КАНДУКІАМЕ́ТРЫЯ (ад англ. conductivity электраправоднасць + ...метрыя),

сукупнасць электрахім. метадаў колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні электраправоднасці раствораў электралітаў.

К. ўключае кантактныя і бескантактныя метады. Кантактныя метады — прамыя, ускосныя і кандуктаметрычнае цітраванне, заснаванае на змяненні электраправоднасці раствору пры хім. рэакцыях, праводзяць пры непасрэдным кантакце даследуемага раствору з электродамі. Бескантактныя метады дазваляюць праводзіць вымярэнні пры высокіх і нізкіх т-рах, у агрэсіўным асяроддзі і замкнёных аб’ёмах. Выкарыстоўваюць у хім. кінетыцы для вызначэння канстантаў дысацыяцыі электралітаў, асноўнасці кіслот, растваральнасці асадкаў і інш., пры кантролі рэгенерацыі іанітаў, ачысткі вады, якасці він, сокаў, для аналізу хім. рэактываў.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРНАКО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (6.12.1860, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1941),

савецкі хімік, адзін з заснавальнікаў фізіка-хімічнага аналізу. Акад. Пецярб. АН (1913). Скончыў Пецярб. горны ін-т (1882), дзе і працаваў (з 1893 праф.). З 1899 выкладаў у Пецярб. эл.-тэхн. (да 1908) і політэхн. (1902—30) ін-тах. З 1918 дырэктар заснаванага ім Ін-та фіз.-хім. аналізу АН СССР, з 1934 дырэктар Ін-та агульнай і неарган. хіміі АН СССР (з 1944 імя К.). Навук. працы па хіміі комплексных і інтэрметал. злучэнняў, па даследаванні шматкампанентных сістэм — метал. сплаваў, сілікатаў, саляных раствораў. Устанавіў факт існавання злучэнняў пераменнага саставу — берталідаў (1900—03). Сфармуляваў прынцыпы бесперапыннасці і адпаведнасці, на якіх грунтуецца фіз.-хім. аналіз (тэрмін уведзены К. у 1913). Стварыў самапісны прыбор для тэрмічнага аналізу (пірометр К.). Прэмія імя У.​І.​Леніна 1928. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—3. М., 1960—63.

Літ.:

Н.​С.​Курнаков. М., 1961;

Балезин С.А., Бесков С.Д. Выдающиеся русские ученые-химики. 2 изд. М., 1972.

М.С.Курнакоў.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́ННЫ ПЕРАКЛА́Д,

пераклад тэкстаў з адной мовы на другую з дапамогай ЭВМ. Працэс складаецца з аналізу тэксту на ўваходнай мове з пераўтварэннем яго ва ўнутранае (камп’ютэрнае) выяўленне і сінтэзу тэксту на выхадной мове. Задача М.п. з’яўляецца класічнай праблемай штучнага інтэлекту і прыкладной лінгвістыкі.

1-ы этап М.п. зводзіцца да марфалагічнага, сінтаксічнага і семантычнага аналізу зыходнага тэксту: слоўныя формы апрацоўваюцца з мэтай атрымання граматычнай і семантычнай інфармацыі і на яе аснове будуецца сінтаксічная структура кожнага сказа, пасля чаго атрыманая інфармацыя пераўтвараецца ва ўнутранае выяўленне, зададзенае семантычным графам, вяршынямі якога з’яўляюцца паняцці, а дугамі — суадносіны паміж імі. На 2-м этапе праводзіцца сінтаксічны і марфалагічны сінтэз сказаў на выхадной мове на аснове пабудаванага семантычнага графа. Пры гэтым спачатку фарміруюцца паслядоўнасці заведама сумежных слоў, якія аб’ядноўваюцца ў прыведзеныя групы слоў (напр., групы дзейніка, выказніка) і ўпарадкоўваюцца з улікам пэўных правіл расстаноўкі Марфалагічны сінтэз слоў рэалізуецца як працэс, адваротны марфалагічнаму аналізу.

Літ.:

Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991.

С.​Ф.​Ліпніцкі.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЕ́ЧНЫХ РО́ЗНАСЦЕЙ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае функцыі пры дыскрэтных (перарывістых) зменах аргумента; дыскрэтны аналаг матэм. аналізу. Асн. паняцце — канечная рознасць — выраз спец. віду, які звязвае значэнні функцыі ў розных пунктах. Выкарыстоўваецца пры набліжаны дыферэнцаванні і набліжаным інтэграванні функцый, набліжаным рашэнні дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.

К.р.з. развівалася паралельна з асн. раздзеламі матэм. аналізу, у 18 ст. набыло характар самаст. матэм. дысцыпліны. Першае яе сістэм. выкладанне дадзена Б.​Тэйларам у 1715. Працы матэматыкаў 19 ст. падрыхтавалі глебу для сучаснага развіцця К.р.з. і тэорыі метаду канечных рознасцей. Ідэі і метады К.р.з. набылі дастасаванні да аналітычных функцый камплекснай пераменнай і задач выліч. матэматыкі. Гл. таксама Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый.

Л.​Я.​Яновіч.

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае вытворныя і дыферэнцыялы функцый, а таксама іх дастасаванні. Разам з інтэгральным злічэннем складае курс матэматычнага аналізу (ці аналізу бясконца малых).

Аформілася ў самастойную матэм. дысцыпліну пасля прац І.Ньютана і Г.Лейбніца, якія сфармулявалі асн. палажэнні Д.з. і паказалі ўзаемна адваротны характар аперацый дыферэнцавання і інтэгравання. Выклікала з’яўленне новых галін матэматыкі: тэорыі шэрагаў, дыферэнцыяльнай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйнага злічэння. Грунтуецца на паняццях: рэчаісны лік, функцыя, ліміт, бясконца малая, неперарыўнасць і інш., якія атрымалі сучасны змест у ходзе развіцця і абгрунтавання аналізу бясконца малых; цэнтральныя паняцці Д.з. — вытворная і дыферэнцыял — і распрацаваны ў Д.з. апарат, які звязаны з імі, даюць сродкі даследавання функцый (у т. л. некалькіх пераменных), лакальна падобных на лінейныя функцыі або паліномы. Асн. дастасаванні Д.з. звязаны з даследаваннем функцый з дапамогай вытворных: знаходзіць выпукласць і ўвагнутасць графіка функцыі, прамежкі нарастання і спадання функцый, іх найбольшае і найменшае значэнне (гл. Экстрэмум), пункты перагіну і асімптоты, а таксама розныя ліміты функцый (напр., віду 0/0, ∞/∞ ; гл. Нявызначаны выраз), якія не паддаюцца вылічэнню інш. метадамі. Метады Д.з. маюць шматлікія дастасаванні ў даследаваннях актуальных праблем матэматыкі, прыродазнаўчых і тэхн. навук.

Літ.:

Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994;

Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.

А.​А.​Гусак.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МБРЫДЖСКАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

адзін з кірункаў эканам. тэорыі. Узнікла ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі. Заснавальнік А.​Маршал, асн. прадстаўнікі А.​С.​Пігу, Д.​Робертсан. Даследавала заканамернасці развіцця асобных прыватных рынкаў, праблемы цэнаўтварэння, эканам. раўнавагі, дабрабыту і інш. Паклала пачатак сучаснаму мікраэканам. аналізу.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПІТА́ЛЬ ((L’Hospital) Гіём Франсуа Антуан дэ) (1661, Парыж — 1704),

французскі матэматык. Аўтар першага друкаванага падручніка па дыферэнцыяльным злічэнні (1696), у аснову якога пакладзены лекцыі Х.Бернулі. Даследаваў шэраг складаных задач матэм. аналізу, даў адно з рашэнняў задачы аб брахістахроне.

Тв.:

Рус. пер. — Анализ бесконечно малых. М.; Л., 1935.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦЫЯ ў экалогіі,

метад аналізу эка- і геасістэм. Заключаецца ў размеркаванні відаў або згуртаванняў жывых арганізмаў па меры змены аднаго або некалькіх карэлявальных фактараў (напр., змена відавога складу расліннасці і мноства асобін кожнага з відаў з павелічэннем засалення глебаў са зменай мясц. балансу цяпла і вільгаці і да т.п.).

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАКРА́ТЫЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + kratos улада],

прынцып кіравання, пры якім улада належыць старэйшым. Тэрмін герантакратыі ўведзены ў этнаграфіі ў пач. 20 ст. і выкарыстоўваецца для аналізу структур улады на ранніх формах грамадскага ладу, пазней у класавым грамадстве. У пераносным сэнсе герантакратыя сімвалізуе адсталасць, кансерватызм, застойнасць мыслення і бяздзейнасць.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСКАПІ́Я,

агульная назва сукупнасці метадаў вывучэння нябачных вокам чалавека мікрааб’ектаў з дапамогай мікраскопа, які павялічвае іх адлюстраванне. Метады М. залежаць ад тыпу аптычнай сістэмы мікраскопа (напр., светлавая, люмінесцэнтная, палярызацыйная), характару аб’екта, спосабу яго падрыхтоўкі да назірання (прыжыццёвы, гістахімічны, аўтарадыёграфічны і інш.), дапаможных прылад (мікрафатаграфія, мікрафотаметрыя, сістэма аўтам. камп’ютэрнага аналізу і інш.).

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)