МАЦЯРЫ́К, кантынент,

буйны масіў зямной кары, б. ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Ігар Аляксандравіч) (н. 19.10.1929, г. Дрэзна Маскоўскай вобл., Расія),

расійскі і армянскі спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Засл. майстар спорту СССР (1957), засл. трэнер СССР (1968), засл. дз. фіз. культ. Арменіі (1969). З 1972 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза сучаснага пяцібор’я і біятлона. Чэмпіён XVI і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія; 1964, Τόκιό) у камандным заліку. Сярэбраны прызёр XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым — у камандным і 1964 — у асабістым заліку). Чэмпіён свету ў асабістым і камандным (1957, 1958, 1959, 1961) і камандным (1962) заліку; сярэбраны прызёр у асабістым (1962, 1965) і камандным (1955, 1963, 1965) заліку; бронз. прызёр у асабістым заліку (1963). Чэмпіён СССР у асабістым заліку (1953, 1956, 1959, 1964).

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],

папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам. дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б. інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства па вырошчванні бавоўніку і вытв-сці бавоўны-сырцу. Асн. пояс вырошчвання бавоўніку знаходзіцца ў межах сухіх субтропікаў і тропікаў паміж 20° і 40° паўн. шыраты. Найлепшы ўраджай атрымліваюць на арашальных землях. Па аб’ёме валавой прадукцыі і памерах пасяўной плошчы важнейшыя баваўнаводчыя краіны — Кітай, ЗША, Індыя, Пакістан, Узбекістан, Турцыя, Бразілія, Туркменістан, Аўстралія, Грэцыя, Егіпет (гал. вытворца тонкавалакністай бавоўны), Мексіка, якім належыць больш за 85% сусв. збору бавоўны. Баваўнаводствам займаюцца таксама яшчэ прыкладна ў 70 краінах свету (большасць краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Зах. Азіі, Паўд. Еўропы). Прыкладна ⅓ сусв. экспарту бавоўны паступае з ЗША. Беларусь атрымлівае неабходную для тэкст. прам-сці бавоўну пераважна з Узбекістана і Туркменістана (у 1993 адпаведна 18,1 і 6,7 тыс. т пры агульным імпарце 31,1 тыс. т).

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,

асобы від праваахоўнай дзейнасці ў дзяржаве па праверцы адпаведнасці законаў і інш. нарматыўных актаў канстытуцыі дадзенай дзяржавы. К.н. можа ажыццяўляцца ўсімі судамі агульнай юрысдыкцыі (ЗША, Аргенціна, Данія, Мексіка, Нарвегія, Японія), вярх. судом, які з’яўляецца вышэйшай суд. інстанцыяй (Аўстралія, Балівія, Індыя, Ірландыя, Канада, Філіпіны, Швейцарыя), спец. канстытуцыйнымі судамі, для якіх К.н. — гал. функцыя (Аўстрыя, Беларусь, ФРГ, Італія, Кіпр, Расія, Турцыя), асобым органам несуд. характару (Канстытуцыйны савет у Францыі). Аб’ектамі К.н. могуць быць звычайныя законы, папраўкі да канстытуцыі, міжнар. дагаворы, нарматыўныя акты выканаўчых органаў улады. У федэратыўных дзяржавах аб’ектам К.н. з’яўляюцца таксама пытанні размежавання кампетэнцыі паміж саюзам і суб’ектамі федэрацыі. Орган, які ажыццяўляе К.н., можа прызнаць супярэчным канстытуцыі ўвесь закон або яго частку; гэтыя нормы трацяць сваю юрыд. сілу і перастаюць ужывацца судамі і інш. дзярж. органамі.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРШТЭ́ЙН (Юрый Барысавіч) (н. 15.9.1941, в. Андрэеўка Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія),

расійскі рэжысёр і мастак-мультыплікатар. Вучыўся на курсах пры кінастудыі «Саюзмультфільм», з 1961 мастак-мультыплікатар гэтай студыі. Творчасці характэрна сучасная трактоўка казачных матываў і персанажаў, метафарычнасць вобразаў, жывапіснасць выяўл. вырашэння. Сярод фільмаў: «25-е — першы дзень» (1968), «Сеча пры Кержанцы» (1971), «Ліса і заяц» (1973), «Чапля і жораў» (1974; 1-я прэмія Міжнар. кінафестывалю мультыплікацыйных фільмаў у г. Анесі, Францыя, і Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Тэгеране; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Мельбурн, Аўстралія), «Вожык у тумане» (1975, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у г. Хіхон, Іспанія), «Казка казак» (1980, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю кароткаметражных фільмаў у г. Ліль, Францыя), «I зноў я» (1981), «Восень», «Шынель» (абодва 1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1979.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́Н (Musa),

род кветкавых раслін сям. бананавых. Больш за 40 відаў. Радзіма — трапічная Азія, Акіянія, Паўн. Аўстралія. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных краінах. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН. Найб. вядомыя банан райскі (Musa paradisiaca), дэсертны (Musa sapientum), тэкстыльны, або абака (Musa textilis), японскі (Musa basjoo) і інш.

Шматгадовыя дрэвападобныя травяністыя расліны з магутным карэнішчам, пакарочаным сцяблом і несапраўдным трубчастым ствалом выш. да 15 м, які ўтвараюць похвы лістоў. Лісце даўж. да 6 м, суцэльнае. Кветкі звычайна аднаполыя, няправільныя, сабраныя ў звіслы складаны колас. Плады буйныя, рабрыстыя, падоўжаныя серпападобныя або кароткія авальныя ягады (ядомыя, маюць цукар, крухмал, бялкі, таніды і карацін), з іх гатуюць алкагольныя і кандытарскія вырабы, кансервы і інш. харч. прадукты, з лісця вырабляюць валакно — т.зв. манільскую пяньку. Лек. (у пладах і кветках ёсць антыбіётыкі; слабіцельны, страўнікавы, антыдыябетычны і антыгельмінтны сродак), кармавыя і дэкар. расліны.

Банан.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ РА́ДЫЁ за мяжой.

Упершыню перадачы на бел. мове пачалі выходзіць у 1928—29 у Чыкага (ЗША, засн. Я.Варонкам, адноўлены ў 1940-я г. Я.Тарасевічам), з 1949 на радыё Ватыкана (засн. П.Татарыновічам). У 1954 створана бел. рэдакцыя на радыё «Вызваленне» ў Мюнхене (кіраўнік В.Жук-Грышкевіч; з 1959 наз. «Свабода», з 1995 у г. Прага, кіраўнік М.Іваноў). З 1958 на Мадрыдскім нац. радыё (Іспанія) пачаліся штодзённыя бел. перадачы. На бел. мове выходзілі таксама перадачы ў ЗША (у гарадах Дэтройт, Кліўленд, Нью-Йорк), у Канадзе (Лондан, Садбур, Таронта, Оўквіл), у Аўстраліі (Брысбен, Мельбурн), у Вялікабрытаніі, Германіі, Аргенціне, Бельгіі і інш. Існуюць (1996) бел. праграмы на радыёстанцыях «Свабода», «Нёман» (г. Чыкага, ЗША, кіраўнік Н.Жызнеўскі), «Рэха Масквы» (г. Масква, Расія), у Ватыкане, у гарадах Перт і Сідней (Аўстралія, кіраўнікі М.Раецкі, М.Лужынскі), Беласток (Польшча, наз. «Пад знакам пагоні»), Вільнюс (Літва, «Беларускае слова на хвалях Літвы»), Львоў (Украіна, «Весткі з Беларусі»), на нац. радыё Польшчы, Латвіі, Эстоніі і інш.

А.С.Ляднёва.

Да арт. Беларускае радыё за мяжой. Беларускае радыё ў Таронта. У студыі Ю.Рапецкі.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭГ (Bragg),

англійскія фізікі, бацька і сын. Заснавальнікі рэнтгена-структурнага аналізу. Упершыню выкарысталі дыфракцыю рэнтгенаўскіх прамянёў у крышталях для выяўлення характарыстык гэтых прамянёў і для расшыфроўкі структуры крышталёў (1913). Нобелеўская прэмія 1915.

Уільям Генры (2.7.1862, Уігтан, графства Камбрыя, Вялікабрытанія — 12.3.1942), член (1906) і прэзідэнт (1935—40) Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1886 праф. Адэлаідскага ун-та ў Аўстраліі, з 1909 у Лідсе, з 1915 у Лондане. Аўтар шэрагу навук-папулярных кніг.

Уільям Лорэнс (31.3.1890, г. Адэлаіда, Аўстралія — 1.7.1971), член Лонданскага каралеўскага т-ва (1921). Вучыўся ў Адэлаідскім і Кембрыджскім ун-тах. У 1919—37 праф. ун-та ў Манчэстэры, 1937—38 дырэктар Нац. фіз. лабараторыі, 1954—66 дырэктар Каралеўскага ін-та ў Кембрыджы. У 1913 адначасова з Г.В.Вульфам даў ураўненне, якое звязвае вугал адхілення рэнтгенаўскіх прамянёў, рассеяных крышталём без змены даўжыні хвалі, з адлегласцю паміж суседнімі атамнымі плоскасцямі ў крышталі (гл. Брэга—Вульфа ўмовы), практычна ажыццявіў указаны У.Г.Брэгам спосаб вызначэння структур пры дапамозе радоў Фур’е, вызначыў структуры шматлікіх сілікатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Рентгеновские лучи и строение кристаллов. М.; Л., 1929;

Дифракция электронов. Л., 1936.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕДЗЯ́РАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 24.12.1947, в. Янглічы Канашскага р-на, Чувашыя),

бел. спартсмен (стралк. спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1971). Засл. майстар спорту СССР (1973). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1977). З 1972 інструктар Спартклуба БВА. Сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у асабістым першынстве. Перамогі на чэмпіянатах свету: 1973 (г. Мельбурн, Аўстралія) — 2 залатыя медалі ў камандным, залаты і сярэбраны — у асабістым першынствах; 1974 (г. Тун, Швейцарыя) — 2 залатыя медалі ў камандным, сярэбраны ў асабістым першынствах, 2 залатыя медалі ў камандным першынстве 1975 (г. Мюнхен, Германія), 1979 (г. Лінц, Аўстрыя). Перамогі на чэмпіянатах Еўропы: 1973 (г. Доргмунд, Германія) — залаты медаль у камандным першынстве; 1977 (Бухарэст) — залаты медаль у камандным і сярэбраны ў асабістым першынствах; 1978 (г. Зуль, Германія) — залаты медаль у камандным і бронз. ў асабістым першынствах; 1979 (г. Грац, Аўстрыя) — сярэбраны медаль у асабістым першынстве; 1980 (Осла) — залатыя медалі ў камандным і асабістым першынствах. Чэмпіён СССР у асабістым (1972—74) і камандным (1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР. Усе перамогі атрыманы ў практыкаванні «Бягучы дзік».

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)