі. Ячэйкі былі «выяўлены» ў большасці акруг Беларусі, Наркамземе БССР, с.-г. секцыі Дзяржплана БССР, ЦСУ, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, Белкалгасбудзе. У члены «арг-цыі» былі залічаны прыхільнікі развіцця фермерскіх гаспадарак, а не калгасаў і саўгасаў, таму незадаволенасць сялян палітыкай суцэльнай калектывізацыі падавалася як вынік дзейнасці «БФПСП». Ёй інкрымінавалася ўмацаванне капіталіст. элементаў у вёсцы, шпіянаж, асушэнне балот у прыгранічных раёнах з мэтай падрыхтоўкі плацдармаў для інтэрвентаў, правядзенне меліярацыі па-шкодніцку, арганізацыя кулацкіх меліярацыйных ячэек як базы для ўзбр. паўстання супраць сав. улады і інш. Да крымінальнай адказнасці было прыцягнута 59 чал., 39 з якіх праходзілі па інш. «справах» (лічылася, што «БФПСП» была звязана з інш. «контррэв. арг-цыямі»). Паводле пастановы Калегіі АДПУ БССР ад 30.5 і 6.6.1931 прыгавораны 6 чал. да расстрэлу (чацвярым расстрэл заменены на 10 гадоў лагераў), 13 чал. да 10 гадоў лагераў, 6 — да 3—5 гадоў лагераў, 34 чал. да высылкі ў Сібір, Казахстан. 22.4.1958 рэабілітаваны.

Т.​С.​Процька.

т. 2, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. М. Кірава 2/179, 231, 255—256; 3/215 (табл.); 5/271; 6/338, 340; 7/111, 218; 10/407; 12/506, 706 (табл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Меліярацыі і воднай гаспадаркі Беларускі навукова-даследчы інстытут 2/108; 3/468; 6/81; 7/134, 362; 12/327, 431

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ АРХІТЭКТУ́РЫ І ПО́БЫТУ.

Засн. 9.12.1976. Музейны комплекс размешчаны за 12 км на ПдЗ ад Мінска, каля Воўчкавіцкага вадасховішча, у вярхоўях рэк Пціч і Менка, паміж вёскамі Азярцо, Воўчкавічы, Гарадзішча і Строчыца. У аснову музея пакладзены тэр.-этнічны, функцыянальна-падпарадкавальны, гіст. і сац. прынцыпы. Асаблівасці тэрыторыі і наяўнасць гіст. помнікаў (гарадзішча на Менцы, курганы-валатоўкі 9—11 ст., стараж. в. Строчыца з традыц. структурай, сядзібамі) вызначылі канцэпцыю музея як нац. арх.-этнагр. парку-запаведніка.

Пл. каля 210 га. Экспазіцыйная зона складаецца з сектараў, прысвечаных матэрыяльнай і маст. культуры асн. этнагр. рэгіёнаў Беларусі: «Цэнтральная Беларусь», «Паазер’е», «Падняпроўе», «Панямонне», «Усходняе Палессе», «Заходняе Палессе» і «Мястэчка» (нар. архітэктура і побыт бел. гарадоў 16—19 ст.). Ландшафт зямельных участкаў сектараў музея мае прыродна-ландшафтныя асаблівасці адпаведных рэгіёнаў Беларусі. Структурнай адзінкай сектараў і музея ў цэлым з’яўляецца сядзіба селяніна (двор) з поўным наборам пабудоў і адпаведным інтэр’ерам. 5—6 такіх двароў, дапоўненых малымі арх. формамі, кампануюцца ў паселішчы (або іх фрагменты), у планіровачную структуру якіх арганічна ўключаюцца культавыя і грамадскія пабудовы. Апрача калекцыі помнікаў нар. дойлідства ў музеі 23 калекцыі (знаходзяцца ў экспазіцыі, дэманструюцца на выстаўках, захоўваюцца ў фондах), у т. л. тканіны, адзенне, абутак, галаўныя ўборы, хатняе начынне, с.-г. інвентар і трансп. сродкі, муз. інструменты і гадзіннікі, кераміка, дакументы, кнігі. На 1.1.1996 сабрана каля 17 тыс. музейных прадметаў, з іх больш за 13 тыс. адзінак асн. захавання і больш як 3 тыс. навук.-дапаможнага фонду. У музеі дзейнічае рэстаўрацыйны аддзел. Складаюцца каталогі помнікаў драўлянага дойлідства і этнаграфіі Беларусі. Адкрыты для наведвання з 18 мая да 1 кастр.

Г.​А.​Ткацэвіч.

Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Царква з в. Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобл. (18 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Жылы дом з в. Ісерна Слуцкага раёна Мінскай вобл. (канец 19 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Вятрак (пач. 20 ст.).
Да арт. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Царква са званіцай з в. Вялец Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл. (18 ст.).

т. 2, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХМО́ЎНЫ СЛО́ЎНІК, перакладны слоўнік,

тып лінгвістычнага даведніка, у якім змест слоў адной мовы перадаецца сродкамі іншай мовы. Часцей за ўсё гэта робіцца шляхам перакладу: напр., «Практычны расійска-беларускі слоўнік» М.​Я.​Байкова і М.​І.​Гарэцкага (1924). Больш глыбокая і навук. семантызацыя зместу рэестравых слоў ажыццяўляецца ў тых Д.с., якія змяшчаюць да слоў адной мовы разгорнутыя дэфініцыі на іншай (напр., «Кароткі эканамічны слоўнік», 1993). Існуюць і больш апасродкаваныя спосабы семантызацыі, напр. у Д.с. ідэаграфічнага тыпу; так, у «Тэматычным руска-беларускім слоўніку мовы навуковых справаздач» (1993) словы не толькі перакладаюцца, але і ілюструюцца эквівалентнымі па зместу тэкставымі фрагментамі на рус. і бел. мовах, дзе гэтыя словы ўжываюцца. Існуюць Д.с., у якіх сумяшчаюцца ўсе магчымыя спосабы семантызацыі рэестравых слоў: «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1990).

Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с. агульныя («Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6выд., 1995; «Беларуска-рускі слоўнік», т. 1—2, 2-е выд., 1988—89) і спецыяльныя або тэрміналагічныя («Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М.​М.​Касцюковіча, У.​В.​Люшціка, В.​К.​Шчэрбіна, 1995). Паводле прызначэння вылучаюць агульныя і школьныя Д.с. (напр., «Руска-беларускі слоўнік», 6выд., 1993, і «Беларуска-рускі слоўнік», 3-е выд., 1991, С.​М.​Грабчыкава; «Руска-беларускі слоўнік: Для пачатковых класаў» А.​К.​Кобызевай, Г.​П.​Хаткевіч і М.​Я.​Шчарбун, 1985). Паводле характару інфармацыі аб рэестравых словах адрозніваюць агульныя і аспектныя, сярод апошніх Д.с. моўных цяжкасцей, паралексічныя Д.с. (гл. адпаведныя арт.).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯФЁД (Уладзімір Іванавіч) (27.1.1916, г. Шахты Растоўскай вобл., Расія — 23.4.1999),

бел. тэатразнавец, пісьменнік, педагог. Чл.-кар. АН Беларусі (1972). Д-р мастацтвазнаўства (1963), праф. (1964). Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1940). Працаваў ва Упраўленні па справах мастацтваў пры СМ Беларусі. З 1954 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (да 1988 заг. сектара, аддзела). Адначасова ў 1947—90 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Даследаваў пытанні гісторыі, тэорыі і сучаснай практыкі бел. тэатра, праблемы драматургіі і творчасці майстроў сцэны. Аўтар кніг «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра, 1917—1941» (1965, за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1966). Адзін з аўтараў «Гісторыі савецкага драматычнага тэатра» (т. 1—6, 1966—71), «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87, і гал. рэдактар. Пісаў аднаактовыя п’есы.

Тв.:

Шлях беларускага савецкага драматычнага тэатра. Мн., 1954;

Народны артыст БССР У.​І.​Уладамірскі. Мн., 1954;

Народны артыст СССР П.​С.​Малчанаў. Мн., 1958;

Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959;

Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.​Купалы. Мн., 1970;

Беларускі тэатр імя Я.​Коласа. Мн., 1976;

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Николай Ковязин: Жизнь и творчество, Мн., 1990;

Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;

Францішак Аляхновіч: Тэатр. і грамад.-паліт. дзейнасць. Мн., 1996.

Т.​Я.​Гаробчанка.

У.І.Няфёд.

т. 11, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕСАКО́Ў (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; 18.12.1911, в. Новікава Галіцкага р-на Кастрамской вобл., Расія — 13.6.1985),

бел. крытык і тэатразнавец. Вучыўся ў Ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1932—35, Масква). Працаваў у ТРАМе, газ. «Літаратура і мастацтва» і інш. У 1960—74 у Літ. музеі Я.​Купалы. Аўтар кніг «Уладзімір Крыловіч» (1956), «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), «Зерне да зерня: Абразкі з жыцця Янкі Купалы» (1977).

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕВАНЕ́Ц (Аляксандр Васілевіч) (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.​Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.​Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.​Някрасава (1981), апрацоўкі бел. нар. песень.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ДЗІНА,

горад абл. падпарадкавання ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Пліса. За 55 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 59,9 тыс. ж. (1997).

Упершыню ўпамінаецца пад 1688 як в. Жодзіна Слабада Барысаўскага староства Мінскага ваяв., уласнасць Радзівілаў. Пасля 1793 у Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У 1871 праз Ж. прайшла чыгунка Масква—Брэст. У 1897—697 ж, 97 гаспадарак, царква (пабудавана ў 1864), нар. вучылішча, вадзяны млын, кузня, карчма, крама 3 1924 цэнтр сельсавета ў Смалявіцкім р-не. 21.1.1958 пасёлкі Смалявіцкай ДРЭС, з-да дарожных і меліярац. машын і суседнія вёскі Зарэчча і Крушынікі аб’яднаны з Ж. ў гар. пасёлак. У 1958 створаны Бел. аўтамаб. з-д (БелАЗ). З 7.3.1963 горад. У 1962—65 у складае Барысаўскага р-на. У 1970—22,1 тыс. ж.

Смалявіцкая ДРЭС, Беларускі аўтамабільны завод, з-ды дарожных і меліярац. машын, цяжкіх кавальскіх штамповак. Прадпрыемствы харч., лёгкай (швейна-трыкат. ф-ка і інш.), дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці. Жывёлагадоўлі Беларускі НДІ, Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, Манумент у гонар маці-патрыёткі.

Фрагмент забудовы горада Жодзіна.

т. 6, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)